Партызанскае юнацтва Уладзіміра Лысака. 21.by

Партызанскае юнацтва Уладзіміра Лысака

25.04.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Амаль з самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі БССР і нашага раёна таксама пачалі дзейнічаць партызанскія атрады. Спачатку гэта былі стыхійныя, неарганізаваныя групы, якія з цягам часу ператварыліся ў сапраўдную магутную сілу ў барацьбе з акупантамі. У канцы чэрвеня 1941 года ў Беларусі дзейнічалі ўжо чатыры партызанскія атрады, у ліпені — 35, у жніўні — 61.

У кнізе “Памяць. Глускі раён” ёсць дакумент “З паведамлення сакратара Палескага абкама КП(б)Б Ф. М. Языковіча ў ЦК КП(б)Б аб барацьбе партызан і зверствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Глускім і Акцябрскім раёнах”, датаваны прыкладна 26 ліпеня 1941 года, і вось што там напісана: “…по Глусскому району партизанский отряд в количестве 25 человек (командир отряда тов. Митрофан Семёнович Мартинович) повседневно деморализует в тылу части противника. Хорошо действует лесник деревни Косаричи Глусского района тов. Алексей Якубенко: 16 июля 1941 года с группой партизан им был сделан внезапный налет на разъезд противника, в результате чего был уничтожен 1 танк и убито 5 мотоциклистов”.

Першыя партызанскія атрады складваліся ў асноўным з партыйных работнікаў, камсамольцаў, паступова ў іх рады ўліваліся салдаты і афіцэры з разбітых немцамі кавалерыйскіх і іншых часцей Чырвонай арміі. Партызаны псавалі дарогі, пераправы, руйнавалі масты, каб фашысты не маглі хутка перамяшчацца па тэрыторыі раёна. Акрамя таго, яны вялі разведку на захопленых ворагам тэрыторыях, па лясных сцежках праводзілі савецкія вайсковыя часці, якія ішлі ў тыл праціўніка, абстрэльвалі невялікія групы акупантаў.

Адзін з першых партызанскіх атрадаў на тэрыторыі рэспублікі быў створаны ў канцы чэрвеня ў суседнім з намі Акцябрскім раёне. Атрад пад кіраўніцтвам Ціхана Бумажкова і Фёдара Паўлоўскага  называўся “Чырвоны Кастрычнік”. Яго байцы дзейнічалі ў першыя месяцы вайны і на Глушчыне. З восені 1941 года ў нашым раёне таксама пачынаюць стварацца партызанскія атрады. З ворагам ідуць змагацца не толькі сталыя мужчыны, але і хлапчукі-падлеткі, якім на той час было па 14—16 гадоў.



Вясною 1942 года ў партызанскі атрад імя 25-годдзя УЛКСМ трапіў 16-гадовы Уладзімір Лысак. У Касарычах, дзе хлопец жыў з сям’ёю, заставацца было нельга: бацьку яшчэ ў першыя дні вайны прызвалі на фронт, маці хацелі расстраляць, але яна ўцякла ў Зубарэвічы да родзічаў, старэйшы брат Пятро і дзядзька Іван (брат маці) пайшлі ў партызанскі атрад, а хату падчас чарговай карнай аперацыі спалілі немцы.

— Ну які можа быць баец у 16 гадоў? — сціпла гаворыць Ула-дзімір Мікалаевіч і дадае: — Але ж такі час быў, што прыйшлося абараняць сваю вёску, сваю Радзіму і ў такім узросце. Разам са мною ў партызанскі атрад імя 25-годдзя УЛКСМ, які арганізаваў Сцяпан Пракопчык, пайшлі такія самыя юнакі, як і я: Васіль Кабернік, Цімафей Яльчык, Уладзімір Марціновіч, Іван Харытончык, Мікалай Турлыка, Павел Іванавіч Юневіч, Васіль Галамака, Павел Фаміч Юневіч. З гэтых хлапчукоў двое загінула (Юневіч і Турлыка), аднаго цяжка параніла (Галамаку).

У 1943—1944 гадах каман-дзірам нашага атрада быў Марк Філітараў. Ваявалі ў атрадзе розныя людзі: нашы касарычане, з іншых вёсак Глускага раёна, салдаты і афіцэры-кавалерысты з Кубані (іх часці былі разбітыя яшчэ ў пачатку вайны). Канешне ж, па аднаму атрады ваяваць не маглі, таму кіраўніцтвам Цэнтральнага штаба партызанскага руху было вырашана злучыць атрады ў партызанскія брыгады: наш увайшоў у 123-ю Акцябрскую брыгаду пад камандаваннем Фёдара Паўлоўскага.

У атрадзе нам, падлеткам, не было скідкі на ўзрост: ішлі ў бой, ваявалі, як і дарослыя. Летам 1943 года наш атрад удзельнічаў у разгроме нямецкіх і паліцэйскіх гарнізонаў у Ратміравічах, Харомцах, Бярозаўцы, Граб’і. Каля Рылавіч байцы нашай брыгады і 37-й імя Пархоменкі дзейнічалі разам: задача была не прапусціць падмацаванне ворага — жывую сілу, тэхніку.

Вялікі бой, у якім удзельнічаў наш атрад, адбыўся ў сакавіку 1943 года ў Акцябрскім раёне, недалёка ад перакрыжавання дарог на Харомцы і Катку. Атрад выходзіў з нямецкай блакады (з акружэння). Пераначавалі ў Парэччы і на досвітку выступілі. І як толькі мы перайшлі панскі роў, па нас пачалі страляць з кулямётаў. Загінула там 10 чалавек  (у тым ліку атрадны лекар і яго жонка). Аднаму з нашых байцоў, латышу Карлу Вейсу, трасіруючай куляй моцна раздрабіла нагу. Вынеслі мы яго з бою. Хацелі адправіць з вострава Зыслаў на Вялікую зямлю, але немцы ў той час арганізавалі моцную блакаду, і на некаторы час палёты прыпынілі. Але параненага чалавека трэба было ратаваць: знайшлі хірурга, і ён адпілаваў звычайнай пілою нагу нашаму байцу. У якасці наркозу — 100 грамаў першаку і ўсё…

У адным з баёў з акупантамі цяжка параніла ў галаву брата Пятра. Наша маці палажыла яго ў посцілку і занесла на плячах у Глуск, але выратаваць брата не змаглі. Несла маці памерлага сына дадому ў Касарычы таксама на сваіх плячах…

На баявыя заданні хадзілі не толькі ў сваім раёне, а і ў Пятровічы, Глушу, канешне ж, у Рудобелку (Акцябрскі), дзе яшчэ ў 1942 годзе была адноўлена савецкая ўлада. І вось уявіце сабе: ты ходзіш па лесе, кулі свішчуць над галавою, а прыходзіш у Рудобелку — і як быццам вайны няма: райкам партыі дзейнічае, чырвоны сцяг вісіць на будынку, бальніца і школы працуюць.

Юнацтва Уладзіміра Лысака прыйшлося на вельмі цяжкі час: ён і яго сябры пасталелі хутка, можна сказаць, за адзін дзень, бо інакш было немагчыма… Гэтыя хлапчукі зведалі голад, галечу, холад і, вядома, страх.

— У лесе партызаны жылі ў зямлянках, — працягвае аповед ветэран, — хадзілі ў той вопратцы, што ўзялі з дому. Абутак вельмі хутка зношваўся, а дзе ж ты возьмеш новы? Прыходзілася здабываць. Аднойчы ў вёсцы Воземля наш атрад разбіў варожы гарнізон, дзе, акрамя немцаў, былі мясцовыя паліцаі і добраахвотнікі са Смаленска. Многія з іх прывезлі сюды нават свае сем’і. Калі яны ўцякалі, то ў хатах пакідалі шмат розных рэчаў. А ў мяне на той час вельмі падраліся боты. У адной з хат я заўважыў амаль новыя чаравікі. Сеў, каб іх прымераць, адзін ужо надзеў. І тут у вёску ўварваліся немцы. Прымаць бой мы не маглі: сілы былі не роўныя, большая частка атрада ўжо пайшла далей. Прыйшлося хутка сыходзіць. Я так і ішоў: на адной назе ў мяне быў новы чаравік, а на другой ірваны бот. Пазней латыш-шавец пашыў мне маршчакі (лапці са скуры або з сукна. — Аўт.), у якіх я прахадзіў амаль да вызвалення.

Здабывалі харчаванне таксама самастойна: дзе што дабудзем (а што зробіш: такі час быў, вайна), дзе людзі дадуць харчы. Аднойчы па загадзе камандзіра брыгады забралі ў Глуску статак кароў (47 жывёл), якія належалі местачкоўцам. Да Вайцяхова разам з намі і гэтым статкам ішлі пастухі. Потым нехта з нашых байцоў сказаў: “Давайце ўжо адпусцім пастухоў дахаты”. Але кадравік (лейтэнант-кавалерыст з Кубані), які быў з намі на заданні, даў загад не адпускаць іх і дазволіў зрабіць гэта толькі тады, калі партызаны са статкам дайшлі да Баянава. Але пастухі не згадзіліся (магчыма,  пабаяліся) вяртацца ў Глуск, сказалі: “Мы цяпер толькі з вамі ў атрад”.

Навіны з Вялікай зямлі, з вёсак даходзілі і да нас у атрад: сувязныя прыносілі лістоўкі, нешта расказвалі на словах.

У 1944 годзе, калі савецкая армія вызваляла Глускі раён, партызаны дапамагалі рэгулярным часцям. Напрыклад, абара-нялі масты, каб іх не ўзарваў пры адступленні вораг і нашы салдаты маглі хутка наступаць. А яшчэ партызанскія сувязныя цесна кантактавалі з рэгулярнай арміяй, былі ў іх праваднікамі.

Я сустрэў вызваленне ў Акцябрскім раёне ў пачатку ліпеня 1944 года. Усіх, хто ваяваў у партызанскіх атрадах, прызвалі ў дзеючую армію. Здалі мы самаробную зброю і ноччу адправіліся на чыгуначную станцыю ў Калінкавічы, а адтуль — у таварных вагонах на фронт.

Хачу вам сказаць, што адносіны да партызан у салдат рэгулярнай арміі былі асаблівыя: яны называлі нас “куратнікамі”, маўляў, ад’еліся вы тут на хатніх харчах.

Так, мае рацыю Уладзімір Мікалаевіч: усе жыхары акупаваных тэрыторый у той час лічыліся ледзь не здраднікамі, і нават у анкетах пры прыняцці на працу або паступленні ў інстытут яшчэ доўга пасля вайны існавала графа “Ці жылі вы на часова акупаванай тэрыторыі?”. Пасведчанне аб тым, што Уладзімір Лысак удзельнічаў у партызанскім руху на тэрыторыі Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны было выдадзена яму (як і іншым партызанам) толькі ў канцы 1960-х гадоў.

— Зразумела, на фронце было цяжка, — працягвае размову ветэран, — але ж і мы таксама кожны дзень хадзілі пад кулямі, адцягвалі на сябе частку сілы ворага, можна сказаць, былі яшчэ адным фронтам. (За 1942—1944 гады фашыстамі па ўсёй Беларусі было праведзена звыш 140 карных аперацый супраць партызан і мірнага насельніцтва. — Аўт.) Мы і прысягу партызанскую прымалі. Дысцыпліна ў атрадах была ваенная, і кожны ведаў, што яго чакае за парушэнне прысягі або загаду. Шмат мірных жыхароў выратавалася ў партызанскіх атрадах, у тым ліку і ў нашым. Чалавечае жыццё — самая вялікая каштоўнасць. А вайна — вельмі жудасны і несправядлівы час, які быў у гісторыі нашай краіны ды ў жыцці мільёнаў людзей.

Акрамя франтавых, юбілейных, працоўных медалёў, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Мікалаевіч Лысак узнагароджаны медалямі “Партызану Айчыннай вайны” І і ІІ ступені, знакам “Партызан Беларусіі”. Медаль “Партызану Айчыннай вайны” была заснавана ў 1943 годзе, і давалі яе “за адвагу, мужнасць, геройства і выдатныя поспехі ў партызанскай барацьбе за савецкую Радзіму ў тыле нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.

 Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Амаль з самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі БССР і нашага раёна таксама пачалі дзейнічаць партызанскія атрады. Спачатку гэта былі стыхійныя,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика