«Калі прыехаў, усё падавалася неверагодным». Максім Багдановіч - пра першы семестр у Гарвардзе. 21.by

«Калі прыехаў, усё падавалася неверагодным». Максім Багдановіч - пра першы семестр у Гарвардзе

10.01.2019 18:20 — Новости Общества | Tut.by  
Размер текста:
A
A
A

«Разумны, але такі неслух», — кажа Наталля Мікалаеўна, маці Максіма Багдановіча, які летась паступіў у Гарвард. Ужо другі раз яна праваджае сына на вучобу ў ЗША, але дагэтуль яе сэрца не адпускае трывога. «17-гадовы, адзін, у чужой краіне…»


Максім з бацькамі — татам Дзмітрыем Гарунавічам і мамай Наталляй Мікалаеўнай

Затое сам Максім выглядае цалкам спакойна. Наперадзе ў яго — новы семестр у адным з лепшых універсітэтаў свету, а гэта новыя веды, людзі, сустрэчы, магчымасці, трэніроўкі і лёгкае захапленне той рэчаіснасцю, якую ён здабыў сваімі розумам і талентам.

— Вось ты быў нібыта першым хлопцам на сваёй вёсцы. Прыязджаеш у Гарвард — а там усе такія. Спачатку было крыху стрэсова: як адпавядаць узроўню? Але пасля перастаў параўноўваць сябе з іншымі, бо гэта неэфектыўна і нават шкодна.

За дзве гадзіны да адлёту мы сустрэліся з сям’ёй Багдановічаў у аэрапорце і пагутарылі аб тым, пра што ніколі не распавядзе сціпласць Максіма: як гадаваўся будучы студэнт Гарварда, навошта, а 6-й гадзіне раніцы ён бегаў у кіёск «Белсаюздруку» і што азначае сямейны жарт «хто не чытаў Ніцшэ, той капае агарод». Пра першы семестр у Гарвардзе дый параўнанне яго з Драздамі гаворка таксама зайшла. Гартайце ніжэй — будзе цікава!

«У чатыры гады Максім папрасіў падарыць на дзень народзінаў глобус»

Мінск, Масква, Мюнхен, Нью-Ёрк, Бостан, Гарвард. Вылятае Максім у аўторак, а на месцы будзе толькі ў чацвер. Наогул, ён не збіраўся прыязджаць дадому на зімнія вакацыі, але так атрымалася. Бацькі Максіма — Наталля Мікалаеўна і Дзмітрый Гарунавіч — такой нечаканасці вельмі ўзрадаваліся.

За чатыры месяцы жыцця ў ЗША Максім заўважна змяніўся. У постаці з’явілася расслабленасць, у беларускім вымаўленні — ангельскае гучанне, у гаворцы — шмат словаў «эфектыўнасць» і «рацыянальнасць».

У аэрапорт Максім прыязджае з кампактным заплечнікам і вялізнай валізкай. Гэтым разам яна нават большая, чым падчас ад’езду ў жніўні 2018-га. З сабой ён вязе мапу ВКЛ тых часоў, калі яно было ад мора да мора.

— Амерыканцам такое падабаецца. Неяк я апрануў цішотку з вышыванкай — дык людзі рабілі кампліменты. Цікавіліся, адкуль я, што гэта за культура. Насамрэч, расказаць можна шмат пра што. І я на гэтым капіталізуюся.

Беларусаў жа больш цікавіць куртка Максіма — з лагатыпам Гарварда і подпісам «Вahdanovitch».


— А што тут напісана? Фенсінг? — перапытвае Наталля Мікалаеўна, гледзячы на надпіс на яго куртцы.

— Фенсін (у перакладзе — фехтаванне. — Заўв. TUT.BY), — сваім бездакорным вымаўленнем папраўляе Максім. — Вы ж прыедзеце на цырымонію, калі я буду сканчаць універсітэт? То і вучыце ангельскую мову, каб «фенсінгаў» не было, — усміхаецца.

Максім — старэйшы сын у сям'і Багдановічаў. Гадавалі яго бацькі разумным і выхаваным хлопцам. Пра тое, што з яго вырасце студэнт Гарварда, ніхто, канешне, не ведаў. Хаця часам былі такія падозры.

— Калі Максіму было чатыры гады, мы спыталі, што падарыць на дзень народзінаў. «Глобус!» — сказаў сын. Бабуля набыла, падарыла. Ён узрадаваўся, падзякаваў, а пасля сказаў: «Мне хацелася б большага памеру». Гэты глобус і дагэтуль жывы, а вось падараванай машынкай ён не вельмі зацікавіўся. Яна, новенькая, перайшла ў спадчыну нашаму малодшаму сыну, — усміхаецца Дзмітрый Гарунавіч.


Таксама Максім захапляўся кнігамі пра мастакоў. Каб набыць новую, ён прачынаўся, а 6-й раніцы і бег у кіёск. А пасля чакаў, калі ён адчыніцца.

— За што б Максім ні браўся, усё ў яго атрымоўвалася. А мы нічога і не забаранялі, — распавядаюць бацькі. — Галоўная ўмова — каб гэта не шкодзіла бяспецы. Максім заўжды ведаў, што ён вучыцца для сябе, а не для нас. Усё, што магчыма, мы стараліся фінансаваць, але ў межах дазволенага. Аднак і сам ён шмат працаваў. Помню, мы ўжо пойдзем спаць, а ён усё сядзіць і піша ў свае сшыткі.

Максім ад такіх словаў ніякавее, адыходзіць убок, але захоўвае спакой — гэтаму «дзэну» ён навучыўся ад бацькі.

— Я нешта не тое кажу? — усхвалявана пытаецца Наталля Мікалаеўна.

— Не, усё добра, не хвалюйся.

— Ты не вельмі на мяне крыўдзішся? Калі што, даруй: я ж не ўмею даваць інтэрв'ю…


Максім з бацькам Дзмітрыем Гарунавічам

Вучыўся Максім у беларускамоўнай гімназіі № 4 горада Мінска. Бацькі вельмі ўдзячны яе настаўнікам, а таксама трэнеру, якая прывяла Максіма ў фехтаванне.

— Займацца ён пачаў позна, але ж стаў кандыдатам у майстры спорта. І што яшчэ хацелі б заўважыць. Калі б не ўступныя экзамены, патрапіць у гімназію было б складана: мы ж не адносіліся да яе па прапісцы.

— У Максіма заўжды быў такі грунтоўны падыход да ўсяго?

— З дзяцінства. Помню, мы едзем на лецішча, а ён бярэ з сабой цэлы заплечнік кніг. Мы нават жартавалі: «Хто Ніцшэ не чытаў, той ідзе капаць агарод. Што з імі і размаўляць».

Ідэю паступіць за мяжу Максіму падказаў стрыечны брат. Бацькі да яе паставіліся скептычна, а вось Максім загарэўся. Ён сам знайшоў патрэбнага рэпетытара, сам падрыхтаваўся да амерыканскіх экаменаў — бацькі толькі дапамаглі іх аплаціць. У выніку ўсё атрымалася. Першыя тры дні ад навіны пра паступленне ў Гарвард у Наталлі Мікалаеўны была істэрыка. Вядома, яна вельмі парадавалася за сына, проста хутка да сэрца падступіла трывога: як ён будзе адзін у чужой краіне? Уратавала ад гэтай навязлівай думкі летняя школа па малекулярнай біялогіі ў Польшчы, на якой Максім пабываў летам.


Мама Максіма Наталля Мікалаеўна

— Тады я крыху звыклася, што сын ад нас з’язджае. Шчыра кажучы, найбольш падтрымліваў Максімаву ідэю бацька.

— Ён проста маўчаў. Лепшая падтрымка, — жартуе Максім.

— А я нервавалася. І зараз нервуюся. Але навошта цяпер, калі падумаць?

— Гэтым разам з больш лёгкім сэрцам адпускаеце сына ў ЗША?

— З цяжкаватым. Бо прыхварэў. Максім вельмі разумны хлопец, але такі неслух — немагчыма. Наш бацька — Дзмітрый Гарунавіч — доктар. То цэлую аптэку паклаў яму ў валізку. Канешне, нервуюся і хвалююся. Мы думалі, што сын будзе вучыцца ў медыцынскім універсітэце тут, побач. Ён жа хатні хлопец. Калі і ехаў куды раней, то недалёка і ненадоўга. А тут — адразу ў Амерыку. Але ён заўжды хацеў, каб была дзвіжуха. І ўсяго дамогся сам.

— Вядома, калі Максім не паступіў бы, нічога страшнага не адбылося б, — дадае Дзмітрый Гарунавіч. — Веды засталіся б ведамі, насіць іх з сабой не цяжка. Інвестыцыя ў адукацыю — найлепшая інвестыцыя. Але ж магчымасці дзяцей не заўжды супадаюць з амбіцыямі бацькоў. Таму на першае месца патрэбна ставіць менавіта здольнасці дзіцяці, каб гэта было яго жаданне, а не прымус: «ты павінен».


Зімнія вакацыі ў студэнтаў Гарварду доўжацца пяць тыдняў. Наперадзе ў Максіма яшчэ тры тыдні адпачынку, падчас якога ён будзе інтэнсіўна трэніравацца і працаваць у лабараторыі.

Праз некалькі хвілін Максім моцна абдыме маці і бацьку, пройдзе сек’юрыці-кантроль, азірнецца, усміхнецца на развітанне — і праз суткі апынецца ў новым свеце.

«Кожны студэнт умее выстаўляць ў прывабным свеце як свае сілы, так і недахопы. Карацей, Übermensch'ы»

Першы семестр Максіма ў Гарвардзе пачаўся трэцяга верасня. На вучобу ён прыляцеў загадзя. Моўны бар’ер студэнт пераадолеў ужо на другі тыдзень. Да таго, што цяпер ён жыве, нібы ў дэкарацыях захапляльнага фільма, прывык вельмі хутка. Адзінае, з чым пакуль не жадае мірыцца, — гэта новая сістэма мераў, у якой замест кіламетраў — мілі, а градусаў Цэльсія — Фарэнгейты.

На новым месцы Максім хутка займеў сяброў і добрых знаёмых.


У Гарвардзе, распавядае Максім, яму ніводнага разу не давялося сутыкнуцца з сітуацыяй, калі суразмоўцы пыталіся: «Беларусь? Гэта дзе? У Афрыцы?».

— 95 адсоткаў студэнтаў ведаюць, дзе знаходзіцца Беларусь. 70% — могуць назваць сталіцу краіны. 50% — у курсе, што мы эканамічна залежым ад Расіі і ў нас аўтарытарны палітычны рэжым.

Максім разумее: Гарвард — зусім нерэпрэзентатыўнае месца для ЗША.

— Гэта як пайсці ў мінскія Дразды і спытаць у мясцовых жыхароў пра іх заробак, а пасля думаць, што ён такі па ўсёй Беларусі. Альбо казаць пра ўзровень сярэдняй адукацыі ў Беларусі, калі маеш досвед навучання толькі ў Ліцэі БДУ.

На думку Максіма, адным з лепшых універсітэтаў у свеце Гарвард робяць менавіта людзі, якія тут працуюць і вучацца.

— За непрацяглы час вучобы я сустрэў вялікую колькасць неверагодных людзей. Напрыклад, над праектам па праграмаванні я працаваў разам з дзяўчынай, якая выйграла самыя крутыя алімпіяды ў ЗША. Мой сябра з Масквы два разы запар стаў першым на міжнароднай алімпіядзе па хіміі. Яшчэ адзін сябра адначасова навучаўся па трох школьных праграмах: па нямецкай і амерыканскай сістэмах, а таксама ў міжнародным бакалаўрыяце. Іншы знаёмы ўжо на першым курсе працуе кансультантам для адной біялагічнай кампаніі. На першым! Кожны разумее, у чым яго сіла, а ў чым — недахопы. І гэта важная рыса, якую я адзначыў: кожны ўмее выстаўляць ў прывабным свеце як свае сілы, так і недахопы. Карацей, Übermensch'ы (у перакладзе з нямецкай мовы «звышлюдзі». — Заў. TUT.BY), — смяецца Максім.


Самому Максіму спачатку было не вельмі камфортна сярод гэтых «звышлюдзей». Нават крыху стрэсова.

— Але з часам я перастаў параноўваць сябе з іншымі, бо гэта неэфектыўна і нават шкодна. Не ўяўляю, як можна жыць і кожны дзень думаць, што ты не лепшы. Так можна і здароўе страціць. Цяпер я проста ведаю, што нічога не ведаю. І трэба рухацца наперад.

Пра «нічога не ведаю» — гэта ў Максіме зноў загаварыла яго сціпласць, канешне.

У першым семестры, распавядае, студэнтам Гарварда дазволена браць не больш за чатыры курсы. Максім абраў матэматыку, біялогію, гішпанскую мову і праграмаванне.

Праграмаванне яму давялося вывучаць з нуля, як і гішпанскую. Трапіў Максім у «прасунутую» групу, хоць сам пра тое не ведаў. Але выдатна справіўся з усімі хатнімі заданнямі і фінальным праектам павышанага ўзроўню.

А нядаўна ён далучыўся да адной з лабараторый па біялогіі, куды «андэградаў» (тых, хто навучаецца ў бакалаўрыяце) звычайна не бяруць. Але Максіма — узялі. Пакуль ён толькі намацвае накірунак, у якім хацеў бы працаваць. А пасля плануе атрымаць грант універсітэта, каб прысвяціць сваё лета даследаванням.

— Звычайна ў лабараторыі працуе шмат постдактарантаў і PhD-студэнтаў. Я ж — андэград, які хадзіў і пытаў: «Ёсць што?» У першы дзень, калі далучыўся да лабараторыі, мой сябра абараняў сваё даследаванне. Помню, ён казаў: «Калі вы працуеце ў лабараторыі, і ў вас узнікла жаданне ўзяць „андэграда“, калі ласка, не бярыце. Лепш разліце кіслату сабе на скуру — будзе аднолькавы эфект».


Фота: vk.com/max.bahdanovich

Апроч вучобы, Максім трэніруецца ва ўніверсітэцкай камандзе па фехтаванні, куды яго запрасіў сам капітан, далучыўся да клубу па астрономіі і альпінізме. Магчымасцей для сацыяльнага жыцця — мноства, кажа Максім. Хоць прызнае: Гарвард у гэтым не лепшы.

— Студэнцкія паці ў Гарвардзе спецыфічныя. Гэта дакладна не паці-клуб. Не сказаць, што я скарджуся. Насамрэч, там ёсць шмат крутога, проста паці — не тое, у чым мы — першыя. У Йелі вечарынкі весялейшыя. Аднойчы быў там на выходных. Уявіце сабе: падвал, тры гадзіны ночы, secret society. І раптам пачынае граць музыка Веркі Сярдзючкі. Гэта было даволі сюррэалістычна.


Жыве Максім, як і ўсе першакурснікі, побач з кампусам — у Harvard Yard. Гэта самая старая частка ўніверсітэта. Кожны дзень ён прачынаецца і бачыць у вакне нібыта кадры з фільму — утульны двор, гістарычную забудову. У наступным годзе яго пераселяць у адзін з 13 дамоў, у кожнага з якіх — свае традыцыі і канкурэнцыя адзін з адным. Праўда, куды менавіта трапіць Максім, ніхто не ведае: усё адбываецца рандомна. Амаль як у «Гары Потэры».

— Калі прыехаў, усё падавалася неверагодным. Памятаю, я натуральна хадзіў з разінутым ртом. Было нерэальна крута. Зараз гэта падаецца нормай: прыгожыя будынкі, гістарычныя месцы. А спачатку!.. Наогул, адсутнасць чаканняў — гэта мая палітыка па жыцці. Што ні зробіцца потым, усё будзе добра.

На фінансавы аспект жыцця Максім не скардзіцца. Стыпендыя цалкам пакрывае плату за вучобу, жыллё і ежу ў сталовай. Атрымоўвае ён і невялікую стыпендыю на штодзённыя выдаткі, за якія тэатэрычна жыць можна, але крыху складана, улічваючы, які высокі ўзровень жыцця склаўся ў Гарвардзе.

— Калі пайсці паесці за межамі сталовай, будзе адчувальна дорага. Ёсць шмат студэнтаў, якія могуць плаціць ды прывыклі жыць на шырокую нагу, і бізнэс гэта выдатна разумее. Не скажу, што жыву зусім сціпла, але вяду не такі самы лад жыцця, як некаторыя мае сябры.


Цешаць Максіма і роўныя адносіны з выкладчыкамі, і кодэкс гонару, якога абавязаны прытрымлівацца ўсе студэнты Гарварда.

— Гэтая рэч — кодэкс гонару — мне вельмі падабаецца. Перад пачаткам семестру было шмат сустрэч, падчас якіх нам распавядалі пра стасункі з калегамі, пра павагу і паважлівае стаўленне да іншых культур, рас, сэксуальных арыентацый. Каб мы з самага пачатку прытрымліваліся гэтых правілаў і станавіліся часткай Harvard Community. Дарэчы, перад іспытам кожны студэнт падпісвае паперу, што ён азнаёмлены з кодэксам гонару і ведае, што будзе, калі яго не прытрымлівацца. Але і без яго кожны разумее, навошта ён альбо яна паступілі ў Гарвард. Гэта тая рэч, якую можна было б ужываць у беларускіх універсітэтах — нагадваць пра сваю годнасць і гонар.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Памятаеце Максіма Багдановіча, які летась паступіў у Гарвард? Нядаўна ён прызджаў на вакацыі ў Мінск, пазнаёміў нас са сваёй неверагоднай сям'ёй і расказаў пра...
 
 
 


Архив (Новости Общества)

21.by в социальных сетях

Свежие газеты

18.01.2019
Mir24.TV Belarus
Кобринский вестник
Навiны Палесся
Полесская правда
Пинский Вестник
Двинская правда (Верхнедвинск)
Гарадоцкi веснiк
Днепровская правда (Дуюровно)
Лепельский край
Міёрскія навіны
Новости Новолукомля
Голас Сененшчыны
Патриот (Ушачи)
Клiч Радзiмы
Герой працы
Газета Авангард
Новости Волковыска
Вороновская газета
Ивьевский край
Полымя
Заря над Неманам
Светлы шлях
Единство
Новости Дзержинска
Нясвижскiя навiны
Слуцк Город
Смалявiцкi край
Маяк Преднепровья
Радзiма
Горецкий вестник
Савецкая вёска
Кировец
Голас Касцюкоушчыны
Кричевская жизнь
Новости Хотимска
Новы дзень (Жлобин)
Святло кастрычнiка (Мстиславль)
19.01.2019
Mir24.TV Belarus
Полесская правда
Пинский Вестник
Новости Докшицы
Чырвоны прамень
Газета Авангард
Новости Волковыска
Вороновская газета
Полымя
Заря над Неманам
Светлы шлях
Нясвижскiя навiны
Слуцк Город
Soligorsk News
Маяк Преднепровья
Радзiма
Горецкий вестник
Савецкая вёска

© 2004-2018 21.by
Яндекс.Метрика