Цэнтральны парк. 21.by

Цэнтральны парк

08.11.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Напэўна, адно з самых прыгожых месцаў нашага мястэчка — цэнтральны парк. Ён прываблівае глушчан зімою, калі дрэвы накрываюцца пухнатай снежнай коўдрай, і восенню, калі пад нагамі шамаціць апалае рознакаляровае лісце, і, канешне ж, вясной і летам, калі парк не толькі радуе погляд сваімі колерамі, а і напаўняецца прыгожымі птушынымі спевамі. Колькі бачылі рамантычных спатканняў і чулі прызнанняў у каханні самыя старыя паркавыя ліпы ды клёны! А яшчэ яны бачылі акупантаў, чулі стрэлы, стогны і плач глушчан… Але ж войны канчаюцца, хоць і пакідаюць незагойныя раны на сэрцах людзей і шрамы ад куль на дрэвах.

Старэйшае пакаленне глушчан памятае, што шмат гадоў назад у парку стаяў помнік Леніну, размяшчаліся танцпляцоўка, два пажарныя вадасховішчы, адно з якіх абазначана і па наш час — гэта каменная горка са скульптурай птушкі на версе. Старыя фотаздымкі захавалі для нас колішні выгляд любімага местачкоўцамі месца. Канешне ж, маладое пакаленне не зможа па іх дакладна ўявіць, якім быў калісьці парк, але затое ёсць магчымасць адчуць асаблівасці эпохі і ўбачыць, як змянілася аблічча парку за 40—50 гадоў.

На здымку, зробленым у 1970-я гады, школьнікі  (дарэчы, таксама, як і зараз) ідуць па сцяжынцы парку, каб ускласці кветкі да помніка двойчы Героя Савецкага Саюза Сцяпана Шутава. Бачна, што паабапал сцежкі стаяць вельмі старыя дрэвы. Другі здымак зроблены ў 1965 годзе. На ўтульнай лаўцы сядзіць хлапчук. За яго спінай, праз дарогу ад паркавай агароджы, стаіць драўляны будынак раённага Дома культуры.   



 У наш час у цэнтральным парку праводзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды дзяржаўных свят. А яшчэ гэта месца, дзе глушчане, асабліва ў цёплыя дзянькі, любяць бавіць час. Удзень — пенсіянеры, адпачывальнікі, госці нашага мястэчка ды маладыя мамы з дзеткамі, а ўвечары — моладзь. Ну а зрабіць фотаздымак каля фантана стала ўжо традыцыяй. Восенню ж старонкі нашых землякоў у сацыяльных сетках напаўняюцца здымкамі людзей, дзяцей побач з прыгожымі жоўтакаляровымі паркавымі клёнамі. Праз колькі гадоў і гэтыя фатаграфіі стануць гісторыяй, і сучасныя маладыя глушчане будуць паказваць іх сваім дзецям ды ўнукам і расказваць, якім прыгожым і ўтульным быў глускі парк.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напэўна, адно з самых прыгожых месцаў нашага мястэчка — цэнтральны парк. Ён прываблівае глушчан зімою, калі дрэвы накрываюцца пухнатай снежнай коўдрай, і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика