Вецер вандровак і вяртанне да зыходнага. 21.by

Вецер вандровак і вяртанне да зыходнага

12.05.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 Так да светит свет ваш  пред  людьмичтобы они видели

  ваши добрые дела и прославляли Отца вашего Небесного

 (5:16 Евангелие от Матфея)

Глыбока ўнутры душы  ёсць жаданне, якое вядзе чалавека ад бачнага да нябачнага, да філасофіі, да боскага.

 І сапраўды, кожнага з нас суправаджае па жыцці вера ў нейкія вышэйшыя сілы, якая дапамагае жыць, спраўляцца з задачамі і праблемамі… Бываюць моманты, калі чалавек не знаходзіць адказы на свае пытанні. Менавіта тады ён ідзе ў храм.

Гараджане не адчуваюць у гэтым плане нязручнасцяў: дзверы нашых праваслаўных цэркваў адчынены кожны дзень. Але не ўсім вясковым жыхарам Петрыкаўшчыны даступны гутаркі з духоўнымі настаўнікамі, наведванне храмаў.

Згодна з інтэрнэт-даведкамі,  па перапісе 1897 года ў Бабунічах была царква. Магчыма, за савецкім часам храм быў разбураны. Жыхары вёскі шмат гадоў наведвалі пабудову, старую сядзібу, якую прыстасавалі пад храм.

 З прыходам у вёску святара Сергія Капітана актыўна пачаўся пошук спонсараў-дабрачыннікаў для будаўніцтва царквы. І вось храм Святой Троіцы ўжо каторы раз адчыняе дзверы для прыхаджанаў. А зусім нядаўна прывезеныя званы абвясцілі пра тое, што храму жыць яшчэ доўгія гады.

Днямі мне давялося гутарыць з іерэем Сергіем Капітанам. Выпадковая сустрэча адбылася ў яго родным Мазыры, куды я наведалася па справах. Цікава было даведацца пра лёс святара і яго дзейнасць, якая, не па чутках, вельмі насычаная.

– У Мазыры я скончыў школу № 9, – пачаў святар. – Заўсёды любіў спорт. Быў нападаючым у мазырскай зборнай, з якой мы аб’ездзілі амаль усю Беларусь. Любіў займацца і ўсходнімі адзінаборствамі. Ды і да сёння не закідваю гэтую справу, нягледзячы на тое, што год таму перанёс цяжкую аперацыю на нырцы. Імкнуся быць у руху: пехам штодзень па кіламетраў 10 – гэта як закон, да таго язда на веласіпедзе.

У сям’і я старэйшы, ёсць малодшыя брат і сястра. Бацькі нашы былі чыгуначнікамі. І калі бацьку прапанавалі паехаць у Цюменскую вобласць, горад Кагалым намеснікам начальніка чыгуначнай станцыі, ён згадзіўся. Тут, у Мазыры, засталася кватэра, у якой, дарэчы, пасля смерці бацькоў я і застаўся жыць.

У 1985 годзе паступіў у Табольскае рачное вучылішча. Пасля заканчэння была трохгадовая навігацыя: хадзіў на грузавых суднах у Карскае мора. Гэта Запалярны круг. Быў штурманам. Справа небяспечная, цяжкая, але заўсёды прыцягвалі паўночныя краявіды, світанак, заход сонца…

У 1988 годзе на Далёкім Усходзе я праходзіў армейскую службу ў ваенна-паветраных войсках. Служба была цікавая.

– Прозвішча Ваша арыгінальнае і неяк сімвалічна, як бачу, звязала жыццё з рачным флотам…

– Сапраўды, прозвішча Капітан паходзіць з вёскі Вялікія Аўцюкі, што ў Калінкавіцкім раёне. Менавіта там працэнтаў 30 жыхароў з такім прозвішчам.

– Усё ж цікава, як прыйшлі да духавенства?

– Я быў у пошуках Бога яшчэ ў навігацыі. Усё, што бачыў, з чым сутыкаўся, вельмі заварожвала. Менавіта таму ў 90-я гады я абраў гэты шлях. Давялося з’ехаць у Злучаныя Штаты Амерыкі, дзе ў Джордансвіле скончыў духоўную семінарыю і атрымаў званне бакалаўра Багаслоўя.

Пятнаццаць гадоў я жыў і служыў у праваслаўных цэрквах розных штатаў Амерыкі.

Вельмі цікавыя знаёмствы, гутаркі там адбыліся з эмігрантамі. Увогуле ў Амерыцы шмат творчай інтэлігенцыі, духоўна багатых, таленавітых людзей.

Хачу адзначыць, што там, калі чалавек адчувае тупіковую сітуацыю, упадае ў дэпрэсію, сутыкаецца з несправядлівасцю, у большасці сваёй ён звяртаецца да псіхолагаў і іншых спецыялістаў. Нашы ж людзі ідуць у храм. Таму ў Амерыцы нават на вялікія праваслаўныя святы не збіраецца шмат людзей.

І ўсё ж дзе б ні быў, я сумаваў па родных мясцінах, па горадзе свайго дзяцінства. Ды яшчэ выпала так, што трэба было даглядаць бацькоў. Вярнуўся ў Беларусь і не шкадую. Гэта быў 2011 год. Праз год я пахаваў маці, а яшчэ праз два гады пайшоў з жыцця бацька.

Уладыка Стэфан прыняў мяне ў епархію і я пачаў служыць у Мазыры ў Свята-Міхайлаўскім саборы. Цяпер працягваю службу ў бабуніцкім і курыціцкім храмах.

Адзначу, што шмат зроблена за гэты час. Так, у Курыцічах не было ў храме печкі, вокны давялося замяніць. Цяпер храм іконы “Неспадзяваная радасць” выглядае ўтульна.

Сергій Капітан

– Ведаю, што Вы праводзіце актыўную дзейнасць па духоўным выхаванні падрастаючага пакалення. Многія мерапрыемствы з Вашым удзелам асвятляюцца на старонках нашай “раёнкі”.

– Так, я заўсёды наведваю дзіцячыя садкі, школы, бальніцы. Імкнуся пагутарыць з прыхаджанамі не толькі ў храме, але каля паклонных крыжоў і ў іншых месцах. Чытаю малебны, слухаю меркаванні і прапановы людзей. Увогуле я прытрымліваюся слоў Серафіма Сароўскага: “Выратоўвайся сам і побач выратуюцца тысячы людзей”.

Вельмі люблю рабіць для вясковых дзяцей маленькія святы: кожны выхадны я еду з цукеркамі, пячэннем, іншымі прысмакамі, вязу вопратку тым сем’ям, што маюць патрэбу.

Футбольныя матчы – ужо традыцыя, нядаўняе выступленне каратыстаў трэнера Алены Крукоўскай з Мазыра ў Бабуніцкай сярэдняй школе – гэта тое, чым сёння можна зацікавіць дзяцей. У здаровым целе – здаровы дух.

Прыемна бачыць, што людзі ідуць у храм. Гэта, лічу, мая заслуга.

– Сапраўды так. І я жадаю Вам добрага здароўя і выканання ўсіх намечаных планаў! Дзякуй, што знайшлі час для гутаркі.

Інга ГІЛЕНКА.

Фота з асабістага архіва Сергія Капітана.

Хацелася б дадаць да артыкула невялічкае апытанне бабуніцкіх жыхароў, якое правяла бібліятэкар Наталля Стракач. Наталля Мікітаўна пацікавілася меркаваннем людзей наконт існавання храма, службы святара.

Таццяна НАЛЕЦЬКА, тэхработнік Цэнтра культуры і адпачынку:

– З Сергіем Капітанам нам пашчасціла. Бачна яго шчырая радасць, калі храм наведваюць прыхаджане. Вельмі любіць дзяцей і шмат ім дазваляе, напрыклад, пазваніць у званы. Радуе іх падарункамі і прысмакамі. Шматдзетная сям’я Людмілы і Георгія Палтараноў, што жыве побач з цэрквай, адпраўляе дзяцей у храм, дзе яны дапамагаюць святару. Той токсама аказвае дапамогу сям’і.

Надзея ЯРЫГА, харэограф:

– Наш святар – цудоўны агітатар, кіраўнік, псіхолаг. Людзі яго слухаюць, давяраюць. Я сама заўсёды іду ў цэркву, калі цяжка на душы, ведаю, што ён мяне выслухае, дасць параду.

Людміла ПАЛТАРАН, пенсіянерка:

– Мы вельмі рады, што на вёсцы ёсць свой храм. Ёсць дзе пахрысціць дзіця, абвянчацца, правесці ў апошні шлях памерлага. Гэта вельмі важна.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 Так да светит свет ваш  пред  людьми, чтобы они видели   ваши добрые дела и прославляли Отца вашего Небесного  (5:16 Евангелие от Матфея) Глыбока ўнутры душы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика