Калі «лясгас» – ад слова «газ»…. 21.by

Калі «лясгас» – ад слова «газ»…

21.03.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Выпадак амаль што анекдатычны. Аднак, як запэўніла адна віляйчанка, быў ён з жыцця. Адбылося ўсё ў гарадскім аўтобусе, які ішоў ад вакзала ў бок вадасховішча. Аднаму з пасажыраў трэба было трапіць у лясгас. Ён ехаў сабе спакойна, бо ў салоне ўсё было, як кажуць, цывільна – нават аб’яўляліся прыпынкі. Дарэчы, на роднай мове. Праз пэўны час прагучала і тое, што патрабавалася: «Лясгас», аднак пасажыру гэта, мусіць, нічога не сказала. Ужо праехаўшы патрэбны прыпынак, малады чалавек падышоў да кандуктара з пытаннем: «А когда будет лесхоз?». Пачуўшы, што яго толькі што праехалі, хлопец аж абурыўся: «Да там же что-то с газом связанное…»

Смешна? Магчыма. Але і неяк сумна. Чаму так атрымліваецца, што многім нашым дзецям родная мова даецца цяжэй за англійскую? І хто ў гэтым вінаваты? Мусіць, усе мы, дарослыя – бацькі, настаўнікі, суседзі. Усе тыя, хто з малых гадоў не прывіў дзецям павагу да роднага слова. Няхай сабе пазней, стаўшы самастойнымі, нашы дзяўчаты і хлопцы самі вызначаюцца, на якой мове размаўляць, але ж ведаць сваю яны павінны абавязкова. Каб не дэманстраваць потым сваю душэўную пустату перакаверканым «дзярэўня», характарызуючы такім чынам чалавека, які добра валодае роднай мовай, і каб увогуле не лічыць яе нечым другарадным: каб не называць Коласа Купалам, гледзячы на партрэт у падручніку. Дарэчы, аб пісьменніках. Не так даўно выпадкова пачула размову двух хлапчукоў. Гаварылі пра школу. Адзін спытаў у другога, што яны праходзяць зараз па беларускай літаратуры. Той адказаў, што «Васількі». Суразмоўца пацікавіўся, аб чым там ідзе размова. «Ну, это когда у мальчика, как его, Миколки, эти… ну, бандиты, убили маму и сестру…»

Тут ужо не толькі пра мову – тут і пра гісторыю. Няўжо спраўджваюцца нечыя словы, што з кожным новым пакаленнем памяць пра вайну будзе сцірацца, пакуль зусім не знікне? Дапускаю, што праз многа-многа гадоў такое можа стацца. Толькі вось ніяк не думалася, што гэта давядзецца ўбачыць на свае вочы.

Закончыць усё ж хочацца пазітыўным. Радуе, што вельмі многія нашы дзяўчынкі і хлопчыкі выдатна ведаюць і родную мову, і гісторыю, дэманструючы глыбокія веды на алімпіядах і разнастайных конкурсах, шануюць традыцыі сваіх продкаў. Значыць, не ўсё страчана. Толькі вось хацелася б, каб такіх былі не адзінкі. А залежыць усё ад нас – бацькоў, настаўнікаў, неабыякавых людзей.

Ірына БУДЗЬКО

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выпадак амаль што анекдатычны. Аднак, як запэўніла адна віляйчанка, быў ён з жыцця. Адбылося ўсё ў гарадскім аўтобусе, які ішоў ад вакзала ў бок вадасховішча. Аднаму...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика