Для палкоўніка Генадзя Шынкевіча паняцці гонару, сумлення і Радзімы – непарыўнае цэлае. 21.by

Для палкоўніка Генадзя Шынкевіча паняцці гонару, сумлення і Радзімы – непарыўнае цэлае

14.10.2019 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Па  сумленні  служыць, працаваць  і  жыць
Палкоўнік у адстаўцы Генадзь Канстанцінавіч Шынкевіч – тыповы прыклад беларускага афіцэра, для якога паняцці гонару, сумлення і Радзімы – непарыўнае цэлае.
І такія якасці, як інтэлігентнасць, адукаванасць, патрыятызм і  высокая грамадзянская самаадказнасць ідуць не на паказ, а ад душы і сэрца.


Генадзь Шынкевіч узначальвае калону навучальнай роты шыфроўшчыкаў і кадзіроўшчыкаў. 1979 г., горад Казельск.

Выхаванне дзядулі і дзіцячыя мары
Нарадзіўся Генадзь Шынкевіч у адной з вёсак Глыбоцкага раёна ў 1944 годзе. Выхоўваўся без бацькі.
«Мой бацька з першых дзён вайны быў у партызанах, – расказвае Генадзь Канстанцінавіч. – Пасля з Савецкай Арміяй пайшоў вызваляць Еўропу ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.  І практычна адразу з ім абарвалася сувязь, а неўзабаве маёй маці паведамілі, што “Канстанцін Шынкевіч падчас баявых дзеянняў прапаў без вестак”. Даведацца, дзе загінуў Канстанцін, спрабавалі і мая маці, і мы. Але звестак не было знойдзена».
Мужчынскім выхаваннем у сям’і Шынкевічаў займаўся дзядуля Іван Фаміч.  Гэта быў сапраўды ўнікальны чалавек, майстар на ўсе рукі. Выхаванне ішло ў лепшых беларускіх традыцыях: любоў і павага да роднай зямлі, да працы і да старэйшых. Менавіта гэтаму Генадзь Шынкевіч вучыў і сваіх дзяцей. Іван Фаміч навучыў унука не толькі сялянскай працы, а і ўменням, неабходным у жыцці любому мужчыне.
Школьныя гады сталі вызначальнымі ў лёсе Г. М. Шынкевіча.  У 8 класе геаграфіі стаў вучыць Уладзімір Піліпавіч Рудак, кадравы афіцэр, капітан, артылерыст. Ён часта расказваў вучням пра свой баявы шлях, службу ў арміі і заўсёды сцвярджаў, што артылерыя – гэта «бог вайны». І ў хлопчыка з’явілася цвёрдае жаданне стаць афіцэрам-артылерыстам. Пра іншыя жыццёвыя сцежкі нават не задумваўся.

Курсант ваеннага вучылішча Генадзь Шынкевіч.

Пайшоў у артылерысты, а стаў ракетчыкам

Пасля заканчэння школы  Г. К. Шынкевіч паступае ў Камышанскае артылерыйска-тэхнічнае вучылішча.  Як сам прызнаецца, падаў туды дакументы, бо ў назве было слова «артылерыйскае». «Пра тое, што стану ракетчыкам, а не артылерыстам, даведаўся, калі пачаў вучыцца, – усміхаецца Генадзь Канстанцінавіч. – Канечне, напачатку было расчараванне, але з кожным днём усё больш і больш разумеў, што ракетныя войскі – гэта сучаснасць і будучыня арміі».
У 60-я гады мінулага стагоддзя ракетныя войскі былі нечым абсалютна новым. І ўявіце сабе, з якой цікаўнасцю разбіраўся з тэорыяй ракет рознай дальнасці просты сялянскі хлопец з Глыбоччыны. Дысцыплінаванасць, адказнасць, ініцыятыўнасць курсанта Шынкевіча адразу заўважылі афіцэры-выкладчыкі: на другім курсе Генадзь Шынкевіч становіцца камандзірам аддзялення. А пасля заканчэння другога курса яму прапаноўваюць працягнуць навучанне ў Растоўскім вышэйшым камандна-інжынерным вучылішчы імя галоўнага маршала артылерыі М. І. Нядзеліна.
Тут вучыліся на афіцэраў лепшыя з лепшых, каму можна было даверыць балістычныя ракеты з ядзернымі боегалоўкамі. Зразумела, што і навучанне, і служба ў ракетных войсках ішла пад грыфам «цалкам сакрэтна».
У 1968 годзе лейтэнанта Шынкевіча накіроўваюць у г. Казельск Калужскай вобласці, дзе базіравалася пяць ракетных палкоў 28-й гвардзейскай ракетнай Чырвана-сцяжнай дывізіі. Першая пасада маладога афіцэра – начальнік разліку. «У той час на ўзбраенні знаходзіліся міжкантынентальныя балістычныя ракеты  з ядзернымі боегалоўкамі 8К75, – расказвае Генадзь Канстанцінавіч.  – Гэта была самая масавая балістычная ракета, якая стаяла на баявым дзяжурстве.  Вага ракеты – больш за 90 тон, даўжыня – 24 метры,  максімальная дальнасць – 10-12 тысяч кіламетраў».  Кожныя паўгода ракеты даставаліся з шахты, якая закрывалася 90-тоннай металічнай накрыўкай, і правяраліся.  Генадзь Канстанцінавіч адзначае, што калі праводзіліся рэгламентныя работы, пачуццё адказнасці непамерна ўзрастала.
Адзінаццаць год праслужыў Г. К. Шынкевіч у ракетным палку, стаў маёрам, даслужыўся да пасады начальніка інжынернай службы.
У  1978 годзе ў сувязі з мадэрнізацыяй узбраення ракетны полк расфарміроўваюць. Г. К. Шынкевіча пакідаюць у Казельску, дзе ствараецца філіял Краснадарскай навучальнай роты па падрыхтоўцы шыфравальшчыкаў і кадзіроўшчыкаў. Гэта быў новы выклік для афіцэра Шынкевіча, на гэты раз  ужо пад грыфам «сакрэтна».
У грамадзянскай абароне
1979 год стаў зноў паваротным у лёсе Г. К. Шынкевіча: яго накіроўваюць служыць у структуру грамадзянскай абароны.  На той час ёй у краіне надавалася асаблівая ўвага, калі сказаць коратка, то яна выконвала дзве асноўныя задачы – ліквідацыя надзвычайных сітуацый, якія могуць адбыцца ў мірным жыцці, і падрыхтоўка людзей на выпадак ваеннага становішча.
Напачатку падпалкоўнік Шынкевіч стаў выкладчыкам курсаў грамадзянскай абароны Іванаўскай вобласці. Неўзабаве палкоўнік Шынкевіч узначальвае штаб грамадзянскай абароны  г. Кінешма. І практычна адразу – надзвычайная сітуацыя: падчас маразоў на цепласістэме адбылася аварыя: горад застаўся без ацяплення. «За паўгадзіны быў створаны аператыўны штаб, – успамінае Генадзь Канстанцінавіч. – Вызначаны першачарговыя задачы і сродкі іх вырашэння. Галоўнае, мы не дапусцілі панікі. Менш чым за суткі аварыя была ліквідавана».
У 1984 годзе Г. К. Шынкевіч становіцца намеснікам начальніка штаба грамадзянскай абароны Стаўрапольскага краю.  Адсюль у 1987 годзе палкоўніка Шынкевіча адпраўляюць у Чарнобыль, дзе ён два месяцы кіруе групай інфармацыі. У абавязкі Генадзя Канстанцінавіча і яго падначаленых уваходзіў маніторынг радыяцыйнага фону. «У Чарнобылі праводзіліся мерапрыемствы для зніжэння ўзроўню радыяцыі, здымалі верхні слой глебы, палівалі вадой дарогі, старыя пабудовы разбіралі і звозілі ў спецыяльныя магільнікі,  – расказвае палкоўнік. – Мы адсочвалі сітуацыю. І штодзённа паведамлялі інфармацыю старшыні Савета Міністраў СССР Мікалаю Рыжкову».
Дарэчы, у Стаўрапольскім краі мясцовае насельніцтва ведала прынцыповасць Генадзя Канстанцінавіча і  выбрала яго дэпутатам гарадскога Савета дэпутатаў.
У 1988 годзе палкоўнік Шынкевіч вярнуўся  ў Беларусь на пасаду  начальніка курсаў грамадзянскай абароны Віцебскай вобласці, праз тры гады стаў начальнікам штаба грамадзянскай абароны Віцебскай вобласці, які ўзначальваў да выхаду ў адстаўку ў 1995 годзе.
«Проста  ўлюбіўся ў  Шуміліншчыну»
Служачы ў штабе грамадзянскай абароны Віцебскай вобласці, Генадзь Канстанцінавіч аб’ездзіў усю Віцебшчыну, толькі вось у сэрца чамусьці запаў менавіта Шумілінскі край. «Пабываўшы ў канцы 80-х першы раз на Шуміліншчыне, палюбіў яе, – расказвае мужчына. – Неяк адразу даспадобы прыйшліся і мясцовыя краявіды, і шчырыя гасцінныя людзі. Відаць, таму ў 1991 годзе набыў дачу ў вёсцы Пушча».
Пасля сваёй адстаўкі Г. К. Шынкевіч пераехаў на Шуміліншчыну. Працаваў начальнікам службы аховы ў «Лаўжанскім», быў начальнікам штаба грамадзянскай абароны Шумілінскага раёна, галоўным спецыялістам па ахове працы ўпраўлення райсельгасхарчу.
У 2006 годзе Г. К. Шынкевіч стаў адным з ініцыятараў стварэння і першым старшынёй раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў».  Зараз ён – намеснік старшыні афіцэрскай раённай арганізацыі.
На мінулым тыдні Генадзь Канстанцінавіч Шынкевіч адсвяткаваў свой 75-гадовы юбілей. Віншаванні палкоўнік прымаў ад жонкі, двух сыноў, унука, які вучыцца на ваенным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, ад калег афіцэраў і салдат, з якімі служыў. Рашэннем рэспубліканскага савета Беларускага саюза афіцэраў палкоўнік Шынкевіч узнагароджаны ганаровым знакам арганізацыі.
Рэдакцыя раённай газеты далучаецца да віншаванняў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Фотаздымкі з сямейнага архіва Г. К. Шынкевіча.
Надрукавана ў №81 ад 15.10.2019 г.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па  сумленні  служыць, працаваць  і  жыць Палкоўнік у адстаўцы Генадзь Канстанцінавіч Шынкевіч – тыповы прыклад беларускага афіцэра, для якога паняцці гонару,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика