Школа – тэрыторыя бяспекі?. 21.by

Школа – тэрыторыя бяспекі?

19.10.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Калі ў сям’і нараджаецца дзіця, у сэрцах маладых бацькоў назаўсёды пасяляецца неспакой. Пакуль дзіцятка маленькае, мама і тата турбуюцца, ці хапае ў яго ежы, ці сапраўды яно адчувае сябе добра. Калі малеча падрастае і пачынае адасоблівацца ад бацькоў, хваляванне толькі ўзрастае. Для бяды, як вядома, хапае нават секунды. Не паспееш азірнуцца – а дачушка цягне рукі да гарачай пліты ці сынок упэўненым крокам збочвае з бяспечнага тратуара. А мама і тата напагатове. Яны засцерагуць, абароняць. А потым прыходзіць час, калі любімае дзіця махае ручкай і знікае за дзвярыма школы. І бацькі не могуць увесь час быць побач. Але яны павінны быць упэўнены, што за школьнымі дзвярамі іх сын ці дачка знаходзяцца ў бяспецы.
Дети 1 класса.jpg

Менавіта дзеля бяспекі дзяцей у школах і садках нашага раёна дзейнічае абмежаваны доступ. Гэтае пытанне рэгулюецца шэрагам дакументаў. Больш падрабязна расказаў пра абмежаваны доступ начальнік упраўлення адукацыі Смаргонскага райвыканкама Ігар Шчасны.

“Калі гаварыць пра заканадаўчую базу, успамінаем адразу дырэктыву №1 “Аб мерах па ўзмацненні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”. Ёсць і лакальныя дакументы, згодна з якімі рэгулюецца з’яўленне старонніх людзей у школах горада. Я лічу так званы прапускны рэжым цалкам лагічным. Усё ж такі школа – месца масавага скаплення людзей. Што мы робім для бяспекі цяпер?

Ва ўсіх школах горада ўстаноўлены сістэмы відэаназірання і трывожныя кнопкі, вызначаны людзі, адказныя за пропуск наведвальнікаў. І мы плануем развівацца ў гэтым кірунку далей. А калі гаварыць пра дзіцячыя садкі, то закрытыя як будынкі, так і ўся тэрыторыя. Без дазволу туды не толькі не зойдзе чужы чалавек, але і дзіця не зможа выйсці без суправаджэння бацькоў. Калі мы прымаем дзяцей у навучальную ўстанову, то нясём адказнасць за іх жыццё і здароўе. Таму прашу бацькоў адносіцца з разуменнем да такіх мер бяспекі”.

Каб упэўніцца, што сапраўды ў школы няма доступу староннім, мы “прабраліся” ў некаторыя навучальныя ўстановы горада.

Першае, што сустрэла нас у школе №7, – надпіс “Вядзецца відэаназіранне”. А далей парога нас не пусціў строгі вахцёр. Патрабаванняў няшмат: назваць сваё прозвішча і прозвішча таго, да каго прыйшлі, запісацца ў журнал уліку наведвальнікаў і пакінуць аб’ёмную сумку ля вахты. Здавалася б, далей шлях вольны. Але праз некалькі метраў папрасіў яшчэ раз прадставіцца дзяжурны настаўнік. Толькі пасля гэтага пад пільным вокам дзяжурных вучняў мы змаглі трапіць у кабінет намесніка дырэктара Марыі Сташко. Марыя Эдуардаўна расказала, што раніцай у школу могуць трапіць толькі бацькі першакласнікаў. Для самых маленькіх вучняў ёсць асобны ўваход. Пасля пачатку першага ўроку ўваход гэты зачыняецца. Цяпер ужо бацькі самых маленькіх вучняў павінны прайсці нам ужо вядомы шлях: камера відэаназірання, запіс у вахцёра і гэтак далей.

Пашчасціла і вучням малодшых класаў школы №5. Для іх і бацькоў таксама дзейнічае асобны ўваход. Ён адкрыты на працягу ўсяго вучэбнага дня. Але і там маецца журнал уліку наведвальнікаў, у які кожны мусіць запісацца, перш чым пройдзе да класаў. На галоўным уваходзе дзейнічаюць тыя ж правілы, што і ў школе №7: камера, вахта, дзяжурны настаўнік. Дырэктар навучальнай установы Раіса Захарыч прызнаецца, што канфліктаў з бацькамі на глебе бяспекі не было. У пачатку навучальнага года агульныя для ўсіх правілы былі агучаны на бацькоўскіх сходах. Быў толькі адзін выпадак, калі бацька аднаго з вучняў прапанову запісаць сваё прозвішча ў журнал палічыў асабістай абразай. Прыйшлося ўмяшацца Раісе Іосіфаўне, інцыдэнт быў вычарпаны адной размовай.

Не прапусцілі нас без запісу і ў школу №1. Запэўнілі, што свой подпіс у журнале давядзецца паставіць нават старшыні райвыканкама, калі той захоча наведаць навучальную ўстанову. А яшчэ кожнага наведвальніка неабходна правесці да патрэбнага кабінета. Дырэктар Ала Коваль была цалкам задаволена дзеяннямі сваіх супрацоўнікаў. Яна расказала, што такія меры бяспекі прымаюцца выключна дзеля дзяцей. Безумоўна, бацькі маюць права цікавіцца вучэбным працэсам. А вахта – не такая ўжо вялікая перашкода. Тым больш, што кожная чацвёртая субота месяца аб’яўлена бацькоўскай. Мамы і таты ў гэты дзень могуць пагаварыць аб паспяховасці сваіх дзяцей з любымі настаўнікамі.

Не стала выключэннем з агульнага правіла гімназія. Як і ў папярэдняй школе, малодшыя класы не маюць асобнага ўваходу, таму раніцай развітацца з дзецьмі давядзецца не далей за фае. І некаторыя бацькі першакласнікаў былі абураны гэтым. Але з усімі знойдзена агульная мова. Бо мэта і ў бацькоў, і ў настаўнікаў, і адміністрацыі адна – каб дзеці маглі атрымліваць веды ў бяспецы. Шляхам дыялогу прыйшлі да агульнага рашэння: раніцай самых малодшых вучняў забірае з фае і вядзе ў клас настаўнік. Калі вы прыйшлі раней ці пазней вызначанага часу, дзіця можа дайсці да класа самастойна. Можна таксама папрасіць аб дапамозе дзяжурных.

Цяжка ўявіць, што ў нашым досыць спакойным горадзе можа здарыцца такая бяда, калі чалавек са злымі намерамі пранікне ў школу ці дзіцячы садок. Але калі мы можам яшчэ паменшыць гэтую верагоднасць, то нельга заставацца раўнадушнымі і дапускаць недаравальных памылак.

Пасля убачанага ў школах горада мы ўпэўніліся, што ўсе меры перасцярогі, якія даступны ўстановам адукацыі сёння, прыняты. У той жа час для бацькоў застаецца магчымасць пры неабходнасцi наведваць школу i кантраляваць навучальны працэс сваiх дзяцей. Прапускны рэжым не можа i не будзе для гэтага перашкодай.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі ў сям’і нараджаецца дзіця, у сэрцах маладых бацькоў назаўсёды пасяляецца неспакой. Пакуль дзіцятка маленькае, мама і тата турбуюцца, ці хапае ў яго ежы, ці...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика