Людзі Смаргоншчыны: 7 мая Альбін і Эмілія Чырыцы адзначылі сваё брыльянтавае вяселле. 21.by

Людзі Смаргоншчыны: 7 мая Альбін і Эмілія Чырыцы адзначылі сваё брыльянтавае вяселле

18.05.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Маці казала: “Не пара ён табе. Не прыме цябе сям'я ягоная. Дзевяць дзяцей у іх, тры хлапцы яшчэ нежанатыя. Куды ж ты ідзеш, дачушка?” Але не слухала Эмілія парады маці. Моцна кахала свайго Альбіна. А ён, даведаўшыся пра яе сумненні, заявіў: “Пад плотам будзем жыць, але не расстанемся!”.

IMG_7054.JPG

Моцна кахаў Альбін сваю выбранніцу. І яна гэта адчувала, бачыла. З усіх дзяўчат, якія прыходзілі на танцы, ён заўсёды выбіраў яе. Чаму менавіта яна так запала ў душу, сказаць сёння цяжка. Ды і не пыталіся спасцігнуць гэту ісціну ні Альбін, ні Эмілія. Яны прыслухаліся да галасоў сваіх сэрцаў. А галасы гэтыя клікалі закаханых на сумесную дарогу жыцця. Была яна не шырокім прасторным шляхам, а хутчэй мінулагодняй палявой сцежкай, якая густа парасла маладым палыном і канюшынай. Але не баяліся закаханыя шукаць яе і крочыць наперад. І вельмі хутка сцежка гэта вывела іх на трывалую пуцявіну, дзе кіламетровым слупом сталі залаты пяцідзясяты і брыльянтавы шасцідзясяты год-кіламетр.

Сёмага мая Альбін і Эмілія Чырыцы адзначылі сваё брыльянтавае вяселле. З гэтай нагоды мы са старшынёй ветэранскай арганізацыі філіяла “Жодзішкі” Зінаідай Ігнатовіч завіталі да Чырыцаў у Капачы. Іх невялікі дом стаіць на ўскрайку вёскі. Рознакаляровы май з усіх бакоў расквеціў яго. Нізкія вокны дома глядзяць на бяскрайнее поле, дзе яшчэ не адцвілі дзьмухаўцы і не адбуялі кусты густога бэзу. Водарам разнаквецця дыхаюць Капачы. І пах гэты вяртае гаспадароў хаты ў іх юнацтва, нагадвае пра іх першы сумесны май.

“Спачатку мы сябравалі, а пасля ўсё перарасло ў любоў”, - Эмілія Яфімаўна зручней усаджваецца на ложку. Яна ведае, што гутарка пра іх жыццё зойме не адну гадзіну. “У бацькі не пытайцеся, ён зусім дрэнна чуе. Так яшчэ дужы, вады прынясе і каля хаты што зробіць. Хоць яму ўжо 91,” – кажа пра мужа жанчына.

Сям’я Эміліі жыла ў Капачах, а сям’я Альбіна – у суседніх Падавойках. Пазней гэтыя дзве вёскі аб’ядналі. Сёння Падавоек ужо не знойдзеш на карце раёна. Але менавіта тут праз тры месяцы пасля вяселля маладыя купілі хатку, дзе жывуць і цяпер. “Са свякроўкай я пажыла мала. Хутка на свой хлеб мы пайшлі,” – расказвае жанчына.

IMG_7044.JPG

Хлеб заўсёды быў на стале Чырыцаў. Жылі небагата, але ўсё неабходнае мелі. Яна працавала бухгалтарам, ён – то на паляводстве, то на будаўніцтве. Бедным і галодным для іх былі дзяцінства і юнацтва, якія выпалі на ваенныя і пасляваенныя гады. У сям’і Эміліі гадавалася шасцёра дзяцей. Раслі яны без бацькі –на мяжы 30-х і 40-х тата выехаў на Данбас, каб зарабіць грошай. Грымнула вайна, і мужчына прапаў без вестак. Колькі не пісала, не шукала яго жонка, так і не знайшла. Замуж другі раз маці Эміліі так і не выйшла. Жанчына была добрая, па тых часах вельмі адукаваная. 

“Дык хто ж пойдзе на шасцёра дзяцей?” – тлумачыць простую рэалію таго часу Эмілія.

Эмілія і Альбін хоць і жылі ў суседніх вёсках, але ў дзяцінстве разам не гулялі. Хлопец быў ажно на 7 гадоў старэйшы. Бліжэй пазнаёміліся толькі ў юнацтве. 

“У яго было шмат дзевак, - не лічыць за сакрэт Эмілія. - Усё перабіраў. То з адной сустракаўся, то з другой. А тады да мяне прыбіўся”.

Яны сустракаліся чатыры гады. Бацькі, асабліва маці Эміліі, былі супраць гэтых адносін. Да Эміліі сватаўся кавалер з Малінаўкі

“Прыгожы ён быў, высокі. Маці маёй вельмі падабаўся, - кажа Эмілія Яфімаўна. - Але як жа я пайду за таго, калі  ўжо гэтага любіла?”.

Каханне жыло трапяткім пачуццём у іх сэрцах, але час дыктаваў іншыя вартасці. І ў адзін з маёвых вечароў дрыготкім голасам Эмілія прамовіла каханаму: 

“Мілы, гэта наша з табой апошняя сустрэча. Не прыме мяне твая сям’я, лішняй я ў вас буду”.

На Капачы апусцілася ноч. Была яна ціхая-ціхая. Альбіну здавалася, што ён чуе, як б’ецца сэрца каханай. Прыселі на ганку. Хлапец накінуў на яе худзенькія, кволыя плечы свой пінжак. Прытуліўшыся адзін да аднаго, так да ранку і праседзелі. Плакалі, абдымаліся, то перабівалі адзін аднаго, то разам маўчалі. Як быццам кожны з іх імкнуўся знайсці і выказаць самыя галоўныя словы.

Але словамі не паможаш справе. Альбін паступіў як сапраўдны мужчына. Назаўтра прыйшоў да старшыні сельсавета і папрасіў, каб той вызваў да сябе Эмілію. Дзяўчына была на працы ў канторы. Не разумеючы, навошта яна спатрэбілася ў сельсавеце, накіравалася туды. Падышла да кабінета, пастукала, старшыня запрасіў увайсці. Ступіла за парог і вачам не паверыла – побач са старшынёй стаяў Альбін. 

“Пойдзеш замуж за яго? – нечакана спытаўся старшыня. – Кажы хутчэй, калі згодна, то мы зарэгіструем шлюб”. У той жа дзень іх распісалі. Жадаючы аддзякаваць старшыню і адзначыць вяселле, Альбін дастаў з сумкі бутэльку самагонкі і папяровы скрутак. Разгарнуў, паклаў на стол. Эмілія ўбачыла кусок варанага сала. “Я тады падумала: напэўна, яго маці дала згоду. Інакш не зварыла б сала і не дала яму. Не сам жа ён яго варыў!” – разважае жанчына.

Выпілі па чарцы, адзначылі падзею. І сталі рыхтавацца да сапраўднага вяселля. Ладзілі яго ў ліпені. На фотаздымку, што і сёння вісіць у даўнейшай рамцы на сцяне, Эмілія апранута ў доўгую белую сукенку, а ў руках трымае кветкі і доўгія лапкі аспарагуса. Вясельны букет нявеста сабрала на кветніку ля хаты. Пярсцёнак вырабіў сусед, сукенку пазычыла ў швачкі. 

“У нашай вёсцы была жанчына, якая ўмела шыць. Дык вось пашыла яна сукенку і за грошы давала яе дзяўчатам. У гэтай сукенцы ўвесь наш калгас замуж выходзіў. Я пасля вяселля яшчэ не паспела яе памыць, як ужо прыйшла дзяўчына з Казярнікаў і забрала,” – добра памятае Эмілія Чырыца.

У Эміліі і Альбіна нарадзілася двое сыноў, ёсць унукі. Кажуць, праўнукаў пакуль што не дачакаліся, але вельмі хочацца, каб унукі хутчэй вылецелі з бацькоўскіх гнёздаў у свой першы жыццёвы вырай. Бо толькі стварыўшы ўласную сям’ю, чалавек адчувае сябе шчаслівым і прыгалубленым. Срэбра жыццёвай мудрасці даўно падсівіла валасы мужа і жонкі. Яны ўжо зусім не маладыя, але яшчэ больш, чым у маладосці, патрэбныя адзін аднаму. 

“Усяляк было ў жыцці, - скажа, уздыхнуўшы, жанчына. ­ Але я так моцна яго любіла, што ўсё прабачала. І ён меня любіў. Ды і цяпер любіць”.

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Маці казала: “Не пара ён табе. Не прыме цябе сям'я ягоная. Дзевяць дзяцей у іх, тры хлапцы яшчэ нежанатыя. Куды ж ты ідзеш, дачушка?” Але не слухала Эмілія парады...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика