І пачалося новае жыццё ў Беражным…. 21.by

І пачалося новае жыццё ў Беражным…

27.03.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

1 (4)
У гэтыя дні адзначаецца 70-годдзе з дня ўтварэння сельскагаспадарчай арганізацыі ў Беражным. 21 сакавіка 1948 года ў вёсцы Беражное адбыўся першы сход сялян, што ўступілі ў сельгасарцель, якую тады ж было вырашана назваць “Новае жыццё”.

На прыкладзе аб’яднання сялян у калектыўную гаспадарку ў першыя пасляваенныя гады можна ўбачыць пачатак цэлай няпростай эпохі, якая ў далейшым вызначыла не толькі агульны вясковы ўклад, а і ўкараненне зусім новага стаўлення да працы на зямлі, новых узаемаадносін у грамадстве. Нават з вышыні мінулых гадоў калектывізацыя ў сельскай гаспадарцы ацэньваецца неадназначна, даючы ёй як станоўчыя, так і негатыўныя характарыстыкі.  А як складана было першапраходцам, тым, хто з году ў год ператвараў сельскую гаспадарку з адсталай у прагрэсіўную і высокатэхналагічную!1 (2) 

З РЫЗЫКАЙ ДЛЯ ЖЫЦЦЯ

На тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1946-1950 гады разгарнулася жорсткая барацьба, якую вялі праціўнікі калгаснага ладу з усімі, хто быў з імі не згодны. Ворагі калгасаў дзейнічалі з разлікам, залякваючы сялян, пагражаючы бандытамі, якія хаваліся ў лясах. На Століншчыне банда Мацюха рабавала магазіны, паліла калгасныя пабудовы, забівала актывістаў калектывізацыі. Пэўны час быць няўлоўнай бандзе дазваляла тое, што ў яе складзе знаходзіліся і выхадцы з вёсак Беражное, Дубенец, Бор-Дубенец, Магільнае. Яны ведалі добра наваколле, мясцовых людзей.

Агітацыю за калгасны лад у Беражным і навакольных вёсках з зімы 1947-1948 гадоў вялі ўпаўнаважаныя райкама партыі і райвыканкама, камуністы Нова-Беражноўскага спіртзавода, дырэктар школы В. П. Башкатаў. У першай палове сакавіка 1948 года актыў Беражноўскага сельсавета на сходзе вырашыў: кожны павінен не толькі сам уступіць у калгас, а і ўгаварыць суседа. Сярод значнай часткі насельніцтва быў не толькі страх перад бандытамі, а і няўпэўненасць у тым, што калгас прынясе лепшае жыццё.

На першы сход сялян 21 сакавіка 1948 года прыйшлі толькі 17 з 25 жыхароў Беражнога, якія да гэтага падалі заявы на ўступленне ў калектыўную гаспадарку. Гэта былі самыя смелыя і рашучыя сяляне, якія не скарыліся перад небяспекай. Першым старшынёю аднаго з першых на Століншчыне калгасаў выбралі былога партызана Мікалая Мікалаевіча Сапона.

Прыклад беражноўцаў падбадзёрыў  беднату і сераднякоў суседніх вёсак. 29 снежня ствараецца калгас “30 гадоў БССР” у Бор-Дубенцы, 23 студзеня 1949 года – калгас імя Леніна ў Дубенцы, у сакавіку 1949 года – калгас “Чырвоны партызан” у Магільным.

Для ўсіх гэтых гаспадарак у той час былі характэрныя аднолькавыя цяжкасці: малаадукаваныя, нявопытныя для кіравання калектыўнай гаспадаркай старшыні праўленняў. Усё трымалася на энтузіязме, інтуіцыі. Дапускалася шмат памылак, якія наносілі шкоду рэпутацыі калгаснага руху. Пад яравыя культуры ўносілі мала ўгнаенняў, апрацоўка глебы заставалася дзедаўскай. У калгасе “Новае жыццё”, напрыклад, першы ўраджай яравых не парадаваў – па 4,9 цэнтнера ячменю, 11,8 – аўса, 8,02 – проса, 7,06 – грэчкі, 122 – бульбы.

Але ўзводзіліся грамадскія памяшканні – свіран, кароўнік, канюшня. Цікава, што для будаўніцтва наймалі аднаасобнікаў, якія пакуль не ўступілі ў калгас, бо сваіх сіл не хапала. Да зімы ў памяшканнях паставілі шэсць кароў, восем авечак, 13 птушак, 24 кані. Людзі атрымалі першы заробак. На адзін працадзень зарабілі па 1,9 кілаграма збожжа, 3,8 кілаграма бульбы, сем кілаграмаў сена, грашыма – па 1,9 рубля.

Побач з першымі працоўнымі перамогамі, энтузіязмам і самаахвяраваннем актывістаў не знікала небяспека з боку лясных бандытаў. У сакавіку 1949 года быў спалены хлеў старшыні калгаса “30 гадоў БССР” Андрэя Пашкевіча, праз месяц – калгасны хлеў, дзе захоўваліся збожжа для сяўбы, інвентар. 21 красавіка 1949 года бандыты ўварваліся ў дом старшыні калгаса “Чырвоны партызан” Мікалая Сямёнавіча Каральчука. Яны па-зверску расправіліся з ім, яго жонкай, а таксама кладаўшчыком – камсамольцам Мікалаем Сяргеевічам Каральчуком. 28 лістапада 1949 года ў час пасяджэння праўлення калгаса імя Леніна бандытамі быў забіты старшыня гаспадаркі Цярэнцій Максімавіч Юрчук. Былі спалены калгасныя пабудовы. Восенню 1950 года банда Мацюха па-зверску расправілася з актывістам калгаса імя Леніна Міхаілам Серадой і яго сям’ёю, спаліла яго хату. У той час самай небяспечнай была старшынская пасада, пад пагрозай смерці знаходзіліся і актывісты ўлады і калгаса.

Тут да месца прывесці цікавыя лічбы. Калі сёння кіраўнікамі сельскагаспадарчых арганізацый з’яўляюцца васемнаццаць чалавек, дык у 1950 го-дзе іх налічвалася 88 — па колькасці калгасаў у былых Столінскім і Давыд-Гарадоцкім раёнах.

З 1951 года пачаўся этап аб’яднання суседніх гаспадарак, якіх часта нават у адной вёсцы было некалькі, у больш буйныя. У сакавіку 1951 года аб’ядналіся ў калгас імя Леніна калгасы Дубенца і Магільнага. У сакавіку 1954 года калгасы Беражнога і Бор-Дубенца аб’ядналіся ў калгас “Новае жыццё”. Нарэшце, 15 лютага 1956 года калгасы “Новае жыццё” і імя Леніна пасля аб’яднання стварылі калгас імя Леніна.  У межах замацаваных за гаспадаркай сельгасугоддзяў яна ў 1987 годзе была пераўтворана ў аграфірму імя Леніна, а 30 чэрвеня 2003 года – у сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Беражное”, з 8 мая 2015 года – у КСУП “Беражное”.

1 (5)

Калі з вышыні часу прааналізаваць эфект калектывізацыі на землях цяперашняга КСУП “Беражное”, яе можна ўмоўна падзяліць на тры этапы: першы — перыяд стварэння і развіцця; другі — росквіт і прызнанне за высокія вынікі; трэці – спроба захаваць калектыўнасць  ва ўмовах пераводу вытворчасці на рыначныя адносіны.

На першым этапе, пачынаючы ад разбуранай вайной гаспадаркі, удалося дасягнуць хаця і паступовага, аднак няўхільнага росту сельскагаспадарчай вытворчасці. Вёска стала своечасова разлічвацца з дзяржавай па нарыхтоўках прадукцыі, паступова павялічвалася аплата працы калгаснікаў.

ЧАС САГАНОВІЧА

Другі этап развіцця гаспадарскі па праву можна назваць перыядам Яфіма Пятровіча Сагановіча. Ён доўжыўся з 14 лістапада 1961 года да 15 сакавіка 1990 года. Іменна столькі аддаў беражноўскай гаспадарцы на пасадзе кіраўніка былы старшыня тады перадавога ў раёне і вобласці калгаса “17 Верасня”.

Гэты этап патрабуе аб’ёмнага летапісу, бо за тры дзесяцігоддзі Яфіму Пятровічу ўдалося зрабіць тое, пра што марылі і стваральнікі калгаса, і тыя вяскоўцы, якія ў калектыўнай гаспадарцы доўгія гады бачылі рэальны сродак жыць і працаваць, гадаваць дзяцей.

Калі гаварыць асобна пра вытворчасць, дык гэта – перадавыя пазіцыі ў раёне ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, шматлікія навацыі ў арганізацыі працы. А яшчэ – гэта час, калі ў сельскай мясцовасці многа будавалася на карысць людзей. І самае галоўнае – у беражноўскай гаспадарцы як нідзе на высокае месца пашаны ўздымаўся чалавек працы.

Усё ішло ад самога старшыні калгаса. Яфім Пятровіч быў высокадысцыплінаваным, патрабавальным  да сябе і іншых, таленавітым і адданым зямлі гаспадаром, спагадлівым да патрэб лю-дзей, строгім да лайдакоў.

Тады ў калгасе налічвалася 1805 праца-здольных калгаснікаў. Для параўнання: у 2017 годзе колькасць работнікаў КСУП “Беражное” склала 281 чалавек. І работы хапала ўсім.

Калі гаварыць коратка, канспектна, дык пра пералом у развіцці калгаса таго часу сведаць хаця б наступныя факты. У канцы 1961 года створаны брыгадныя саветы, уведзены сходы ўпаўнаважаных. Прыняты рашэнні аб пераходзе на штомесячную аплату працы, увядзенні дадатковай аплаты за высокія паказчыкі ў рабоце, назначэнні пенсій сталым калгаснікам, аплаце водпускаў, бальнічных лісткоў. У 1962 годзе адбыўся пераход да грашовай аплаты працы. Паляводчыя брыгады і жывёлагадоўчыя фермы аб’ядналіся ў комплексныя брыгады. На працягу 1963-1964 гадоў актыўна ўкараняўся гаспадарчы разлік. З 1965 года калгаснікам сталі даваць водпуск на адыходныя работы. З 1967 года сталі размяркоўваць прыбытак па выніках года. У 1966 годзе былі ўведзены званні “Ганаровы калгаснік”, “Заслужаны калгаснік”, “Майстар калгаснай вытворчасці”. У 1969 го-дзе ўстанавілі надбаўкі да зарплаты за стаж работы.

Многае з гэтага рабілася ўпершыню не толькі ў раёне, а і ў краіне.

За кошт калгаса або пры яго долевым удзеле ў сельскай мясцовасці былі пабудаваны будынкі школ у Беражным, Дубенцы і Бор-Дубенцы, дзіцячага садка, ФАПаў у Дубенцы і Бор-Дубенцы, участковай бальніцы і Дома культуры ў Беражным, клуба ў Дубенцы, лазнева-пральнага камбіната, спартыўнай і музычнай школ, жыллё для настаўнікаў і медыцынскіх работнікаў…

ЗАСТАЛІСЯ ЎСПАМІНЫ…

Вельмі падрабязна і дакладна гісторыя беражноўскага калгаса паказана ў фотагалерэі, у дакументах створанага ў 1970 годзе грамадскага гісторыка-краязнаўчага музея ў Беражным. Тут адлюстраваны не толькі этапы развіцця гаспадаркі, а і змешчаны прозвішчы, фотаздымкі тых людзей, якія змагаліся за калгаснае жыццё, добрасумленнай працай памнажалі славу гаспадаркі.

Пра трэці этап у развіцці беражноўскай гаспадаркі можна сказаць ёміста: ва ўмовах пераходу да рыначнай эканомікі яна паспытала як уздымы, так і спады. Часта мяняліся кіраўнікі гаспадаркі. Шалёнымі тэмпамі ішла аптымізацыя працаўнікоў. І хаця цяперашні ўзровень вытворчасці непараўнальна вышэйшы, чым яшчэ гадоў дваццаць таму, на фоне раёна пазіцыі яўна страчаны. Асабліва пагоршыліся справы ў жывёлагадоўлі – канчатковай мэце ўсёй вытворчасці. У апошнія гады робіцца шмат для вяртання былой славы. Будаўніцтва ў жывёлагадоўлі, рацыянальная работа з кармамі прыносяць свой плён.

Фёдар ШУМКО

Фота з гісторыка-краязнаўчага музея ў Беражным (апрацоўка Фёдара БЫШКО)

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У гэтыя дні адзначаецца 70-годдзе з дня ўтварэння сельскагаспадарчай арганізацыі ў Беражным. 21 сакавіка 1948 года ў вёсцы Беражное адбыўся
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика