Быць маці значыць быць моцнай. 21.by

Быць маці значыць быць моцнай

12.10.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чалавек на працягу жыцця шукае абсалютнае шчасце. Вось у цябе ёсць любімая работа, новы аўтамабіль, дом, сям’я, дзеці, адбылася чаканая паездка на мора… Гэта прыносіць задавальненне, цудоўны настрой, эйфарыю.

Лічу, што ўсё гэта такія дробязі, якія мы не павінны прымаць за абсалютнае шчасце. Шчасце, на мой погляд, калі ты здаровы, калі ў цябе ёсць сілы здзяйсняць нешта новае ў сваім жыцці. Але найбольшае шчасце – калі жывыя і здаровыя твае дзеці і бацькі.

Маці – вось галоўны чалавек, ад прысутнасці якога ў жыцці мы атрымліваем дадатковую моц і адчуванне абсалютнага шчасця. Гэта чалавек-анёл, які заўсёды думае пра цябе, клапоціцца, дапамагае справіцца з самай складанай сітуацыяй. Упэўнена, што калі ідуць з жыцця маці, чалавек страчвае тое, што нельга замяніць ніякімі іншымі дабротамі.

13

Валянціна Адамоўская (на здымку) нарадзіла і выхавала семярых дзяцей. Мае ордэн Маці.  Прызнаецца, што гэта нялёгкая справа – быць маці. Але вунь якімі цудоўнымі людзьмі сталі дзеці Валянціны Пятроўны! І яна не без гонару распавядае пра кожнага з іх. Яшчэ больш ганарыцца сваімі ўнукамі, якіх ужо дванаццаць.

Напярэдадні Дня маці мы завіталі ў дом Валянціны Пятроўны і Рыгора Гаўрылавіча Адамоўскіх, каб даведацца пра іх вялікую сям’ю. Як жылі, будавалі будучыню, радаваліся поспехам і дасягненням дзяцей? Валянціна Пятроўна склала рукі, седзячы за сталом, дзе прыгожа на сподачку быў раскладзены восеньскі нацюрморт з яблыкаў і вінаграду са свайго сада, і распачала свой аповед.

– Я мясцовая, бабуніцкая. Муж мой з Івашкавіч. Пазнаёміліся ў Міхедавічах, калі ён працаваў брыгадзірам паляводчай брыгады, а я – памочнікам. У лістападзе пажаніліся. Там, у Міхедавічах, пражылі дзесяць гадоў. Адзін за адным пайшлі дзеці. Сядзець у адпачынку па доглядзе дзіцяці раней не было магчымасці, таму я выходзіла на працу, а дзяцей глядзела бабуля-суседка. У іх з мужам сваіх дзяцей не было.

У Бабунічы мы пераехалі ў 1982 годзе, дзе былы саўгас нам даў вось гэты дом. Муж тут працаваў на вырабе травяной мукі, перапрацоўцы мяты. Яго агульны працоўны стаж – 44 гады, мой – 36.

Першынец Юра нарадзіўся ў 1972 годзе. Ён пасля заканчэння Мазырскага педінстытута працаваў у Слабадзе дваццаць гадоў, пакуль не закрылі школу. Настаўнічала там і яго жонка. Цяпер нявестка занята ў школе-інтэрнаце ў Петрыкаве. Юру давялося змяніць галіну дзейнасці. Ён цяпер працуе на ГАКу ў ахове. У іх дачка.

Дачка Ірына наша жыве ў Падмаскоўі. Вучылася на тэлефаністку, але не працуе, займаецца дамашняй гаспадаркай. Сям’ю забяспечвае муж. Ды і дзеці іх самастойныя. Пра ўнука Яўгена Швяца “раёнка” пісала. Гэта наш старэйшы ўнук, яму 23 гады. Ён балетмайстар-пастаноўшчык. Навучанне працягвае ў магістратуры і адначасова выкладае свой прадмет.

Дачка Наташа жыве тут, у Бабунічах, працуе бухгалтарам у сельвыканкаме. Зяць працуе вадзіцелем у сельгаспрадпрыемстве. У іх двое дзяцей.

Сын Аляксандр у Петрыкаве, працуе ваенным камісарам. У яго трое дзетак. Пасля заканчэння Ваеннай акадэміі службу праходзіў у Полацку. Нявестка Святлана таксама была ваеннаслужачай, цяпер – у галіне адукацыі.

Дачка Лена таксама засталася ў Бабунічах, як і наша Наташа. Працуе ў гандлёвым павільёне прадаўцом. Выхоўвае сына-дзевяцікласніка.

Дачка Юля ў Гомелі. Яна прадавец. У яе дзве дачушкі і цяпер у чаканні дзіцятка.

Сын Алег там жа, у Гомелі. Скончыў БелДУТ, а пазней перавучыўся і цяпер працуе ў службе ДАІ. Нядаўна нам прыйшоў удзячны ліст за яго добрасумленную работу. У Алега маленькі сынок.

Што датычыць нашага жыцця, то ў мяне ўжо здароўя няма. Перанесла дзве аперацыі па анкалогіі. Да таго, хварэю на гіпертанію, цукровы дыябет. Я не жалюся, а наадварот хачу сказаць дзякуй сваім дзецям за клопат. Дзякуючы ім я жывая і працягваю змагацца за жыццё.

У доме нашым заўсёды людна. Усё лета гасцявалі шасцёра ўнукаў. На святы ды і проста на выхадныя дзеці наведваюцца да нас. Сыны пабудавалі ў двары лазню, парацца, адпачываюць.

Апрацоўваем яшчэ 30 сотак зямлі, трымаем гаспадарку. Саша быў у водпуску, дапамог выкапаць бульбу. Ураджай сёлета добры: каля 120 мяхоў накапалі і буйной, і на насенне.  Дзеці завітаюць, будзе што пакласці ў багажнік аўто. Трэба ж нечым дапамагаць.

Увогуле скажу, што цяпер складана моладзі жыць: жыллё дарагое, жыццё дарагое. Каб спачатку стварыць сабе нейкія ўмовы, трэба моцна пастарацца. А без падтрымкі бацькоў наўрад ці справяцца. Тое ж і з нараджэннем дзяцей. Няпроста адважыцца на тое, каб стаць маці.

Калі ўсё будзе добра, то ў лістападзе 2021 года адзначым з Рыгорам Гаўрылавічам 50 гадоў сумеснага жыцця.

…Рыгор, стаўляй чайнік, хопіць нам ужо гаманіць, будзем піць чай!

– Дзякуй Вам, паважаная Валянціна Пятроўна, за аповед, за гасціннасць, за дзяцей, якіх Вы вывелі ў свет! Здароўя, дабрабыту і душэўнага спакою! Са святам Вас і ўсіх матуль і бабуль! Будзьце шчаслівыя сёння і заўсёды!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чалавек на працягу жыцця шукае абсалютнае шчасце. Вось у цябе ёсць любімая работа, новы аўтамабіль, дом, сям’я, дзеці, адбылася чаканая паездка на мора… Гэта...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика