Iмiдж краiны на мiжнароднай арэне беларускiя спартсмены трымаюць высока i дастойна!
На пытаннi i тэлефонныя званкi чытачоў «Звязды» адказвае Мiнiстр спорту i турызму Рэспублiкi Беларусь Аляксандр ГРЫГАРАЎ
(Працяг. Пачатак у нумарах за 29 верасня, 4 i 6 кастрычнiка.) — Аляксандр Уладзiмiравiч, цi задаволены вы як кiраўнiк штабам галiны — апаратам Мiнiстэрства спорту i турызму? Наколькi моцныя i кампетэнтныя вашы намеснiкi, начальнiкi ўпраўленняў, кiраўнiкi абласных структур, iншых падраздзяленняў? Вiктар ТАРАШКЕВIЧ, Андрэй ХАЦКЕВIЧ, Барыс МАНДРЫК (Мiнск); Уладзiмiр НЕСЦЯРЧУК (Аршанскi раён). — Пытанне тонкае i далiкатнае. Вядома, у мяне ёсць свой пункт гледжання па гэтаму пытанню. Я асабiста лiчу, што ўсякую новую кiраўнiчую сiстэму трэба будаваць без разбурэнняў. У гэтай сувязi магу ўпэўнена сказаць, што ў цэлым работа спецыялiстаў апарату мiнiстэрства заслугоўвае станоўчай адзнакi. Аднак, як i кожны новы кiраўнiк, я маю сваё бачанне перспектыў развiцця фiзкультурна-спартыўна-турыстычнай галiны рэспублiкi. Улiчваючы, што ў сферы спорту Беларусь крочыць у нагу з мацнейшымi дзяржавамi свету, i тую акалiчнасць, што кiраўнiк нашай дзяржавы ўдзяляе надзвычай вялiкую ўвагу развiццю фiзiчнай культуры i спорту як гаранта росквiту нацыi, я буду вельмi жорстка i прынцыпова адносiцца да падбору кадраў на кiруючыя пасады. Кiраўнiкi падраздзяленняў — гэта ў асноўным кампетэнтныя спецыялiсты, з высокiм узроўнем кiраўнiцкай культуры. Што ж датычыцца намеснiкаў мiнiстра, то тут будуць новыя прызначэннi. Я, як зноў прызначаны кiраўнiк галiны, бачу, з кiм мне трэба працаваць, каб дабiвацца паспяховага вырашэння пастаўленых задач. Крытэрыi, якiя я прад’яўляю да сваiх намеснiкаў, — гэта перш за ўсё высокi прафесiяналiзм, практычны вопыт работы ў галiне, бачанне перспектыў развiцця, высокiя паказчыкi ў працы i асобасныя характарыстыкi. Я перакананы, што з такiмi памочнiкамi ў нас усё атрымаецца як мае быць! — Працягам папярэдняга пытання з’яўляецца наступнае: «На якiм узроўнi вядзецца ў рэспублiцы падрыхтоўка спецыялiстаў вышэйшай квалiфiкацыi па фiзiчнай культуры i спорту?» — пытаюцца Уладзiмiр АНТАНЮК з Гомеля, Вiктар ЖАРДЗЕЦКI з Мiнска i Васiль АНДРОНАЎ з Вiцебскага раёна. — Сапраўды: кiруючыя кадры, як правiла, вырастаюць з нiзоў, праходзячы папярэдне «абкатку» сваiх ведаў, здольнасцяў i магчымасцяў у тых жа ДЮСШ, ШВСМ, вучылiшчах i цэнтрах алiмпiйскай падрыхтоўкi. Набыць практычныя навыкi спецыялiстам i трэнерам, такiм чынам, ёсць дзе... Пытанне ж тут, наколькi я разумею, ставiцца аб паглыбленнi, пашырэннi i ўдасканаленнi тэарэтычных ведаў, без якiх у спорце, як, мiж iншым, i ў iншых сферах дзейнасцi, у наш час не толькi цяжка, але i практычна немагчыма крочыць далей, да новых рубяжоў i вышынь. Размова, такiм чынам, iдзе аб Вышэйшай школе трэнераў у Рэспублiцы Беларусь. Пытанне ставiцца пастаянна i часта, але пакуль што, як кажуць, поўнасцю не закрыта. ВШТ нашай краiне патрэбна, i з яе адкрыццём мы яўна спазняемся. Пад свой дах яна павiнна сабраць тых спецыялiстаў, якiя ўжо маюць трэнерскую катэгорыю. Iм трэба даваць сучасныя тэарэтычныя курсы не толькi па спецыялiзаваных спартыўных дысцыплiнах, але i па сумежных: педагогiцы, псiхалогii, медыцыне i г.д. Затым — абавязковая стажыроўка ў нацыянальных камандах па адпаведных вiдах спорту, а для галоўных i старшых трэнераў зборных — такая ж стажыроўка ў краiнах далёкага i блiзкага замежжа. Па тых жа адзiнаборствах можна (i трэба!) шмат што запазычыць у той жа Расii, дзе мы заўсёды можам «знайсцi» лепшую методыку падрыхтоўкi барцоў, баксёраў, фехтавальшчыкаў... Так, не заўсёды расiйскiя трэнеры i спецыялiсты поўнасцю раскрыюць свае сакрэты, аднак непасрэдна на трэнiровачных занятках запазычыць знойдзецца шмат чаго... У плаваннi, футболе, iншых вiдах трэба вучыцца ў Галандыi i Германii, Iталii i Iспанii. Дакументы па адкрыццю Вышэйшай школы трэнераў — заканадаўчая i метадычная база — падрыхтаваны. Практычна падабрана i кандыдатура на пасаду кiраўнiка ВШТ: праведзена не адна сустрэча з iм, аднак пакуль што «раскрываць карты» я не буду... Скажу толькi, што гэта, так бы мовiць, знакавая фiгура беларускага спартыўнага руху. — Як справы ў алiмпiйскай чэмпiёнкi 2000 года па штурханню ядра Янiны Карольчык? Цi збiраецца яна вярнуцца ў вялiкi спорт? Як упэўнена i надзейна выглядалi б нашы прадстаўнiцы — чэмпiёнка Алiмпiяды-2000 Я. Карольчык i чэмпiёнка свету-2005 Н. Астапчук — у лёгкаатлетычным сектары на самых прадстаўнiчых i адказных афiцыйных спаборнiцтвах... Эдуард АБАДОЎСКI, Мiхаiл КАЗАЧЭНКА (абодва — Мiнск). — Янiна Карольчык — выдатная спартсменка, перамогай на Гульнях 2000 года яна назаўсёды ўпiсала сваё iмя ў «залаты» летапiс Алiмпiяд. Потым Яня выйшла замуж за таксама вядомага ў спартыўных, а найбольш — у артыстычных колах чалавека — Уладзiмiра Правалiнскага: ён у свой час займаўся боксам, а потым гэтак жа надзейна i паспяхова знайшоў сябе на эстрадзе i шмат гадоў назад стаў заслужаным артыстам Рэспублiкi Беларусь. У iх ужо расце цудоўная дачка! Ведаю дакладна: Яня збiраецца вярнуцца ў сектар для штурхання ядра! У яе ёсць цудоўная перспектыва для падрыхтоўкi да адказных мiжнародных стартаў, у тым лiку — i да Алiмпiйскiх гульняў 2008 года. I, вядома ж, для мяне як для мiнiстра — гэта мяжа мараў, калi б у нас, дай Бог, з’явiўся такi цудоўны i надзейны дуэт штурхальнiц ядра — Янiна Карольчык—Надзея Астапчук, якi ёсць ужо ў кiданнi молата ў асобах Iвана Цiхана i Вадзiма Дзевятоўскага. Анатоль МЯСНIКОЎ. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi i тэлефонныя званкi чытачоў «Звязды» адказвае Мiнiстр спорту i турызму Рэспублiкi Беларусь Аляксандр ГРЫГАРАЎ
|
|