Страчаная спадчына Вілейшчыны: «Вялікая» сінагога ў Вілейцы. 21.by

Страчаная спадчына Вілейшчыны: «Вялікая» сінагога ў Вілейцы

21.03.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гэтым артыкулам мы пачынаем серыю аповедаў пра ўнікальныя аб’екты сакральнай і грамадскай архітэктуры, многія з якіх з’яўляюцца прыкладамі народнага дойлідства нашага рэгіёну, што напаткаў лёс забыцця: яны былі спалены падчас войнаў, разбураны ці сышлі ў нябыт са знікненнем паселішчаў, зменай дзяржаў і па іншых прычынах. Мы закранём пласт адметных будынкаў драўлянага і мураванага дойлідства Вілейшчыны: касцёлаў і цэркваў, сінагог і капліц, што існавалі на нашай тэрыторыі і пра якія мы ведаем цяпер толькі па старых фотаздымках, з надрукаваных і вусных успамінаў, навуковых даследаванняў.


Будаўніцтва «вялікай» сінагогі ў Вілейцы ў канцы ХІХ стагоддзя

Серыю артыкулаў «Страчаная спадчына Вілейшчыны» пачынаем з найменш даследаваных і апісаных помнікаў сакральнай архітэктуры нашага рэгіёну – габрэйскіх сінагог і школ, якія амаль поўнасцю былі знішчаны ў час вайны, а ўцалелыя з іх былі перароблены ў пасляваенны перыяд. Сінагогі на Беларусі былі вельмі распаўсюджаным тыпам рэлігійных пабудоў. У ХІХ стагоддзі на беларускіх землях налічвалася каля 2000 сінагог, зараз жа захавалася крыху больш за 100. Так, амаль не захавалася прыкладаў драўлянай сінагагальнай архітэктуры, якая ў адрозненні ад каменнай была больш традыцыйнай і кансерватыўнай. Беларускія сінагогі ўяўлялі сабой яркі прыклад самабытнасці нацыянальнага архітэктурнай спадчыны. Менавіта такая сакральная архітэктура перадавала ўсю спецыфіку габрэйскага дойлідства, бо ўсе сінагогі істотна адрозніваліся ад цэркваў і касцёлаў.

Упершыню аседлае габрэйскае насельніцтва з’явілася ў Беларусі ў канцы XІV стагоддзя ў Вялікім княстве Літоўскім у часы Вітаўта. На землях сучаснай Вілейшчыны габрэі па архіўных дадзеных пачалі сяліцца ў XVІ стагоддзі – больш за пяцьсот гадоў таму. Тут яны асядалі і абжываліся ў буйнейшых і меншых мястэчках: Вілейцы, Даўгінаве, Ільі, Куранцы, Рэчках, Вязыні і іншых, прыўносячы сваю адпаведную культуру, традыцыі, архітэктуру. Паступова тут складваўся і кагал, што адказваў перад урадам і астатнім насельніцтвам за ўсіх сябраў габрэйскай абшчыны: ён плаціў падаткі, здзяйсняў суд у спрэчках паміж габрэямі, адказваў за будаўніцтва сінагог і малітоўных дамоў, а таксама ўтрымліваў могілкі. А ўвогуле на Вілейшчыне да рэвалюцыі налічвалася больш за дзясятак сінагог і малельных дамоў. Трэба адзначыць, што істотнай розніцы паміж сінагогай і малельным домам не было. За выключэннем толькі таго, што пад малельны дом магла быць прыстасавана і звычайная хата. Справа ў тым, што, паводле закона Расійскай імперыі, каб атрымаць дазвол на пабудову сінагогі, трэба было сабраць не менш за 80 яўрэйскіх сем’яў, якія будуць туды хадзіць. А для малельнай школы (дома) было дастаткова і трыццаці. Таму, калі ў мястэчку ці горадзе ўжо была вялікая сінагога, пісалі прашэнне на малельны дом, бо так было прасцей, а атрыбуты ў сінагогі і малельнага дома былі абсалютна аднолькавыя. Габрэі не прызнаюць ніякіх рытуальных упрыгожванняў, за выключэннем таго, што ў сінагозе мусіць быць «Арон Кодэш» – шафа, дзе захоўваецца Скрутак Торы. Калі ў абшчыны ёсць Тора – сінагога абавязкова будуецца адразу з «Арон Кодэш». У вялікіх сінагогах дадаткова маглі будаваць «біму» – узвышэнне ў цэнтры залы для чытання Скрутка Торы. Такія «бімы» былі ў вялікіх вілейскай, даўгінаўскай і ільянскай сінагогах.


«Вялікая» сінагога ў Вілейцы

У Вілейцы налічвалася ў розныя часы да чатырох сінагог. Самая галоўная з іх была пабудавана і асвечана ў 1884 годзе па вуліцы Мінскай (цяпер – Савецкая). Гэта была так званая Меснагдыйская (асветніцкая) сінагога, ці «вялікая», як называлі яе ў народзе. Недалёка ад яе пазней пабудавалі яшчэ адну,»малую», сінагогу (размяшчалася яна ў сучасным Школьным завулку) – гэта была сінагога Любавіцкіх хасідаў. Дарэчы, у перыяд вайны некаторы час менавіта гэта сінагога заставалася адзінай дзеючай, дзе была шафа з Торай. Трэцяя – Ашкеназійская сінагога – была спалена эсэсаўцамі ў самым пачатку вайны, размяшчалася яна каля габрэйскіх могілак, у раёне сучаснага малаказавода. Таксама некаторыя даследчыкі лічаць, што каменны двухпавярховы будынак вузла электрычнай сувязі «Белтэлекама» таксама быў некалі сінагогай. Архітэктура гэтага будынка вельмі падобная да сінагогі, што па нейкіх прычынах, магчыма, была перабудавана ў канцы ХІХ стагоддзя пад прыватны гатэль.

«Вялікая» сінагога ў Вілейцы звяртала ўвагу адметным аб’ёмна-прасторавым рашэннем сваёй архітэктуры. Яна мела вялікую рытуальную залу і была перакрыта высокім, стромкім дахам. Каскады дахаў, паступова нарастаючыя па вертыкалі, надавалі грувасткаму аб’ёму галоўнай вілейскай сінагогі лёгкасць і дынамізм. Спалучэнні схілаў гэтай сінагогі (палогіх і стромкіх) выклікалі асацыятыўныя параўнанні з элементамі архітэктуры Усходу, хаця разам з тым крывалінейныя карнізы, фасаднае аздабленне сведчыла пра прысутнасць еўрапейскага густу і мясцовыя традыцыі. Пасля 1939 года «вялікую» сінагогу савецкая ўлада ператварыла ў інтэрнат для рабочых, а падчас фашысцай акупацыі немцы тут наладзілі стайню для коней. У выніку, усе тры вілейскія сінагогі згарэлі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Зараз на месцы «вялікай» сінагогі знаходзяцца гаражы Вілейскага ДТСААФ, а побач з імі захаваўся да нашых дзён каменны будынак, што быў пабудаваны ў двары сінагогі ў пачатку ХХ стагоддзя.


Замалёўка ўнутраннага выгляду даўгінаўскай сінагогі

Адным з унікальных мястэчак Вілейшчыны заўжды было і Даўгінава. Тут пражывала вялікая колькасць габрэйскага насельніцтва, што займалася гандлем і ўтрымлівала разнастайныя крамы і шынкі. У Даўгінаве было таксама некалькі сінагог, і да нашага часу захаваліся ўнікальныя будынкі сінагагальнага двара ХІХ стагоддзя. Яны размяшчаюцца каля цэнтральнай плошчы былога мястэчка, але зараз ад позіркаў мінакоў зачынены новым будынкам прыватнага кафэ і гатэля. Але калі зазірнуць за гэтыя будынкі, то можна ўбачыць старажытныя каменныя будыніны з чырвонай цэглы. Адзін з іх – двухпавярховы будынак галоўнай «вялікай» сінагогі, што была пабудавана ў 1875 годзе. Захаваўся ў Даўгінаве і яшчэ адзін унікальны аб’ект габрэйскай культуры – побач са старымі габрэйскім могілкамі знаходзіцца адзіны ацалелы ў Беларусі «Бейт-ахарон» (дом абмыванняў). У гэтым будынку ўдзельнікі пахавальнага брацтва «Хеўра-Кадыша» перад пахаваннем абмывалі габрэйскіх нябожчыкаў.

Некалі ў Даўгінаве існавала і вялікая драўляная сінагога, якую распісваў Хаім Айзік Сегален, прадзед вядомага ва ўсім свеце віцебскага мастака Марка Шагала. Гэта сінагога была знішчана падчас пажару, але захаваліся ўспаміны бацькі аднаго з сучаснікаў і паплечнікаў Шагала Эля Лісіцкага. Яго бацька ўспамінаў, што бачыў у даўгінаўскай сінагозе «…вялікую фрэску пахавання Якава, з калясніцай, коньмі, сынамі Якава, егіпцянамі і многім іншым…». Гэта ўнікальны факт, які гаворыць аб тым, што мястэчка Даўгінава мела дачыненне да сусветнавядомага мастака Марка Шагала. Але гэта не ўсё. Тут, у Даўгінаве, у 1899 годзе каля паўгода вучыўся і народны паэт Беларусі Змітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік), памятная дошка якому стаяла побач з сінагогай да нядаўняга часу, але пры разбудове прыватнага кафэ была перанесена ў сквер. Затым Змітрок Бядуля з 1899 па 1901 год вучыўся ў Ільі ў мясцовым ешыбоце.


Даўгінаўская «вялікая» сінагога

Вось мы перайшлі да мястэчка Ілья, што мела таксама значны габрэйскі кагал. У Ільі было таксама некалькі сінагог, сярод якіх была і «вялікая». Вось што піша ў сваіх успамінах Змітрок Бядуля: «…Праз паўгода я з Даўгінава перавёўся ў мястэчка Ілью. Там, у мясцовым ешыбоце (габрэйская рэлігійная школа, якая рыхтавала равінаў і вучоных талмудыстаў – заўв. аўтара), я тры гады плаваў у мёртвым моры талмудысцкіх навук. Нам, падлеткам, было нудна чытаць тэксты, напісаныя дзве тысячы гадоў таму назад на старажытнагабрэйскай і арамейскай мовах. Ешыбот размяшчаўся ў вялікай сінагозе, дзе тры разы на дзень маліліся местачковыя габрэі. Тут жа знаходзіліся пяцьдзесят ешыботнікаў ва ўзросце ад 12 да 20 гадоў. Многія з ешыботнікаў, у тым ліку і я, жылі ў сінагозе. Мы спалі на цвёрдых лавах, як пасажыры ў агульных вагонах цягніку. Пад лаўкамі стаялі нашы торбачкі з маёмасцю…».

Маюцца ў Змітрака Бядулі і ўспаміны з апісаннем рэчаў ільянскай «вялікай» сінагогі: «…У цэнтры сінагогі на ўсходняй старане, дзе моляцца местачковыя багачы, стаіць пазалочаны каўчэг са Скурткамі Торы. Каўчэг аздоблены мастацкай разьбой з дрэва, што адлюстроўвае два львы і два арлы. Навакол жывёл і птушак – фантастычныя ўзоры з кветак і траў. Здаецца, што львы зараз рынуцца з месца і пачнуць біць хвастамі аб падлогу, а арлы з распасцёртымі крыллямі зараз узнімуцца пад высокі суфіт. Уночы, калі сінагога асвятляецца скупа адзіночнымі свечкамі, звяры і птушкі выглядаюць зусім жывымі…». Але народны паэт Беларусі не адзіны са знакамітасцяў, чыё жыццё было звязана з Ільяй. У гісторыю гэта мястэчка ўвайшло і дзякуючы таму, што тут жыў выбітны талмудыст і змагар асветы Менаше бэн Іосіф Іліер. Ён быў сапраўдным рэвалюцыянерам тлумачэння Торы і Талмуда, хаця яго шматлікія працы знішчаліся яшчэ ў рукапісах, але нямала кніг выдатнага талмудыста ўсё ж было выдадзена. Доўгі час Менаше бэн Іосіф быў равінам у Ільі (узначальваў ільянскі кагал, выкладаў у ешыбоце і быў членам рэлігійнага суда – заўв. аўтара), тут ён і памёр ад халеры ў 1831 годзе. Пахаваны на мясцовых яўрэйскіх могілках.

У яшчэ адным мястэчку, што месціцца непадалёку ад нашага горада – Куранцы – было таксама некалькі сінагог, што размяшчаліся адна каля адной побач з галоўнай гандлёвай плошчай. Адна з гэтых сінагог была «вялікая» і лічылася цэнтральнай. Адзін час на вуліцы каля рэчкі стаяла малая Хасідская сінагога, што, па ўспамінах былых жыхароў, хаця і была невялікая па памерах, але яе выгляд адрозніваўся адмысловай прыгажосцю як унутры, так і звонку.

Такім чынам, відавочна адно – сінагогі з’яўляюцца неад’емнай часткай культуры Беларусі. Вельмі важна, каб кожная захаваўшаяся з іх, успрымалася як адметная гісторыка-культурная каштоўнасць нашага народа, бо гэта не выключна «габрэйскі храм», а частка шматнацыянальнай і разнастайнай культуры Беларусі.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота з сайта radzima.org

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэтым артыкулам мы пачынаем серыю аповедаў пра ўнікальныя аб’екты сакральнай і грамадскай архітэктуры, многія з якіх з’яўляюцца прыкладамі народнага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика