Мая другая мама
Iнга МIНДАЛЁВА
Кожнае дзiця мае права на выхаванне
Блiзнят Сяргея i Iгара часам блытае нават мацi. Малыя прывыклi, i, калi вы паклiчаце аднаго, — прыбягуць абодва, на ўсякi выпадак. Сяргей (Iгар?) падахвоцiўся паказаць нам сямейны фотаархiў. «Гэта мама, гэта Маша, — вадзiў пальчыкам 7-гадовы гiд, — вось тут Артур, Саша, Тоня...» На здымку — маленькi лыжнiк у поўнай спартыўнай экiпiроўцы. «Гэта я», — тлумачыць Iгар (цi ўсё ж такi Сярожа?) — «Не, гэта я!» — пярэчыць яго брат-блiзня. Дазнацца праўды няма нiякай магчымасцi. Так i застаецца лыжны партрэт адзiн на дваiх. Усяго ў сям’i SOS-мацi Танi 8 дзяцей. Усе яны — родныя браты i сёстры. Старэйшы, Артур, ужо жыве асобна, у «маладзёжным доме», пра якi гаворка пойдзе далей. З яго адыходам правай рукой мацi стала 14-гадовая Тоня. Самыя маленькiя — блiзняты Iгар i Сяргей. Ёсць яшчэ дзяўчынкi Маша (11 гадоў) i Саша (10 гадоў), i хлопчыкi-блiзняты Максiм i Арцём, якiм «стукнула» па 8. Таццяна Краснiкава — самая маладая мацi ў SOS-вёсцы, што ў Бараўлянах. Яна прыйшла туды ў 28 гадоў, студэнткай 5-га курса мiнскага педунiверсiтэта iмя М. Танка. Са сваiмi прыёмнымi дзецьмi яна ўжо 6 гадоў. Калi б не SOS-вёска, дзецi выхоўвалiся б у розных умовах i — галоўнае — у розных месцах, а значыць, страцiлi б тую роднасную сувязь, без якой чалавечае жыццё становiцца па-сапраўднаму сiроцкiм. Таццянiным дзецям пашанцавала: усе васьмёра растуць разам, не абдзеленыя матчынай пяшчотай. Як Таццяна з усiмi спраўляецца — загадка. Карэспандэнты газеты «Звязда» звалiлiся як снег на галаву. Дамаўлялiся з iншай SOS-мацi, але тая з’ехала па справах у горад. Хоць i кажуць, што нязваны госць горшы за татарына, прынялi нас вельмi сардэчна. Асаблiва старалiся Iгар i Сяргей, якiя чыталi вершы, расказвалi пра цырк (ад яго засталося шмат уражанняў), паказвалi сальта i розныя акрабатычныя эцюды. З дзяцей, акрамя блiзнят, мы засталi толькi Тоню: астатнiя былi ў школе. У час адсутнасцi мацi Тоня застаецца за гаспадыню, сочыць за парадкам i спрабуе ўтаймаваць непаслухмяных малодшых братоў. «Маму яны болей слухаюцца», — шчыра прызналася Тоня. За сямейным чаем высвятлялi, хто якую прафесiю хоча набыць. Iгар i Сяргей гэтае пытанне для сябе даўно вырашылi: адзiн пойдзе ў будаўнiкi, другi — у пажарнiкi. Старэйшая сястра яшчэ не вызначылася, аднак цвёрда ведае, кiм яна не хоча быць: настаўнiкам. На летнi адпачынак сям’я раз’язджалася групкамi. Напрыклад, малодшыя блiзняты i Маша адпачывалi ў Балгарыi. А мама Таня скарыстала час «разгрузкi», каб падрыхтавацца да паступлення. Яна хоча мець адукацыю псiхолага i зараз здае «рознiцу» за першыя два гады навучання. Адзiны выхадны ў тыдзень, якi ёсць у кожнай SOS-мацi, Таццяна праводзiць са сваёй мацi, з якой бачыцца радзей, чым хацелася б, цi з сяброўкамi-аднакласнiцамi. У вольную гадзiну, калi такая здараецца, пiша вершы i разважае, цi не ўзяць яшчэ аднаго малога на выхаванне. Галоўнае, што неабходна мець SOS-мацi ў двайным аб’ёме, дык гэта, на думку Таццяны, цярпенне. Яго павiнна хапiць на кожнага члена сям’i, каб нiхто не палiчыў сябе пакрыўджаным матчынай няўвагай. Пакуль у нашай рэспублiцы дзейнiчае ўсяго адна SOS — Дзiцячая вёска, у Бараўлянах. Там жывуць 13 сем’яў, 96 дзяцей. Сама мадэль выхавання малалетнiх сiрот была распрацавана аўстрыйцам Германам Гмайнерам яшчэ ў 1949 годзе. У цiрольскiм мястэчку Iмст была створана першая «SOS — Дзiцячая вёска». Сёння iх — 343 у 125 краiнах свету. Усе яны iснуюць у адпаведнасцi з 4 асноўнымi прынцыпамi, распрацаванымi Г. Гмайнерам. Першы — «SOS-мацi». У кожнага дзiцяцi павiнен быць самы блiзкi i надзейны чалавек, да якога ён можа прынесцi i сваю боль, i сваю радасць. Гэты чалавек — мацi. Хай i прыёмная. Другi прынцып — «браты-сёстры». У кожнай SOS-сям’i ад 6 да 10 i болей дзетак, якiя становяцца сваякамi, альбо з’яўляюцца iмi з моманту нараджэння, як дзецi Таццяны Краснiкавай. Трэцi прынцып — «дом». Месца, дзе дзiцяцi заўсёды будзе камфортна. I чацвёрты — «SOS — Дзiцячая вёска». 10—12 домiкаў, калектыў, дзе ўсе дзеткi жывуць у аднолькавых умовах. Ёсць сябры, якiя цябе зразумеюць i падтрымаюць. Паводле слоў выканаўчага дырэктара грамадскай арганiзацыi Беларускi фонд «SOS — Дзiцячая вёска» Мiкалая Храловiча, даволi складана было набраць першых дзетак для беларускай SOS-вёскi. Сёння ж iм рэгулярна тэлефануюць з прытулкаў, iнтэрнатаў, бальнiц: «Не маглi б вы ўзяць хлопчыка цi дзяўчынку на выхаванне?» «У нашай рэспублiцы вялiкая колькасць дзяцей-сiрот, паводле даных статыстыкi на студзень гэтага года — 30 тысяч, — агучыў праблему Мiкалай Уладзiмiравiч, — хаця не было нi вайны, нi стыхiйных бедстваў. Як правiла, малыя становяцца сiротамi пры жывых бацьках. Даўно наспела неабходнасць развiваць новыя формы выхавання, напрыклад, дзiцячыя дамы сямейнага тыпу, якiя дзе-нiдзе ўжо iснуюць». Зразумела, што i яны, i SOS — Дзiцячыя вёскi не з’яўляюцца iдэальнымi мадэлямi. Аптымальны варыянт — сапраўдная поўная сям’я, але прапанаваць яе кожнаму сiраце пакуль нерэальна. SOS-вёска — адна з формаў дапамогi сiротам, якая стварае ўмовы, блiзкiя да сямейных. Зараз будуецца яшчэ адна Дзiцячая вёска ў Мар’iнай Горцы. Аднак патрэба ў iх адчуваецца значна большая. Фiнансавыя магчымасцi дабрачынных арганiзацый, за чый кошт ствараюцца SOS-вёскi, небязмежныя. Самы час далучацца да добрай справы i беларускiм спонсарам. «2-3 прыватныя фiрмы маглi б забяспечваць адну SOS-сям’ю, — разважаў Мiкалай Храловiч, — а 40, аб’яднаных агульным пагадненнем, маглi б узяць пад сваю апеку цэлую вёску. Мы са свайго боку забяспечылi б вядзенне справаздачнасцi i падбор спецыялiстаў». Стаць прыёмнай мацi ў Дзiцячай вёсцы даволi складана. Гэта павiнна быць жанчына 28—40 гадоў, адзiнокая, без дзяцей альбо з дарослымi дзецьмi, якiя жывуць самастойна. (Гэта фармальна, галоўнае — шчырае жаданне «вылечыць дзiцячыя сэрцы» ад смутку.) Пасля субяседавання кандыдаткi праходзяць некалькi адборачных тураў, пэўны час жывуць у якасцi назiральнiцы ў адной з SOS-сем’яў, падвяргаюцца псiхалагiчнаму тэсцiраванню i дыягностыцы, 3,5 месяца навучаюцца на спецыяльных «матчыных» курсах (хатняя гаспадарка, асновы медыцыны, бухгалтэрыi, заканадаўства, садаводства, псiхалогiя, педагогiка). I толькi потым тыя, што засталiся, атрымлiваюць званне ... «кандыдаткi ў мацi» на 2 гады. Жадаючых папоўнiць штат мам у будучай SOS-вёсцы ў Мар’iнай Горцы больш чым дастаткова. З канца 2001 года ўжо пададзена 140 заяў. Многiя суайчыннiцы бачаць у гэтым сродак добра працаўладкавацца. Такiя адразу ж «адсейваюцца». «Да нас трапляюць толькi тыя, хто бачыць у дзецях сваё прызванне i прызначэнне, — гаварыла адказны педагог-псiхолаг Беларускага фонду «SOS — Дзiцячая вёска» Рыта Фурманава. — Канешне, у нашых мам шмат клопатаў. I ў iх бываюць дэпрэсii, стомленасць. Аднак за 7 гадоў iснавання вёскi ў Бараўлянах толькi адна SOS-мацi сабралася нас пакiнуць — па стану здароўя. Яшчэ нiводная не адмовiлася ад дзiцяцi, якое ёй прапаноўвалi ўзяць». Па дасягненнi 14—15 гадоў хлопчык цi дзяўчынка пераходзяць у «маладзёжны дом», дзе жывуць адносна самастойна (пад наглядам выхавальнiка). Для многiх мам перасяленне сына цi дачкi — хвалюючы момант. «А раптам ён больш не вернецца да мяне? Можа, я яму больш не патрэбна як мацi?» — хвалююцца яны. Але дзецi вяртаюцца. Прыязджаюць па выхадных з торцiкам, дзеляцца ўражаннямi. Яны вырастаюць, але матулiны любоў i падтрымка патрэбны iм i ў дарослым жыццi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожнае дзiця мае права на выхаванне
|
|