Гостям Пружанщины — зеленый свет!. 21.by

Гостям Пружанщины — зеленый свет!

24.01.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

26 снежня Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 462 “Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян”. Згодна з гэтым дакументам, з
1 студзеня 2018 года ў г. Брэсце і чатырох раёнах Брэсцкай вобласці, у тым ліку Пружанскім, уведзены бязвізавы рэжым для замежных турыстаў. Зразумела, вялікага патоку “бязвізавых” гасцей у першы месяц чакаць не варта, але вясной іх лік, як мяркуецца, вырасце ў разы. Пра тое, ці гатовы наш горад і раён да іх прыёму, расказвае намеснік старшыні райвыканкама М.П. Кудравец.

— Але найперш, Мікалай Пятровіч, як кіраўнік каардынацыйнага савета, які непасрэдна працуе над рэалізацыяй Указа, патлумачце, калі ласка, нашым чытачам, што такое бязвізавы рэжым? Дзе канкрэтна ён будзе дзейнічаць і жыхары якіх краін могуць ім скарыстацца?
— Для таго, каб павысіць эфектыўнасць выкарыстання беларускага турпрадукту, у краіне вызначаны некалькі турысцка-рэкрэацыйных зон (тэрыторый для адпачынку з мэтай культурнага ўзбагачэння і аздараўлення). Першым быў адкрыты “Аўгустоўскі канал”, дзе ўвядзенне “бязвізу” ўжо дазволіла павялічыць паток замежных турыстаў больш чым у 10 разоў. Другая падобная зона — гэта “Брэст” (акрамя г. Брэста, яна ўключае Брэсцкі, Пружанскі, Камянецкі і Жабінкаўскі раёны), наведаць якую без візы тэрмінам да 10 сутак дазволена грамадзянам 77 краін з розных частак свету. З гэтай мэтай для перасячэння Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь выдзелена чатыры пункты пропуску: для авія-, аўта-, чыгуначнага транспарту і пешаходнага пераходу (апошні знаходзіцца ў Перарове (Белавежская пушча). Характэрна, што ніякіх абмежаванняў на колькасць паездак у Беларусь “бязвіз” не ўстанаўлівае.
— Калі віза не патрабуецца, то якім чынам праходзіць сама працэдура рэгістрацыі турыста і які дакумент, акрамя пасведчання асобы і страхавога поліса на знаходжанне ў Беларусі, служыць галоўнай падставай для наведвання ім дадзенай зоны?
— Пры перасячэнні беларускай мяжы замежныя грамадзяне павінны мець пры сабе спецыяльны пропуск-ваўчар, для атрымання якога ім неабходна звярнуцца ў адну з сертыфікаваных турыстычных фірмаў Беларусі і не менш чым за двое сутак забраніраваць на яе сайце абраны тур або асобныя віды паслуг. Пасля гэтага тураператары зарэгіструюць турыста ў спецыяльнай праграме ўліку, якая перадасць дадзеныя ў пункты пропуску, і адправяць заказчыку на электронную пошту неабходны дакумент. Прыбыўшы на месца, турыст абавязаны будзе на працягу 5 сутак зарэгістравацца ў органе рэгістрацыі па месцы фактычнага пражывання.
— На сённяшні дзень сярод 19 тураператараў, якія прадаюць туры з бязвізавым наведваннем Брэсцкай вобласці, няма пружанскіх турфірм. Хто будзе рэкламаваць наш турпрадукт, калі тая ж “Пружаны Трэвел” не атрымае права на рэгістрацыю бязвізавых турыстаў у сістэме?
— Сапраўды, адзіная турфірма ў нашым горадзе пакуль не мае патрэбнай сертыфікацыі. Але на працягу гэтага месяца будзе падрыхтаваны ўвесь пакет дакументаў, неабходных для атрымання сертыфіката ў Дэпартаменце па турызме Міністэрства спорту і турызму. Нам застаецца толькі спадзявацца на станоўчае рашэнне дадзенага пытання, у адваротным выпадку турысты будуць наведваць нас “транзітам” у рамках прапанаваных іншымі фірмамі маршрутаў – без асаблівай выгады для раённага бюджэту. Таму ёсць неабходнасць у рэгістрацыі новых тураператараў на тэрыторыі раёна. Спадзяёмся на ініцыятыўных маладых людзей з веданнем замежных моў.
— Чакаць, магчыма, давядзецца доўга. А якія першыя крокі ўжо зроблены нашымі спецыялістамі для рэалізацыі “бязвізавай” турпраграмы?
— Для таго, каб распрацаваць тактыку дзеянняў па рэалізацыі Указа, мы пракансультаваліся са спецыялістамі зоны “Аўгустоўскі канал” з Гродзенскага аблвыканкама і прынялі ўдзел у навучальным семінары, які праходзіў у г. Свіслач. Трэба прызнаць, паказчыкі суседзяў уражваюць: за мінулы год з-за мяжы да іх прыехала 54 тысячы турыстаў, якія папоўнілі абласны бюджэт прыкладна на 12 млн. еўра. Гэта, пагадзіцеся, прыстойная сума. Акрамя таго, па праграме “бязвізу” на Гродзеншчыне было створана больш за 400 новых працоўных месцаў (у сферы харчавання і гасцінічнага бізнесу).
Акрамя наведвання выязных семінараў, мы правялі аналагічныя навучальныя мерапрыемствы-трэнінгі ў Пружанах з запрашэннем вядомых рэспубліканскіх спецыялістаў і з іх дапамогай склалі асноўны “партфель” прапаноў, які з часам будзе папаўняцца. Уся інфармацыя аб турыстычным патэнцыяле раёна сабрана ў адзінай рэкламнай прэзентацыі з указаннем коштаў у рублях і валютным эквіваленце. Яе мы перадамо на сайты сертыфікаваных брэсцкіх і польскіх турфірмаў для папярэдняга азнаямлення.
— Мікалай Пятровіч, раскажыце, калі ласка, аб асноўным пакеце турпаслуг, які на сённяшні дзень можна прапанаваць турыстам.

— Па-першае, мы распрацавалі і прапануем гасцям некалькі турыстычных маршрутаў. Аматараў гісторыі чакае маршрут “Лабірынт гісторыі — у будучыню” з наведваннем асноўных архітэктурных славутасцей г. Пружаны і г.п. Ружаны, уключаючы азнаямленне з калекцыяй работ Народнага майстра РБ Мікалая Тарасюка ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” і тэатралізаваную пастаноўку “У гасцях у Сапегаў” з анімацыйнай праграмай і агляднай экскурсіяй па Ружанах. Не менш цікавым і насычаным будзе і іншы накірунак — “Пружаны-Шарашэва”.
Аматарам чыстага паветра, некранутай прыроды і аўтэнтычнай культуры мы прапануем некалькі экалагічных маршрутаў, у прыватнасці “Падляшскі шлях белага бусла”, які праходзіць праз в. Залессе, дзе створаны неабходныя ўмовы для правядзення майстар-класаў па кераміцы і жывапісе, а таксама ёсць спецыяльнае прыстасаванне для назірання за птушкамі і дзікімі жывёламі. Распрацаваны і ўжо апрабаваны турыстычны маршрут “Гута” і экалагічная сцежка “Дзікое”.
Тых, хто аддае перавагу актыўнаму адпачынку, чакаюць спартыўна-аздараўленчыя маршруты са сплавам на байдарках па р. Зяльвянка да возера Паперня, з урачыстым прысвячэннем у турысты, квэстамі і арганізацыяй пікнікоў. Таксама іх чакаюць туры выхаднога дня (або з больш доўгім знаходжаннем) з наведваннем санаторыя “Ружанскі” і веласіпедны маршрут. У дзень заезду спартсмены-аматары могуць скарыстацца паслугамі Лядовага і Воднага палацаў.
Што датычыцца сферы дадатковых паслуг, то ў нас дастаткова гасцінічных комплексаў для размяшчэння не толькі індывідуальных гасцей, але і арганізаваных груп турыстаў, прычым як у гарадской, так і ў сельскай мясцовасцях. Дастаткова і аб’ектаў харчавання, якія прапануюць разнастайнае комплекснае меню. Тое ж можна сказаць і пра арганізацыю культурна-забаўляльных праграм.
— Як я разумею, праграма “бязвізу” разлічана найперш на прыцягненне ў наш рэгіён арганізаваных груп турыстаў. Ці плануецца дзеля іх зручнасці змена рэжыму работы ўстаноў, у прыватнасці банкаў, або адкрыццё пунктаў кругласутачнага абмену валюты, хаця б на запраўках?
— Сапраўды, як паказвае гродзенскі вопыт, 85% турыстаў — гэта арганізаваныя групы. І калі ўзнікне неабходнасць дзеля іх зручнасці памяняць рэжым работы ўсіх задзейнічаных у турбізнесе ўстаноў раёна, мы, вядома ж, гатовыя гэта зрабіць. Усе пытанні будзем вырашаць па меры іх паступлення.
— Мікалай Пятровіч, рашэнне ўсіх арганізацыйных пытанняў у вялікіх турыстычных групах ускладзена на гідаў. А што рабіць з індывідуальнымі турыстамі, якія прыедуць да нас без суправаджэння экскурсаводаў? Ці змогуць яны ўбачыць меню на англійскай мове ў нашых рэстаранах, знайсці паразуменне, напрыклад, з персаналам у гасцініцы?
— На жаль, пакуль у нас няма адзінага кансалідуючага інфармацыйнага цэнтра, дзе будзе сабрана ўся інфармацыя аб рэгіёне: візітоўкі, флаеры, карты, турыстычныя буклеты і г.д. Але мы над гэтым працуем. У цяперашні час рыхтуем таблічкі і ўказальнікаў на дзвюх мовах — беларускай і англійскай — да культурных, спартыўных аб’ектаў і кропак грамадскага харчавання. Плануем выпуск рэкламнай прадукцыі ў выглядзе буклетаў на некалькіх мовах, дзе будуць прапісаны назвы асноўных устаноў, адрасы іх сайтаў і кантактная інфармацыя. Ужо сёння нашаму гандлю пастаўлена задача перакласці меню на англійскую мову, зрабіць яго разгорнутым, ілюстраваным і з кодавай нумарацыяй, якая дазволіць афіцыянтам хутка прымаць заказ. Праўда, ёсць апасенне, што мы не зможам перадаць увесь каларыт беларускай кухні. Аднымі дранікамі сёння ўжо нікога не здзівіш. Трэба шукаць нейкую сваю мясцовую адметнасць, якая не сустракаецца ні ў літоўскай, ні ва ўкраінскай, ні ў іншай славянскай кухні.
Ну, і самае галоўнае: у цяперашні час мы праводзім работу па падрыхтоўцы экскурсаводаў з веданнем замежных (англійскай і нямецкай) моў. На сённяшні дзень ужо чатыры настаўнікі гатовы супрацоўнічаць з намі – праводзіць экскурсіі альбо выступаць перакладчыкамі. Вядома, у ідэале мы павінны падрыхтаваць экскурсаводаў з веданнем некалькіх моў. Турысты вельмі любяць гутарыць з людзьмі, і вяртаюцца яны туды, дзе ім найбольш камфортна.
Гутарыла Алена Зялевіч

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
26 снежня Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 462 “Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян”. Згодна з гэтым...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика