Адкрыты дыялог ветэранаў камсамола з моладдзю адбыўся ў Кіраўску. 21.by

Адкрыты дыялог ветэранаў камсамола з моладдзю адбыўся ў Кіраўску

07.11.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Адкрыты дыялог прадстаўнікоў розных пакаленняў моладзі, прысвечаны 100-годдзю ўтварэння ВЛКСМ, адбыўся на базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У сустрэчы, якая прайшла ў шчырай, даверлівай атмасферы, прынялі ўдзел актывісты камсамола раёна 60-70-80-х гадоў, хто ўпісаў свае радкі ў яго гісторыю, а таксама моладзь, якая сёння працягвае лепшыя камсамольскія традыцыі, рэалізуе новыя праграмы, прымае актыўны ўдзел у жыцці грамадства і дзяржавы.

У незабыўныя для запрошаных гасцей часіны дзеяння камсамольскай арганізацыі раёна пераносілі фотоздымкі на выставе, змешчанай у фае. Усе з задавальненнем пераглядалі іх, нагадвалі звязаныя з сюжэтамі фота падзеі, дзяліліся ўражаннямі.
Асаблівы каларыт праграме мерапрыемства надалі песні мінулых гадоў пра камсамольскую маладосць, якія выконвалі вучні школ у межах праводзімага фестывалю “Нам песня строить и жить помогает!».
У сустрэчы прымалі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Бяляўская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Гаўрылава, начальнік аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Траццякова, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Васіль Маркевіч.
А вядучымі, якія задавалі тон размове, прыводзілі звесткі з гісторыі станаўлення і развіцця камсамольскага руху, былі ветэран камсамола раёна Любоў Лазаковіч і першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Алег Бойка.
Усіх прысутных шчыра вітала Таццяна Бяляўская і выказала віншаванні з нагоды 100-гадовага юбілею ВЛКСМ. Яна падкрэсліла, што розныя пакаленні камсамольцаў аб’ядноўвала адзінства традыцый, якія шанаваліся і перадаваліся наступным прадстаўнікам моладзі. Такія паняцці, як гонар, сумленне, адказнасць, агульная справа былі, як гаворыцца, у крыві кожнага. На іх сёння раўняецца маладое пакаленне. Не могуць быць агульнадаступныя і важныя чалавечыя каштоўнасці пустымі словамі…
Таццяна Бяляўская выказала глыбокую ўдзячнасць актывістам камсамольскага руху за іх энтузіязм, актыўную жыццёвую пазіцыю, талент, за тое, што камсамольскі запал пранеслі праз усё жыццё і зараз з’яўляюцца яркім прыкладам для юнакоў і дзяўчат, членаў раённай арганізацыі ГА “БРСМ”.
Далей распачаўся дыялог паміж прадстаўнікамі старэйшага і маладога пакаленняў, насычаны ўспамінамі аб важных вехах камсамольскай біяграфіі першых, і пытаннямі, расказамі аб справах і поспехах
БРСМаўцаў другіх. Дарэчы, ад ветэранаў прагучалі і парады па ўдасканаленні работы.
На сустрэчы прысутнічалі першыя сакратары раённай камсамольскай арганізацыі 80-х гадоў Галіна Саўчанка, якая ўзначальвала райкам з 1981 па 1983 гады, а зараз працуе дырэктарам Каменскай школы-інтэрната, і Міхаіл Дрозд, першы сакратар з 1983 па 1985 гады, цяпер узначальвае прыватнае прадпрыемства “Рукавец”, з’яўляецца членам Савета Беларускага саюза прадпрымальнікаў.
Галіна Мікалаеўна адзначыла, што на Кіраўшчыне прайшло яе станаўленне як кіраўніка. У многіх прысутных на гэтым мерапрыемстве яна вучылася жыццю, рабоце, прыстойнасці ў адносінах з людзьмі. “Таму заўжды з вялікай удзяч­насцю, — падкрэсліла яна, — нагадваю Кіраўскі раён і ўсіх вас, паважаныя калегі, сябры. Ёсць прыгожае слова “людскасць”, гэтая рыса, характэрная кіраўчанам, суправаджае мяне ўсё жыццё. Калі чую пра кіраўскую зямлю, становіцца цёпла на душы. А моладзі скажу: любіце тое месца, якое дало вам пуцёўку ў жыццё, тую зямлю, на якой жывуць вашы бацькі і жывяце вы, любіце жыццё і старайцеся аддаць яму ўсё доб­рае…”.
Атрымалася, што Міхаіл Дрозд выказаў думкі на гэты момант многіх удзельнікаў сустрэчы з ліку ветэранаў камсамола: “Цяжка было ўявіць 45 год таму, што мы ў гэтай зале, дзе ў свой час праходзілі асноўныя афіцыйныя мерапрыемствы камсамольскай раённай арганізацыі (ад рэдакцыі: у дадзеным будынку размяшчаліся райкам партыі і райкам камсамола), сустрэнемся на святкаванні 100-годдзя ВЛКСМ. Час няўмольна рухаецца наперад. Якімі мы былі, калі прыходзілі ў камсамол? Рознымі, з рознымі рысамі характару, але нас аб’ядноўвала тое, што ў душы мы разумелі: трэба рабіць дабро! Камсамол выхаваў такія якасці, як адказнасць, выканаль­насць, прыстойнасць”.
З цеплынёй успомніў Міхаіл Аркадзьевіч тых людзей, з якімі працаваў, з пярвічак, бюро райкама камсамола — не шкадуючы свайго асабістага часу, імкнуліся на высокім узроўні выканаць даручаную справу. І з гонарам ставіліся да таго, што яна даручана менавіта ім…
Адкрыты дыялог працягваўся: слова было дадзена ветэранам камсамольскага руху, якія ў свой час працавалі ў райкаме ЛКСМБ.
Святлана Каранкевіч была сакратаром райкама, загадчыкам аддзела навучэнцкай моладзі і піянераў, пазней — загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі райкама партыі, мае 25 год педагагічнага стажу.
Як адзначыла Святлана Дзмітрыеўна, гады камсамольскай біяграфіі былі напоўнены энтузіязмам, рамантыкай, цікавымі справамі. “Самае галоўнае, — падкрэсліла яна, — мы жадалі быць карыснымі грамадству. Час камсамольскага юнацтва, калі працавала старшай піянерважатай у СШ №1 і затым у РК ЛКСМБ, пакінулі глыбокі след, сфарміравалі мяне як чалавека, як педагога — на гэтай ніве я з задавальненнем працавала пасля камсамольскай і партыйнай работы.
За актыўную дзейнасць была вылучана дэлегатам XXIV з’езда камсамола Беларусі, які праходзіў у Мінску, больш таго, мне быў прадастаўлены гонар выступіць на гэтым форуме. Вельмі хвалявалася пры такой прадстаўнічай аўдыторыі: у прэзідыуме былі першы сакратар Кампартыі Беларусі Пётр Машэраў, прадстаўнікі ЦК ЛКСМБ і ВЛКСМ, лётчык-касманаўт Павел Хруноў. Але камсамольскі запал, гордасць за маю родную школу, раён надавалі ўпэўненасці. Пералічыла з трыбуны ўсе карысныя справы: дарэчы, наша СШ №1 заняла прызавое месца па збору металалому і макулатуры на ўзроўні рэспублікі і была ўзнагароджана Ганаровай граматай ЦК ВЛКСМ”.
Эстафету ўспамінаў прыняла Наталля Суравец, якая з 1980 па 1985 гады была другім сакратаром райкама камсамола, затым — на партыйнай рабоце, пазней працавала начальнікам аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама.
Наталля Пятроўна нагадала, што работа ў райкаме камсамола пачалася для яе з пасады інструктара аддзела камсамольскіх арганізацый: у абавязкі ўваходзіла ў тым ліку і арганізацыя сацыялістычнага спаборніцтва сярод мала­дзёжных экіпажаў гаспадарак, каб правільна падвесці яго вынікі, трэба было дасканала ведаць маркі сельгастэхнікі. Затым — работа сакратара РК ЛКСМБ, загадчыка аддзела навучэнцкай моладзі і піянераў. Як падкрэсліла Наталля Суравец, гэта быў важны і адказны перыяд: працавала з моладдзю, кантралявала дзейнасць камсамольскіх арганізацый, вучобу актыву і г.д., усё падрабязна помніцца і дагэтуль. Яна назвала цікавыя мерапрыемствы таго часу і адзначыла: “Камсамол — добрая школа выхавання, тут мы набывалі жыццёвы вопыт, уменне зносін з людзьмі, навучыліся ставіць мэту і дабівацца яе выканання”. Наталля Пятроўна заклікала сённяшнюю мо­ладзь працягваць далей лепшыя традыцыі камсамола, актыўна праяўляць сябе ў добрых справах.
Галіна Чарнова, былы сакратар райкама камсамола з 1987 па 1990 гады, а зараз начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама, асабліва падкрэсліла, што з камсамольскіх часін на першым плане ў яе заўжды работа, а асабістыя пытанні адкладаюцца на потым. Моладзь раёна, адзначыла яна, імкнулася выконваць пастаўленыя задачы на высокім узроўні. Дасюль Галіна Ігнацьеўна захоўвае камсамольскі білет — ён, а таксама ўспаміны, звязаныя з тымі гадамі, саграваюць сэрца.
У сваю чаргу, рабяты, члены раённай арганізацыі БРСМ, распытвалі гасцей пра тое, якія падчас іх маладосці наладжваліся святы, як паступалі ў камсамол, а таксама расказвалі пра свае справы.
Былі актывістамі камсамольскага руху, а потым працавалі з моладдзю, сталі дырэктарамі школ Валянціна Сцяпанчанка (СШ №1), Анастасія Таранава (Мышкавіцкая СШ) і Тамара Юрачка (Дабаснянская СШ), з камсамола выйшлі былы завуч СШ №1 і загадчык аддзела адукацыі райвыканкама Вера Клыга, ветэран педагагічнай працы Тамара Ра­дзюк, якая ўзначальвала школьную пярвічку, потым — настаўніцкую — яны таксама адзначылі, наколькі для іх важнай была камсамольская частка жыцця.
Верш пра камсамольскую маладосць
узнёсла і чулліва прачытала Анастасія Таранава.
Падчас гістарычнага экскурсу па этапах слаўнага летапісу камсамола былі нагаданы такія яго старонкі, як асваенне цаліны, ударныя камсамольскія будоўлі і праведзена паралель з дзейнасцю студэнцкіх будаўнічых атрадаў.
Алена Леановіч, якая працавала ў райкаме партыі, кіраўніком спраў райвыканкама, расказала, як у гады студэнцкай маладосці ёй па­шчасціла два разы быць байцом будатрадаў: у Малдавіі на сельгасработах і ў Беларусі на ўзвядзенні фермы (яна была поварам у мужчынскага саставу). Рамантыка, энтузіязм, камсамольскі запал — усё гэта прысутнічала ў працоўных буднях.
А першы сакратар райкама БРСМ Алег Бойка падзяліўся тым, што яго бацькі пазнаёміліся ў свой час менавіта ў буд­атрадзе.
Працягваючы тэму, вядучая сустрэчы Любоў Лазаковіч расказала, як святкаваліся камсамольскія вяселлі, ствараліся моцныя сем’і, якія ўжо шмат год ідуць па жыцці: Каранкевічаў, Лукановічаў, Лазаковічаў і іншыя.
Адна з такіх сем’яў — Генадзь
і Вера Медвядзёвы, якія прыбылі на мерапрыемства са Смаленска.
Вера Іванаўна адзначыла, што за гады сумеснага жыцця, паколькі муж ваенны, памянялі 9 месцаў службы. Ёй давялося памяняць і шмат працоўных калектываў, заво­дзіць новыя знаёмствы, і вельмі дапамагала ў жыцці тое, што атрымала падчас камсамольскай работы — хутка сыхо­дзіцца з людзьмі, набываць аўтарытэт у навучэнцаў. Вера Медвя­дзёва — заслужаны работнік сістэмы прафесійнай адукацыі.
Генадзь Леанідавіч быў сакратаром камсамольскай арганізацыі СШ №2 імя К.П.Арлоўскага, потым — аўтапарка №14. Будучы ваенным (ён мае званне падпалкоўніка) з сям’ёй праехалі шмат мясцін Беларусі, Украіны, зараз жывуць у Расіі. Па яго словах, камсамольскі запал, адказнасць, жаданне не падвесці іншых суправаджалі яго заўжды.
Кожнае пакаленне камсамольцаў унесла ў гісторыю свае непаўторныя старонкі, у кожнага былі свае рубяжы і свае героі. Не было той сферы дзейнасці, дзе б не вылучаліся члены ВЛКСМ.
Успомніўшы пра выезды агітбрыгад, госці з задавальненнем паглядзелі выступленне вучняў Мышкавіцкай СШ, якія спявалі “Мы, молодые, — надежда страны!» з элементамі флэш-моба, і папрасілі больш падрабязна расказаць пра гэты жанр.
Былі прадстаўлены сакратары камсамольскіх пярвічных арганізацый мінулых год: МБА — Людміла Лукановіч, ільнозавода — Валянціна Раманенка, а таксама перадавая швачка быткамбіната, пераможца маладзёжнага сацспаборніцтва Ніна Уладзімірава, арганізатар камсамольскіх спраў Мікалай Рудак, які 36 год аддаў працы ў сістэме прафтэхадукацыі, Валерый Вінаградаў, работнік райкама камсамола, потым — сакратар пярвічкі Жыліцкага сельгастэхнікума, актывісты камсамольскага руху Валянціна Старавойтава, Ларыса Каранкевіч, Галіна Спірыдонава, Ларыса Будніцкая (узнагароджана знакам ЦК ВЛКСМ “За отличие в труде”) і іншыя.
Вельмі сагравалі душу падчас сустрэчы песні ў выкананні вакальнага ансамбля ветэранаў педагагічнай працы “Надзея”.
Ацэньваючы выступленні ў межах конкурсу “Нам песня строить и жить помогает!”, журы выказала ўдзячныя словы ў адрас названага творчага калектыву, адзначыла асобныя нумары і выканаўцаў, а пераможцам прызнала групу вучняў Чыгірынскай СШ з песняй “БАМ”, якая стварыла па-сапраўднаму рамантычны і ўзнёслы настрой у зале.
У раённым конкурсе сачыненняў “Камсамол у маёй сям’і” перамогу святкавала дзесяцікласніца Вольга Русак з Мышкавіцкай СШ, якая напісала пра багаты жыццёвы шлях свайго дзядулі — А.Н.Падаляка, які быў другім сакратаром райкама камсамола, старшынёй так званага камсамольскага калгаса імя Куйбышава. Вользе быў уручаны Дыплом раённага камітэта ГА “БРСМ”.
А завяршыла сустрэчу песня “Надзея” ў выкананні аднайменнага ансамбля і ўсёй залы…
Наталля ХАДАКОВА.
Фота аўтара і Максіма Мікешына.





















 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адкрыты дыялог прадстаўнікоў розных пакаленняў моладзі, прысвечаны 100-годдзю ўтварэння ВЛКСМ, адбыўся на базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика