Ці проста сучаснаму чалавеку адмовіцца ад пластыкавай тары?. 21.by

Ці проста сучаснаму чалавеку адмовіцца ад пластыкавай тары?

Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Герой працы

Хто за шкло?
Журналіст “Герой працы” вырашыла высветліць, ці так проста сучаснаму чалавеку адмовіцца ад пластыкавай тары
Ці проста сучаснаму чалавеку адмовіцца ад пластыкавай тары?

Да ўсяго прывыкаеш хутка, але да камфорту, мабыць, хутчэй усяго. Гэта я пра сто разоў пракляты эколагамі пластык і часе, калі яго і ў паміне не было. Ва ўсялякім разе, у выглядзе тары на паліцах прадуктовых крам. Толькі шкло і папера. Ці не пра гэта цяпер мараць, ці не такія задачы перад вытворцамі ставяць на самым высокім узроўні?
Зручна, але шкодна
Пластык шкодны сам па сабе, яго перапрацоўка таксама. А не перапрацаваны ён, увогуле, набліжае планету да экалагічнай катастрофы. Вытворцы куды больш лаяльныя ў сваіх меркаваннях, але ўсё ж галоўны аргумент на карысць гэтага штучнага палімернага злучэння – выгода. Адна справа несці ў сумцы літр квасу ў пластыкавай бутэльцы, і зусім іншая – у шкляной. Дадайце да гэтага малако са смятанай, і стане зразумела, што без мужчыны моцнага целаскладу ў краму ўжо і не сходзіш. Да таго ж  шкляная тара “ўцяжарвае” кошт тавару. А гэты факт сярэднестатыстычнага спажыўца, звычайна “раніць” значна мацней, чым гутаркі пра кітоў, якія задыхнуліся ў пластыкавых адходах.
Тым не менш, пераход на экалагічную ўпакоўку непазбежны. Краіна, што знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, не можа сабе дазволіць праігнараваць гэты сусветны трэнд. А пакуль вытворцы і ўсе датычныя думаюць, як выконваць дырэктыву Прэзідэнта № 7 “Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны”, якая патрабуе паэтапнага зніжэння выкарыстання поліэтыленавай упакоўкі з яе замяшчэннем экалагічна бяспечнай, мы з вамі паспрабуем ацаніць маштабы задачы на бытавым узроўні.
А я магу?
Перш чым разважаць пра ўсё чалавецтва, трэба сабе задаць пытанне: ці гатовы ты цалкам выключыць са свайго жыцця пластыкавыя бутэлькі? Я спытала ў знаёмых і высветліла, што народ у большасці сваёй гатовы. Ва ўсякім разе, тэарэтычна.
– Думаю, нашай сям’і гэта па сілах, – разважае мама ў водпуску па доглядзе за дзіцём Вольга Коцікава. – Мы даўно збіраем асобна пластык, паперу, шкло і нават накрыўкі ад бутэлек. Так што адмаўленне ад прадуктаў у ПЭТ-бутэльках будзе ўсяго толькі чарговым этапам усвядомленага жыцця.
– Вось так адразу адмовіцца я, напэўна, не гатова, – прызнаецца галоўны бухгалтар прыватнага прадпрыемства Таццяна Багданава. – А вось збіраць і здаваць за грошы – чаму б і не? Я часта бываю ў Літве, дзе ёсць спецыяльныя агрэгаты – тараматы, здаецца. Ты апускаеш туды бутэльку (а на кожнай ёсць штрых-код) – і машына выдае чэк. Імі можна заплаціць за тавары ў краме ці проста памяняць на грошы. Дарэчы, цана за ваду ці ліманад там указваецца без уліку тары. І нідзе ты не сустрэнеш, каб бутэлькі, бляшанкі валяліся на зямлі як смецце.
Сапраўды, увесь свет даўно вызначыўся: тое, што смеццем у нас завецца, на самой справе – грошы. Дарэчы, укараненне дэпазітнай сістэмы збору тары – адна з праграмных мэт Нацыянальнай стратэгіі па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі на перыяд да 2035 года, зацверджанай адпаведнай пастановай Савета Міністраў.
Шчыра кажучы, падобную да гэтай схему мы з аднакласнікамі эксплуатавалі яшчэ ў далёкім дзяцінстве. Адпраўляючыся ў магазін за ліманадам, заўсёды бралі з сабой трохлітровы слоік. У гэту немудрагелістую пасудзіну ўмяшчалася акурат шэсць бутэлек “Бураціны”. І прадавец аднімала кошт тары з кошту напітку. Цаны я ўжо не ўзгадаю, але сам прадукт каштаваў ледзь не танней бутэлькі. Так што эканамічны стымул відавочны  Зрэшты, ён, стымул, спрацуе і сёння. Улічваючы той факт, што многія добраахвотна і абсалютна бескарысліва раздзяляюць смецце. Я, да прыкладу. А калі за гэта яшчэ і прыплачваць будуць… Тараматы звычайна ўстанаўліваюцца пры крамах. А значыць, праблема з пошукам пункта прыёму шклатары, што існуе сёння, будзе вырашана.
Вядома, што прапанова існуе толькі датуль, пакуль ёсць попыт. Гэта я пра тое, што калі спажыўцы адмовяцца ад палімернай упакоўкі (проста перастануць купляць прадукты ў ёй), то вытворцам нічога не застанецца, як таксама перайсці на шкло і іншыя экалагічныя матэрыялы.
Больш чым сціпла
А што мы маем сёння? Абследаванне аднаго з  папулярных у Шуміліне магазінаў паказала, што, калі не браць у разлік спіртныя напіткі і некаторыя віды піва, то шкляная тара прадстаўлена на паліцах больш чым сціпла. У трохлітровых слоіках я знайшла таматны па 4 рублі 93 капейкі і гранатавы па 5 рублёў 72 капейкі сокі. Не трэба быць матэматыкам, каб падлічыць, што літр такога соку выходзіць танней, чым аналагічнага ў тэтрапакетах. На гэта звяртае ўвагу і лідар экалагічнага руху “ЭкаБум” Ірына Кулікава.
– Нездарма ж дзіцячыя сокі і харчаванне прадаюцца ў шкляных слоіках, – кажа эколаг. – Так, тэрмін захоўвання ў іх меншы, але карысці, безумоўна, больш.
Калі працягваць весці гаворку пра сокі, то яшчэ некалькі пазіцый гэтага тавару былі прадстаўлены ў літровых бутэльках. Выходзіла дорага – больш за тры рублі за штуку. А разліты ў тару па 0,2 і 0,33 мілілітраў сок лепш зусім на літры не пералічваць – “залатым” атрымліваецца. Бутэлькі, вядома, прыгожыя, але пры самым лепшым збегу абставін яны пойдуць у шклабой. Хоць мая мама, да прыкладу, іх не выкідвае, а прыстасоўвае пад вазы для інтэр’ера.
Ідем далей. “Тархун” у паўлітровай бутэльцы каштуе 2 рублі 25 капеек. Толькі тры пазіцыі вады – пітной і мінеральнай – былі пададзены “ў шкле”. Да прыкладу, калі паўлітровую “Баржомі” можна купіць у шкляной (каля двух рублёў за штуку), то літровую – толькі ў  пластыкавай бутэльцы.
Агуркі, памідоры і іншыя саленні, а таксама зялёны гарошак, алівы, грыбы розных відаў, мёд, працёртую садавіну – гэта і сёе-тое яшчэ можна набыць у шкляной тары. У параўнанні з пластыкам і іншай “шкоднай” і, як правіла, аднаразовай упакоўкай, гэта кропля ў моры.
Для мяне відавочна, што ў вытворцаў наперадзе вялікая работа па пераходзе “на шкло”. Змяняць нешта ў свядомасці давядзецца і нам. Не ведаю, як хто, але асабіста я на гэтыя змены гляджу з аптымізмам.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №75 ад 24.09.209 г.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хто за шкло? Журналіст “Герой працы” вырашыла высветліць, ці так проста сучаснаму чалавеку адмовіцца ад пластыкавай тары Да ўсяго прывыкаеш хутка, але да...
 
 
 


Архив (Новости Общества)

21.by в социальных сетях



Партнёры

© 2004-2019 21.by
Яндекс.Метрика