Шарык, "проста кошка" і іх гаспадыня. Як жывуць у вёсцы з назвай, што нагадвае сабачую мянушку. 21.by

Шарык, "проста кошка" і іх гаспадыня. Як жывуць у вёсцы з назвай, што нагадвае сабачую мянушку

04.01.2018 08:28 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пабываць у вёсцы з назвай, якая нагадвае ці не найбольш распаўсюджаную мянушку сабакі, выпала ў самы кароткі дзень 2017-га. Тут адна жылая хата, з паўдзясятка «дачных». Непадалёк ад могілак — брацкае пахаванне савецкіх воінаў, загінуўшых пры вызваленні гэтых мясцін.


Любоў Маркава з Маргошай

Зімой тут пануе касмічная ціш. Аднак на першым падворку нас з кіраўніком справамі Лёзненскага сельвыканкама Марынай Фалібога-Петуховай брэхам прывітаў навязаны каля будкі шустры вартаўнік. Аказалася, Шарык! Калі вёска Шарыкі з’явілася ў гэтым кутку Лёзненшчыны і чаму так завецца, невядома.

Адзіная сённяшняя жыхарка — 87-гадовая пенсіянерка Антаніна Маркава — родам з суседніх Кляўцоў, сюды ж у 1949-м выйшла замуж. Нічога не дадала і карэнная шарыкаўская (так клічуць тутэйшых жыхароў насельнікі суседніх вёсак) Зінаіда Гудым, памочнік выхавальніка ў адным з дзіцячых садкоў абласнога цэнтра, да якой дазваніліся па тэлефоне. Нават ва ўсёведным сеціве наконт паходжання Шарыкаў з лёзненскай глыбінкі - ні гу-гу.

Расчуленая нашым нечаканым візітам Антаніна Кузьмінічна распавяла, што раней тут налічвалася каля 20 падворкаў, да вайны працавала школа. Падчас баёў з фашыстамі Шарыкі, як і ўсё наваколле, былі ўшчэнт спалены. У 1943-м немцы пры адступленні «пагналі людзей у бежанцы», і Антаніна Кузьмінічна з маці пасля вызвалення вярталася ў родныя мясціны з Гродзеншчыны.

Пасля вайны, кажа, была страшэнная нішчымніца: пасаг, калі сабралася замуж, змясціўся ў сціплай скрыначцы. Хату з мужам будавалі самі, «нялёгка яна далася». Аляксандру Фёдаравічу як інваліду вайны ваенкамат адпусціў 10 кубаметраў лесу ажно ў Рубе.

Сем гадоў таму былы камандзір аддзялення роты аўтаматчыкаў 26-га асобнага цяжкага танкавага палка 21-й арміі 1-га Украінскага фронту, а за мірным часам механізатар-перадавік Аляксандр Маркаў памёр. У яго так і засталіся асколкі ў галаве, якімі яго цяжка параніла ў Польшчы незадоўга да Перамогі. Ён быў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны, двума медалямі «За адвагу» і іншымі.

Антаніна Кузьмінічна за 40 гадоў у калгасе заслужыла медаль «Ветэран працы». Толькі за плугам не давялося хадзіць, а так усё ручное ўмельства адолела ў паляводстве і жывёлагадоўлі, нават лес рэзала. Здароўе зараз не надта, з пенсіі шмат даводзіцца траціць на лекі.

З цягам часу частка шарыкаўскіх перабралася ў больш буйныя Кляўцы, моладзь раз’ехалася па гарадах, а дачнікі з’яўляюцца на радзіме ўлетку. Аднак бабуля Антаніна не самотная. Сын Міхаіл і дочкі-пенсіянеркі Любоў, Зінаіда, Мая жывуць у Віцебску. Выраслі сем унукаў, тры праўнучкі, ужо ёсць прапраўнук.

Як аўдавела, нашчадкі прапаноўвалі перабрацца да іх у горад, але бабуля засталася вернай сваёй хаце. Родныя ж часта прыязджаюць сюды, і не толькі пагасціць: прыбіраюць у хаце і на падворку, улетку на 25 сотках вырошчваюць бульбу, да зімы дроў удосталь нарыхтавалі.

Водакалонкі няспраўныя, калодзеж хаця і не замярзае, але далекавата, таму вады сын заўсёды наносіць з запасам. Увосень ад мясцовага сельгаспрадпрыемства яе прывозілі ў бочцы, а зараз на «тэхнічныя» патрэбы можна і снегу натапіць. Урача бабуля выклікае па тэлефоне.


Антаніна Маркава

Да Лёзна — каля 20 км. Аўтобус ходзіць да Кляўцоў, яшчэ з кіламетр — і Шарыкі. Калі дарога ачышчана ад снегу, аўталаўка двойчы на тыдзень падрульвае да самай хаты Антаніны Кузьмінічны. Яна купляе прадукты для сябе, Шарыка і кошкі, «якую ніяк не завуць — проста кошка», крупы для вераб’ёў, сініц і снегіроў.

— І пшаніцу сыпала, бо яны ж, маленькія, па холадзе есці шукаюць.

Птушкі любяць сядзець на старых яблынях, за якія гаспадыня дагэтуль удзячна колішняму старшыні калгаса — «сільна харошаму валагодскаму чалавеку Пагодзіну», які закупляў саджанцы і даваў людзям.

 — Тэлевізар, як не стала майго дзеда, ні разу не ўключала — не хачу. Умею і люблю вязаць, ды рукі ўжо не слухаюцца. Газету «Друг пенсионера» чытаю, — кажа Антаніна Кузьмінічна.

Шарыкаву сяброўку Маргошу час ад часу прывозіць дачка гаспадыні Любоў Аляксандраўна. Чатырохногая віцебская модніца зазвычай сядзіць у хаце, а калі і выбіраецца падурэць за кампанію, дык абавязкова апранутая ў стылёвае сабачае адзенне. Вядома, гарадская.

Неяк леташняй зімой Любоў Аляксандраўна, пачуўшы трывожны брэх Шарыка з Маргошай, убачыла за меліярацыйным каналам трох ваўкоў. Шэрыя драпежнікі крыху пацікавалі за ўзрушанымі дваровымі супляменнікамі і сышлі. Можа, назва Шарыкі паходзіць ад слова «шэры», як, дарэчы, і аднакарэнныя назвы лёзненскіх вёсак Шэркіна і Шарава, што ўжо не існуе?

Любоў Аляксандраўна, колішні дыспетчар і касір аўтапарка, на заслужаным адпачынку нярэдка «дзяжурыць» на роднай сядзібе, нават верш склала пра шарыкаўскае жыццё-быццё. Ёсць там і такія радкі:

Зимою за окном — то дождь, то вьюга,
Которой волком хочется завыть.
Зима, зима, давнишняя подруга,
Не в силах я что-либо изменить…

Затое Антаніна Кузьмінічна, нягледзячы на перажытыя нягоды і ўзрост, — непапраўная вясковая аптымістка:

 — Улетку тут весялей — вяртаюцца на пабыўку суседка, таксама старэнькая, і яшчэ адна жанчына-пенсіянерка. Наведвалі мяне старшыня сельсавета, з саўбеса жанчына, участковы і пажарны. Паштальёнка дастаўляе пенсію і газету. Хаджу па двары, па садзе, частую птушак. І на Новы год адна не сяджу!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аўталаўка двойчы на тыдзень падрульвае да самай хаты адзінай жыхаркі вёскі. Яна купляе прадукты для сябе, Шарыка і кошкі, "якую ніяк не завуць - проста кошка", крупы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика