Надзея, дзіця вайны. 21.by

Надзея, дзіця вайны

24.05.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Вайна даўно скончылася, але яе адгалоскі да гэтага часу не даюць душэўнага спакою Надзеі Сідараўне Філіповіч з вёскі Воземля. Яна не раз глядзела ў вочы фашыстам, перадзёргваючым затвор аўтамата, каб расстраляць яе маці разам з малымі дзецьмі.

  

У Надзеі Сідараўны была свая вайна. Яна –дзіця вайны. Тады ёй было гадоў сем. Таму і зараз ад выпадкова пачуўшага слова “вайна” мяняецца ў абліччы, бо пагружаецца ў цяжкія ўспаміны. Будучы малой дзяўчынкай, яна нават бацьку добра не памятае. Не ўзгадае, як ён выглядаў ў жыцці. З пачатку вайны ён пайшоў у партызаны і хутка загінуў ад варожай кулі. Маленькая Надзея разам з маці і трыма малодшымі братамі і сястрой спачатку заставаліся ў сваёй хаце. Жылі яны тады ў вёсцы Цітаўка Бабруйскага раёна. Немцы хутка акупіравалі тэрыторыю Беларусі, бязлітасна спальвалі населеныя пункты, знішчалі людзей і забіралі ў палон мірных жыхароў. Трапіла туды і маці Надзеі, з горыччу сёння ўспамінае бабуля.

— Маму таксама немцы забралі ў Германію, — расхвалявалася Надзея Сідараўна.

Без слёз ёй перадаць былое нельга. Адчувалася, як тужліва сціскалася яе сэрца. Але жывая сведка вайны сабралася з сіламі і працягнула.

– Мы, малыя, засталіся са сваімі немачнымі бабуляй і дзедам. І што ад іх? Саміх даглядаць трэба было. Таму радаваліся, што хаця хтосьці са старэйшых родзічаў побач застаўся. Як-ніяк, а кавалак хлеба нам давалі. Бывала, што пякла яго я сама. І ведаеце як? Сёння казаць ці-то сорамна, ці-то смешна. Малая падстаўлю лаўку, залезу ў печ ледзь не ўся сама, дроў накладу, каб распаліць агонь, а назад, як тое чарцянё ўсё ў попелу ды з пахам дыму, выскакваю. Але другога выйсця не было. Толькі б пракарміцца як-небудзь, ды ўратавацца. У штодзённым страху жылі. Маці, калі толькі пачалася вайна, вучыла нас хавацца ад немцаў пад печчу. Маўчыце, кажа, і не варушыцеся. А мы думалі, толькі б вытрымаць, толькі б голавы не павысоўваць. І мы, як тыя спужаныя зайцы, калаціліся. Аднак маўкліва, з перахопленным дыханнем, сядзелі ў абмежаванай прасторы.
На ўсё жыццё запомнила Надзея Сідараўна, як лязгалі жалезныя зашпількі на чобатах у немцаў, якія шыбавалі праз агарод у хлеў, каб знайсці сабе ежу, ды навесці жах на мірнае насельніцтва. Але гэта нічога ў параўнанні з тым, калі фашысты палілі на дзіцячых вачах вёскі ды здзекаваліся над бездапаможнымі старымі, жанчынамі, дзецьмі. Шмат перажыла гэтая вяскоўка, але не згубіла лепшыя чалавечыя якасці і мае вялікі запас душэўных сіл. На жаль, пасля вайны з пяцярых дзяцей засталася толькі адна Надзея. Вайну пашчасціла перажыць, а ў мірны час заўчасна пайшлі з жыцця. Надзя выйшла замуж і трапіла на Акцябршчыну, адкуль быў яе выбраннік. Прыехала да мужа ў Воземлю, так і пражылі тут увесь час. Тады маладыя былі, інтарэс мелі да ўсяго. Сваіх чатырох дзяцей узгадавалі. Працавалі без меры і дома, і ў мясцовай гаспадарцы. Ён трактарыстам увесь час шчыраваў, камбайнёрам быў, яна – жывёлаводам.   

— А зараз вось сяджу адна, як той восеньскі грыб стары, і нікуды не руплюся, — кажа Надзея Сідараўна. – Гаспадара ўжо некалькі год як няма, але дзеці адну ніколі не пакідаюць. На зіму то адна, то другая дачка да мяне з горада едуць. Трэцяя непадалеку, у Шкаве жыве. Таксама з зяцем да мяне пастаянна наведваюцца. Унукі ніколі без увагі не пакідаюць. Альбо самі імчаць да мяне ў вёску, альбо тэлефануюць. Дзякуй Богу, усе добрыя, шчырыя, разумныя, выхаваныя. Дапамагаюць, як могуць.

Нездарма вялікая пафарбаваная хата Надзеі Сідараўны Філіповіч такая адметная, як і сама яе гаспадыня. Усюды чыста, прыбрана, хораша. І, галоўнае, спакойна. Толькі шкадуе баба Надзя, што не давялося  добра пажыць у маладосці, што выпаў на яе долю такі нязручны час і цяжкі лёс. Таму сталая жанчына шчыра перажывае за вёску, насельніцтва якой за апошні час заметна скарацілася. Абапіраючыся на кіёк, сядзела на лаўцы Надзея Сідараўна і не хавала радасці, што і на яе звярнулі ўвагу.

Наталля Ёвенка. Фото аўтара.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вайна даўно скончылася, але яе адгалоскі да гэтага часу не даюць душэўнага спакою Надзеі Сідараўне Філіповіч з вёскі Воземля. Яна не раз глядзела ў вочы фашыстам,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика