Вайна, што адняла палову сям’і…. 21.by

Вайна, што адняла палову сям’і…

04.05.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

post thumbnail

Прайшло ўжо семдзесят тры гады з таго часу, як прагучалі апошнія выбухі вайны. Але ніколі не сціхнуть адгалоскі таго, што прыйшлося перажыць людзям за тыя гады… З болем у душы мы ўспамінаем усіх, хто з мужнасцю ішоў на вайну і аддаваў сваё жыццё, абараняючы радзіму і сваю сям’ю, як і з велізарным болем слухаем гісторыі тых, хто, будучы мірнымі жыхарамі, зведаў зверствы і жахі нацысцкіх карнікаў. Шмат слоў было сказана і не менш напісана пра гэту крывавую старонку нашай гісторыі, але падобных расказаў бясконцае мноства, бо вайна адгукнулася велізарнай болем у кожнай беларускай сям’і. Жахлівыя рэчы здараліся на фронце, але не менш жудасныя адбываліся і ў тыле, дзе плён фашысцкай ідэалогіі давялося спазнаць старым, жанчынам і дзецям. На сёння сведкамі той вайны ў большасці засталіся былыя непаўналетнія дзяўчынкі і хлопчыкі, тыя, хто перажыў цяжар таго часу і каго цяпер называюць «дзецьмі вайны». Адна з такіх сведак, у якой свая гісторыя той жудаснай пары – Супрановіч Алена Фадзееўна, што жыве ў вёсцы Рабунь. Яна асабліва не расказвае пра той час, але боль ад страты родных засталася назаўсёды і паўплывала на ўсё астатняе жыццё.

Сям’я Фадзея і Паўліны Супрановічаў з Рабуні. 1920-я гады

Мірныя жыхары вайны – калі можна так назваць сведкаў таго часу, якія хоць і не пабывалі на перадавой, але якім давялося перажыць не менш нягод і жахаў. І мы павінны быць удзячныя ім за тое, што яны дажылі да нашых дзён, каб распавесці нам пра свае сумныя, але вельмі важныя ўспаміны, каб такога больш ніколі не спазнала ні адзінае дзіця, ні адзіны чалавек. Каб памяталі і зразумелі…

– Калі скончылася вайна, сорак жанчын засталіся ўдовамі ў нашай вёсцы, – пачынае свой аповед Алена Фадзееўна. – Каля дваццаці пяці чалавек за вайну немцы забілі з мірных вяскоўцаў, сярод якіх і малы хлопчык васьмі гадоў. А я страціла палову сваёй сям’і…
У гэты момант на вачах сталай жанчыны заблішчэлі слёзы.

– Я нарадзілася ў 1931 годзе і была апошняй ў вялікай сям’і, – працягвае сваю гісторыю баба Гэлька. – Мой бацька быў удзельнікам Мікалаеўскай вайны, ён пражыў пяцьдзесят дзевяць год і памёр перад самай вайной. У яго была задышка, яму ўвесь час было цяжка дыхаць, бо ў тую вайну пускалі газы і бацька пасля гэтага хварэў. Акрамя мяне ў сям’і было яшчэ пяць старэйшых братоў і сястра. Немцы прыехалі забіраць нашу сям’ю на Спажу…
І зноў на вачах маёй суразмоўцы з’яўляюцца слёзы, бо, зразумела, успамінаць усё вельмі цяжка, як быццам перажываць занава.

– Мае браты, Коля і Федзя, былі надта смелыя хлопцы. А па вёсках хадзіла шмат нямецкіх шпіёнаў, якія ўсё выглядалі, хто можа дапамагаць партызанам. І яны, бывала, пусцяць каня з сядзёлкам, а самі ў кустах назіраюць, хто можа для партызан яго ўзяць. Так, аднойчы мой брат Коля ўбачыў такога каня і забраў яго «пакатацца». Да таго ж мая маці Паўліна дапамагла адной жанчыне, што немцы хацелі спаліць у хаце, бо яе дзеці мелі сувязь з партызанамі і якой ўдалося ўцячы. Яна некалькі тыдняў жыла з намі, а калі адыходзіла, мама дала ёй палатна на адзежу, бо ў яе нічога не было. Хутка гэту жанчыну злавілі немцы і яна расказала, адкуль у яе палатно. І вось у нас ужо “сувязь з партызанамі”, і да таго ж яшчэ тыя коні, як быццам партызанаў, на якіх катаўся мой брат.

Распавядаючы мне гэту гісторыю, Алена Фадзееўна час ад часу падрабязна расказвае пра якую-небудзь дэталь, быццам бы хоча адцягнуць тую хвіліну, калі трэба распавесці, як арыштавалі частку яе сям’і і яна іх страціла назаўжды.

– У той дзень мой брат Коля са сваёй жонкай Анютай спалі ў паветцы. Было гэта з суботы на нядзелю. Гэта быў першы раз, калі прыехалі немцы на конях. Прычым былі яны адзетыя ў цывільнае, а пад нізам была нямецкая форма. А я ў тую ноч таксама спала не ў хаце, мы з Фаняй, суседкай, часта начавалі разам на сене.

Адметнае перапляценне гісторый: тая суседка Фаня – гэта адзіная дзяўчынка, што засталася жывой з вёскі Боркі, якую разам з усімі жыхарамі напачатку мая таго ж года спалілі немцы. Фаню спачатку перавезлі ў Ільянскі дзіцячы дом, затым яна папала да свайго дзеда ў Бязводнае, а потым – да цёткі ў вёску Рабунь. І вось яна ізноў побач з немцамі, якія забіраюць сям’ю яе новай суседкі. А сама Алена Фадзееўна, як ёй было два гады і ішоў трэці, саскочыла неяк з вышыні на таку і пашкодзіла сабе нагу. Бацькі доўга лячылі яе, вазілі да дактароў, але на ўсё жыццё яна засталася інвалідам. Вось калі і немцы забіралі сям’ю, магчыма, яе выратавала тое, што яна была на кастылях. Лёс…

– Калі прыйшлі немцы, мама была ў хаце, а меншы брат Федзя з коньмі быў у начной. Разам з немцамі прывялі і тую жанчыну, якой мама дала палатно. Пасля нейкіх размоў немцы спыталіся, дзе Коля. Мама ім адказала, што ў пуні. Мы ж ў гэты час з Фаняй усё чулі і затаіліся. Фаня ўжо была пад страхам – пасля тых здарэнняў у яе вёсцы. Затым чуем, што немцы вядуць Колю да хаты. І вось, Колю, Анюту і маму пасадзілі на воз. А мяне яны не ўбачылі. Як аказалася, побач з хатай немцы разам з маімі роднымі сустрэліся з сапраўднымі партызанамі і пачалася перастрэлка. Немцы, што везлі Колю, адразу пачалі страляць па ім, каб ён не перабег да партызан… Да хаты вярнуліся мама і жонка брата Анюта, якую паранілі. У Колю ж трапіла разрыўная куля і ён памёр на месцы. Нявестка Анюта праляжала ноч і пачала трызніць, бо страціла многа крыві. На раніцу яе забраў бацька і перавёз у вілейскую бальніцу, але яе хутка там знайшлі немцы і забралі ў турму. Ведаю, што потым толькі прыслалі яе адзежу родным.

Здавалася, што смерць брата ўратавала сям’ю ад вялікага няшчасця, але гэта было не так.
– Колю ў нядзелю сталі хаваць. Праз дзень я пагнала ў поле, а ў той час да нас зноў прыехалі немцы. Мяне ж не было, як прыехаў шэф немцаў. Брата Федзю, якому было дзевятнаццаць год, забралі адразу на мастку каля хаты. Затым яго выправілі ў суправаджэнні па каровы і падводы, на якія грузілі свіней і ўсё хатняе дабро. Мама ў гэты час была ў царкве. У Рабунскай царкве ў вайну служыў айцец Уладзімір Назарэўскі, які шмат дапамагаў партызанам. Яго потым таксама за сувязь з партызанамі немцы разам з дачкой Надзяй забілі. Праз пэўны час я вярнулася з поля дамоў і чую, як брат гаворыць, што нас забіраюць у Вілейку. Як зусім малой, мне падалося, што нас забіраюць і перавозяць схаваць, а значыць, мы ў Вілейцы жыць будзем. І сама думаю, што і я паеду, таму смела іду ў хату. Там было каля дзесяці «эсдоўцаў» (супрацоўнікаў СД – заўв. аўтара), а галоўнага шэфа ўжо не было. Старэйшых братоў, якія жылі асобна, не забіралі, як і сястру, што была таксама замужам і жыла асобна. На гэты раз забралі Федзю і маму. Немцы забралі разам з роднымі і ўсё наша дабро, бо мы яшчэ ж мала што хавалі ў ямы. Нават адзежу пабралі, толькі горшую па зямлі раскідалі. У нас было люстэрка вялікае, а я якраз іду, дык яны нясуць гэта люстэрка на падводу, падушкі нясуць. І я не разумела, ці нас схаваць хочуць, ці што. Ды і кажу немцам: «І я паеду». У гэты час мая старэйшая сястра Ніна паказвае мне – не прасіся пад кулямёт. Я і перастала. Але немцы мяне ўжо прыкмецілі і адзін кажа: «Гэту дзяўчыну таксама браць?» А другі: «Нам шэф не казаў яе забіраць». Маму забралі ўжо каля царквы. І нашу хату спалілі б, але вёска магла загарэцца, таму толькі вокны і дзверы забілі. Памятаю толькі, што сястра Ніна пайшла да шэфа СД у Вілейку. Потым расказвала, што ў турме чорна, толькі лямпачкі гараць, а ў гэнага шэфа была чорная адзежа, а на шапцы чэрап, як сімвал смерці. Ён і сам быў як звер. Ніна плакала, каб хаця Федзю адпусцілі, што ж яму ўсяго 19 было. Дык шэф як затопаў, а потым кажа, у вас дзяўчынка засталася, прывязіце яе. Але яны па мяне не паехалі. Так і скончылася, мама з другім братам загінула ў турме, а хата наша стала фондаўскай, у яе потым бежанцаў нагналі.

Вось так і скончылася гісторыя вялікай сям’і Супрановічаў з Рабуні, а пачалася новая, пасляваенная, калі кожны вучыўся жыць па-новаму, са сваім болем і перажываннямі і ў новых умовах. Алена Фадзееўна да таго ж вучылася жыць адна, у адведзеным куточку яе былой хаты, дзе была на іх надзеле арганізавана малочная. Яна мала чаго чаго ўмела, але сусед зрабіў ёй жорны і яна вучылася пячы хлеб і жыць…

Сяргей ГАНЧАР.

Фота з архіва Алены Супрановіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прайшло ўжо семдзесят тры гады з таго часу, як прагучалі апошнія выбухі вайны. Але ніколі не сціхнуть адгалоскі таго, што прыйшлося перажыць людзям за тыя гады… З...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика