Людзі Смаргоншчыны: Дырэктар СШ №1 Ала Коваль. 21.by

Людзі Смаргоншчыны: Дырэктар СШ №1 Ала Коваль

11.05.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гэты год для дырэктара СШ №1 Алы Коваль багаты на юбілеі. Чарговы юбілей школы, якую яна, дарэчы, узначальвае 10 гадоў, 8 мая – яе асабісты юбілейны дзень нараджэння, а 15 жніўня – 40-годдзе яе службы ў сферы адукацыі. Не кожнаму кіраўніку ўстановы адукацыі нават за больш працяглы тэрмін удаецца зрабіць і палову таго, што здзейсніла Ала Анатольеўна, калі заняла пасаду дырэктара першай гарадской школы. Аднак найбольш за ўсё яна ганарыцца сваёй сям’ёй, таму што дзякуючы падтрымцы і паразуменню родных людзей мела магчымасць у самых складаных умовах спакойна выконваць службовыя абавязкі і садзейнічаць таму, каб школьная сям’я была такой жа надзейнай і добразычлівай.
Алла Коваль.jpg

Яна нарадзілася ў Бабруйску, куды быў накіраваны на службу з Віцебшчыны яе дзядуля. У гэтым старажытным беларускім гарадку яе маці Марыя Патапенка сустрэла свайго суджанага Анатоля Кузняцова і выйшла замуж. Ала была доўгачаканым і любімым дзіцём. Праз восем гадоў нарадзіўся яе малодшы брат, і на гэтым, як жартуе Ала Анатольеўна, яе дзяцінства скончылася. Вось што мне асабіста падабаецца ў гэтай жанчыне – яе натуральны гумар і звычка нечакана і вельмі артыстычна пераходзіць ад сур’ёзнага тону да несур’ёзных рэчаў.

Яна не баіцца пажартаваць над сабой, што сведчыць пра самадастатковасць. Не баіцца гаварыць праўду, але ніколі не перасякае мяжу карэктнасці. Не баіцца браць на сябе адказнасць, але не патрабуе ад іншых паступаць па ўласным прыкладзе, бо разумее – у людзей розны тэмперамент, розны характар, не кожнаму дадзена аднолькава ўменняў і здольнасцей. А галоўнае – яна ніколі не наракала на лёс і час, бо мела цвёрды ўнутраны стрыжань, які дазваляў і дазваляе цяпер вартасна жыць, ствараць дабрабыт уласнымі рукамі, ствараць сваю непаўторную галактыку сяброўскіх стасункаў, любові, прыгажосці.

Тое, што яна будзе настаўніцай, ніколі не падлягала ніякаму сумніву. Яшчэ ў дзіцячым садку іншы раз апекавалася над выхаванцамі малодшай групы. Прызванне педагога праяўлялася і ў яе адносінах да малодшага брата. Таму і ў педагагічнае вучылішча паступіла лёгка, без прымусу і асаблівага напружання. Затым прадоўжыла сваю адукацыю ў Мазырскім педагагічным інстытуце. Падчас працы ў школе настаўніцай пачатковых класаў ёй спрыяў назапашаны ўласны вопыт школьнай актывісткі, спартсменкі, музыканта. Яна заўжды была ў захапленні ад разнастайнасцей жыцця і дзялілася адкрыццямі з вучнямі. Пазней – са сваімі дзецьмі.

Сёння хоць і разляцеліся яе птушаняты, пакінуўшы іх з мужам Аляксандрам Рыгоравічам адных, але не адзінокімі, бо чацвёра дзяцей, а цяпер яшчэ і чацвёра ўнукаў нагадваюць штодзённа тэлефанаваннямі, эсэмэскамі, выклікамі на скайп. А ў Новы год і дні нараджэння бацькоў - святы абавязак быць разам з імі. Вар’яцкая традыцыя пабудзіць у дзень нараджэння апоўначы – наступствы матуліных жартаў. Але на такія сюрпрызы ў гэтай сям’і рэагуюць смехам і падзякамі. Незадаволенасці і злосці тут месца няма. І наогул, сямейнае свята для іх – гэта не застолле, а магчымасць здзівіць, уразіць, падарыць добры настрой родным людзям. Завадатар і галоўны рэжысёр сямейных капуснікаў - старэйшая дачка Вольга, але і іншыя дэманструюць свае разнастайныя таленты.

Ала Анатольеўна спакойная за ўласных дзяцей і ўнукаў. Яна ўпэўнена кажа, што выхавалі іх з мужам так, каб не прапалі ў жыцці, нават, калі трапяць на неабітаемы востраў. Да сваіх школьных дзяцей яна ставіцца не так катэгарычна, таму што яе гуманная педагогіка вымушае да выхавання пернікам і стаўлення з вялікай павагай да маленькага чалавека. Яна шчыра прызнаецца, што ёй непрыемны дух спаборніцтва ва ўстановах адукацыі. Нельга параўноўваць дзяцей і прыніжаць тых, каму не дадзены пэўныя здольнасці. У кожным сваім вучні яна бачыць найперш добрыя якасці, таленты, адоранасць калі не творчымі зярняткамі, то душэўнымі якасцямі. Няма дзяцей дрэнных, ёсць не вельмі дальнавідныя выхавальнікі.

Аднойчы дырэктар першай школы выказалася вельмі эмацыянальна: “Я – чалавек не гэтага стагоддзя. Хоць іду ў нагу з часам і яго навукова-тэхнічнымі дасягненнямі, асвойваю гаджэты і нанатэхналогіі, але душой прымацавана да мінулых каштоўнасцей, дзе чалавек на першым месцы, дзе ў паводзінах найбольш цэняцца інтэлігентнасць, выхаванасць.” Таму яна гарой стаіць за сваіх калег, а пра негатыўнае ведаюць толькі сцены яе кабінета, якія маўчаць…

Кажуць, чалавечая душа развіваецца і мацнее, калі ёсць мара. Для Алы Коваль такой марай з’яўляецца даўняя задума зрабіць капітальны рамонт прыбудовы да СШ №1 і стварыць там музей Уладзіміра Церабуна. Магчыма, гэта будзе музей імя слыннага скульптара і колішняга выпускніка іх школы, таму што экспанатаў назапашана шмат, ды і сам майстар абяцае перадаць большасць макетаў сваіх твораў і некаторыя архіўныя матэрыялы. Хочацца пажадаць Але Анатольеўне, каб хапіла здароўя і сілы на ажыццяўленне гэтай мары.

Ала КЛЕМЯНОК.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэты год для дырэктара СШ №1 Алы Коваль багаты на юбілеі. Чарговы юбілей школы, якую яна, дарэчы, узначальвае 10 гадоў, 8 мая – яе асабісты юбілейны дзень нараджэння, а...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика