Юный астроном Дарья Меркулова в гороскопы не верит и планирует связать жизнь с космологией. 21.by

Юный астроном Дарья Меркулова в гороскопы не верит и планирует связать жизнь с космологией

13.07.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Яна ўсур’ёз захапляецца астраноміяй, любіць зорнае неба і ўжо сёння гатовая ступіць на борт ракеты-носьбіта, каб паляцець да зорак.
— Меў рацыю Кант, калі казаў, што толькі дзве рэчы напаўняюць душу ўсё больш глыбокай павагай, чым часцей мы разважаем аб іх, — гэта маральны закон ува мне і зорнае неба над галавой. Усё ў гэтым свеце цьмянее перад веліччу зорнага неба. Выпадкова падобная прыгажосць з’явіцца не магла, — з глыбокай філасофскай рэплікі пачынае нашу гутарку “зорная” выпускніца Шарашоўскай СШ, без пяці хвілін студэнтка прэстыжнага ўніверсітэта Дар’я Мяркулава.
Гэтая загадкавая дзяўчына яшчэ ў раннім дзяцінстве палюбіла “Маленькага прынца” Экзюперы, але сур’ёзнае захапленне зоркамі ў яе з’явілася каля пяці гадоў таму з банальнага начнога прагляду рамантычнай кінастужкі. Сцэна, дзе маленькая гераіня глядзіць у тэлескоп на неба, а потым захоплена расказвае пра ўбачанае свайму сябру, запала глыбока ў душу Дашы.

— Божа мой, як яна цікава распавядала! На наступны ж дзень я пайшла ў бібліятэку і ўзяла навукова-папулярную кнігу пра зорнае неба. «Праглынула» яе за ноч! Але на неба пакуль не глядзела: неяк непаважліва глядзець на яго “сляпымі” вачыма, — распавядае пра пачатак сваёй зорнай эпапеі шарашэўскі “астраном”.
У хуткім часе бацькі купілі дзяўчынцы сапраўдны тэлескоп магутнасцю 50 кратаў, і ўжо ў жніўні 2014 года ў перыяд зарападу Дар’я Мяркулава ўпершыню “павіталася” з небам:
— Я зазірнула яму ў вочы. Да таго часу, прачытаўшы адну кнігу за другой, я ўжо ведала пятнаццаць сузор’яў. З кожнай ноччу я спазнавала ўсё новы і новы сектар неба, — распавядае Даша, якая, дарэчы, нарадзілася пад сузор’ем Стральца, але астралогію як навуку не прызнае. А ўлюбёным сузор’ем называе малапрыкметную, але вельмі прыгожую “Лісічку” (адразу відаць, паўплывалі гутаркі Маленькага прынца з мудрым Лісам, які навучыў героя вернасці і адказнасці за ўсіх, каго той прыручыў)…
Вось і Даша вырашыла “прыручыць” зоркі і з усёй адказнасцю стала рыхтавацца да раённай алімпіяды па астраноміі. Яе імкненне падтрымаў выдатны настаўнік фізікі і астраноміі Шарашоўскай СШ Міхаіл Міхайлавіч Хвісюк. Пад яго чулым кіраўніцтвам Дар’я напісала сур’ёзную навуковую працу “Ацэнка масы гіпатэтычнай планеты Фаэтон”, у якой прапанавала свой метад ацэнкі масы планет, і пераможна выступіла з ёй на абласной канферэнцыі. На жаль, на рэспубліканскім, заключным, этапе для атрымання прызавога дыплома ёй не хапіла ўсяго толькі аднаго бала.
Дар’я не здавалася і працягвала ўдзельнічаць у многіх конкурсах і семінарах, каб умацоўваць веды. І неўзабаве стала пераможцай абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу фотаздымкаў “Мая чароўная Беларусь”. Яе фотаздымак “Выхад Венеры” быў прызнаны лепшым у намінацыі “Навуковае фота”.
І гэта не ўсё! Дар’я Мяркулава — адданая прыхільніца Стывена Хокінга, англійскага фізіка-тэарэтыка, касмолага, былога дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра тэарэтычнай касмалогіі Кембрыджскага ўніверсітэта. Сёння дзяўчына-інтэлектуал вывучае дасягненні іншых навукоўцаў, у арыгіналах (балазе, дазваляе добрае валоданне англійскай мовай) чытае іх лекцыі, у інтэрнэце сочыць за навуковымі дэбатамі і… рыхтуецца паступаць ва ўніверсітэт.
— Не, не на астранамічны факультэт, — прадчуваючы маё пытанне, заяўляе Даша. — Мы жывём у свеце, дзе вельмі залежым ад матэрыяльнага складніка. Дасць Бог, у Беларусі пачну вывучаць фізіку, праграмаванне, а потым, набраўшыся ведаў, рушу далей. Мяне вельмі цікавіць касмалогія — навука, якая вывучае праблемы развіцця Сусвету, яго пачатак і канец. Абавязкова ўбачу і “напалохаю” чорныя дзіркі! Усе мае сябры глядзяць на неба з бояззю, маўляў, далёкае яно і жудаснае. А калі я гляджу на яго, то пачынаю адчуваць сябе вельмі ўтульна, нібы дома. На зямлі значна страшней: тут кожную секунду гінуць людзі… Увогуле я прытрымліваюся тэорыі, што ўсе мы захоўваем у сабе зародак Сусвету. Часціца Творцы ў кожным з нас…

…Цікава, што нядаўна праз сацыяльныя сеткі сям’я Мяркулавых знайшла сваіх далёкіх амерыканскіх сваякоў, продкі якіх у свой час эмігрыравалі ў ЗША. Аказваецца, траюрадны прадзед Дашы таксама захапляўся астраноміяй і марыў стаць астранаўтам. А паколькі па стане здароўя для “зорнай” місіі ён не падыходзіў, то стаў суднабудаўніком. Амерыканцы запрашаюць Дашу да сябе. Хто ведае, можа, і сапраўды яе чакае слаўная будучыня ў NASA?
Алена Зялевіч, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яна ўсур’ёз захапляецца астраноміяй, любіць зорнае неба і ўжо сёння гатовая ступіць на борт ракеты-носьбіта, каб паляцець да зорак. — Меў рацыю Кант, калі казаў,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика