Первый сентябрь в новой испостаси. Педколлектив Кореличчины пополнился пятью молодыми учителями. 21.by

Первый сентябрь в новой испостаси. Педколлектив Кореличчины пополнился пятью молодыми учителями

07.09.2019 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Штогод гасцінная Карэліччына вітае тых, хто яшчэ ўчора трымаў у руках студэнцкі білет, а ўжо сёння – працоўную кніжку. Яны, смелыя і амбіцыёзныя, маладыя і актыўныя, абралі сваім шляхам важную і неабходную місію – навучаць, дорачы пры гэтым не толькі ўласныя веды, але і ўсю цеплыню сваёй душы. Тыдзень таму свой першы ў жыцці працоўны верасень сустрэлі пяць маладых настаўнікаў, для якіх другой радзімай як мінімум на бліжэйшыя два гады стане наш Карэліцкі край.


Маргарыта Урбановіч, Паліна Саўко, Арцём Аляшкевіч, Ганна Кардымон і Ганна Багушэвіч

Паліна Валер’еўна Саўко – ураджэнка раённага цэнтра – скончыла Лідскі каледж УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”, дзе атрымала спецыяльнасць выхавальніка дашкольнай адукацыі. Размеркаванне ў Карэліцкі раён не стала для дзяўчыны сюрпрызам, бо з самага пачатку яна планавала вярнуцца на радзіму. Сумневу наконт абранай спецыяльнасці таксама не было, бо Паліна – не адзіны выхавальнік ў сям’і.

– Часам адбывалася так, што падчас канікул мне не было чым заняцца, – расказвае малады спецыяліст. – Таму я хадзіла ў дзіцячы садок, дзе матуля працавала памочнікам выхавальніка, і ўвесь вольны час праводзіла з дзеткамі. Мне было цікава і весела, таму, мабыць, гэта і паўплывала на выбар будучай прафесіі.

Працоўны стаж дзяўчыны распачаўся ў ДУА “Яслі-сад г.п. Мір”, пра якую яна чула дагэтуль толькі станоўчыя водгукі. З жыллём пытанне таксама вырашылася хутка: зараз Паліна жыве ў здымнай кватэры, але кіраўніцтва раёна абяцала ў хуткім часе выдзеліць дзяўчыне сацыяльную жылплошчу.

– Прызнаюся: ісці на працу ў першы дзень было вельмі хвалююча. Як мяне прымуць? Як да мяне будуць ставіцца калегі? Але ўжо з першых хвілін я зразумела, што знаходжуся насамрэч на сваім месцы.

Сваё месца на Карэліччыне знайшла і настаўнік англійскай мовы Маргарыта Юр’еўна Урбановіч, якая два месяцы таму скончыла Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Ураджэнку горада Ліды накіравалі ў ДУА «Ярэміцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа імя У. А. Калесніка», дзе малады спецыяліст будзе выкладаць замежную мову ў 5-11 класах.

– Шчыра кажучы, я ніколі не думала, што стану настаўнікам, – расказвае  Маргарыта. – Але паколькі матэматыка шла ў мяне не вельмі добра, а рускую і англійскую мовы я любіла, таму альтэрнатывы амаль не было.

Бацькі выбар дзяўчыны падтрымалі, але матуля, якая працуе настаўніцай музыкі, хацела, каб яна ўсё ж такі пайшла па яе слядах. Але Маргарыта была непахісная.

На папярэднім размеркаванні маладому настаўніку прапанавалі невядомы аграгарадок Ілья ў Мінскай вобласці і наш Карэліцкі раён. Выбар, як бачым, аказаўся ў бок апошняга. Прыехаўшы ў Ярэмічы, Паліна атрымала арэндную кватэру, з якой ёй дапамагла дырэктар школы.

– Вядома, ехаць у абсалютна незнаёмы куток Беларусі было страшна, – прызнаецца дзяўчына. – Але тое, з якой цеплынёй мяне сустрэлі на парозе школы, дае магчымасць верыць у лепшае.


Адзіны хлопец у дзявочым калектыве – настаўнік фізічнай культуры і здароўя Арцём Уладзіміравіч Аляшкевіч. Малады спецыяліст скончыў Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа і з вялікай радасцю і ахвотай вярнуўся на малую радзіму

Падчас вучобы ў школе юнак актыўна займаўся спортам і атрымліваў шматлікія перамогі па лёгкай атлетыцы. Пэўна, гэта і паслужыла адпраўной кропкай выбару спецыяльнасці…

– Ужо на першым курсе я ведаў, што хачу працаваць на роднай зямлі, – натхнёна расказвае Арцём. – Любімы дом, знаёмыя сэрцу мясціны… Навошта ехаць туды, дзе цябе ніхто не чакае? Вялікія гарады мяне ніколі не вабілі, а вось радзіма – яшчэ як.

Вучыць вытрымцы і загартоўваць сілу духу малады чалавек будзе ў ДУА “Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы”, а жыць – у мясцовым інтэрнаце ад будаўнічага ліцэя. Калектыў, па словах учарашняга выпускніка, прыняў яго добра. І ўвогуле, страху ў адрозненне ад маладых настаўніц у Арцёма няма – мужчына як-ніяк. Зараз юнак працуе з вучнямі малодшых класаў і верыць у тое, што стадыён другой школы стане выдатнай пляцоўкай для будучых алімпійцаў.

Сціплая Ганна Іосіфаўна Багушэвіч прыехала на Карэліччыну з абласнога цэнтра, дзе скончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці “Біялогія (навукова-педагагічная дзейнасць)”. Накіравалі маладога спецыяліста ў Жухавіцкую сярэднюю школу, дзе яна будзе знаёміць вучняў з дзівосным светам хіміі і біялогіі.

– У першую чаргу, мне б хацелася, каб мае ўрокі былі цікавымі для рабят, каб яны хадзілі на іх з задавальненнем, – прызнаецца Ганна. – Ну і, вядома, вельмі важна, каб я сама кожную раніцу прачыналася з натхненнем – інакш нічога не атрымаецца.

Змяніць звыклы парадак рэчаў і пераехаць у невялічкі раён прыйшлося і Ганне Уладзіміраўне Кардымон – ураджэнцы вёскі Бараўляны Мінскай вобласці. Цікава, што працаваць настаўніцай дзяўчына ўвогуле не планавала, але першая практыка ў школе дала зразумець: “вось яно, маё”.

– З першых дзён я адчула, што вельмі лёгка знаходжу кантакт з дзецьмі, – расказвае малады спецыяліст. – Мне з імі цікава і нават карысна, бо не толькі ты іх вучыш чаму-небудзь, але і яны цябе. Акрамя гэтага, я бачыла, як рабяты цягнуцца да мяне – гэта таксама дало яснае разуменне таго, што я абрала правільны шлях.

Накіравалі дзяўчыну ў ДУА “Цырынскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа”, дзе з усмешкамі на вуснах яе сустрэлі калегі і вучні. Здзіўленне і радасць выклікала таксама і двухпакаёвая кватэра, якую Ганне Кардымон прадаставіла кіраўніцтва раёна.

– Ведаеце, зараз усё складваецца так, як я і марыць не магла, – працягвае гутарку настаўніца замежнай мовы. – Добразычлівыя людзі, уласнае жыллё, утульная вёска і спагадлівыя калегі… Дарэчы, ніколі б не падумала, што дзеці самі будуць шукаць сустрэчы са мной – ну ці не дзіва?

Дзіва ці не, але факт застаецца фактам. Да таго ж асабіста я чую ўжо не першы раз і дакладна ведаю, што Карэліччына – гэта месца нейкай духоўнай сілы, чулых людзей і асаблівай атмасферы. Бясспрэчна, усё гэта адчуюць і пяць маладых настаўнікаў, чые лёсы цесна перапляліся з нашым раёнам.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Штогод гасцінная Карэліччына вітае тых, хто яшчэ ўчора трымаў у руках студэнцкі білет, а ўжо сёння – працоўную кніжку. Яны,
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика