Алёшава. 21.by

Алёшава

18.05.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 …Летняя спёка паволі разлівалася над Няровамі. Здавалася, што жыццё спынілася і чакала нейкага штуршка для свайго далейшага працягу. Толькі з боку рэчкі даносіўся вясёлы дзіцячы лямант і ўсплёскі вады. Нацешыўшыся ўволю купаннем, малеча выскаквала на бераг і з асалодай падстаўляла сонцу свае хударлявыя целы, каб, пагрэўшыся, зноў кінуцца ў асалоду рачной хвалі.

Толькі для дарослых гарачыня не была перашкодай у паўсядзённых клопатах. На палетках кіпела праца, а на ўласных гародах корпалася старэйшае пакаленне, адначасова наглядаючы і за дзятвой – з іх няўрымслівасцю і паразуменнямі можна чакаць чаго хочаш.

Старая жанчына сабрала ў фартух траву і занесла ў загарадку свінням. Тыя адразу накінуліся на зялёны пачастунак, задаволена рохкаючы. Яна паглядзела на неба: сонца моцна прыпякала, не бачна было ніводнай хмурынкі, але ў паветры адчувалася парнасць і духата. Напэўна, да ночы збярэцца на дождж, вось толькі б грымотаў не было, а то, не дай Бог, яшчэ бяды наробяць.

Маленькая Янюська, з лустай хлеба ў руках, падбегла да жанчыны. Тая з замілаваннем паглядзела на дзяўчо і неназойліва папракнула:

– Ці ж у хаце няма чаго есці, ці ж не наварана? Навошта табе гэта сухамятка?

Але малеча не слухала, яе турбавала штосьці сваё, для яе вельмі важнае і неабходнае.

– Бабулька, а чаму Марысьчына мама сказала не гуляць нам на Алёшавым? Там жа ніхто не жыве, і мы нікому не перашкодзім, ды і месца там многа, гуляй дзе хочаш.

– Нядобрае тое месца, дзеткі, і няма чаго вам там рабіць. Гуляйце вунь лепш на сваім двары, хапае і тут прасторы.

– Бабуля, бабуля, а чаму там нельга? Там жа нічыё, – не ўтаймоўвалася Янінка, тузаючы за край спадніцы старую.

– Вось прычапілася, што смала да плота. Ды нядобрыя людзі там колісь жылі і ліха стварылі.

– Якое ліха? Што гэта такое – ліха? Вунь дзядзька Антось часта кажа “А ліха яго ведае”. Чаму ліха ўсё ведае, а хто яно такое?

– Дык ліха на тое яно і ліха. Лепш яго зусім не ведаць. Злое яно.

– А яно што, на Алёшавым жыве?

– Жыве, дзеткі, жыве, бо каб не жыло, то нехта б там пабудаваўся, а так ніхто і не хоча.

– Бабулька, я яшчэ трохі пагуляю.

Падскокваючы, малая пабегла да гурту дзяцей, якія з азартам ганялі “пікара”.

У вёсцы не любілі пра гэта гаварыць, стараліся сцерці з памяці і тых людзей, якія калісьці тут жылі, і тое страшнае здарэнне. Пагаворвалі, што больш вінаватай была Агата, маці Аляксея. Хлапец ён быў спраўны, прыгожы, жанчыны часта кідалі на яго зацікаўленыя позіркі. А жылі яны бедна, зямлі сваёй не мелі, прыходзілася зарабляць на жыццё часовымі заробкамі. Ад пастаяннай нястачы Агата рана састарэла, асунулася, ад былой спявачкі і танцоркі нічога не засталося. Сама ў маладосці закахалася ў беднага прыгожага хлопца, без дазволу бацькоў сышлася з ім, нарадзіла сына. Можа, і ўсё добра было б, але ўлады ў краі мяняліся, як хмаркі ў небе. То нечым добрым павее, і, здаецца, зажывём лепш, то такі пахмурак набяжыць, што яму і канца няма. Цяжка прыйшлося і ў ваенныя гады, ледзь перабіваліся з хлеба на ваду.

Але і гэта навала мінавала. Аляксей, які ўжо ўцягнуўся ў хлапечы ўзрост, сам, як мог, падрамантаваў невялікую хаціну з маленькімі вокнамі і земляной падлогай. Змайстраваў палаці, пасярод хаціны паставіў стол, а ўздоўж сцяны – лаву, якая служыла адначасова і месцам, дзе можна было пасядзець за сталом, а ўначы паспаць. Бо маці выбрала палаці: там цяплей і не так бачна, як хто зойдзе ў хату.

Праз колькі месяцаў у вёску прыйшла маладая жанчына з гадавалай дзяўчынкай. Па гаворцы адчувалася, што яна не тутэйшая, а з нейкага іншага боку, бо вельмі ж шмат было слоў, падобных на нашы, але вымаўляліся яны цвёрда, не з такой мяккасцю, як гаварылі мясцовыя людзі. Знешне прывабная, з гладка зачасанымі валасамі, хударлявым тварам і зграбнай постаццю. У руках – невялікі клуначак. Адзенне было абношанае, у многіх месцах патрабавала іголкі з ніткай. Але на гэта не звярнулі асаблівай увагі, бо і самі апраналіся не лепш. Зрэбная спадніца, шарачковая світка ды лапці – вось і ўвесь строй вясковай жанчыны ў той далёкі пасляваенны час.

Кацярына – так звалі госцю – спынілася ў Тамаша. Хата была вялікая, на два канцы, і месца хапала не толькі для сваёй сям’і, ды і патрэба была ў дапамозе для вялікай Тамашовай гаспадаркі. Як падзеі разгортваліся далей, толкам ніхто не ведае, бо ў кожнага хапала турбот і хто як мог выбіваўся з нястачы і галечы. Але праз некаторы час Кацярына апынулася ў хаце Аляксея. Пагаворвалі, што вельмі даспадобы прыйшлася яна маладому хлопцу, і насуперак незадаволенасці маці ён узяў яе за жонку.

Не было ні заручынаў, ні шлюбу, проста сышліся і жылі. Здавалася, што нядрэнна, ды і Кацярына ніколі нікому не скардзілася на свой лёс, а паціху працавала, як і ўсе астатнія. Толькі была маўклівай, і ў вачах стаяла нейкая туга. Прайшоў год, другі, у вёсцы звыкліся з маладзіцай, запрашалі на вечарынкі, святы, калі здаралася, то і на талаку. Кацярына ж усміхалася і нясмела аднеквалася.

Аднойчы летнім ранкам, калі ўжо і каровы пайшлі ў поле, і скаціна была накормлена, Агата, выйшаўшы на вуліцу, распавядала суседкам: “Гэта ж трэба быць такой няўдзячнай. Кармілі, паілі, а яна сабрала клункі і падалася ў прэчкі. Дзе ёй будзе лепей, чым тут, каму патрэбна са сваім давескам?” Жанчыны моўчкі паківалі галовамі, але было незразумела – ці яны падтрымліваюць сваю суседку, ці спачуваюць маладзіцы.

Сонца паціху схілялася да захаду, весялей завялі спеў цвіркуны, заквакалі жабы, радуючыся вячэрняй прахалодзе. Раптам з боку затокі данёсся прарэзлівы дзіцячы крык, і гурт хлапчукоў бягом накіраваўся ў вёску. Падлеткі толькі махалі рукамі і спрабавалі штосьці сказаць, паказваючы ў той бок, адкуль прыбеглі. Спачатку закралася думка, што дзетвара нешта ўтварыла і баіцца гаварыць дарослым. Але паціху супакоіўшыся, старэйшы Раман расказаў пра страшную знаходку.

Лавіць рыбу вудачкай было справай звычайнай, а вось нашчупаць яе рукамі і выцягнуць з-пад карчоў шчупака ці вялікага язя, як цяпер кажа моладзь, было вельмі крута. І хлапчукі з вялікай рызыкай ныралі пад крутыя берагі, шукаючы ў карчах прытоеную рыбу, а затым з крыкам і посвістам выкідвалі яе на бераг. Так было і на гэты раз. Якраз першым нырнуў Раман Садоўскі, і ўсе з нецярплівасцю чакалі, калі на беразе апынецца першы ўлоў. Але замест улову з вады хуценька выскачыў сам хлапчук і збялелымі вуснамі спрабаваў штосьці сказаць. Слоў не было, выляталі толькі незразумелыя гукі, і дрыготкімі рукамі ён паказваў на ваду. Спачатку гэта выклікала смех: мо вадзяніка ўбачыў, ці рыба так напалохала. Т-там, т-там пад карчамі цела…

Кацярыну знайшлі пад каранямі вольхаў пры самым беразе. Непадалёк было і цела яе дачкі.

Аляксей прапаў, і яго нейкі час шукалі ўлады. Праз колькі дзён усё ж арыштавалі, знайшоўшы ў радні. З таго часу ў вёсцы пра яго нічога не ведалі, кажуць, прапаў у свеце. А Агата пражыла нядоўга, яна стала цурацца людзей, ні з кім асабліва не гутарыла. Ды і людзі не імкнуліся весці з ёй гамонку ці цікавіцца справамі. Суседзі пагаворвалі, што яна “запіліла” хлопца, патрабуючы збавіцца ад прыйшлай, як яна гаварыла, галадранкі.

Хаціна сама сабой развалілася, і рэшткі знеслі. Цікава, што нават фундамент не захаваўся. І ўжо прайшло шмат дзясяткаў гадоў, але на Алёшавым ніхто не пасяліўся, ніхто не карыстаецца зямлёй, ні моладзь, ні дзеці ніколі не ладзілі тут свае ігрышчы і забавы. Так і ляжыць пасярод вёскі гэты кусок зямлі, як напамінак аб бесчалавечнасці і жорсткасці. Адзіны помнік – гэта палын і чарнобыльнік, якія буйна разрасліся і з сумам вітаюць кожнага, хто тут праходзіць…

Галіна ГРАЖЫНСКАЯ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 …Летняя спёка паволі разлівалася над Няровамі. Здавалася, што жыццё спынілася і чакала нейкага штуршка для свайго далейшага працягу. Толькі з боку рэчкі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика