Сумаваць сабе не дазваляю. 21.by

Сумаваць сабе не дазваляю

Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Петрыкаускiя навiны

Чытачы нашай газеты часта тэлефануюць у рэдакцыю. Бывае, з набалелым, просяць дапамогі з вырашэннем праблемы. Радуе, калі тэлефануюць і дзякуюць за артыкул. А бывае, што чалавеку на другім канцы тэлефоннага провада трэба проста пагаварыць, з кімсьці падзяліцца думкамі, расказаць сваю гісторыю.

Сумаваць сабе не дазваляю

– Ведаеце, мая мама цудам засталася жывая ў жэрле вайны, – голас у тэлефоннай трубцы дрыжэў. – У той фатальны дзень жыхароў нашай вёскі немцы сартавалі налева і направа. І тыя, хто сыходзіў налева, – развітваліся з жыццём назаўжды...

З фатакарам газеты мы выехалі на інтэрв’ю на наступны дзень. Свяціла яркае сонца, надвор’е цешыла цяплом, але  адчувалася, што сустрэча з героем артыкула будзе нялёгкай.

Гісторыю свайго жыцця Надзея Зіновіч (у дзявоцтве  Курыка) працягнула ўжо ў сваім доме. У Капаткевічах яна пражыла практычна ўсё жыццё. Скончыўшы ўніверсітэт у Гомелі, яна вярнулася на радзіму. Тут, на вуліцы Інтэрнацыянальнай, склаўся яе лёс. Не самы лёгкі.

– Жыхароў вёскі Лаўстыкі Акцябрскага раёна падзялілі напалову, – пачала свой аповед Надзея Аляксандраўна. – Што сталася з тымі, хто пайшоў направа, невядома, але мама апынулася ў левай частцы, а потым іх загналі ў хлеў. Яшчэ хвіліна жыцця і хлеў падпалілі. Людзі вар’яцелі. Маму выратавала толькі тое, што яна стаяла каля дзвярэй. Хтосьці з акупантаў адчыніў іх для таго, каб выпусціць некалькі чалавек для таго, каб гналі пад вартай нямецкіх салдатаў кароў.

Немец патрапіў бязлітасны, так моцна біў па спінах, што нават выжыўшы, на целе маці на ўсё жыццё застаўся шнар. Як высветлілася, яна і яшчэ некалькі чалавек ішлі ў Капаткевічы.

Далей я ведаю, што мама ў час Айчыннай вайны працавала сувязной Капаткевіцкага партызанскага атрада, а затым 125-й брыгады.

Тату адправілі ў Дарніцу рамантаваць танкі, траіх дзяцей ад першага шлюбу – у інтэрнат. Па яго вяртанні двое дзяцей памерлі.

Бацькі пазнаёміліся пасля вайны, былі суседзямі. На месцы майго дома быў невялікі бункер. Тата нацягаў з аэрадрома матэрыялы і пабудаваў тут маленькую хатку. Паступова дом пачаў вырастаць.

У школе я любіла займацца спортам, абараняла гонар пасёлка на раённых і абласных спаборніцтвах, таму і выбрала сабе адпаведную спецыяльнасць. Паступіла на фізкультурніка.

Адпрацоўка ў мяне была ў Гродне, але там я пражыла нядоўга. Вярнулася на працу ў  Пціч настаўнікам фізкультуры.

Неяк стаю на прыпынку, падыходзіць да мяне хлопец знаёміцца. Кавалер родам з Чалюшчавічаў. Закахаўся з першага погляду. Кажа, трэба ажаніцца. Ён як раз заканчвае Тульскага вышэйшае ваеннае вучылішча.

Пасля яго выпускнога мы згулялі вяселле.

Яго як ваеннага размеркавалі ў Казахстан. Пераехалі. Там у нас нарадзіўся сын Дзімка.

Усё, здавалася, ідзе добра: дом, праца, сям’я, пакуль мужа не адправілі ў Новасібірск на перакваліфікацыю. Там ён сустрэў іншую жанчыну.  Развяліся.

Вярнуўшыся ў родныя мясціны, уладкавалася на працу ў Капаткевіцкую школу-інтэрнат.

Сын Дзіма вырас, атрымаў добрую прафесію, завёў сям’ю. На жаль, з першай жонкай не склалася, таму рассталіся. Праз некаторы час зноў ажаніўся. Здавалася б, жыць ды радавацца, але нечакана прыйшла бяда – у сына выявілі сур’ёзнае захворванне. Змагаліся доўга, але анкалогія была мацней...

Ці ж лёгка такое перажыць? Я пахавала бацькоў, сына. Сястра Ніна, 1949 года нараджэння, таксама памерла ад анкалогіі.

Дзеля справядлівасці трэба прызнацца, я была замужам двойчы. Мне прыснілася, што купляю боты – знак, што хутка будзе вяселле. Так і сталася. Але і ў другі раз не сышлося, развяліся. Да пенсіі працавала ў школе-інтэрнаце настаўніцай. Маю 36 гадоў стажу.

Зараз жыву адна. Трымаю невялікую гаспадарку, агарод. Расслабляцца і сумаваць сабе не дазваляю. Радуюся кожнаму дню. Па вечарах гляджу тэлеперадачы, чытаю газеты. Такое маё жыццё.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чытачы нашай газеты часта тэлефануюць у рэдакцыю. Бывае, з набалелым, просяць дапамогі з вырашэннем праблемы. Радуе, калі тэлефануюць і дзякуюць за артыкул. А бывае,...
 
 
 


Архив (Новости Общества)

21.by в социальных сетях



Партнёры

  • плащи мужские классические вот
© 2004-2018 21.by
Яндекс.Метрика