Непаўторны голас аграгарадка. 21.by

Непаўторны голас аграгарадка

25.09.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

спадчына куритичи7

Народны фальклорны ансамбль “Спадчына” Курыціцкага сельскага Дома культуры быў жаданым госцем на некалькіх канцэртных пляцоўках сёлетняга фестывалю “Кліч Палесся”. Збіраў вакол сябе аматараў народнай песні, добрай музыкі, самабытнага палескага фальклору. І адначасова ў дзявяты раз пацвердзіў званне “народны”.

Больш сарака гадоў калектывам кіруе апантаная сваёй справай Тамара Хаменя. Працяглы час давялося ёй працаваць і дырэктарам СДК, але цяпер яна зноў працуе толькі са сваім калектывам, сумяшчаючы абавязкі мастацкага кіраўніка і акампаніятара. Некалі ў вёсцы гарманістаў хапала, у калектыве працавалі Віктар Плікус і Валерый Сітніца. Цяпер Тамары Мікалаеўне даводзіцца самой быць адзіным музыкантам на ўсе суседнія вёскі. Некалі скончыла курсы баяністаў і з яе талентам гэтага хапіла, каб на слых у момант падабраць любую мелодыю і нават самой стварыць музыку на любы верш.

Некалі ў 1975 годзе калектыў пачынаўся з хору, а ў 1992 – упершыню стаў “народным”. У рэпертуары сёння больш 250 песень, дзясятак абрадаў. Некалькі гадоў таму іх абрад святкавання другога дня вяселля ўвайшоў у дакументальны фільм беларускага тэлебачання.

За больш як чатыры дзясяткі гадоў многія жыхары цяперашняга аграгарадка пакінулі свой след у творчасці калектыву. Цяпер ганаровым госцем канцэртаў з’яўляецца яго былая артыстка Антаніна Траяноўская. Была ля вытокаў стварэння і па сёння выходзіць на сцэну Вера Шэлег. Песні сваіх матуль і бабуль памятаюць і прынеслі ў рэпертуар Ева Баўсун, Ніна Машук, Людміла Шэлег, Лідзія Несцярэнка і Валянціна Барадзіна.

Самабытнасць калектыву ярка падкрэсліваюць касцюмы жанчын. Сарочкі і фартухі майстрыхі вышывалі самі, падбіраючы сабе ўзоры. І так атрымалася, што ўборы іх спрэс у яркіх кветках. Аднаўляючы і папаўняючы іх уласнымі рукамі, цяпер вырабляюць какошнікі, у якіх у хуткім часе плануюць выйсці з чарговай праграмай.

Жанчыны калектыву – сапраўдныя майстрыхі. Іх вышыўкамі, вязанымі рэчамі, дыванкамі можна напоўніць не адну выставу. У тым ліку славяцца гэтым жаночым рамяством і маладзейшыя ўдзельніцы калектыву Ірына Герасіменка, Яўгенія Хаменя, Ірына Баўсун і Людміла Хаменя.

Новую, жывую хвалю прыносяць у рэпертуар і маладыя выканаўцы, у тым ліку і сучаснымі песнямі, якія карыстаюцца немалым попытам. Гэта Наталля Шэлег, Вольга Зубар, Людміла Хаменя. Два гады таму, калі калектыў пацвярджаў званне, дапоўніў жаночы гурт і адзіны мужчына Андрэй Цімашышын.

Тамара Хаменя і Людміла Шэлег таксама спяваюць у мясцовай царкве. Настаяцель храма іконы Божай маці “Неспадзявая радасць” айцец Сергій праводзіць многа мерапрыемстваў, чым зацікавіў і школьнікаў. Адтуль Тамара Мікалаеўна прывяла ў свой калектыў яго самых маленькіх удзельнікаў. Цяпер у абрадавых пастаноўках і канцэртных праграмах удзельнічаюць восем дзяўчынак і два хлапчукі. Дзяўчатам жанчыны ўжо зладзілі народныя касцюмы, а хутка і хлапчукі апрануць расшытыя рукамі майстрых сарочкі.

Тамара Хаменя з задавальненнем адзначае, што штогод іх калектыў папаўняецца маленькімі артыстамі. Вось і цяпер з кастрычніка ў Доме культуры набіраецца новая група. Кіраўнік калектыву па вопыце многіх гадоў ведае, што менавіта дзеці дадаюць іх выступленням асаблівы інтарэс і пэўную колькасць гледачоў. Толькі сёлета юныя артысты ў тым ліку і з уласнай праграмай выязджалі з канцэртамі для ўдзельнікаў жніва, былі на сцэне на злёце перадавікоў.

“Спадчына” – універсальны калектыў. Спетыя галасы на “біс” выканаюць любую кампазіцыю нават без рэпетыцыі. Пры неабходнасці самадзейныя артысткі лёгка пераробяць любы тэкст і парадуюць гледачоў знаёмай мелодыяй з новымі словамі. Згуртавана вырашаюць і іншыя пытанні – плануюць аднавіць некаторыя элементы касцюмаў. А вось сабраць сродкі на новыя гармонік і бубен не атрымліваецца. Чакаюць спонсара. І абяцаюць, атрымаўшы новыя інструменты, напоўніць праграму новым гучаннем і непаўторнасцю.

Алена БРУЦКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Народны фальклорны ансамбль “Спадчына” Курыціцкага сельскага Дома культуры быў жаданым госцем на некалькіх канцэртных пляцоўках сёлетняга фестывалю “Кліч...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика