Непаўналетні дыягназ. 21.by

Непаўналетні дыягназ

18.10.2017 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Выкарыстана ілюстрацыя

Чаму падлеткі  пераступаюць мяжу закона? Адназначнага і канкрэтнага адказу, пэўна, пакуль не знайшоў ні адзін спецыяліст. Псіхолагі гавораць  пра  крытычны пераходны ўзрост, павышаную адчувальнасць рабят да розных знешніх ці ўнутраных фактараў, жаданне вылучыцца, паказаць сябе модна-дарослым сярод равеснікаў. Не апошнюю ролю адыгрывае выхаванне, адным з яскравых сведчанняў недахопу якога з’яўляецца грэбаванне нормамі агульнапрынятых паводзін. А яшчэ сваркі, скандалы ў сям’і, калі дзіця адчувае сябе адзінокім і нікому не патрэбным.  Да безнагляднай свабоды вядзе адсутнасць абавязкаў, заняткаў. Дарослае пакаленне запярэчыць: маўляў, мы некалі працавалі ў полі, дапамагалі бацькам, і ніхто на нашы эмоцыі і настрой не звяртаў увагу.  Але ж цяпер іншы час, іншыя каштоўнасці, погляды.

– Як бы гэта ні гучала банальна, фундамент адносін і каштоўнасцей закладваецца ў сям’і, – лічыць пракурор раёна Сяргей Дзяжко. – Другое  найбольш важнае  звяно  ў сістэме прафілактыкі падлеткавай злачыннасці – занятасць рабят. Свабоднага часу, лічу,  павінна быць роўна столькі, каб школьнік мог адпачыць ад заняткаў. Усяму астатняму – добраму, разумнаму – дзяцей неабходна вучыць што-дзённа, у тым ліку ўласным прыкладам. Не лішнім будзе расказаць сыну ці дачцэ, якія дзеянні вядуць да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці. Бывае і так: учыняючы супрацьпраўныя дзеянні, падлеткі не задумваюцца пра наступствы, дзейнічаюць на «слабо».
Эфектыўнасць работы суб’ектаў прафілактыкі ў папярэджанні злачынстваў, учыненых непаўналетнімі, у многім залежыць ад іх узаемадзеян-ня, своечасовага абмену інфармацыяй пра сямейнае «здароўе». На жаль, у  ланцужку міліцыя – школа ці сад – месца работы бацькоў у нас пакуль не заўсёды наладжана цеснае ўзаемадзеянне. Праверкі, якія праводзіць пракуратура, паказваюць, што  маюць месца факты несвоечасовага прызнання непаўналетніх у сацыяльна небяспечным становішчы. Дзеля аператыўнага выяўлення правапарушэнняў, учыненых  непаўналетнімі і ў адносінах непаўналетніх, супрацоўнікам  міліцыі неабходна больш цесна  працаваць з так званымі цяжкімі падлеткамі.
Па словах Сяргея Дзяжко, у большасці выпадкаў прафілактычныя мерапрыемствы ў адносінах непаўналетніх і іх бацькоў пачынаюцца пасля атрымання інфармацыі з установы адукацыі ці з праваахоўных органаў. Пры гэтым на прадпрыемстве ці ў  арганізацыі, дзе працуюць бацькі, не заўсёды звяртаюць увагу на лад жыцця сваіх супрацоўнікаў.
Зараз на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, знаходзіцца   20 дзяцей і падлеткаў.  Старшы інспектар ІСН Аляксандр Чурылаў прыводзіць статыстыку: з пачатку года 15 непаўналетніх  былі затрыманы за распіццё спіртных напіткаў, 5 – за знаходжанне пасля 23 гадзін на вуліцы без суправаджэння дарослых, складзена  5 пратаколаў  за ўцягванне непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны, двое прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства. На рахунку непаўналетніх сёлета 6 злачынстваў:  распаўсюджванне парнаграфіі, 3 крадзяжы, пашкоджанне маёмасці, прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання.
Функцыя камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама – каардынаваць работу дзяржаўных органаў i грамадскiх аб’яднанняў па папярэджанні безнагляднасцi i правапарушэнняў непаўналетнiх, ахове правоў дзяцей і падлеткаў і г.д. За 9 месяцаў разгледжана 105 спраў, з  іх 53 – адміністрацыйныя. Адметна, што тройчы давялося сустракацца з адным непаўналетнім жыхаром раёна, які прыцягваўся да адказнасці за  распіццё спіртнога і хуліганства. Сям’я парушальніка знаходзіцца  ў сацыяльна небяспечным становішчы, маці схільна да ўжывання алкаголю.
Намеснік старшыні камісіі Наталля Мацкевіч адзначае, што  парушэнне антыалкагольнага заканадаўства  лідзіруе сярод прычын выкліку на пасяджэнне КСН. Сёлета разглядалася 17 такіх спраў. 8 бацькоў былі аштрафаваны.
– Калі дзеці ў 12-14 гадоў спрабуюць спіртное – гэта яўная прыкмета сямейнай неўладкаванасці. За такімі школьнікамі і бацькамі патрэбны ўзмоцнены нагляд.  У  верасні члены КСН, супрацоўнікі пракуратуры, урач-нарколаг выступалі ў школах і ЛДАКу: тлумачылі заканадаўства, адказвалі на шматлікія пытанні. Наша задача не пакараць, а папярэдзіць, – пералічвае формы прафілактычнай работы камісіі Наталля Мацкевіч.
Трывожаць і факты парушэння падлеткамі правілаў дарожнага руху. Не маючы правоў і часта з дазволу дарослых  яны садзяцца за руль. Сёлета зарэгістраваны 3 такія выпадкі. На вуліцы Флер’янова знаёмы перадаў руль аўтамабіля непаўналетняму. У машыне яшчэ знаходзілася і пасажырка… Пакаранне на першы раз – у памеры 5 БВ і пастаноўка на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх.
Яшчэ прыклад: чацвёра рабят вечарам 1 верасня адправіліся з Конек у райцэнтр. Ноччу іх падарожжа ў гарадскім парку спынілі супрацоўнікі міліцыі. Раніцай школьнікі былі дастаўлены дадому. Дарэчы, у РАУС заявы  пра знікненне  дзяцей не паступала. Для паўнаты карціны: сем’і знаходзіліся на ўліку як сацыяльна неўладкаваныя.
Карэспандэнт «ЛВ» паспрабаваў высветліць у 14-гадовай ляхаві-чанкі, што «прывяло» яе на ўлік у ІСН. Аказалася, што за крадзеж. Ужыванне алкаголю, па яе словах, пачалося з простага інтарэсу, кампаніі, стану весялосці. Такія факты, на жаль, не адзінкавыя.  Дрэнна ва ўсіх гісторыях тое, што не ўсе бацькі карыстаюцца аўтарытэтам у сваіх дзяцей і не ўсе могуць паўплываць на іх паводзіны.
Сёлета ўпершыню за апошнія 7 гадоў юная жыхарка нашага раёна на 2 гады адправіцца ў спецыяльную вучэбна-выхаваўчую ўстанову закрытага тыпу. Камісія па справах непаўналетніх, РАУС палічылі, што ўсе астатнія неаднаразовыя спробы наставіць дзяўчынку на правільны шлях не мелі поспеху.
Адказ на пытанне,  чаму падлеткі ідуць на парушэнне закона, можна шукаць  доўга і напружана. Задача дарослых – педагогаў, бацькоў і іншых зацікаўленых – своечасова ўбачыць дрэнную схільнасць, выпрацаваць стратэгію выпраўлення і дапамагчы дзіцяці. У кожнай школе свая сістэма прафілактычнай работы, свой рэцэпт узаемадзеяння з рабятамі. Але без бацькоўскага разумення асабістага  ўплыву на фарміраванне асобы дачок і сыноў усе  намаганні грамадскасці не будуць мець плёну.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму падлеткі  пераступаюць мяжу закона? Адназначнага і канкрэтнага адказу, пэўна, пакуль не знайшоў ні адзін спецыяліст. Псіхолагі гавораць  пра  крытычны...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика