Глубокие корни Суравьёвых. 21.by

Глубокие корни Суравьёвых

18.02.2019 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Гэту хату на ўездзе ў вёску Ладынец нельга не заўважыць нават зімовай парой. Зграбная, дагледжаная пабудова, заўжды вымецены падворак, нават бяроза, што расце на мяжы палісадніка і двара, сведчыць – людзі, якія тут жывуць, глыбока пусцілі карані ў Сенненскую зямлю.

 Іван Міхайлавіч і Тамара Васільеўна Сураўёвы разам больш за 50 гадоў. Амаль столькі ж жывуць на гэтай сядзібе.

 — У сям’ю Сураўёвых я прыйшла з Сычыкаў. Першыя гадоў пяць жылі разам са свёкрам. А калі купілі сваю хату, адразу сталі яе абуладкоўваць, прыбудоўваць, — успамінае Тамара Васільеўна.

 Іван Міхайлавіч

 Нараджаліся, падрасталі дзеці. Ім патрэбна была не толькі прасторная хата, сытная ежа на стале. Адзенне, абутак таксама каштавалі не танна. А таму грошай у маладой сям’і не хапала, хоць гаспадар сям’і працаваў у калгасе механізатарам.

 — На курсы трактарыстаў, што былі арганізаваны ў Ходцах, можна сказаць, сілком, мяне накіраваў Мікалай Іванавіч Берашэвіч, знакаміты старшыня калгаса імя Суворава, — успамінае Іван Сураўёў. — Трохі тэорыі, трохі практыкі, і вось я калгасны механізатар…

 Малады спецыяліст з самага пачатку працоўнай дзейнасці вызначаўся як працавітасцю, так і дасціпнасцю. Якую б працу ён не рабіў, стараўся кожны тэхналагічны працэс выконваць, як таго патрабаваў аграном.

 — Сеялі звычайна днём. А вось ноччу аралі, рыхтавалі глебу. Тэхніка фактычна не пакідала поле, пакуль яго не засявалі. Трактары на месцы запраўлялі, рабілі дробны рамонт. І не дай Бог па нейкіх асабістых справах ці на абед паехаць на трактары! – успамінае земляроб.

 Неяк увосень разам з калегам Аркадзем Распорскім аралі ў начную змену поле пад Лугінавічамі. Пад раніцу, калі патрэбна было б падумаць і пра адпачынак, ды неўзараным не хацелася пакідаць поле, Іван Сураўёў усё ж спыніў свой Т-74 і накіраваўся да напарніка.

 — Слухай, Аркадзь, павячэраць сёння мне не ўдалося. Можа ты адзін даціснеш поле? А я пайду да хаты…

 Той супраць нічога не меў. І ўжо праз некалькі хвілін Іван ішоў па дарозе, што вілася па полі, густа пакрытым кустамі. Не прайшоў і кіламетра, як заўважыў “сабаку”, які няспешна бег наперадзе. Глянуў у адзін бок, другі – і там звяры. І раптам зразумеў – дык гэта ж ваўкі!

 Назад да трактара дабраўся намнога хутчэй. І пасля нядоўгіх разважанняў вырашыў дамоў ехаць на ім. Ваўкі працягвалі суправаджаць машыну, пакуль механізатар не здагадаўся кінуць у іх бок запаленую запалку. З таго часу працаваць у начную змену Іван Міхайлавіч пагаджаўся толькі на палетках паблізу ад роднай вёскі. А неўзабаве на палі прыйшла меліярацыя, драпежнікаў паблізу населеных пунктаў стала намнога менш.

 Не адзін год Іван Сураўёў працаваў у якасці камбайнера.

 — Я на “Ніве” працаваў ужо пры Макараве, Міклашэўскім, — пералічвае механізатар прозвішчы ранейшых кіраўнікоў калгаса. – Араць, сеяць, жаць – я іншай справы ў жыцці не ведаў.

 Іван Сураўёў – патомны хлебароб. Сялянскай справай займаліся ўсе яго продкі, бацька. Праўда, пасля ранення, атрыманага ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Міхаіл Сураўёў мала што мог рабіць. Даглядаў, вартаваў калгасны сад. Яблыні, грушы тады раслі паблізу кожнай вёскі.

 Тамара Васільеўна

 Сялянскай справай займаліся і Юрэвічы – такое прозвішча спрадвеку насіла Тамара Сураўёва ў дзявоцтве.

 — У нас была вялікая сям’я – дзевяць дзяцей. Праўда, пяцёра даваенных памерлі. Бацька ўсю вайну правёў у палоне – маці нават памінальную службу па ім у царкве заказвала. Калі вярнуўся, у калгасе працаваў цесляром, будаваў фермы, — успамінае жанчына.

 А яшчэ ў сям’і Юрэвічаў займаліся шапавальствам – валілі валёнкі. Воўна была паўсюль: заказчыкі прыносілі, сваю мелі, бо трымалі ўласных авечак, коз. Можа таму Тамара Сураўёва, як толькі выдалася магчымасць, перайшла працаваць у жывёлагадоўлю – 20 гадоў даглядала самых маленькіх цялят.

  — Спачатку іх паілі малаком, потым давалі сываратку, варылі кулеш, — успамінае яна. – Разам з напарніцай на ферме выконвалі ўсю работу: і гной выдалялі, і ваду з башні падавалі. Нам хацелася больш зарабіць. Такі падыход гарантаваў вытворчы працэс без збояў, — лічыць Тамара Сураўёва.

 Канешне, здаралася, цяляты здыхалі. Але толькі не па прычыне недагляду, упэўнена яна.

 Аляксандр Іванавіч

 У працы выхоўвалі дзяцей. Іх у Івана Міхайлавіча і Тамары Васільеўны трое. З дзяцінства яны дапамагалі на ферме, а больш у хатніх справах.

 — Нават калі што рабілі не так, я маўчала, — дзеліцца педагагічным вопытам мая субяседніца. – У горад нікога не выпраўлялі, але і ля сябе не трымалі. Кожны выбраў, што яму даспадобы было.

 У выніку старэйшы з дзяцей Аляксандр вось ужо больш як трыццаць гадоў працуе механізатарам у ААТ “Белая Ліпа”. Дзіцячая цікаўнасць да бацькавай работы перарасла ў справу жыцця. А можа затрымалі на радзіме “сардэчныя” справы ці калгас своечасова падтрымаў маладую сям’ю, выдаўшы ордэр на дом. Як бы там ні было, але Аляксандр Сураўёў сёння адзін з самых паважаных механізатараў у акцыянерным таварыстве. Яго цэняць за адказнае стаўленне да працы. У зімовы перыяд з дапамогай трактара і кормараздатчыка ён забяспечвае кормам пагалоўе чатырох МТФ і сямі ферм, дзе ўтрымліваецца іншая буйная рагатая жывёла.

 — Практычна працуе без рамонту, бо ведае, акуратна эксплуатуе і дбайна даглядае тэхніку. Пры неабходнасці выпраўляе паломкі ў перапынках паміж асноўнай працай, — расказала інспектар па кадрах, старшыня прафкама Валянціна Радкевіч.

 У летні час падкошвае пашу, заняты на касьбе траў, прасаванні сена, саломы. Неаднаразова станавіўся пераможцам раённых спаборніцтваў.

 Як і Святлана Сураўёва, яго жонка. Яна працуе брыгадзірам на МТФ “Сапегі”. Разам яны не раз уганароўваліся як лепшыя працаўнікі сельскай гаспадаркі раёна.

 …Дзеці не пакідаюць Івана Міхайлавіча і Тамару Васільеўну без увагі, прыязджаюць не толькі ў госці, часцей, каб дапамагчы. Без іх падтрымкі старэйшыя Сураўёвы наўрад ці маглі б да гэтага часу трымаць на падворку гаспадарку, у якой да нядаўняга часу быў нават конь. У хату, лазню падведзена вада, дзякуючы чаму гаспадыня мае магчымасць карыстацца пральнай машынай-аўтаматам. Рукамі дзяцей зроблена шмат чаго іншага, каб аблегчыць жыццё састарэлых бацькоў.

 — І ўсё ж галоўная наша апора – Сашка, – не хаваюць яны. – Гэта  так добра, што сын побач з намі.

 Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэту хату на ўездзе ў вёску Ладынец нельга не заўважыць нават зімовай парой. Зграбная, дагледжаная пабудова, заўжды вымецены падворак, нават бяроза, што расце...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика