«Маскі» скінутыя?
Таццяна ПАДАЛЯК
Нязручна-нясцiплыя пытаннi да Аляксандра САЛАДУХI
...З цяжкасцю пазнала ў чалавеку ў чорнай вопратцы i спартыўнай шапачцы з калiграфiчнымi лiтарамi АС Аляксандра Саладуху. Сказаць, што нiколi не была яго паклоннiцай, — значыць нiчога не сказаць... А шматлiкiя iнтэрв’ю спевака пра дыеты для пахудзення дык i наогул без з’едлiвасцi не ўспрымалiся. Яшчэ б: адна справа — жанчыны-артысткi i зусiм iншая — нармальны, здаровы, малады мужык! Замест таго каб у дэталях апавядаць, як ён «ловiць рыбку» на фуршэтах-банкетах, — заняўся б лепш спортам!.. Мы гутарылi «ад няма чаго рабiць» — сапраўды, каб змарнаваць час. Я задавала артысту такiя пытаннi, якiя, мабыць, нiкому не стала б задаваць — а ён адказваў з мяккай спакойнай усмешкай. I нават з зацiкаўленасцю: маўляў, давайце, пытайцеся, што ў вас там яшчэ?!. Заiнтрыгаваная, прапанавала Аляксандру Саладуху прадоўжыць гутарку ўжо «для друку» — з умовай, што экспромтны сцэнарый з «каверзных» пытанняў застанецца нязменным. Згода... Толькi адзiн нюанс: Саладуха папрасiў свайго прадзюсера Аляксандра Свiрыдава, з якiм разам пiлi язмiнавую гарбату, на час iнтэрв’ю заняцца сваiмi справамi, «пакурыць». Патлумачыў: «Калi ўсё зводзiць да жартаў, дык можам гутарыць i ўтраiх. А калi размова сур’ёзная — лепш сам-насам. Так мне лягчэй адкрываць душу незнаёмаму чалавеку»... I перада мной быў ужо зусiм iншы, нечаканы Аляксандр Саладуха. Мяркуйце самi...
— Зусiм нядаўна, 18 студзеня, споўнiлася 34. — Ды ну?!. У вас жа дзецi ўжо вялiкiя! — Сынам-двайняткам Саню i Антону па 15. — Артысты любяць «упрыгожыць» свой узрост... — Ну ладна, можаце напiсаць, што мне... 54! — Вы з такой ахвотай распавядалi пра свае дыеты... Гэта нармальна — што ўся краiна ў дэталях ведае, як артыст вырашаў праблемы прыватнага характару? — Канешне. Калi карэспандэнты пачалi задаваць пытаннi такога кшталту, я разумеў, што яны хочуць расказаць пра мой шлях барацьбы з самiм сабой. Па-першае, я адкрываў свой асабiсты сакрэт, а па-другое — верыў, што мой вопыт камусьцi дапаможа выбрацца з багны. — Вы, прабачце, пра пахудзенне? — Не, вы не зразумелi. Я меў на ўвазе зусiм iншае... Ворагам нумар адзiн у жыццi Сашы Саладухi быў алкаголь. Але з 1 жнiўня 1994 года я знайшоў сiлы сказаць «хопiць!» — дзякуючы айцу Iгару, святару царквы Марыi-Магдалiны, што недалёка ад гасцiнiцы «Беларусь» у Мiнску. Я смела, адкрыта сказаў аб усiм у прэсе — i не пералiчыць, колькi ўдзячных слоў давялося пачуць за гэтыя прызнаннi («Калi б не вы, мой муж (сын, бацька, брат...) не ўзняўся б над сабой»). Айцец Iгар правёў са мной некалькi гутарак, дапамог паверыць у сябе. Ён гаварыў: нi ў якiм разе не дакарай сябе, у кожнага чалавека ёсць выбар — заўсёды i ва ўсiм. Вы пiлi, вам хацелася — так, вам падабалася, вы атрымлiвалi ад гэтага задавальненне — так... А потым вы прыйшлi да высновы, што вам гэта перашкаджае, што гэтага не трэба. I вынiк — новы лад жыцця, новы рубеж. Наогул, усё для мяне быццам бы пачалося наноў — i пайшло выдатна. Увосеннь 1994-га знаходзяцца людзi, якiя пачынаюць мне дапамагаць, даюць мне вялiкiя грошы — i Масква, вялiкiя залы, клiп «Здравствуй, чужая милая» на ўсiх каналах... — Некаторыя кадзiруюцца, «падшываюцца» i г. д. — Гэта падман, гэтага нельга рабiць. Усё — у чалавеку, у яго волi. Калi ён сам не прыме рашэнне, не зробiць выбар — нiхто не дапаможа: нi бацькi, нi жонка, нi дзецi, нi сябры. Нiхто... А дыета — гэта ўжо асобная старонка... Дыета — гэта маё жыццё i па сённяшнi дзень. Артыст павiнен быць заўсёды ў форме, таму мне нават прыгадваць не хочацца той час, калi я важыў 105 кiлаграмаў. Зараз — 80—85. Трымаемся! — I не вы адзiн... — Я не баюся паралеляў. Добры прыклад Ала Барысаўна, яна то такая (шырока разводзiць рукамi), то такая (зводзiць далонi). Яна, мабыць, таксама пастаянна змагаецца з сабой. — Саша, можна задаць вам сапраўды некарэктнае пытанне? — Любое! — Пра Алу Пугачову, Ларысу Долiну часам можна пачуць: на канцэрты ходзяць не столькi слухаць iх, колькi глядзець, i зарабляюць спявачкi ўжо не голасам, а... фiгурай. Ствараецца (магчыма, у рэкламных мэтах) неблагая iнтрыга: цi не патаўсцела Долiна, цi не пахудзела Пугачова? Вы не дапускаеце, што на канцэрты Саладухi публiку цягне не творчая цiкаўнасць, а выключна абывацельская? — Перакананы: на Алу Барысаўну хадзiлi, ходзяць i будуць хадзiць заўсёды — таму што гэта сапраўды Легенда, суперспявачка. Як бы да яе нi ставiлiся (у яе таксама ёсць свае «за» i «супраць»)... На Ларысу — не ведаю зараз, ходзяць цi не. А што датычыць мяне — хочацца верыць, што на мае канцэрты людзi iдуць менавiта паслухаць, атрымаць станоўчыя эмоцыi, зарадзiцца энергетычна. — Часта на канцэртах спяваеце «ўжывую»? — На сольных канцэртах — у асноўным толькi так. — Якi прыкладна працэнт складаюць «жывыя» сольнiкi, без мiнiмальнага падключэння «фанеры»? — На гэтае пытанне ёсць два варыянты адказу: шчыры i не... Пра гэта наўрад цi хто сказаў бы з артыстаў, але ж мы дамовiлiся гаварыць адкрыта i сумленна — i я сам хачу так гаварыць, нягледзячы на тое, што можа падацца, быццам «падстаўляю» кагосьцi або адкрываю тайну... Я назiраў, як працуюць некаторыя «iмёны» на расiйскай сцэне, назiраў з залы, з-за кулiс, падыходзiў да рэжысёрскага пульта... Ёсць некалькi вiдаў работы: 1) абсалютна жывое выкананне, 2) на мiнi-дыску часткова запiсаны «мiнус» (музычнае суправаджанне) як аснова, шкiлет, але голас, партыя клавiшных, сола гiтары — усё iдзе ўжывую, 3) мiкрафон уключаны i паралельна гучыць фанаграма (калi артыст шмат рухаецца па сцэне), 4) iдзе фанаграма — мiкрафон выключаны. — Спявак толькi адкрывае рот... Трэба сказаць, няпыльная работка! — Для некаторых... У канцэрце я спяваю 21 песню. Ужывую. — Без усякай галасавой «страхоўкi»? — Без страхоўкi. Я сам сабе не хачу хлусiць — i магу адкрыцца перад публiкай. — Не баiцеся, што хто-небудзь падстроiць «бяку» — усё выключыць, акрамя мiкрафона?.. Сiтуацый, калi публiка пераконваецца, што кароль — голы, было нямала, прычым са «славутасцямi». — Не баюся. Гавару шчыра. — Саша, ваш першапачатковы iмiдж, па сутнасцi, быў «спiсаны» (цi «запазычаны») у Iгара Талькова. Можна сказаць i больш рэзка: вы працавалi «пад Талькова»... — Не, я нiколi не працаваў «пад Iгара Талькова», а ў апошнiя 5 гадоў i наогул кардынальна змянiў iмiдж... «Вобраз» маiх першых крокаў на сцэне падказаў самы блiзкi сябар — кампазiтар Алег Елiсеенкаў: параiў пакiнуць доўгiя валасы i адпусцiць бародку. Паколькi ў час канцэртаў я вельмi шмат рухаўся, пот — лiпкi, салёны пот — лiўся, паверце, градам. Алег падказаў: паспрабуй скарыстаць павязку. Мне спадабалася гэта iдэя: i чыста практычна (было зручна), i вiзуальна (мне пасавала павязка)... Iгар Талькоў — так, ён ужо працаваў у гэтым вобразе. Яго забiлi 6 кастрычнiка 1991 года... А я ад Сашы Цiхановiча i Ядзi Паплаўскай пайшоў увосеннь 1991 года — i пачаў працаваць асобна... Атрымалася: Iгара забiлi — i я пасля гэтага надзеў павязку. Але насамрэч такой сувязi не было. — Як вы ставiцеся да слэнгавага слова «папса»? — Да маёй творчасцi, здаецца, яно не мае анiякага дачынення. Калi прааналiзаваць песнi, якiя спяваю: «Здравствуй, чужая милая», «Любiмая жанчына», «Калiна», «Адзiнокi», многiя iншыя — гэта наша жыццё, лёсы i пачуццi людзей. Гэта — сапраўднае, заўсёднае! — Аляксандр, цiкава, а як вам удалося медiнстытут скончыць? — З гiтарай у руках. — Анатомiю здавалi спяваючы? — Канешне! — I якiя адзнакi вам ставiлi? — Розныя. — I потым, калi працавалi санiтарным урачом, iнспектарам рыбнагляду, — разумелi, што гэта «не ваша»? — Я зразумеў гэта ўжо на першым курсе Карагандзiнскага медыцынскага iнстытута. — А чаму не кiнулi? — Наiўныя хлапечыя меркаваннi: прэстыжны iнстытут, ды i бацькоў шкада было — яны вельмi хацелi, каб я менавiта там вучыўся... Нярэдка так складваецца, што пасля школы малады чалавек сам не вызначаецца... — Хто вашы бацькi? — Бацька — ваенны, мацi — настаўнiца пачатковых класаў... У школе я лiтаральна трызнiў спортам i музыкай. Сур’ёзна займаўся футболам, баскетболам — гэта, дарэчы, i дапамагло потым быць у форме, вытрымлiваць сольныя канцэрты па паўтары гадзiны i шмат рухацца. — Калi шчыра — у медiнстытут «па блату» паступалi? — Штосьцi там бацькi рабiлi... На ўступных экзаменах я набраў неабходную колькасць балаў. I толькi першы месяц вучыўся на «пяцёркi». Ужо на 1-м курсе ў мяне быў свой ансамбль. — Элементарную медыцынскую дапамогу аказаць зможаце — калi раптам што здарыцца з чалавекам побач? — Я аказваю дапамогу людзям кожны дзень — сваiмi песнямi! — Вы гаворыце пра душэўную дапамогу. А чыста медыцынскую — тое, чаму вас 6 гадоў вучылi ў ВНУ? — Не выпадала нi разу... Напэўна, зможам. — Артыст — гэта апладысменты, кветкi, аўтографы, паклоннiцы... У вас адна сям’я? — Зараз — так. — Зараз... Здаралiся крокi «налева — направа»? — У жыццi было шмат усяго рознага... Але ўсе мае сур’ёзныя крокi былi — толькi на сцэну (смяецца). На сцэну — у розных гарадах. А вы хiба мелi на ўвазе што iншае? — Вы стараецеся жыць не памыляючыся? — Здаецца, жыццё наогул iдзе перыядамi, этапамi. — Чорна-белымi? — Так. Прычым для кожнага чалавека галоўнае — работа i асабiстае жыццё. Зараз я на ростанi. Разумею, што нiхто не падкажа, якi далейшы шлях будзе найлепшым, — вызначацца павiнен самастойна. Але, ведаеце, мне зноў захацелася сустрэцца з айцом Iгарам, пачуць яго мудрае слова. — У чым для вас творчае раздарожжа? — Па парадку. Першыя 10 гадоў творчага шляху пройдзены ў Беларусi, потым пачаў «атакаваць» Маскву, Пiцер — сакрушальны трохгадовы поспех... У 1997-м — вялiкi тур па Беларусi, потым зноў Масква, з кампазiтарам Аляксандрам Марозавым запiсалi 10 песень, выйшаў мой трэцi кампакт-дыск. З 2001 года — зноў вялiкi тур па Беларусi, прымеркаваны да 15-годдзя творчай дзейнасцi, — 150 сольных канцэртаў... Чарговае «кола» пройдзена, паўстае лагiчнае пытанне: што далей? Ёсць два шляхi: альбо працягваць працаваць тут, у Беларусi, альбо выходзiць за межы краiны. I зноў жа: зрабiць новую праграму (а значыць, пайсцi «ў паўзу»: зачынiцца ў студыi, працаваць, запiсваць i г. д.) цi з гэтай «накатанай» праграмай лепшых песень за 15 гадоў (да драбнiц прадуманы канцэрт, выдатная каманда, гук, святло, iнструменты, аўтобус...) — ехаць на гастролi ў Расiю, Украiну i паралельна рабiць новыя напрацоўкi. Некаторыя пераконваюць: калi хочаш чагосьцi дасягнуць — толькi ў Расiю! Вось i Слава Еўдакiмаў шмат гадоў таму мне сказаў: «Чым раней ты з’едзеш — тым лепш для цябе...». Разумееце, у чым адрозненне расiйскага артыста ад беларускага? Калi там чалавек «раскручваецца», ён сапраўды становiцца «зоркай» — ва ўсiх адносiнах, у тым лiку i матэрыяльных (напрыклад, сольнiк у Расii каштуе разоў у дзесяць больш). Калi сутыкаешся з гэтай «кухняй» — i калi ты сябе цэнiш i паважаеш (а без гэтага нельга, калi ты iмкнешся да чагосьцi!), пытаннi ўзнiкаюць амаль гамлетаўскiя. А калi табе ў вочы гавораць: «Што ты там робiш? Чаму ты там сядзiш?..». Пачуццё радзiмы? Так. I я бачу любоў народную на канцэртах — нараджаецца невытлумачальнае адчуванне. Не выказаць нiякiмi словамi... А канцэрты, прысвечаныя бацькам... Мой бацька, Антон Максiмавiч, ужо пайшоў з жыцця — у мiнулым годзе яму споўнiлася б 70 напярэдаднi Дня абаронцаў Айчыны. Памяцi бацькi я прысвяцiў канцэрт у Смаргонскiм пагранатрадзе. А увосеннь у Капылi быў канцэрт, прысвечаны юбiлею мамы, Раеўскай Алены Зянонаўны. Здаецца, разам са мной вiншаваў яе ўвесь раён! Мабыць, трэба цвёрда i канчаткова для сябе вызначыць: радзiма i база — тут, у Беларусi, а працаваць трэба па ўсiм свеце. Прадстаўляючы сваю краiну. — Вы лiчыце сябе беларускiм артыстам? — Безумоўна. «Зорка беларускай эстрады» — менавiта так мяне прадстаўляюць на ўсiх канцэртах... Ну а цяпер факт, якi для спевака стаў... ледзь не пiкантнай падрабязнасцю. Нарадзiўся Аляксандр Саладуха сапраўды 18 студзеня, толькi... у 1959 годзе. Па ўсiм вiдаць, вопыт гадоў перажытых не стаў для спевака багаццем. Значыць, у яго ўсё яшчэ наперадзе?..
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нязручна-нясцiплыя пытаннi да Аляксандра САЛАДУХI
|
|