Як працавалі! Як спявалі!. 21.by

Як працавалі! Як спявалі!

19.05.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Бывае, што ў сялянскіх хатах знойдзеш сапраўднае багацце. Модны зараз хэндмэйд (тое, што зроблена сваімі рукамі), за які на кірмашах просяць немалыя грошы, там сустракаеш літаральна на кожным кроку. Гэта і тканыя посцілкі, і вышываныя абрусы, і вязаныя кручком ды пруткамі сурвэткі і фіранкі… З падобнай прыгажосцю я сустрэлася ў хаце Веры Гаўрылаўны Касько (у дзявоцтве Турлыка), да якой неспадзявана трапіла.



Вера Гаўрылаўна нарадзілася ў 1937 годзе, на гэтым тыдні яна адзначае свой чарговы дзень нараджэння — акурат 19 мая. Нарадзілася ў Касарычах, тут, у бацькоўскай хаце, жыве і зараз. Усялякае, кажа, было ў жыцці, але ж успамінаецца ў першую чаргу добрае, вясёлае. Як пела, як танцавала, як пасля напружанай працы на калгаснай свінаферме (а стаж — 38 гадоў) спяшалася на рэпетыцыі мясцовай самадзейнасці. Тады загадчыкам клуба быў Міхаіл Ігнатавіч Галамака, а яго брат Васіль Ігнатавіч — кіраўніком хору. З гэтым хорам, кажа Вера Гаўрылаўна, яны выступалі ў сваім калгасе, ездзілі па вёсках, аднойчы давалі канцэрт у Глуску да Дня савецкай міліцыі. Знаходзіла час і на рукадзелле, нават калі з’явілася свая сям’я і нарадзіліся дзве дачкі. А калі  толькі  выходзіла замуж, то, усміхаецца Вера Гаўрылаўна, для адных сватоў пяць ручнікоў вышываных падрыхтавала, не кажучы пра пасаг. Вельмі любіла вышываць карціны, яны зараз упрыгожваюць сцены ва ўсіх пакоях яе ўтульнай сялянскай хаты. А вось дочкі, расказала мая субяседніца, больш паважаюць практычнае, прыкладное рукадзелле — вяжуць сабе і сваім блізкім адзежу. Вязаць, дарэчы, ёсць каму: у гераіні гэтага артыкула трое ўжо дарослых унукаў і праўнучка.



Гутарка наша з Верай Гаўрылаўнай была нядоўгай, нейкія паўгадзіны, а выйшла я ад яе з дзіўным пачуццём: быццам напоўнілася новымі сіламі. Гаваркая, вясёлая, са сваім поглядам на падзеі, у свае восемдзесят з гакам баба Вера яшчэ дасць фору некаторым маладым. Так, і жыццё яе было не самым лёгкім, колькі жалобных сталоў па блізкіх давялося зрабіць, і хваробы адольваюць, тут яшчэ і руку нядаўна зламала… Але ж як пачала ўспамінаць пра маладосць, спевы ды танцы — заўсміхалася, заружавелася, здаецца, вось-вось кінецца ў скокі. Дык жа і здароўя вам, Вера Гаўрылаўна, і доўгіх гадоў жыцця.

Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ

Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бывае, што ў сялянскіх хатах знойдзеш сапраўднае багацце. Модны зараз хэндмэйд (тое, што зроблена сваімі рукамі), за які на кірмашах просяць немалыя грошы, там...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика