75-летию Лавского боя посвящается. 21.by

75-летию Лавского боя посвящается

11.12.2017 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Споўнілася 75 гадоў Лаўскаму бою. 18 мужных партызан цаной свайго жыцця спынілі лютага ворага.

Вось іх імёны: Васіль Астрэйка, Міхаіл Дзесюкевіч, Вікенцій Драздовіч, Аляксандр Ждановіч, Аляксей Кароль, Уладзімір Качаноўскі, Франц Клімовіч, Павел Лыч, Рыгор Нікановіч, Эдуард Петрашэўскі, Мікалай Сіневіч, Іван Туміловіч, Аляксандр Харытановіч, Дзмітрый Цітко, Мікалай Цяртычны, Канстанцін Шытыка, Мікалай Якімовіч, Аляксандр Ясючэня. Самаму старэйшаму Драздовічу было 32 гады, самаму малодшаму Качаноўскаму — 15.


■ Карціна народнага мастака СССР Міхаіла Савіцкага «Лаўскі бой»

У канцы 1942-га фашысты вырашылі пакончыць з партызанскім рухам на Капыльшчыне. Партызанская брыгада імя К.Я. Варашылава пад камандаваннем маёра П.П. Капусты пасля шматлікіх баёў размясцілася ў Лаўскім лесе. Паблізу былі вёскі Калюга, Лавы, Язвіны, Руднікі. У Лавах размясціўся партызанскі шпіталь. Было шмат параненых і хворых, а таксама мірных жыхароў з дзецьмі і жывёлай. Планавалася тут зімаваць, але вораг не драмаў. У партызанскую зону засылаліся шпіёны, праводзілася разведка з самалётаў.

Раніцай 3 снежня 1942 года з боку Слуцка над партызанскім лагерам з’явіўся нямецкі самалёт «Фокке-Вульф 189» («Рама»). Карнікі сіламі да сямі батальёнаў з танкеткамі, бронемашынамі, гарматамі і мінамётамі пачалі абыходзіць размяшчэнне брыгады з трох бакоў. Левым флангам ворагі рушылі на вёскі Цялядавічы і Клецішча, каб далей наступаць на вёску Лавы і Лаўскі лес. Правым флангам — на вёску Калюга і лес. Яны занялі вёскі Пясочнае, Касцяшы, Восава, Лоцвіны. Камандаванне брыгады вырашыла вылучыць на больш верагодных шляхах з’яўлення праціўніка групы прыкрыцця. Кірунак Клецішча Лавы быў давераны ўзводу (18 чалавек) вопытнага камандзіра атрада імя Катоўскага Вікенція Драздовіча. Партызаны замацаваліся на могілках вёскі Клецішча у 2 км ад вёскі Лавы, прычым тры чалавекі ў самой вёсцы. Партызаны выбралі зручныя пазіцыі для адбіцця атак ворага.

Палітрук роты атрада імя Катоўскага Філіп Дайнека прыбыў перад боем праверыць, як уладкавалася засада. Драздовіч далажыў яму, што ўжо заўважылі вялікую колькасць немцаў і наперадзе знаходзіцца дазор у складзе Івана Жыгалковіча (камандзір), Сяргея Духанава і Сяргея Пяткевіча. Дайнека пахваліў Драздовіча за гэта і сказаў партызанам, што на іх ускладваецца вялікая надзея, нельга даць ворагу прарвацца тут, трэба выратаваць нашых параненых таварышаў, вывезці іх з вёскі Лавы. Пратрымацца трэба дзве-тры гадзіны. Ён таксама паведаміў, што разведка даносіць аб руху з Капыля і Узды буйных сіл праціўніка. Усе, хто знаходзіўся ў засадзе, паабяцалі стаяць насмерць.


■ Вучні Слабадакучынскай СШ запалілі свечкі ў памяць аб героях Лаўскага бою ў храме Святой Троіцы вёскі Цялядавічы

Размову абарвала доўгая кулямётная чарга, якая даносілася з боку Клецішча. Удалечыні паказаліся двое партызан. Па іх з кулямёта білі карнікі. За гэтым назіралі ў бінокль Дайнека і Драздовіч. Фашысты на санках рухаліся ў напрамку засады.

— Страляць толькі па маёй камандзе, — папярэдзіў таварышаў Драздовіч. — Беражыце патроны. Бачыце, колькі фашыстаў прэ?

Кулямётчыкі правяралі дыскі, кулямётныя стужкі. Калона карнікаў набліжалася да пагорка, на якім знаходзіліся могілкі. Тоўстыя высокія бярозы і нізкарослы хмызняк утварылі тут невялічкі астравок сярод шырокага поля. Гітлераўцы ішлі ланцугом, павольна, па глыбокім снезе, агінаючы засаду паўкругам. Драздовіч падаў каманду «Агонь!» і першым выстраліў з самазараднай вінтоўкі. Ударылі кулямёты Паўла Лыча і Дзмітрыя Цітко. Адну за адной перазараджаў кулямётныя стужкі былы лётчык-бамбардзіроўшчык (ваяваў у Іспаніі), ардэнаносец Мікалай Цяртычны. Коні кінуліся ў бакі, а карнікі кулем выляталі з санак, распаўзаліся, імкнучыся хутчэй схавацца ў снег. Але трапныя партызанскія стрэлы даганялі іх. У розных позах ляжалі забітыя, чуліся крыкі і стогны параненых. Дзмітрый Цітко перанёс агонь кулямёта на іншыя запрэжкі. Коні наскаквалі на сані з салдатамі, зломліваючы ўсё на сваім шляху.

Па засадзе фашысты адкрылі мінамётна-артылерыйскі і кулямётны агонь з Клецішча. Міны клаліся шчыльна, падкідваючы ўверх слупы зямлі, ламаючы крыжы і магільныя агароджы. Адна міна трапіла прама ў дрэва і з трэскам разарвалася, асколак наскрозь прабіў цела Валодзі Качаноўскага. Так загінуў самы юны ўдзельнік Лаўскага бою, які так ніколі і не сфатаграфаваўся. Карнікі кінуліся ў атаку, але зноў наткнуліся на пагібельны агонь групы Драздовіча.

Трэцюю атаку падтрымлівала гармата, якая не прынесла поспеху ворагам. Драздовіч паспеў адправіць Івана Жыгалковіча па дапамогу. Фашысты акружылі могілкі з трох бакоў. З вёскі Лавы артылерыя атрада імя Катоўскага адкрыла па ворагу агонь у адказ, імкнучыся адцягнуць артылерыйскі агонь праціўніка на сябе і палепшыць становішча засады. Да гітлераўцаў падышло падмацаванне. Тым часам на брыгаду Варашылава з двух бакоў рушылі карнікі з танкеткамі і гарматамі. Атрад Катоўскага не мог выйсці на дапамогу таварышам па адкрытым полі. Засада атрымала сігнал на адыход, але было ўжо позна. 4-я, 5-я, 6-я і 7-я атакі… У партызан больш за 10 загінуўшых, скончыліся патроны. Спачатку змоўк адзін кулямёт, затым другі. Бой прадаўжаўся ўжо чатыры гадзіны. Фашысты рушылі ў 8-ю атаку. У справу пайшлі дзве апошнія гранаты, затым шасцёра партызан, што засталіся ўжывых, з крыкамі «ўра» пайшлі на прарыў. Упаў, не дабегшы да варожага ланцуга, Канстанцін Шытыка; кулямётнай чаргой скошаны Вікенцій Драздовіч; Дзмітрый Цітко, Павел Лыч, Іван Туміловіч і Аляксандр Харытановіч сышліся ў рукапашнай, каб, загінуўшы, знішчыць яшчэ некалькі ворагаў. Усіх параненых партызан раз’юшаныя карнікі дабівалі штыкамі і дастрэльвалі ў патыліцу.

Партызаны знішчылі 85 гітлераўцаў, шмат было і параненых. Паліцаі сабралі людзей з навакольных вёсак з падводамі, каб вывезці сваіх забітых. Загінуўшых партызан ахоўвалі і не дазвалялі пахаваць. Жонка Драздовіча была побач і хацела кінуцца да загінуўшага мужа. Але аднавясковец прыпыніў яе:

— Падумай пра сына.

Яны загінулі, каб не прапусціць ворага ў тыл, дапамаглі таварышам стрымаць націск карнікаў, эвакуіраваць параненых партызан, мірных жыхароў. Брыгада імя К.Я. Варашылава ноччу выйшла ў Раёўскі лес, а затым у Чырвонаслабадскі раён. Пасля бою ў разбітым станковым кулямёце была знойдзена запіска: «Не здаёмся, паміраем за Радзіму. Лічыце нас усіх камуністамі і камсамольцамі». Яе напісалі кулямётчыкі Павел Лыч і Дзмітрый Цітко (ураджэнцы в. Касцяшы Уздзенскага раёна).

У 1965 годзе Вікенцію Драздовічу — камандзіру групы — пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, а ў вёсцы Лясное ўстаноўлены бюст Героя. Радавых байцоў прадставілі да ордэнаў Айчыннай вайны І ступені. У 1959 годзе на могілках вёскі Клецішча ўстаноўлены помнік загінуўшым партызанам. Уладзімір Качаноўскі быў пахаваны ў роднай Слабада-Кучынцы, дзе ў 2015 годзе з’явіўся новы помнік самаму юнаму партызану. У музеі ДУА «Слабадакучынская СШ» створана экспазіцыя, прысвечаная героям Лаўскага бою. Штогод прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, школьнікі і госці Капыльшчыны наведваюць магілы партызан, праводзяць мітынгі, ускладваюць кветкі і ўшаноўваюць памяць загінуўшых хвілінай маўчання.

Барыс ДЗЕНІСЮК,

член ГА «Беларускі саюз журналістаў»

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Споўнілася 75 гадоў Лаўскаму бою. 18 мужных партызан цаной свайго жыцця спынілі лютага ворага. Вось іх імёны: Васіль Астрэйка, Міхаіл Дзесюкевіч, Вікенцій Драздовіч,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика