155 лет трудового стажа и полный дом детей. Газета «Полымя» встречает День семьи вместе с династией Нарбутович из Оюцевичей. 21.by

155 лет трудового стажа и полный дом детей. Газета «Полымя» встречает День семьи вместе с династией Нарбутович из Оюцевичей

15.05.2019 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сям’я. Чатыры літары, адзін апостраф і бясконцы сэнс… Вядома, для кожнага гэта слова значыць нешта сваё. Але колькі б пытанняў нам не задавала рэчаіснасць, адказ на галоўнае – у чым сэнс жыцця? – здаецца, ляжыць на паверхні. Прынамсі, Маргарыта Вячаславаўна Нарбутовіч з аграгарадка Аюцавічы ведае гэта як ніхто іншы.


Едучы ў ціхае мястэчка, якое адразу кранула сэрца сваімі краявідамі, я ведала: гэта сям’я не звычайная. Дынастыя Нарбутовічаў, працоўны стаж якой у сукупнасці складае каля ста пяцідзесяці пяці гадоў, пачалася з бацькоў мужа нашай гераіні – Аркадзія Іосіфавіча і Марыі Ільінічны. Мужчына адпрацаваў у ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” на пасадзе ветурача трыццаць пяць год. Столькі ж самаадданай працы прысвяціла гаспадарцы і яго жонка, якая з 1956 года выконвала абавязкі аператара машыннага даення. Шчырая любоў да роднай зямлі перадалася і іх дзецям – Віктару, Валерыю і Жанне, якія працягнулі сямейную традыцыю і ўладкаваліся ў мясцовую гаспадарку.

Будучы старэйшым сынам ў сям’і, Віктар Аркадзьевіч пазнаёміўся са сваёй жонкай, як і большасць у тыя часы, на танцах. Пасля інстытута, які Маргарыта скончыла з адзнакай, яна вярнулася на родную Карэліччыну і пачала працаваць заатэхнікам у калгасе, адначасова прыглядаючы за хворым бацькам. Працу сваю любіла – менавіта таму ў яе працоўнай кніжцы і да гэтай пары значыцца ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”.

У 2005 годзе маладую і шчаслівую сям’ю чакала знакавая падзея – у іх з’явіліся дзеці. Прыёмныя. Здаецца, той незабыўны момант у памяці жанчыны захаваўся назаўсёды.

– Паколькі ў нас ужо былі дзве дзяўчынкі і ўсяго адзін хлопчык, нам хацелася яшчэ аднаго. Доўга марылі, маліліся, але, на жаль, нічога не атрымлівалася, – прыгадвае гаспадыня. – Таму мы сабраліся і паехалі ў дзіцячы прытулак. Памятаю, як спачатку нам прывялі хлопчыка, а потым і дзяўчынку, яго сястру. І ведаеце, так моцна яны трымаліся за рукі, што забраць аднаго і пакінуць другога мы проста не маглі… Так наша сям’я стала шчаслівейшая яшчэ на два дзіцячыя галаскі – Ігара і Машы.

У першы час з-за шматлікіх папрокаў суседзяў і жыхароў вёскі жыццё было досыць складаным. Жанчына ўзгадвае, як у першыя дні на новым месцы рабяты хавалі хлеб пад падушку… А з цягам часу іх чакала яшчэ адно выпрабаванне – аб’явілася біялагічная маці.

– Гэта было цяжка. Памятаю, як са школы мне тэлефанавала малодшая дачка і крычала, заліваючыся слязьмі, што ў нас забяруць Ігарка, – дзеліцца не самым прыемным успамінам жанчына. – За гэты час дзеткі сталі для мяне настолькі роднымі і любімымі, што ад усёй душы жадала ім толькі аднаго – шчасця. Са мной ці не – няважна. Галоўнае, каб ім было добра, каб іх таксама любілі… Але ўсё ж такі лёс не раз’яднаў нашу сям’ю, за што я не перастаю кожны дзень дзякаваць Госпаду Богу.


І дзеці засталіся ўдзячныя сваім бацькам. Застацца з мамай і татам пасля паўналецця Ігар вырашыў свядома, таму і ўладкаваўся механізатарам у калгас, працягваючы працоўную дынастыю. Яго ж сястра зараз вучыцца ў Слоніме на медсястру, але кожныя выхадныя прыязджае ў Аюцавічы: душа просіцца дадому.

Родны сын Маргарыты Вячаславаўны, Сяргей, ужо жанаты чалавек. Паспрабаваўшы сябе ў якасці майстра на адным з гродзенскіх заводаў, ён вырашыў вярнуцца дамоў.

Адна з дачок, Таіса, з самага дзяцінства марыла стаць ветэрынарам. Любоў да жывёлы ў яе пачала нараджацца яшчэ падчас наведвання фермы, куды яна, цікаўная малеча, часта бегала. А сваю першую стыпендыю Таіса выдаткавала на… нямецкую аўчарку – настолькі дзяўчына гарэла інтарэсам да жывёлы. Потым уласная сямейная гаспадарка папоўнілася кабылай, пародзістымі кролікамі і яшчэ шмат чым.

Яшчэ адна дачка Маргарыты Вячаславаўны, Аксана, спачатку таксама працавала на птушкафабрыцы, але потым звольнілася і вырашыла дапамагаць людзям.

– Яна вельмі добрая і мяккая дзяўчына, таму, можа, і добра, што яна пайшла іншым шляхам, – расказвае маці. – Зараз дачка працуе сацыяльным работнікам у Міры: даглядае старэнькіх бабуль і дзядуль, дапамагае з дзецьмі. І ведаеце, я ёю ганаруся, бо часта чую ад чужых людзей станоўчыя і шчырыя водгукі. Прыемна, што тут скажаш (усміхаецца).

Малодшае дзіцё ў сям’і, дачка Паліна, робіць значныя поспехі ў творчасці, а менавіта ў спевах. Прыгожая і разумная, дзяўчынка бярэ ўдзел у розных конкурсах, чым не перастае цешыць любімых бацькоў.

Зараз Маргарыта Вячаславаўна працуе загадчыкам склада на ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”. Амаль кожныя выхадныя вялікая і дружная сям’я Нарбутовіч збіраецца на адпачынак, спявае і радуецца жыццю. На маё пытанне “У чым жа заключаецца сэнс жыцця?”, жанчына гукае ўнука і пытаецца:

– Сашуля, ты што там робіш?

– Домік.

– А каму домік?

– Бабе Рыце…

“Вось вам і адказ”, – са шчаслівай усмешкай на твары падсумоўвае жанчына.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара і з сямейнага архіва герояў

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сям’я. Чатыры літары, адзін апостраф і бясконцы сэнс… Вядома, для кожнага гэта слова значыць нешта сваё. Але колькі б пытанняў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика