Вадзяныя млыны Вілейшчыны. 21.by

Вадзяныя млыны Вілейшчыны

26.01.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

post thumbnail

З’яўляцца носьбітамі ўнікальнай культуры сваіх продкаў вялікі гонар. І тут кожны беларус можа смела ганарыцца, бо мы – нашчадкі вялікай культуры, адметных каштоўнасцей і той самай унікальнай спадчыны, якую нам пакінулі нашы продкі. І гэта ва ўсім: у святах і традыцыях, легендах і паданнях, промыслах і рамёствах, песеннай і фальклорнай спадчыне, у народнай архітэктуры і дойлідстве. Сёння мы працягнем гаворку пра ўнікальныя архітэктурныя збудаванні, якія захаваліся на тэрыторыі Вілейскага раёна, і на гэты раз імі будуць вадзяныя млыны.

Наша Вілейшчына скрозь прасякнута рэкамі, поўніцца зялёным масівам, балотамі і неабсяжнымі даляглядамі. Якую прыгажосць некалі надавалі нашаму раёну шматлікія млыны, што месціліся ўздоўж рэк і рачулак, побач са штучнымі ставамі, непадалёк ад велічных маёнткаў і проста на высокіх пагорках. Вялікая колькасць млыноў Вілейскага раёна былі вадзянымі, хаця сустракаліся і ветракі – млыны, што прыводзіліся ў рух сілай ветру (яны ўзгадваюцца ў вёсках даўгінаўскай і іжскай акругі, есць звесткі пра ветраныя млыны ў Рэчках і каля Альковіч).
Беларусы на працягу многіх стагоддзяў узводзілі і актыўна выкарыстоўвалі вадзяныя млыны – збудаванні на беразе ракі ці праточнага возера для памолу зерня, якія, дарэчы, з’явіліся раней ветраных. Кола вадзянога млына прыводзілася ў рух сілай вады. Такія млыны вядомы з часоў Кіеўскай Русі, а на нашых землях асабліва пашырыліся ў ХVІ – ХVІІІ стагоддзях. На Беларусі вадзяныя млыны шырока бытавалі да сярэдзіны ХХ стагоддзя. На Вілейшчыне ў асноўным будавалі колавыя і турбінныя млыны. Першапачаткова найбольш пашыранымі былі колавыя, асноўная частка якіх – вялікае (да 4 метраў у дыяметры) вертыкальна пастаўленае кола (радзей два), насаджанае на гарызантальную вось. Прыводзілася яно ў рух сілай вады, якая падала зверху на лапаткі кола і круціла яго. Радзей сустракаліся вадзяныя колы ніжняга бою, у якіх вада па нахіленым жолабе біла ў лапаткі кола знізу. Напор вады рэгуляваўся падыманнем і апусканнем спецыяльнай заслонкі. Пазней на гарызантальны вал сталі насаджваць яшчэ шківы. Апошнія з дапамогай пасаў прыводзілі ў рух шатроўку з вальцамі. Мука трапляла ў так званы бурат, дзе прасявалася праз палатняныя сіты. У пачатку ХХ стагоддзя замест кола на вадзяным млыне сталі выкарыстоўваць турбіны дыяметрам ад 1 да 4 метраў. Турбіна значна павышала энергетычную магутнасць млына і пры «добрай» вадзе круціла 3-4 каменныя паставы, 1-2 шківы з вальцамі і крупадзёрку (такі млын з крупадзёркай быў у в. Ручыца). Млыны на 1-2 паставы былі невялікія, драўляныя. Млыны ў некалькі паставаў часцей былі 2-3-павярховыя, часам цагляныя. Над кожным з паставаў мацаваўся спецыяльны «кош» для зерня. Зерне з каша па жолабе паступала ў адтуліну верхняга каменя. Мука з ніжняга каменя ссыпалася ў вялікую скрыню – спод. Мяшкі з зернем падавалі на другі паверх лябёдкай. У невялікіх млынах іх насілі па лесвіцах-драбінках. За польскім часам жорнавыя млыны часткова маглі перабудоўвацца на вальцовыя. Павялічвалася і колькасць крупадзёрак. У даваенны час малолі ў асноўным у вадзяных і паравых млынах. Пасля вайны млыны вадзяныя паступова замяняліся млынамі-вальцоўкамі з электрычным рухавіком, хаця доўгі час калгасы і саўгасы карысталіся (для кармакухань) вадзянымі млынамі, радзей ветракамі.


Так, напрыклад, самым добра захаваўшымся млынам на Вілейшчыне з’яўляецца былы паравы млын у Чурлёнах. Ён быў пабудаваны ў 1926 годзе, аб чым сведчыць надпіс па муроўцы франтона з бутавага камення, чырвонай і жоўтай цэглы (на фасадзе камень колаты). У звязцы ўзоры з чорнага друзу. Па абодва бакі дзвярэй умураваныя жарнавы – чырвоны і светла-шэры. Вуглы і праёмы – са светла-чырвонай цэглы. Франтоны цагляныя з арачнымі вокнамі. На тылавым фасадзе ў шчыце дзверы для выхаду на балкон. Да асноўнага будынку млына прыбудавана кацельная. Вада ў кацельню падавалася з паўночных панскіх сажалак па пракладзеным у зямлі драўляным водаправодзе, фрагменты якога яшчэ можна знайсці ў зямлі і зараз. За савецкім часам чурлёнскі млын перарабілі пад электычнасць, але многія аўтэнтычныя дэталі там захаваліся поўнасцю. Яшчэ некалькі год назад у чурлёнскім млыне можна было змалоць муку.

У механізме вадзяных млыноў пераплялося многае: сіла чалавечай думкі і сіла стыхіі, якая падпарадкавалася чалавеку і стала яго вернай памочніцай. Вернай, але толькі ва ўмелых руках млынара. Цяпер складана, мабыць, немагчыма сказаць, каму прыйшла бліскучая думка выкарыстоўваць энергію падаючай вады для пераўтварэння апошняй у энергію кручэння. Гэта вынаходніцтва было рэвалюцыйнай падзеяй: на машыну была перакладзена цяжкая фізічная праца. Яскравым прыкладам гэтаму служыла вядомая на Вілейшчыне суконная фабрыка ў Даўгінава памешчыка Каменскага. Яго мануфактура была ўладкавана па ўзоры замежных прадпрыемстваў. Рухаючай сілай на фабрыцы было вадзяное кола, а пры недахопе вады ў сажалках выкарыстоўвалася сіла пары. А па дадзеных 1939 года ў Даўгінава дзейнічалі ажно два паравыя млыны.


Млыны заўсёды былі акружаны і арэолам таямнічасці, авеяны паэтычнымі легендамі, паданнямі і забабонамі. Але для ўсіх мукамольных млыноў было галоўнае – з імі быў звязаны дабрабыт цэлага краю. Як адзначаюць старажылы Вілейшчыны, «…раней рэдка на якой рэчцы не стаяў млын. З бліжэйшага наваколля цягнуліся да млына падводы са збожжам, а назад – тыя ж калёсы са свежай мукой, вазніцы і коні былі белыя ад мучнога пылу. Дарога часта ішла праз млынавую плаціну, з віра пад плацінай заўсёды можна было налавіць рыбы, у сажалцы плавалі качкі, гусі, на заліўных пойменных лугах сакавіта зелянела трава…».


Сажалкі і плаціны вадзяных млыноў ажыўлялі сельскі пейзаж нашага раёна. Млыны таксама выпрацоўвалі энергію, неабходную для адпампоўкі вады пры вырабе паперы, памоле збожжа, распілоўванні лесаматэрыялаў і мностве іншых прамысловых заняткаў. Так, на 1939 год у Вілейцы працавала два паравыя млыны, пры якіх мелася прадпрыемства па вырабе газіраваных вод. Затым гэтыя млыны былі перададзены лесапільным заводам. Вілейскі лесапільны завод «Беларусь» на 1940 год меў паравы млын, магутнасць якога была 2,5 тоны мукі ў суткі. Млын перапрацоўваў збожжа для горада і навакольных вёсак. На лесапільным заводзе «Перамога» дзейнічаў млын, магутнасць якога была 4 тоны мукі ў суткі. Далейшыя перадваенныя дадзеныя гавораць нам, што на 1939 год у Ільянскім раёне было каля 25 млыноў, найбольш прадукцыйныя з іх – паравы і вадзяны млын у Ільі, вадзяныя млыны ў вёсках Беражок, Ляўкова, Чарвякі, Шчарка, Вязынь. Паравыя млыны былі ў Мацькаўцах і Хаценчыцах. У Куранецкім раёне налічвалася 13 млыноў, з іх на 1939 год паравы млын быў у Куранцы і Тураўшчыне. Але гэта лічбы ўжо апошніх дзесяцігоддзяў шырокага выкарыстання ў гаспадарчых патрэбах сялян і калгасаў млыноў Вілейшчыны. А што ж было ў нашым рэгіёне ў ХVІІІ–ХІХ стагоддзях?


У апісанні Касцяневіцкай парафіі ўжо за 1784 год згадваецца вадзяны млын панскага двара Кастыкі. Рэшткі апошняга кастыкскага вадзянога млына захаваліся каля вёскі Людвінова. Каля млына апісваецца і «…новы прыгожы мост праз раку Сэрвач, які вядзе ў вёску Кастыкі, дзе месціцца драўляная ўніяцкая царква. Паблізу вёскі пабудавана новая прыстань для сплаву плытоў па рацэ Вяллі…»


Паводле дадзеных, прыведзенных у кнізе «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі. Віленская губерня» за 1861 год, агульная колькасць вадзяных млыноў у Вілейскім павеце на той час складала 60, з іх драўляных – 59, каменных – 1. Прыведзеная колькасць вадзяных млыноў на сярэдзіну ХІХ стагоддзя даволі значная, але і яны не паспявалі задавальняць патрэбы мясцовага насельніцтва. Праўда, селяне для сваіх хатніх патрэб выкарыстоўвалі і ўласныя жорны, што складалі неабходную прыналежнасць кожнай сям’і. У пачатку ХХ стагоддзя колькасць вадзяных млыноў на Вілейшчыне павялічылася ўдвая. На тэрыторыі сучаснага Вілейскага раёна вадзяныя млыны, і не па адным, стаялі на рэчках Касутцы, Арпянцы, Рыбчанцы, Сэрвачы, Іліі, Пелы, Спягліцы, Нарачанцы, Ганутцы, а таксама на шматлікіх штучных ставах і запрудах, як у маёнтках Чарвякі, Юнцавічы, Тураўшчына і інш. Часам для дзейнасці млыноў выкарыстоўвалася моц пары, як гэта было ў маёнтках Мацькаўцы, Хаценчыцы і Чурлёны, у павятовым горадзе Вілейцы. Сваім уладальнікам млыны прыносілі нядрэнны даход. Так, згодна са статыстычнымі дадзенымі па Вілейшчыне на канец ХІХ стагоддзя, некаторыя млыны прыносілі сваім гаспадарам да 3000 рублёў срэбрам, але былі і такія, што давалі не больш за 30 рублёў чыстага прыбытку ў год.

Да нашага часу на Вілейшчыне захаваўся ўнікальны помнік прамыслова-гаспадарчай архітэктуры (асобны від вадзянога млына) – крухмальня пана Тукайлы ў Асцюковічах. У гэтым будынку выкарыстоўвалася спецыяльная вытворчасць па тэхнічнай перапрацоўцы бульбы ў крухмал. Будынак крухмальні, пабудаваны каля дамбы заходняй сажалкі маёнтка, складаўся з дзвюх частак. Франтальная частка была больш высокая, з нізкімі вокнамі, сцены складзены з вялікіх колатых валуноў на вапне з устаўкамі чорнага друзу (шчэбня). Вуглы выкладзены з чырвона-жоўтай цэглы. Такой жа цэглай аб’ем будынка крухмальні быў павышаны да двух паверхаў. Зараз у будыніны ўваліўся дах, але яшчэ нядаўна яго выкарыстоўвалі пад сховішча, а ў мінулым верхні паверх крухмальні (не захаваўся) быў аформлены ў выглядзе вялікай залы, дзе ладзіліся танцы і вечарыны і яна мела назву – «зальня».
Як жа рабілі млыны? На Вілейшчыне былі вядомыя вадзяныя млыны ў асноўным запруднага тыпу. Яны працавалі ад энергіі падаючай з плаціны вады. Адначасова з плацінай будаваўся і мост. Вадзяныя млыны будаваліся, як правіла, з дрэва. Будынак млына рубілі з брусоў ці кругляка на два-тры паверхі. Частка будынка размяшчалася на палях над вадой, пазней пад яго сталі падводзіць каменны падмурак (прыкладам з’яўляецца млын у Гануце і Кастыках). Сустракаюцца каменныя пабудовы, дзе прафесійна выкананы бутавы мур спалучаўся з цагляным мурам (млыны ў Мацькаўцах, Чурлёнах, Асцюковічах). Працоўнае памяшканне млыноў было двухпавярховым. Наверсе знаходзіўся латок для засыпання збожжа. Унізе – куфар для мукі і ступы з пестаў для драбнення збожжа на крупы. Плаціны пры млынах выкладваліся пласт за пластом шчыльным дзірваном, умацоўваліся жэрдкамі і каламі. У дно ўбівалі дубовыя палі і бутавалі яго камянямі. У падобных будынках былі абавязкова падсобныя памяшканні: пад’язная пляцоўка, месца для разгрузкі, розныя засекі і г.д. У адным комплексе з млынам часта рабілася жыллё млынара са сваім уваходам. Побач маглі стаяць і іншыя пабудовы, што ўтваралі хутар млынара.

Звычайна будавалі млыны мясцовыя майстры, часам (калі млын быў вялікіх памераў) пад кіраўніцтвам прафесійнага інжынера і будаўнічага аддзялення губернскага праўлення. Будаўніцтва невялікіх млыноў, без «тэхнічнай дакументацыі», ажыццяўлялася масцовымі дойлідамі з улікам вопыту ўжо пабудаваных аб’ектаў. На Вілейшчыне нарадзіўся і жыў адзін з вядомых інжынераў, што займаўся будаўніцтвам млыноў, у тым ліку і на нашай тэрыторыі. Гэта Генрык Лампрэхт, які нарадзіўся ў Вязыні. У сямейным архіве яго нашчадкаў захавалася значная колькасць фотаздымкаў млыноў, пабудаваных пад яго кіраўніцтвам. Акрамя гэтага? ён пабудаваў паперню ў Раёўцы (цяпер Маладзечанскага раёна, а раней – Вілейскі павет). Самым унікальным і вялікім ва ўсіх сэнсах пабудаваным ім млынам быў вязынскі. Цікавыя факты апісвае ў сваіх успамінах яго сын Генрых Лампрэхт-малодшы. «Радзінна маёй маці мела маёнтак Ленно на Міншчыне, у якім мой бацька пабудаваў паравы млын, што ў першыя дні пасля запуску механізмаў млына згарэў. Затым бацька ў 1918 годзе ўладкаваўся на працу ў якасці аканома млына ў Вязыні, дзе я нарадзіўся і жыў там да канца Першай сусветнай вайны. Пасля вайны мой бацька купіў фальварак Калодчына каля Іллі і арэндаваў вадзяны млын у Старой Гуце. А ў 1924 годзе пабудаваў новы вадзяны млын у Вязыні». Інжынер Генрых Лампрэхт таксама пабудаваў вялікую колькасць паравых млыноў на Міншчыне і Віленшчыне, адным з іх з’яўляецца пабудаваны ў 1901 годзе паравы млын у маёнтку Мацькаўцы, які захаваўся да нашага часу. У 1920-я гады гэты млын служыў і паркавым павільёнам, што адпавядала садова-паркавай модзе таго часу. Будынак млына ў плане прамакутны, асноўнае памяшканне двухпавярховае, з роўнымі радамі вокнаў. З паўночнай часткі да асноўнага будынка прыбудавана паніжанае памяшканне, што знаходзіцца пад адзінай двухскатнай страхой і мае агульны фасад. Млын прадстаўляе лепшы ўзор прамысловай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя, яго сцены складзены з бутавага і колатага каменя. Франтоны, вуглы, аконныя праёмы выкладзены з чырвонай цэглы, а кладка з вапны мае ўкрапаванні чорнага друзу. На ўсходнім франтоне ўмураваны камень з надпісам «1901 Rok ICY».

А як нашы продкі дабіваліся рознага гатунку памолу? Вышэй адзначалася, што найбольш адказным элементам вадзянога млына было кола, што дасягала ў дыяметры чатырох метраў. Да магутнага гарызантальнага вала пруткамі прымацоўвалі два драўляныя вобады, якія ўнутры абшывалі дошкамі, а звонку паміж абадамі ўстаўлялі перагародкі («лапаткі»). Атрымліваліся своеасаблівыя каўшы, размешчаныя адзін за адным ўздоўж кола. Калі вада трапляла ў коўш, яна прыводзіла ў рух кола, а разам з ім і гарызантальны вал. Унутры млына на вале мацавалі кола, якое адмысловымі зуб’ямі злучалася з гарызантальнай шасцярнёй. Вертыкальная вось ад шасцярні праходзіла праз адтуліну ў цэнтры ніжняга каменя і наглуха мацавалася да верхняга (верхні камень круціўся, а ніжні заставаўся нерухомым). Зазор паміж камянямі і вызначаў тонкасць памолу мукі – яе гатунак. Важнай для якасці памолу была і раўнамерная падача збожжа на жорны: знізу да бункера з зернем падвешвалі хісткую скрыначку – дазатар. Прычым размяшчэнне гэтай скрыначкі дазваляла аддзяліць муку аднаго гаспадара ад наступнага, які ўжо засыпаў сваё збожжа ў бункер і падрыхтоўваўся малоць. Выразнасць ўзаемадзеяння механізмаў вызначалася майстэрствам млынара.

Буйныя млыны мелі некалькі колаў, нярэдка яны прыводзілі ў рух не толькі жорны, але і выконвалі функцыі вырабу сукна (валюшні або Фолюш), салетры і пораху (парахоўні), грубай паперы (Паперня), здабычы балотнай руды (Рудня), распілоўкі бярвёнаў на дошкі і брусы (Тартакі). На Вілейшчыне адным з буйнейшых вадзяных млыноў быў Вязынскі млын 1924 года пабудовы – там было 6 колаў, якія прыводзілі ў рух не толькі жорны, але і станкі для часання воўны, пілы для распілоўкі бярвёнаў. Стары вадзяны млын у Даўгінава пры суконнай фабрыцы – фактычна «Фолюш», служыў для збівання шэрсці. Унутры будынка на гарызантальным вале былі размешчаны шэсць калоў з умацаванымі на іх масіўнымі драўлянымі калодамі («бабы», «біякі»). Пры абарачэннях вала яны, з-за таго што размяшчаліся па спіралі, па чарзе прыўздымаючыся ўверх і падаючы ўніз, збівалі воўну ў спецыяльнай працяглай ступе.

Сэрцам млына былі жорны. Вертыкальная вось ад шасцярні праходзіла праз адтуліну ў цэнтры ніжняга каменя (ляжак) і наглуха мацавалася да верхняга (бягун). Ніжні камень заставаўся нерухомым, а круціўся толькі верхні. Жорны адгароджліся кажухом. Жорнамі маглі быць асаблівыя камяні. Ад іх патрабаваліся трываласць, глейкасць і сітаватасць. Часта жорны рабілі мясцовыя каменацёсы, тут Вілейскі раён выйграваў вялікай наяўнасцю валуноў, якія можна было апрацаваць на жорны. Здаралася, жорны заказвалі і прывозілі з іншых рэгіёнаў. Прадукцыйнасць млына залежала ад памеру каменя і хуткасці кручэння. Жорны бралі дыяметрам ад 50 да 120 сантыметраў. На малаводных рэчках ставіўся невялікі бягун, які круціўся ў межах 60 абаротаў у хвіліну. Так, пастаў мог малоць ад 16 да 64 кілаграмаў у гадзіну. Даўней, каб пазбегнуць самаадвольнага ўзгарання, якое ўзнікала ад трэння драўляных частак млынавага механізму, мельнікі іх змазвалі свіным салам. Кавалкі сала віселі ў млыне паўсюль. Ландшафтныя асаблівасці Вілейшчыны прадвызначылі тое, што млыноў з верхнім боем будавалі больш, чым з ніжнім. Калi вада падала зверху на кола, то надавала яму большы крутоўны момант, аднак такія млыны патрабавалі затаплення значных тэрыторый. Напор вады рэгуляваўся адмысловымі засланкамі на запрудзе. Такім прыкладам з’яўляліся вадзяны я млыны ў вёсцы Іжа, Ручыца, Вязынь, Кастыкі і інш.

Падводзячы вынік, можна адзначыць, што да нашых дзён у вёсках, на тэрыторыях былых панскіх маёнткаў захаваліся выключна цікавыя вадзяныя і паравыя млыны – мацькаўскі млын, асцюковіцкая крухмальня, чурлёнскі млын. На вялікі жаль, у апошнія дзесяцігоддзі на Вілейшчыне разабралі некалькі драўляных млыноў, што ўяўлялі ўнікальныя прыклады дойлідства прамысловай архітэктуры – гэта млын у Іжы, фотаздымак якога можна знайсці амаль ва ўсіх падручніках і манаграфіях па беларускім дойлідстве, і млын у Гануце (сучасная вёска Ручыца).
Вадзяныя млыны Вілейшчыны разам з запрудамі, мастамі, дрэвамі, што навісалі над вадою, з вясёлкай, якая нараджалася ў вадзяным пыле вакол вадзянога кола, разам з шумам падаючай вады стваралі жывапісныя, напоўненыя лірыкай і таямнічасцю куткі ландшафту. У нашым раёне млыны былі месцамі, аблюбаванымі моладдзю для ігрышчаў і забаў. І, вядома ж, тут, у вірах і затоках, заўсёды было і месца найлепшай рыбалкі.

Рэшткі былой велічы прамысловай архітэктуры вадзяных млыноў Вілейшчыны і зараз працягваюць выконваць ролю важных кампазіцыйных акцэнтаў нашай мясцовасці. Мы выдатна разумеем, што час млыноў даўно мінуў, але ўсё ж гэты вобраз павінен жыць з намі, мы павінны старацца захаваць тое, што засталося. Вадзяныя млыны – старажытныя сімвалы, якія заключаюць ў сабе стыхію вады, ветру і паветра, а таксама ўвасабляюць збор ураджаю і ўрадлівасць, павінны па-ранейшаму захоўваць ў сабе ўсе тыя таямніцы і загадкі і не пераставаць зачароўваць сэрца і душы людзей.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота з сямейных архіваў Лампрэхтаў, КОЗЕЛ-ПАКЛЕЎСКІХ і globus.by

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З’яўляцца носьбітамі ўнікальнай культуры сваіх продкаў вялікі гонар. І тут кожны беларус можа смела ганарыцца, бо мы – нашчадкі вялікай культуры, адметных...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика