Дарогу пракладае моцны. 21.by

Дарогу пракладае моцны

06.11.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Украіны, лаурэат Дзяржаўнай прэміі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Юрый Грыневіч. Напэўна, імя гэтага чалавека ведаюць адзінкі ў нашым раёне. Можа, толькі былыя яго землякі са Старыны, якім лёс даў шанс дажыць да паважанага ўзросту, ды некалькі краязнаўцаў-аматараў. Але сам Юрый Акімавіч ніколі не забываў пра той куточак Палесся, дзе пачалося яго жыццё, прайшло дзяцінства, апаленае агнём Вялікай Айчыннай вайны. Летась, нягледзячы на ўзрост, а найперш на занятасць, бо ў свае 80 гадоў працягвае працаваць галоўным пазаштатным спецыялістам нацыянальнага інстытута раку, анкаімунолагам і імунатэрапеўтам, ён прыехаў у амаль пустую Старыну на адкрыццё памятнага знака ў гонар герояў Палескага партызанскага злучэння пад камандаваннем Івана Ветрава.

У кнізе мемуараў “Прафесар Юрый Грыневіч: дарогу адолее той, хто ідзе”, згадваючы ваеннае ліхалецце, ён з цеплынёй гаворыць пра партызанаў, самога Івана Ветрава, якія знаходзілі час на іх малых – Гену Беразоўскага, Зіновія Плышкевіча, Валодзю Целеша, Мішу Цімашкова, Гену Корбута, Лёню Азёмшу, Надзю Богук, Кацю і Ваню Харчанкаў, Мішу Кікара – і на каня падсадзяць, і шапку з зоркай дадуць прымераць, і пагутараць па-бацькоўску. А сам камандзір партызанскага злучэння жыў у доме дзядзькі Юрыя Акімавіча – Мікалая Якаўлевіча.

– Памятаю, як аднойчы партызаны вярнуліся з чарговай аперацыі, прывезлі ў санях двух забітых байцоў, – піша ў лісце ў рэдакцыю наш зямляк. – Іх пахавалі тады на вясковых могілках. Прыемна было бачыць, што і сёння гэтыя магілы дагледжаныя, пра герояў памятаюць, імі ганарацца.

Са скрухай узгадвае мужчына і пра тое, што сям’я не мела звестак пра бацьку Акіма Якаўлевіча, які быў мабілізаваны на фронт. Толькі пасля вайны сям’я атрымала пахаванку. Зайздросна было малому хлопцу і яго брату Фёдару, што іншым прыносяць лісты ад родных з фронту. Жаданыя трохкутнікі сталі прыходзіць і ў сям’ю Грыневічаў – ад стрыечнага брата Віталя, партызана, цяпер байца Чырвонай Арміі, сына таго дзядзькі Міколы, які на той час памёр.

Дарэчы, наш зямляк Віталь Грыневіч быў дэмабілізаваны пасля Перамогі ў званні маёра, скончыў Ваенную акадэмію і стаў авіяцыйным метэаролагам у Ленінградзе. Напрыканцы жыцця зрабіў многа каштоўных запісаў пра сваё жыццё. Іх цяпер захоўвае яго дачка Таццяна ў Магілёве. Згадваў там Віталь Мікалаевіч, як загінулі яго маці і брат. У адну з непагадзяў моцна захварэў і вымушаны быў прыйсці з партызанскага атрада дадому, хаваўся на гарышчы. Але нехта данёс, што сям’я хавае хворага партызана. Прыехалі паліцаі і немец, білі яго маці Пелагею, малодшага брата Аркадзя. Потым павезлі некуды і больш яны не вярнуліся. Нават пасля вайны Віталь так нічога і не змог даведацца пра іх лёс.

Цяпер як урач-эпідэміёлаг па адукацыі Юрый Акімавіч разумее ўсе тыя дзеянні, што разгарнулі немцы ў час эпідэміі тыфу.

Калі акупанты забралі мясцовых людзей з лесу, усіх накіравалі ў лазню, а адзенне прапеклі ў дэзкамерах. Хворых ізалявалі ў асобныя “лазарэты” ў вёсках, потым там іх і палілі, так тое адбылося і ў Старыне. Аднак пра такія падзеі няма звестак нават на мемарыяльным комплексе “Хатынь”.

– У Старыне было два лазарэты – у доме маёй бабулі і ў школе, – чытаем ва ўспамінах Юрыя Грыневіча. – Мясцовых людзей вазілі ў такія лазарэты ў іншыя вёскі. Мяне, брата і матулю везлі ў вёску, здаецца, Гурыны. Маці Зоя Іванаўна ўжо амаль аправілася ад хваробы, брат таксама. Неяк ён, калі хадзіў шукаць ежу, пачуў, што іх чакае і што трэба ўцякаць. Ноччу ў час уцёкаў натрапілі на немца, які быў вартавым на чыгунцы. Відаць, ён таксама быў бацькам, сумаваў па сваіх дзецях, таму не схапіў нас, не стрэліў, а дапамог, паказаў, куды бегчы.

Юрый Грыневіч за працай

Юрый Грыневіч за працай

У памяці мужчыны дасюль захаваўся вобраз урача, які лячыў іх ад тыфу ў тым лазарэце. Потым, шукаючы пра яго звесткі, Юрый Акімавіч даведаўся, што ўрача расстралялі партызаны, нібыта за службу немцам. Як урач наш зямляк упэўнены, што і сам бы без разважанняў лячыў людзей, незалежна ад таго, салдаты якой арміі стаяць побач са зброяй.

– Амаль знікла мая родная вёска Старына, – завяршае свой ліст у рэдакцыю прафесар Грыневіч. – Няма майго дома. Але засталіся магілы бабулі, дзядзькі Мікалая, маёй настаўніцы Фімы Лаўрэнцеўны, якая ўзнавіла работу школы ў 1944 годзе. Былі два алоўкі на ўвесь клас, замест сшыткаў – папера, у якую закручвалі боепрыпасы. Была адна мая Радзіма – Старына, уся Беларусь, затым Украіна. Цяпер я ўсюды чужаземец. Ва Украіне я беларус, бо не змяніў некалі сваю нацыянальнасць. А ў Беларусі – я жыхар Украіны, бо маю такі пашпарт. У Кіеве некалі жыў на вуліцы Суворава, слаўнага палкаводца. Цяпер вуліца носіць імя Міхаіла Амельяновіча-Паўленкі – камандзіра батальёна аховы тылу немцаў. Тых немцаў, якія забілі майго бацьку, палілі маіх аднавяскоўцаў, расстрэльвалі родных, пакінулі мяне і тысячы тысяч іншых дзяцей без дзяцінства. І з гэтым жыць?

У кнізе ўспамінаў знакаміты зямляк расказвае, як лёс закінуў іх сям’ю ва Украіну. Пасля вызвалення брат Фёдар падарваўся на снарадзе. З цяжкімі раненнямі яго павезлі ў мазырскую бальніцу. За сынам паехала і маці. Уладкавалася пры бальніцы швачкай, каб быць побач з Фёдарам. Там сустрэлася з далёкай сваячкай з Оўруча і пасля выздараўлення сына паехала з ім да той жанчыны. Там маці выйшла замуж за афіцэра, у якога таксама быў сын, і паехала ў Камянец-Падольскую вобласць. Калі ў 1948 годзе памерла ў Старыне бабуля, з якой усе гэтыя гады жыў Юрый, бо маці было не асіліць карміць двух сыноў, Юрыя забралі.

Фёдар скончыў вышэйшае ваенна-марское інжынернае вучылішча ў Севастопалі, быў сталінскім стыпендыятам. Служыў ва Уладзівастоку інжынерам атамнай падводнай лодкі. Потым працаваў у інстытуце ядзерных даследаванняў НАН Украіны. Будаваў атамныя рэактары ў Кіеве, Егіпце, у якасці агента МАГАТЭ працаваў у Вене.

Юрый Акімавіч у 1960 годзе скончыў Кіеўскі медыцынскі інстытут і адразу атрымаў пасаду намесніка галоўнага ўрача Стараканстанцінаўскай раённай бальніцы, дзе і жыў дагэтуль з сям’ёй. Ужо праз год на конкурснай аснове быў выбраны малодшым навуковым супрацоўнікам імуналагічнай лабараторыі Украінскага інстытута клінічнай медыцыны. У трыццаць гадоў стаў кандыдатам медыцынскіх навук. Больш дзесяці гадоў працаваў намеснікам дырэктара па навуковай частцы Кіеўскага навукова-даследчага рэнтгена-радыелагічнага і анкалагічнага інстытута. Да пяцідзесяці гадоў паспеў стаць прафесарам алергалогіі і імуналогіі. Разам са сваім калектывам Юрый Грыневіч даследаваў механізмы супрацьдзеяння злаякасным і дабраякасным пухлінам, распрацоўваў метады супрацьпухліннай імунатэрапіі. Яго напрацоўкі выратавалі жыцці дзясяткам ліквідатараў аварыі на ЧАЭС. Цяпер тыя навуковыя даследаванні леглі ў аснову вакцыны супраць папіломавіруснай інфекцыі, што выклікае рак шыйкі маткі.

Дваццаць сведчанняў і патэнтаў на вынаходніцтвы, 22 манаграфіі, больш пяцісот навуковых прац, 18 доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, падрыхтаваных пад яго кіраўніцтвам – спіс яго навуковых дасягненняў, як і ўзнагарод, нават урадавых, можна працягваць доўга. Але галоўнае, гэта тысячы жыццяў, выратаваных дзякуючы яго працам, сотні вучняў, якія працягваюць яго справу.

– ХХІ стагоддзе стала стагоддзем навуковай імуналогіі, – падагульняе доктар медыцыны. – Навука – гэта здабыча карыснай руды: дастанеш руду і знойдзеш выкапні. Усё маё жыццё было прысвечана пошукам патрэбнага накірунку да каштоўных ведаў, адкрыццяў, пракладання шляху тым, хто ідзе следам за мной і зможа пазбавіць чалавецтва ад цяжкіх хвароб.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА і з архіва Юрыя ГРЫНЕВІЧА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Украіны, лаурэат Дзяржаўнай прэміі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Юрый Грыневіч. Напэўна, імя гэтага чалавека ведаюць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика