Поўны ўлёт, альбо асаблівасці аўцюкоўскага гумару. 21.by

Поўны ўлёт, альбо асаблівасці аўцюкоўскага гумару

19.07.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

23 гады дорыць публіцы добры настрой народны тэатр народнага гумару “Вясёлыя аўцюкоўцы”.


Папулярнасці самадзейнага тэатра з Калінкавіч могуць пазайздросціць прафесійныя калектывы. Нядаўна вярнуліся са свята славянскай дружбы ў Ветцы. Крыху раней іх выступленне было дарэчы на такіх сур”ёзных мерапрыемствах, як эканамічны форум у Гомелі, міжнародная выстава ў Мінску “СМІ ў Беларусі”. выступленні ў Нараўлянскім, Брагінскім, Ельскім, Жыткавіцкім раёнах і, вядома ж, уродных Калінкавічах і вёсках раёна – гэта не ўсе месцы, дзе пабываў калектыў толькі на працягу месяца. Ніводнае значнае свята, кірмаш ў горадзе не абыходзяцца без “Вясёлых аўцюкоўцаў”. Да таго ж дома самая ўдзячная публіка.

Калектыў створаны ў ліпені 1995 года на базе Калінкавіцкага раённага цэнтра вольнага часу напярэдадні першага ўсебеларускага фестывалю народнага гумару, пераможцам якога потым будзе не раз. Заснавальнікамі сталі Ганна Новік і Ніна Лешчанка. Ужо праз год свайго існавання “Вясёлыя Аўцюкоўцы” былі запрошаны на гумарыну ў сталічны Дом літаратара. Сколькі іх потым будзе, гэтых запрашэнняў, перамог на фестывалях і конкурсах, узнагарод. У 2011 годзе атрымалі званне народнага, а потым двойчы падцвердзілі яго. “Вясёлыя аўцюкоўцы” – удзельнікі такіх вядомых свят, як рэспубліканскія фестывалі: “Дажынкі”, фальклорнага мастацтва “Берагіня” у Акцябрскім, дзён Беларускага пісьменства, вечарын гумару ў Мінскім тэатры юнага гледача, Ёсць запісы на абласным і рэспубліканскім тэлебачанні, радыё.

Сучасны кіраўнік калекттыву – метадыст Калінкавіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Шчарбенка расказвае: “У тэатры 15 артыстаў, людзі розных прафесій: педагогі, рабочыя, бухгалтар, большасць жа – працаўнікі культурнай нівы. Усіх нас яднае любоў да народнага гумару, жартаў, акцёрскай гульні і мастацкага пераўвасаблення. Рэпертуар трупы, а ў ім каля чатырох дзесяткаў нумароў, разнастайны па форме і зместу: тэатралізаваныя пастаноўкі, мініяцюры, маналогі, міні-спектаклі, ёсць нават кліп. Амаль кожны нумар - злучэнне розных сцэнічных жанраў: слова, песні, часам і харэаграфіі – усё арганічна зліваецца ў гісторыі, блізкія да рэальных, а часам і сапраўдныя.

У калектыве артысты, што называецца, шырокага жанру: сцэнарысты, рэжысёры, выканаўцы – усё робяць сами. Для іх тэатр гумару не проста захапленне, а жыццё. Вобразы, што створаны на сцэне, напоўнены непаўторным каларытам, перанятым з быту жыхароў вёсак Малыя і Вялікія Аўцюкі. Аб тым, што аўцюкоўцы – беларусы не звычайныя, этнографы гаварылі яшчэ больш за сто гадоў назад: праславіліся ж яны сваімі жыццярадаснасцю, шчырасцю і наіўнасцю адначасова. Так мясцовыя традыцыі і мясцовы дыялект выліваюцца ў высакакласны народны гумар. У кожнага артыста свой адметны характар, стыль, але ж, па-мойму, самая каларытная артыстка Марына Зубок – чаго вартая яе гераіня, крыху дзіўнаватая бабуля, якая ніяк сабе мужа не знойдзе.

Сама ж артыстка гаворыць наступнае: “Кожны раз, калі бываю ў Аўцюках і сустракаюся з мясцовымі жыхарамі, адзначаю для сябе штосьці новае – жэсты, выразы, якія абавязкова стануць дэталямі новых вобразаў, сцэнарыяў. Пакуль жывуць аўцюкоўцы, дэфіцыт гумарыстычнага матэрыялу нам не пагражае. Аўцюкоўцам уласціва крочыць па жыцці смеючыся над сабой і над несуразнасцямі лёсу. Хоць жыццё наша ў цэлым і няпростае, смешнага і камічнага ў ім дастаткова”.

З сучасным жыцём цесна пераплецены жывучыя вясковыя традыцыі, так што на сцэне лёгка пазнаць “герояў нашага часу”. “Гастролі па-аўцюкоўскі”, “Аўцюкоўцы ў новым веку”, “Чаму ж я не замужам”, “Знаёмства па інтэрнэту”, “Дзве аўцюкоўскія яўрэйкі, “Пакуты трактарыста і даяркі” – тэмы гэтых і іншых пастановак блізкія і зразумелыя публіцы: сямейныя, суседскія, вытворчыя ўзаемааднсіны, парадоксы і недарэчнасці вясковага быту. Калектыў таксама плённа супрацоўнічае з самым вядомым аўцюкоўцам – пісьменнікам Уладзімірам Ліпскім. Ёсць міні-сектакль па яго творах – “Сельскія рэпрызы, альбо Над Аўцюкамі тармазні”. І наогул Уладзімір Сцяпанавіч заўсёды ў курсе творчых пошукаў артыстаў, што толькі прыбаўляюць папулярнасці яго землякам.

Сёння, калі рытм жыцця пагражае ператварыць яго ў панурае, сумнае, а негатыўны фон у многіх СМІ пераважае разумныя межы, хочацца больш свята і пазітыву. Менавіта такім астраўком пазітыву з’яўляецца народны тэатр народнага гумару з Калінкавіч. Жыхарам райцэнтра асабліва пашанцавала – за добрым настроем далёка хадзіць не трэба. 23 гады – яшчэ не ўзрост, хочацца спадзявацца, што гэта толькі пачатак доўгага і плённага творчага шляху.








 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
23 гады дорыць публіцы добры настрой народны тэатр народнага гумару “Вясёлыя аўцюкоўцы”.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика