Ягор Мешчаракоў: Я не кажу зборнай: Бывай. Я кажу: Да новай сустрэчы. 21.by

Ягор Мешчаракоў: Я не кажу зборнай: Бывай. Я кажу: Да новай сустрэчы

Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Звязда

Знакаміты баскетбаліст збіраецца нарэшце давучыцца ў аспірантуры, а пакуль дае майстар-класы для дзяцей

Самы вядомы беларускі баскетбаліст, лідар нашай мужчынскай зборнай Ягор Мешчаракоў вырашыў узяць паўзу ў спартыўнай кар'еры. Азначае гэта, што ў найбліжэйшы час мы не ўбачым Ягора ні ў клубе, ні ў нацыянальнай камандзе. Прычыну растлумачыў сам баскетбаліст. Ён мае намер нарэшце завяршыць навучанне ў аспірантуры ўніверсітэта Джорджа Вашынгтона ў ЗША, дзе і правядзе найбліжэйшы год. Ці вернецца Ягор у баскетбол і калі вернецца, то ў якой якасці, ён і сам пакуль не ведае.

Ягор Мешчаракоў:  Я не кажу зборнай: Бывай. Я кажу: Да новай сустрэчы— Рашэнне спыніць кар'еру было абдуманым, я год да яго псіхалагічна рыхтаваўся. Ужо адзінаццаць гадоў у мяне маецца гэты "хвост"— я не давучыўся цэлы год. Прыйшоў час давесці пачатае да канца. "Спартыўнае кіраванне і турызм" — гэта мая спецыялізацыя, якую я на практыцы выдатна ведаю і бачу штодзень — як арганізоўваць працу каманды, каб гульцы больш адпачывалі, а не марнавалі час у аэрапортах. Я спакойна іду ў гэты адпачынак.

Мінулы сезон, які баскетбаліст правёў у піцерскім "Спартаку", быў не надта ўдалым. Ягор атрымаў траўму калена, пасля чаго прыйшлося перанесці аперацыю.

— У клубе нармальна паставіліся да майго рашэння ўзяць паўзу. Кантракт скончыўся: дзякуй, і да пабачэння.

Праўда, сувязь з баскетболам Ягор губляць не збіраецца:

— Ва ўніверсітэце Джорджа Вашынгтона я буду працаваць разам з мясцовай камандай і як мінімум пяць разоў на тыдзень апранаць форму, — паабяцаў баскетбаліст. — Я ж прафесіянал, і сабаку з'еў на фізічнай падрыхтоўцы.

Сувязь з баскетболам на радзіме таксама застанецца. Рэч у тым, што Мешчаракоў з'яўляецца бадай што адзіным дзейным беларускім спартсменам, які адкрыў сваю дзіцячую школу. Яна мае назву "Баскетбольны клуб Мешчаракова", і працуе пакуль крыху больш за два гады. Пачыналася школа з летніх лагераў "Мінскія драконы", якія ў 2007 годзе на свае сродкі арганізаваў Мешчаракоў. Цяпер на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі займаюцца тры ўзроставыя групы. Рэктар універсітэта Міхаіл Батура, дарэчы, прыхільна ставіцца як да Ягора, якога памятае па выступленнях за каманду БДУІР, так і да ідэі прытуліць ва ўніверсітэцкай спартыўнай зале юных баскетбалістаў.

Нягледзячы на тое, што школа носіць імя Мешчаракова, выхаванцы пакуль асабіста не былі знаёмыя са знакамітым баскетбалістам. Учора Ягор ліквідаваў гэты недахоп і арганізаваў майстар-класы. Пазнаёміцца са славутым спартсменам прыйшлі ледзь не ўсе выхаванцы клуба, некаторыя прыехалі спецыяльна з летніх лагераў. Многія прыйшлі нават з бацькамі. "Гэта і ёсць той самы Мешчаракоў?" — пытае жанчына, калі Ягор на калідоры гутарыць з адным з юных баскетбалістаў, і дадае з захапленнем: — "А я ўсё думала, чаму сын заказаў майку з нумарам 55. Дык гэта Мешчаракоў пад ім гуляе".

Пакуль у баскетбольным клубе Мешчаракова могуць займацца ўсе ахвотныя, заняткі для дзяцей бясплатныя:

— Мы ні ў якім разе не збіраемся зарабляць на дзецях. Калі я арганізоўваў лагер "Мінскія драконы", я ўбачыў, што ў дзяцей гараць вочы. І вырашыў даць ім тое, што ў свой час давалі нам — залу, форму. Дзве баскетбольныя школы для Мінска з насельніцтвам у 2 мільёны — гэта катастрафічна мала. Напрыклад, у Рызе з насельніцтвам у 800 тысяч 9 баскетбольных школ. Да таго ж я не хачу марынаваць дзяцей у беларускай спартыўнай прасторы. Я планую прывезці ў Мінск сваіх сяброў са зборнай Латвіі, Расіі, якія будуць рэгулярна праводзіць майстар-класы, да таго ж дзеці ездзяць на турніры ў Прыбалтыку, Польшчу, іншыя краіны Еўропы.

Хоць здаецца, што галоўнай мэтай Ягора падчас стварэння школы была ўсё ж такі папулярызацыя баскетбола. Гулец расказаў пра стаўленне ў нас да гэтага віду спорту.

— Калі казаць пра мужчынскую зборную, то літаральна да гэтага лета нічога не мянялася гадоў пяць-шэсць, нават больш. Зборы, заработныя платы, працоўныя кніжкі гульцоў — усё было, як і дзесяць гадоў таму. Цяпер у зборнай шмат зменаў, у прыватнасці новы трэнер і хочацца верыць, што ўсё да лепшага. Міхаіл Аркадзьевіч Фейман быў адным з маіх першых трэнераў, я ў яго веру і спадзяюся, што ў яго ўсё атрымаецца ў зборнай.

— А калі мець на ўвазе ўвесь баскетбол?

— Наша жаночая зборная сур'ёзна заявіла пра сябе ў Еўропе і свеце. І я чакаў большага рэзанансу, але нічога не было зроблена. Дзяўчаты заваявалі "бронзу" на чэмпіянаце Еўропы, уся краіна глядзела і хварэла за іх, пасля гэтага ніякіх высноў зроблена не было. Што я маю на ўвазе: адчынілі б пару школ для дзяўчат, упэўнены, што на гэтай хвалі было шмат ахвотных займацца. Але ніякага рэзанансу сярод спартыўных чыноўнікаў гэта не выклікала. Прабіліся на Алімпіяду — малайцы, зрабілі каляндар кандытарскай фабрыкі — выдатна, і ўсё, цішыня. І тым часам залу "Гарызонта", які быў адзінай базай для жаночай зборнай, страцілі. Вось такое стаўленне да баскетбола.

Усё ж такі хочацца верыць, што наша зборная (напрыклад, жаночая) гучна заявіць пра сябе і на чэмпіянаце свету, куды таксама прабілася. А ў школе Ягора Мешчаракова вырасце яму сапраўдная змена, якая не горш за жаночую каманду зможа нарабіць шуму ў Еўропе і свеце.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Самы вядомы беларускі баскетбаліст, лідар нашай мужчынскай зборнай Ягор Мешчаракоў вырашыў узяць паўзу ў спартыўнай кар'еры. Азначае гэта, што ў найбліжэйшы час...
 
 
 


Архив (Новости Спорта)

21.by в социальных сетях


© 2004-2018 21.by
Яндекс.Метрика