ОАО «Душево»: работать на день завтрашний. 21.by

ОАО «Душево»: работать на день завтрашний

19.11.2017 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адкрытае акцыянернае таварыства «Душава» Аляксандр Логіш узначаліў прыкладна шэсць месяцаў назад, а таму пра прычыны, якія маглі адмоўна паўплываць на вынікі гэтага сельскагаспадарчага года, малады кіраўнік гаварыць не стаў. Аналізаваць зробленае будзе напрыканцы будучага, 2018-га года, і гэта лагічна. Тым больш, што пэўныя захады для больш выніковай работы ўжо зроблены.


■ Вольга Вашкевіч, Ала Жогла, Карына Канончык

«Сёлета нам удалося ўнесці пад сяўбу азімых культур фосфарныя ўгнаенні практычна ў поўным аб’ёме, — расказаў Аляксандр Леанідавіч. — Прынамсі, азімы рапс атрымаў неабходную дозу такога важнага для сілкавання раслін складальніка, на 80% да неабходнага мы ўнеслі фосфарныя ўгнаенні пад азімыя збожжавыя. Ды і прапашныя культуры — такія як цукровыя буракі і бульба — цалкам будуць імі забяспечаны. Так што будзем спадзявацца на больш багаты ўраджай».

Але гэта справа дня заўтрашняга. Сёння ж хацелася б расказаць пра людзей, якія сваёй напружанай працай стваралі фінансавы рэзультат бягучага сельскагаспадарчага года, што традыцыйна заканчваецца напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Вядома ж, кожны на сваім працоўным месцы прыкладаў намаганні, каб пасеяць, вырасціць, убраць ураджай, атрымаць жывёлагадоўчую прадукцыю.


■ Вадзіцель Міхаіл Волат

Нягледзячы на ўсе аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны, гаспадарка сёлета нарыхтавала на 2000 тон больш сіласу і на 1000 тон сенажу. Улічваючы, што ўвесну адчуваўся недахоп кармоў, у гэтым напрамку працавалі надзвычай старанна. Кармавая база папоўніцца і за кошт азімай сурэпіцы — яе сёлета пасеялі на плошчы 274 га. Значыць, у наступным годзе будзе добрая зялёная падкормка для жывёлы і высакаякасны сянаж ужо на будучую зімоўку.

Парадавалі і цукровыя буракі: ураджайнасць у сярэднім складае 450 цэнтнераў з гектара. Салодкія караняплоды практычна цалкам вывезены на Слуцкі цукроварафінадны камбінат, а праз пару дзён і апошні ўчастак, які з-за непагадзі аказаўся амаль недаступным для цяжкай тэхнікі, будзе ачышчаны ад насыпаных буртоў.

Дарэчы, менавіта механізатару Аляксандру Паграбіцкаму часта даводзіцца дапамагаць калегам-вадзіцелям  выбірацца з гразевай пасткі. Яго магутнаму трактару «Беларус-3022» не страшныя ніякія перашкоды. Старанна працуе на сваім участку і Уладзімір Лазоўскі: яго поле дзейнасці — жывёлагадоўчыя аб’екты. Трактар МТЗ-82 абсталяваны лапатай, таму зручна наводзіць парадак на фермах. Не застаецца ўбаку ад турбот, якія хвалююць гаспадарку, і Аляксандр Ліхадзіеўскі: інжынер на сезон уборкі кукурузы перасядае на кормаўборачны комплекс і на ім шчыруе ўвесь светлавы дзень.


■ Аператар машыннага даення Іна Зянькевіч

Цяжка абысціся ў сельгаспрадпрыемстве і без магутнага 20-тоннага МАЗа, якім кіруе Міхаіл Волат. З ім мы сустрэліся каля канторы. Міхаіл Уладзіміравіч прыехаў па даверанасць, з якой ён збіраўся ехаць у камандзіроўку ў суседні Клецк. На пытанне «навошта» расказаў, што павязе на мясцовы камбікормавы завод збажыну, адтуль забярэ ўжо гатовыя канцэнтраты для жывёлы. А ўвогуле яго тэхніка ўсюды патрэбная. Падчас уборачнай перавозіць збожжа ад камбайна на ток, курсіруе паміж корманарыхтоўчым комплексам і сянажна-сіласнай траншэяй і г.д.

Міхаіл Волат пераехаў у Душава са сваёю сям’ёй 11 гадоў таму са Слуцкага раёна. Тут спадабалася, выдзелены гаспадаркай дом паступова давялі да ладу. Жонка Іна Вячаславаўна доўгі час працавала галоўным заатэхнікам у ААТ «Душава», цяпер на пенсіі. Выгадавалі дзвюх дачок, якія жывуць у Слуцку. «Часу на адпачынак амаль няма, – усміхаецца Міхаіл, — але я не скарджуся».

Стараюцца дабівацца добрых рэзультатаў і жывёлаводы. У некага гэта атрымліваеца лепш, іншым ёсць магчымасць раўняцца на лідараў. Падчас сустрэчы з загадчыцай МТФ «Душава» Алай Жогла стала відавочна, каго можна занесці ў спіс перадавікоў. «Самыя высокія рэзультаты на нашай ферме паказваюць Вольга Вашкевіч і Валянціна Бурак, — гаворыць Ала Аляксандраўна. — Калі ў Вольгі Валер’еўны пад апекай група раздою з 24 галоў, на якой яна за 10 месяцаў ужо атрымала па 4600 кг малака ад кожнай першацёлкі, то Валянціна Сяргееўна не першы год заслужвае ўзнагароды за высокія рэзультаты».


■ Механізатары Аляксандр Паграбіцкі, Уладзімір Лазоўскі, інжынер Аляксандр Ліхадзіеўскі

На ферме акрамя дойнага статка з 363 галоў утрымліваюцца сухастойныя каровы (у асобным памяшканні), у двух цялятніках даглядаюць маладняк да шасці месяцаў і ад шасці да года. Жывёлу кормяць з дапамогай кормараздатчыка — змешваюць сянаж, сілас, жом, канцэнтраты, дабаўляюць сена і салому. Паводле слоў дырэктара гаспадаркі, малако здаюць на завод у асноўным вышэйшым гатункам. Стараюцца стварыць і добрыя ўмовы на працоўным месцы: ёсць душавыя, магчымасць выкарыстаць пральную машыну для мыцця спецвопраткі. Працуюць катлы на мясцовых відах паліва, таму ў пакоях для жывёлаводаў цёпла і пастаянна ёсць гарачая вада. Не забываюцца і пра тое, што неабходна праводзіць санітарныя дні, Дні жывёлавода.

Сёлета на МТФ «Печураны» былі пабудаваны дзве новыя сянажна-сіласныя траншэі, на наступны год ёсць планы па навядзенні парадку на МТФ «Кацельнікі». Менавіта там пабудавана даільна-малочная зала. Адзін  з аператараў на ёй Іна Зянькевіч. Жанчына мае вялікі працоўны стаж і багаты вопыт, якім дзеліцца з калегамі.

З павагай дырэктар сельгаспрадпрыемства расказваў пра многіх сваіх працаўнікоў, у тым ліку і пра маладых спецыялістаў. Сёлета закончыла Смілавіцкі аграрны каледж Карына Канончык, і яе адразу прызначылі на пасаду галоўнага ветурача. Па словах дзяўчыны, ёй тут усё падабаецца. Пасля водпуску па доглядзе дзіцяці выйшла на працу і бухгалтар Вікторыя Скуратовіч. Асноўны фронт яе работ таксама звязаны з жывёлагадоўляй.

А ўвогуле, як і ў большасці гаспадарак, калектыў ААТ «Душава» — гэта трывалы сплаў вопыту і маладосці.

Маргарыта САКОВІЧ


Паважаныя працаўнікі ААТ «Душава», ветэраны гаспадаркі!

Сардэчна віншуем вас, а таксама ўсіх аграрыяў Капыльшчыны з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу!

Жадаем усім вам высокіх ураджаяў, спрыяльнага надвор’я, ісці ў нагу з часам, асвойваючы новыя тэхналогіі, а таксама здароўя, шчасця, міру і дабрабыту, упэўненасці ў заўтрашнім дні і дастатку! Няхай ваша жыццё будзе поўнае аптымізму, веры і надзеі.

Адміністрацыя і прафсаюзны камітэт ААТ «Душава»

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адкрытае акцыянернае таварыства «Душава» Аляксандр Логіш узначаліў прыкладна шэсць месяцаў назад, а таму пра прычыны, якія маглі адмоўна паўплываць на вынікі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика