Важней за мір няма нічога – у адзін голас гавораць тыя, хто прайшоў дарогамі Афгана. 21.by

Важней за мір няма нічога – у адзін голас гавораць тыя, хто прайшоў дарогамі Афгана

Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Працоўная слава (Воложин)


15 лютага, у дзень 30-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана, у раёне прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня памяці воінаў-афганцаў і юбілейнай даты.

У той дзень сабраліся разам былыя салдаты і афіцэры, а зараз ужо ветэраны ваенных дзеянняў у Рэспубліцы Афганістан. На Валожыншчыне пражывае 61 воін-афганец, а ўшанаваць памяць таварышаў прыйшлі крыху больш за 40 чалавек – за гады даюць сябе адчуць не толькі цялесныя, але і душэўныя раны.

Распачаліся падзеі мітынгам-рэквіемам ля вечнага агню на плошчы Свабоды ў Валожыне, дзе сабраліся прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, ваеннаслужачыя мясцовай воінскай часці, члены працоўных калектываў, жыхары горада, каб пакланіцца бессмяротнаму подзвігу, мужнасці і вытрымцы людзей, якія выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак.

У зваротным слове старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч Астрэйка адзначыў, што ў гэты дзень мы аддаём даніну глыбокай павагі ўсім суайчыннікам, хто праявіў стойкасць, доблесць і адвагу ў гарачых кропках планеты.

Ордэнам Чырвонай Зоркі ўзнагароджаны нашы землякі: Генадзь Мікалаевіч Матуць, Юрый Серафімавіч Сухачоў, Пётр Паўлавіч Янучок. Медалём “За баявыя заслугі” адзначаны Аляксандр Пятровіч Бродзік, Сяргей Аляксандравіч Жук, Юрый Андрэевіч Кліцоў, Анатолій Уладзіміравіч Казлоўскі, Віктар Феліксавіч Краскоўскі, Уладзімір Уладзіміравіч Круглік, Алег Віктаравіч Матус, Віктар Антонавіч Нагорскі, Станіслаў Сямёнавіч Арлоў, Сяргей Міхайлавіч Пермякоў, Рыгор Мікалаевіч Русакевіч, Міхаіл Іосіфавіч Сакалоўскі. Афганская вайна, на жаль, забрала жыццё траіх нашых землякоў: радавых Івана Мазуры і Паўла Падрэза, маёра Валянціна Сліжа. Наш абавязак – шанаваць і помніць іх гераічны подзвіг. Многія воіны-інтэрнацыяналісты па-ранейшаму ў страі: яны працуюць, дапамагаюць падтрымліваць стабільнасць і супакой у краіне, на ўласным прыкладзе прывіваюць любоў да Радзімы ў маладога пакалення. Кіраўнік раёна выказаў словы шчырай удзячнасці матулям, родным і блізкім, якія выхавалі годных грамадзян, што не збаяліся і не спасавалі перад цяжкасцямі.

Пранікнёныя словы гучалі таксама ў выступленнях старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Рыгора Мікалаевіча Русакевіча і камандзіра 153-й асобнай Кёнігсбергскай радыётэхнічнай брыгады асобага прызначэння палкоўніка Андрэя Віктаравіча Калача.

Працяг мерапрыемстваў адбыўся ў РЦК. За актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі і ў сувязі з юбілейнай датай падзякі старшыні райвыканкама М. А. Астрэйкі былі аб’яўлены В. Ф. Краскоўскаму і М. Ф. Лукашанцу. Усе прысутныя воіны-афганцы атрымалі юбілейны медаль “30 гадоў з моманту вываду савецкіх войскаў з Афганістана” – іх уручыў начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў падпалкоўнік Юрый Вітальевіч Нахай. Пасмяротна такой жа ўзнагародай былі адзначаны загінуўшыя землякі: на сцэне медаль за сына атрымала Яніна Юльянаўна Падрэз. Таксама ад раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” старшыня Галіна Фадзееўна Рай уручыла ёй кветкі і каштоўны падарунак – у такі момант зал стоячы вітаў маці героя, а прысутныя не маглі стрымаць слёз.

У зале гучалі афганскія песні з рэпертуару ансамбля “Блакітныя берэты” ў выкананні мужчынскага квартэта РЦК і салдатаў тэрміновай службы воінскай часці № 30695, на мультымедыйным экране дэманстраваліся здымкі з асабістых архіваў воінаў-афганцаў. І хоць гэта ўжо старонкі гісторыі, але і яны па-ранейшаму адгукаюцца болем у душы кожнага, хто застаўся верным аднойчы дадзенай клятве і выканаў загад Радзімы.

Пасля афіцыйнай часткі ветэраны афганскай вайны раз’ехаліся па трох добра вядомых маршрутах – у аграгарадкі Ракаў, Гародзькі і Багданава, дзе пахаваны іх баявыя таварышы. Памяць пра іх подзвіг назаўсёды застанецца ў сэрцах землякоў.

Міні-апытанне

Віктар Феліксавіч КРАСКОЎСКІ – старшына, намеснік камандзіра ўзвода, ваяваў у Афганістане з лістапада 1987-га па сакавік 1989 года, узнагароджаны медалямі “За адвагу” і “За баявыя заслугі”, жыхар вёскі Вішнева:

– Служыў у пагранічных войсках, часць дыслацыравалася ў асноўным у кішлаках. Успамінаецца хлопчык, 8-10-і гадоў, які пастаянна ў апазіцыю да нас прыходзіў – мы яго адзявалі-кармілі, а як ад’язджалі – плакаў. Гляджу сёння на сваіх дзяцей, і адразу ўзгадваю яго. Там дзяцінства ў нас закончылася за адзін дзень, не па гадах сталі дарослыя. Смерць стаяла за кожным вуглом. Стараюся не варушыць былое… Як гэта ні дзіўна гучыць, паступова памяць сцірае некаторыя старонкі, з кожным годам становіцца менш і ўдзельнікаў тых падзей. А ў дзень памяці ізноў нібы жарам абдасць і верне ў маладосць. І кожны афганец яшчэ раз пра сябе падумае: які ж вялікі дар – проста ціха і спакойна жыць…

Сяргей Міхайлавіч ПЕРМЯКОЎ, сяржант, камандзір аддзялення, ваяваў у Афганістане з ліпеня 1981-га па чэрвень 1983 года, узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”, жыхар Валожына:

 – Службу праходзіў у 59-й брыгадзе матэрыяльнага забеспячэння 46 наліўнога батальёна – вазілі паліва, знаходзіліся каля населенага пункта Пулі-Хумры. З Валожына тады былі прызваны на тэрміновую службу 30 чалавек: двое засталіся ў Туркестане, а астатнія там служылі, за рэчкай. І ўсе вярнуліся жывыя. Маладыя былі, планаў ніхто не будаваў – жылі адным днём. Вайна ёсць вайна, ідуць баявыя дзеянні, і што чакае заўтра, ніхто не ведаў. Безумоўна, было страшна, але гэта пачуццё кожны пераадолеў у сабе і выконваў свой грамадзянскі абавязак. Там чалавек такі, які ён ёсць на самай справе, – усе якасці, бы на далоні, таму і зараз адчуваю абвостранае пачуццё справядлівасці. Але бацькам было намнога цяжэй, чым нам: яны чакалі, маліліся і верылі. Думаю, іх вера і зберагла нас.


Пасмяротна юбілейным медалём «30 гадоў з моманту вываду савецкіх войскаў з Афганістана» былі адзначаны загінуўшыя землякі: на сцэне ўзнагароду за сына атрымала Яніна Юльянаўна Падрэз. Таксама ад раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” старшыня Галіна Фадзееўна Рай уручыла ёй кветкі і каштоўны падарунак.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
15 лютага, у дзень 30-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана, у раёне прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня памяці воінаў-афганцаў і юбілейнай даты. У той...
 
 
 


Архив (Новости Общества)

21.by в социальных сетях



Партнёры

© 2004-2018 21.by
Яндекс.Метрика