Сцяпан Усцінавіч Сабко: “Людзі – галоўны здабытак і капітал”
21.09.2018
—
Новости Общества
|
…Мільгаюць дні, гады, дзесяцігоддзі. Змяняюцца пакаленні. Час і людзі робяць гісторыю, пра якую варта не толькі памятаць, але і ведаць яе. Рэдакцыя газеты сумесна з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў працягваюць творчы праект пад назвай “Соль Валожынскай зямлі”. Задума з’явілася невыпадкова. Падчас правядзення ў красавіку 2015 года маштабнага прафсаюзнага мерапрыемства “Эстафета пакаленняў” ад шаноўных ветэранаў працы, што былі запрошаны на ўрачыстасць, не раз давялося пачуць, як іх кранаюць такія сустрэчы. А колькі прыемнай асалоды на душы яны атрымліваюць ад звычайнай паштоўкі ад колішняга працоўнага калектыву. Ну а запрашэнне падзяліцца назапашаным вопытам з маладымі калегамі – і ўвогуле ажыўляе, надае бадзёрасці, узнімае настрой. Падумалася: наколькі важныя для чалавека, які сваімі працоўнымі здабыткамі праславіў раён, увага і ўсведамленне таго, што праз гады цябе памятаюць, табой ганарацца, з цябе бяруць прыклад. На нашай Валожыншчыне жыве нямала ганаровых людзей, адзначаных дзяржаўнымі ордэнамі, медалямі, граматамі. Усе яны ў свой час самааддана працавалі дзеля дабрабыту і росквіту валожынскага краю і ўнеслі важкі ўклад у яго станаўленне. Зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але застаюцца ўсё такімі ж актыўнымі і патрэбнымі грамадству, бо з’яўляюцца прыкладам працавітасці, адказнага стаўлення да даручанага ўчастка работы, улюбёнасці ў сваю справу, якой прысвяцілі жыццё. Радзіма годна адзначыла працоўныя подзвігі, і яны без перабольшвання – гонар і слава раёна. Пра такіх гавораць: соль зямлі.
СЦЯПАН УСЦІНАВІЧ САБКО: “ЛЮДЗІ – ГАЛОЎНЫ ЗДАБЫТАК І КАПІТАЛ” С. У. Сабко больш за семдзесят гадоў пражывае ў Івянцы. Асоба ў гарпасёлку знакамітая і паважаная, хаця працаваў амаль усё жыццё на Стаўбцоўшчыне: больш за 30 гадоў узначальваў калгас “Шлях камунізму”. Двойчы Ганаровы грамадзянін БССР, заслужаны работнік аграпрамысловага комплексу краіны, тройчы ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Знак Пашаны і Дружбы народаў, дэпутат Мінскага абласнога і раённага Савета дэпутатаў. У скарбонцы ўзнагарод – бронзавы медаль ВДНГ СССР, шматлікія граматы і падзякі рознага ўзроўню, апошняя – у 2016 годзе ад старшыні райвыканкама М. А. Астрэйкі. Аўтабіяграфія героя аповеду распачынаецца за польскім часам на Украіне – у сяле Малаткоў Ланавецкага раёна Тэрнопальскай вобласці. У вайну 630 аднавяскоўцаў Сцяпана Усцінавіча былі расстраляны гітлераўцамі, у іх ліку – бацька, брат і маленькая сястрычка. Маці сышлася з другім чалавекам, а 19-гадовага Сцяпана паклікаў да сябе ў Беларусь бацькаў стрыечны брат – у Івянцы лідар партызанскага руху Іван Сабко слыў важнай фігурай. Ён дапамог пляменніку працаўладкавацца: спачатку загадчыкам сельгасаддзела, а пасля інспектарам у Дзяржстрах. “Па жыцці я ўдачлівы чалавек, – распавядае С. У. Сабко. – Падчас працы страхоўшчыкам мяне накіравалі на 6-месячныя курсы ў Дзяржплан. Там “спаць” не давалі, а застаўлялі вучыцца па 14 гадзін у суткі. І навучылі асноўнаму – розуму планавання, з якога пачынаецца поспех у любой рабоце. У далейшым мне настолькі ўдалося паправіць справы ў Івянецкім аддзяленні Дзяржстраху, што праз год прапанавалі пасаду старшыні райплана (на сёння – намесніка старшыні райвыканкама па эканоміцы). Але чыноўніцкае крэсла – не мая справа, таму згоды не даў. За непадпарадкаванне давялося сустрэцца з самім Сяргеем Іосіфавічам Прытыцкім – першым сакратаром Маладзечанскага абкама КПБ. У той дзень мяне выключылі з членаў Камуністычнай партыі. Памятаю, як выйшаў з кабінета і абамлеў. Прыехаў дадому і кажу жонцы: “Ну што ж, не калекі, возьмем лапату ў рукі і будзем працаваць”. Аднак удача ізноў усміхнулася: у райкаме ніяк не маглі скласці план на пяцігодку і звярнуліся да мяне за дапамогай. З заданнем справіўся за лічаныя дні: вышэй усё зацвердзілі без паправак і змяненняў і… вярнулі партбілет. Пасля я ўсё-такі адпрацаваў старшынёй райплана каля 10 гадоў і завочна скончыў інстытут народнай гаспадаркі па спецыяльнасці эканаміст прамысловага комплексу”. У 60-я гады ў вялікай краіне СССР распачалася сістэма 30-тысячнікаў, калі для падняцця і развіцця сельскай гаспадаркі на пасады старшынь калгасаў пачалі адбіраць чыноўнікаў з горада. У кола “шчасліўчыкаў” трапіў і С. У. Сабко: накіравалі ў калгас імя Вышынскага Івянецкага раёна, а праз паўгода далучылі яшчэ адзін – калгас “Крэмль” Дзяржынскага раёна. Назву ўзбуйненай гаспадарцы даў сам – “Шлях да камунізму” і з поўнай упэўненасцю пакрочыў у светлую будучыню. Яго слова было законам – гэта ведалі ўсе: і высокае начальства, і простыя калгаснікі. Яму верылі і безагаворачна падпарадкоўваліся, сцвярджаючы: як Сабко скажа, так і павінна быць. Амаль тысячны калектыў стаў адзінай камандай, а працоўныя поспехі натхнялі на новыя вышыні. Шэсць гадоў запар – з 1973 па 1978-ы – калгас станавіўся пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва, займаў першае месца ў рэспубліцы па ўраджайнасці льну, валавым надоі малака на карову. Больш за сорак калгаснікаў удастоіліся ўрадавых узнагарод, а свінарка з’яўлялася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. За гады праўлення С. У. Сабко непазнавальна змянілася цэнтральная сядзіба гаспадаркі – пасёлак Рочавічы. Гаспадарчым спосабам былі пабудаваны двухпавярховы адміністрацыйны будынак, восем двухпавярховых катэджаў для працаўнікоў, сярэдняя школа, лазня, камбінат бытавога абслугоўвання, меліся свой зубаўрачэбны кабінет і пчальнік на 40 вулляў. Новая асфальтаваная дарога праз Дзяржынск злучыла глыбінку са сталіцай. А ўзведзенае 30-гектарнае возера паблізу мястэчка і да гэтай пары з’яўляецца адной з галоўных славутасцей не толькі Стаўбцоўшчыны, але ўсёй Мінскай вобласці. Вялікую дапамогу калгасу аказвалі шэфы: вопытна-механічны завод і холадакамбінат Кастрычніцкага раёна сталіцы, аўтакамбінат № 2 г. Мінска. Дзякуючы ім былі ўзведзены навесы для камбайнаў, а інжынерная служба не мела праблем з рамонтам ці забеспячэннем запаснымі часткамі, улічваючы, што на палетках працавала шмат найноўшай дорагакаштуючай замежнай тэхнікі. Дбаў ён і пра дабрабыт вяскоўцаў: кожны ў карыстанні меў па гектару зямлі, на асабістых падворках вырошчвалася шмат скаціны. Ніколі не было ў працаўнікоў праблем ні з апрацоўкай глебы, ні са збытам жывёлы – усё рабілася цэнтралізавана па асабістым загадзе старшыні. За клопат і ўвагу да сябе людзі стараліся не падвесці свайго кіраўніка. Ён жа лічыў, што чалавеку трэба плаціць за працу, а не за гадзіны знаходжання на рабочым месцы: колькі зарабіў – столькі і атрымай. “Не магу сказаць, што я быў занадта лаяльным і паблажлівым, аднак усё стараўся вырашаць па-людску, – гаворыць С. У. Сабко. – Калі хто правініўся – караў, але так, каб не зачапіць за жывое. Ну, зрабіў чалавек памылку, аднак гэта зусім не азначае, што ён подлы, проста абставіны няпростыя склаліся ў той момант”. …У Сцяпана Усцінавіча – выдатнае пачуццё гумару, адкрытая і добрая душа, вялікае і шчодрае сэрца. Заўсёды жыў па законе, вякамі вывераным у народзе: “Не бяры нічога – і не бойся нікога!”. Старшынстваваў у гаспадарцы-мільянеры, а для сябе не нажыў ніякага багацця – усё рабіў дзеля росквіту і дабрабыту калгаснікаў, іх лічыў галоўным здабыткам і капіталам. Летась С. У. Сабко святкаваў 90-годдзе. Як сам зазначыў, гасцей за сталы садзіў у тры заходы – столькі назбіралася-панаехала жадаючых павіншаваць юбіляра. Значыць, правільна жыў і рабіў, калі заслужыў такую вялікую пашану ад людзей. Алена ЗАЛЕСКАЯ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
…Мільгаюць дні, гады, дзесяцігоддзі. Змяняюцца пакаленні. Час і людзі робяць гісторыю, пра якую варта не толькі памятаць, але і ведаць яе. Рэдакцыя газеты...
|
|