78 гадоў назад вёска пад назвай Ільінка знікла з карты Крупскага раёна . 21.by

78 гадоў назад вёска пад назвай Ільінка знікла з карты Крупскага раёна

21.03.2019 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мінула ўжо 78 гадоў з той пары, як вёска пад назвай Ільінка знікла з карты Крупскага раёна. Знаходзілася яна на тэрыторыі былога саўгаса «Колас», цяпер адкрытага акцыянернага таварыства «Кляновічы», у 0,5 кіламетрах ад вёскі Ярашоўка.

У свой час мне давялося сустрэцца з адным з жыхароў Ільінкі, а затым ужо вёскі Ярашоўка Іванам Данілавічам Макарэвічам і запісаць яго ўспаміны:

– Наша Ільінка налічвала дзесьці дзясятак двароў. У 30-я гады, калі пачалася калектывізацыя, сем’яў пяць, што жылі крыху лепей, раскулачылі і адправілі на Поўнач. Помню толькі аднаго з раскулачаных – Ягора Ягоравіча Фурса. Астатнія жыхары вёскі, гэта, здаецца, 7-8 двароў, ствараюць калгас імя Ільіча. Ён праіснаваў да 1941 года, г.зн. да таго часу, калі прыйшоў загад з Крупак аб тым, што ільінцы павінны перасяліцца ў Ярашоўку.

Як расказваў далей Іван Данілавіч, загад прыйшоў перад самай вайной. Сям’я Яўгеніі Цітаўны Сайко перасяліцца не паспела. У 1942 годзе іх дом разбурылі немцы толькі таму, што ля яго быў забіты іх саслужывец. І яе сям’і давялося пераязджаць таксама ў Ярашоўку.

У гады Вялікай Айчыннай вайны з былой Ільінкі пайшлі на фронт Аляксей Бельскі і Лявон Парцянка (іх прозвішчы па бацьку Іван Данілавіч запамятаў). Абодва вярнуліся дамоў інвалідамі.

У 1944 годзе праз Ярашоўку праходзіў фронт. У час аднаго з баёў у сваім доме зажыва згарэла маці Івана Данілавіча – Фёкла Клімаўна Макарэвіч.

Аб тым, што ў тыя чэрвеньскія дні 1944 года ішлі жорсткія баі за вызваленне Крупшчыны, расказвала і жыхарка Ярашоўкі Ефрасіння Кузьмінічна Шарапава:

– У 1944-м мне было 13 гадоў. Сям’я наша жыла ў Кутах. У вёсцы знаходзіліся нямецкія танкі, а наша артылерыя паліла па іх праз раку, і танкі загарэліся. Помню, што дым валіў чорны, і немцы, прыкрываючыся ім, беглі. Гэта і не перадасі ў двух словах. Паловы Кутоў, як і не бывала, выгарала пасля бою. Людзі жылі ў зямлянках, наогул, хто дзе, а наша сям’я тулілася ў лазні...

...Сваё летазлічэнне вёска Ільінка пачынала з 1772 года як уласнасць магнатаў Агінскіх. Згодна легенды, Агінскія загадалі пабудаваць вёску ў падарунак за адданую службу свайму ўпраўляючаму. Гэта быў хутчэй фальварак па прозвішчы ці то па імя ўпраўляючага. Многа пазней вёска стала называцца Ільінка.

У пачатку ХІХ стагоддзя Ільінка ўваходзіла ў склад Бобрскай воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні. У 1925 годзе воласці перайменаваліся ў сельсаветы. Ільінка ўваходзіла ў склад Бобрскага сельсавета Крупскага раёна.

Цяпер з былых ільінцаў нікога не засталося.

Тамара МАЛІНОЎСКАЯ, бібліятэкар Коласаўскай сельскай бібліятэкі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мінула ўжо 78 гадоў з той пары, як вёска пад назвай Ільінка знікла з карты Крупскага раёна. Знаходзілася яна на тэрыторыі былога саўгаса «Колас», цяпер адкрытага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика