У Пружанах адбыўся VI фэст эксперыментальнага мастацтва «Рэха ДАХу». 21.by

У Пружанах адбыўся VI фэст эксперыментальнага мастацтва «Рэха ДАХу»

18.06.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Спякотны дзень мінулай пятніцы прадоўжыў не менш гарачы вечар у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык», дзе шосты год запар праходзіў чарговы фэст эксперыментальнага мастацтва «Рэха ДАХу». Праграма складалася са звычайных для мерапрыемства частак: мастацкай выставы, гістарычна-навуковага лекторыя, музычнага складніка, якія гэтым разам цудоўна дапоўніў майстар-клас па танцах. 

Традыцыйна распачаў імпрэзу даволі прасторавы і сціпла-мудрагелісты перформанс ад мінскай арт-групоўкі «Механёры культуры»: дзеячы «саджалі» на зялёным палацыкавым курданёры «вечнае і разумнае» — камяні. «Час саджаць камяні» — менавіта такую арыгінальную назву меў гэты авангардны міні-спектакль, прызваны наладзіць сувязь з месцам і гледачом. Здавалася, што разам з камянямі перформеры закладваюць яшчэ нейкі метафізічны падтэкст, які містычна лунаў над падворкам палацыка разам з гукамі інструментаў вядомага беларускага мультыінструменталіста-фалькларыста Рамана Яраша. 

Пасля невялікай «афіцыйнай» часткі ўражаныя гледачы былі запрошаныя на адкрыццё выставы «GLOBAL». Яе выдатны мінскі мастак Алесь Родзін падрыхтаваў са сваіх твораў, якіх яшчэ не бачыла Пружаншчына. Гэта вялікія палотны абстракцыйна-сімвалічнага сэнсу, дзе, як зазначыў сам аўтар, «існуюць каляровыя адносіны і рытмічныя спалучэнні, дзе ўтоены і спакой, і бурлівасць, і смутак, і выйсце па-за межы свядомасці, у іншыя вымярэнні…».

  Добрымі словамі творцу падтрымалі яго сябры, ужо вядомыя пружанскай публіцы мастакі: Яўген Шунейка, Андрэй Лычкоўскі, Анатоль Маразюк і Казімір Кулеш. 
Кожны з гледачоў убачыў у творчасці Родзіна нешта сваё: рознакаляровыя сны-фантазіі, дробязныя сімвалы, а нехта захапіўся складанай палітрай і маштабнасцю. Адным словам, варта прыйсці і паглядзець… 

Лекторый пачаўся з выступлення рэдактара часопіса «Свайкста», нашага земляка Алеся Мікуса, таксама ўжо вядомага пружанцам па леташнім фэсце. Алесь распавёў пра ўнікальны «яцвяжскі слоўнічак», які вось ужо як 40 гадоў таму быў знойдзены на адным з хутароў паблізу Роўбіцка. Літаратар нагадаў пра паходжанне яцвягаў, паразважаў з аўдыторыяй пра тыя 200 «роўбіцкіх» слоў, якія і сёння можна часткова пачуць у суседніх мовах, і, вядома, сыграў на дудзе старадаўні «яцвяжскі напеў», які вельмі ўразіў гледачоў.
Утрымаць аўдыторыю навуковымі размовамі, зразумела, цяжка, але вось закружыць у танцах, тым больш калі ты з-за мяжы, — гэта на раз! Што і зрабіў на сваім мастар-класе па танцах госць з Францыі — валанцёр беларускай Асацыяцыі клубаў UNESCO, этнахарэолаг Фларыян Карубі. Яго з нецярпеннем чакалі выхаванцы харэаграфічнага аддзялення Пружанскай ДШМ імя Рыгора Шырмы на чале з кіраўніком Таццянай Дварадкінай. Танцор паказваў чарговыя прыскокі са сваёй харызматычнай памочніцай — харэографам з Мінска Аленай Прохаравай. 


З іх дапамогай моладзь танцавала ў віхуры шатландскай, брэтонскай і нямецкай музыкі. Потым танцавальны вэрхал змяніў характар: у якасці падарунка для французскага калегі пружанцы выканалі «Раскладуху», «Падэспань» і, вядома ж, мясцовую «Козачку», якую ўпершыню запісаў наш зямляк з в.Кацёлкі Янка Хвораст.
Адметна, што вулічныя танцы праходзілі пад духмяны водар «фітачаёўні», зладжанай майстэрняй смаку «Зёлка-пчолка» ад Змітра Мурашкі і Юліі Літвінавай. Досыць каларытныя мінскія госці ў прыгожых беларускіх строях усіх частавалі гарбатай, заваранай па старадаўніх беларускіх рэцэптурах, і вабілі душэўнымі спевамі з сумнымі гукамі дуды. 


Для перадыху гасцей зноў запрасілі ў салон музея, дзе іх чакала выступленне пчаляра-паэта з аг. Лінова Міколы Папекі. Ён прывёз з сабой процьму пчалярскіх нагляднасцей, асаблівую ўвагу прыцягнулі жывыя пчолы ў адмысловай шкляной вітрыне і трутні, якіх можна было трымаць у руках, бо яны, аказваецца, не кусаюцца. Пакуль гледачы разглядалі гэтых крылата-пухнатых стварэнняў, майстар-гаспадар сваёй справы распавядаў пра пчалярскую працу, асаблівасці жыцця пчол і іх прадукты, а таксама адказаў на шэраг хвалюючых пытанняў і пачытаў свае вершы пра пчол. 

Лекцыйную частку працягнула выступленне аднаго з «завадатараў» фэсту Зміцера Юркевіча, які ўжо некалькі гадоў запар працуе ў архівах над тэмай жыцця і дзейнасці выбітнага напаўзабытага героя Беларусі Тадэвуша Рэйтана, пра якога і пайшла гаворка. Аўтар падзяліўся сваімі апошнімі біяграфічнымі знаходкамі, у прыватнасці, распавёў пра сваяцтва між родамі Касцюшкаў, Рэйтанаў і Дамейкаў і прэзентаваў публіцы памятны медаль 1860 года. Купілі яго, дзякуючы народнаму збору грошай на замежным аўкцыёне для будучага музея ў радавым маёнтку Рэйтанаў у в.Грушаўка Ляхавіцкага раёна.
І нарэшце распачалася музычная частка. Сваё фантастычнае майстэрства паказаў узорны інструментальны ансамбль «ПараФраз» (кіраўнік Аляксандр Будзько) музычнай школы №1 г.Брэста. 
 Калектыў з’яўляецца лаўрэатам шматлікіх конкурсаў і фестываляў у Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі, Сербіі і іншых краінах. Квінтэт у складзе акардэона, флейты, цымбалаў, бубнаў і бас-гітары выканаў кампазіцыі Астора П’яцолі, Матоса Радрыгеса, Рышара Гальяна і іншых кампазітараў. Слухачы былі зачараваны бездакорным прафесійным выкананнем, што пацвердзілі бясконцыя апладысменты з патрабаваннем выканання «на біс»! 
Нават вышэйзгаданыя танцоры Фларыян Карубі і Алена Прохарава не ўтрымаліся і закружыліся ў маленькім салоне пад чароўныя гукі іспанскага танга.
Услед за брастаўчанамі на імправізаваную сцэну выйшаў пружанскі гурт «Archie Silence», які мае некалькі паўнавартасных альбомаў, але дагэтуль ніколі не выступаў. І вось на фэсце адбыўся гэты дэбют. Музыкі вынеслі на суд слухачоў свае чатыры новыя кампазіцыі ў стылі пост-року, якія лягуць у аснову новага студыйнага запісу.
Потым своеасаблівыя спевы Рамана Яраша пад блюзавую гітару з выкарыстаннем губнога гармоні-ка быццам перанеслі слухачоў на гасцінец-ростань… Ужо за апоўнач слухачоў пабудзіў вядомы беларускі гукарэжысёр Яўген Рагозін. Уражвала спрытнасць музыкі, які з дапамогай трох невялічкіх электронных прылад імправізаваў дзіўныя гукі нейкай касмічнай трэлі…


…Ужо было цёмна, калі апошнія наведвальнікі фэсту пайшлі з музея. толькі прыгожы венецыянскі ліхтар высвечваў ім шлях. Трохі стомленыя шасцігадзінным марафонам, але задаволеныя ўдзельнікі ўжо марылі пра наступны фэст у новым годзе.
Алена ЗЯЛЕВІЧ,
Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спякотны дзень мінулай пятніцы прадоўжыў не менш гарачы вечар у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык», дзе шосты год запар праходзіў чарговы фэст эксперыментальнага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика