Дырэктар Барысаўскага дзяржаўнага педагагiчнага каледжа Валерый Захараў:
Iнга МIНДАЛЁВА. Алена ДАЎЖАНОК.
«Родная мова вабiць нашу моладзь»
На думку спецыялiстаў, мадэль падрыхтоўкi будучых настаўнiкаў да практычнай дзейнасцi сёння больш дасканалая ў сярэдне-спецыяльных навучальных установах, чым у ВНУ. Барысаўскi дзяржаўны педагагiчны каледж — яскравы гэтаму прыклад. Вось ужо 20 гадоў ён рыхтуе высокаквалiфiкаваных спецыялiстаў. Яго выпускнiкi звычайна няблага ўладкоўваюцца. Наколькi грунтоўнымi будуць веды, якiя атрымае вучань, агульны ўзровень яго адукацыi — усё гэта напрамую залежыць ад настаўнiка. Тут каледжу таксама ёсць чым ганарыцца. Сярод выкладчыкаў 6 выдатнiкаў народнай асветы, 13 узнагароджаны Ганаровымi граматамi Мiнiстэрства адукацыi Беларусi, 23 маюць вышэйшую катэгорыю. «Настаўнiкi Барысаўскага каледжа — самыя актыўныя слухачы нашых курсаў, — сказаў дэкан факультэта павышэння квалiфiкацыi спецыялiстаў адукацыi Мiнскага дзяржаўнага педагагiчнага унiверсiтэта iмя М.Танка, доктар педагагiчных навук Сяргей Сямёнавiч Кашлеў. — Iх цiкавяць новыя тэхналогii i сучасныя метады выхавання. Зараз па запрашэнню дырэктара ў сценах каледжа мы праводзiм выязны навукова-метадычны семiнар, на якiм пазнаёмiм настаўнiкаў з новымi iнтэрактыўнымi метадамi работы з навучэнцамi». Пакуль дзецi адпачываюць на канiкулах (у каледжы яны пачынаюцца ў сярэдзiне студзеня), настаўнiкi скарыстоўваюць «вольны» час для ўдасканалення ўласных ведаў. Барысаўскi дзяржаўны педагагiчны каледж — адна з трох сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў вобласцi, якiя рыхтуюць настаўнiкаў пачатковых класаў i работнiкаў дашкольных устаноў як вочна, так i завочна. Прычым у апошнiя гады колькасць навучэнцаў-завочнiкаў у каледжы няўхiльна павялiчваецца. Каб павысiць канкурэнтаздольнасць сваiх выхаванцаў, па асноўных спецыяльнасцях адмiнiстрацыя ўвяла дадатковыя спецыялiзацыi. На дашкольным аддзяленнi гэта «Творчая дзейнасць» (музыка цi выяўленчае мастацтва) i «Лагапедыя». На школьным аддзяленнi — таксама «Творчая дзейнасць», «Замежная мова» (англiйская цi нямецкая) i «Беларуская мова i лiтаратура». У наступным годзе пачнецца набор у групу са спецыялiзацыяй «Справаводства ва ўстановах адукацыi». Каледж мае дамоўленасць з Мiнскiм дзяржаўным лiнгвiстычным унiверсiтэтам i педунiверсiтэтам iмя М.Танка. Яго выпускнiкi, якiя скончылi каледж на «добра» i «выдатна», залiчваюцца на 3-i курс вышэйпамянёных ВНУ па вынiках субяседавання. Сёння ў Барысаўскiм каледжы вучыцца 978 будучых настаўнiкаў, 798 з iх атрымлiваюць адукацыю вочна, 180 — завочна. Год навучання на платнай аснове каштуе прыкладна 620 тысяч рублёў. Пакуль яшчэ не ўсе работнiкi нашай сiстэмы дашкольнага выхавання маюць адпаведную тэарэтычную базу. З гэтага года яны могуць атрымаць яе ў каледжы, куды iх залiчаць па вынiках субяседавання. Адзiнае патрабаванне — мець за плячыма 5 гадоў практычнай работы. На завочным аддзяленнi для такiх навучэнцаў «забранiраваны» 40 бюджэтных месцаў. У мiнулым годзе конкурс у сярэднiм па каледжы быў 2 чалавекi на месца. Найбольшай папулярнасцю нязменна карыстаюцца спецыялiзацыi «Замежная мова» i «Беларуская мова i лiтаратура». «Многiя лiчаць, што родная мова сёння не вабiць моладзь, але гэта не так, — дзялiўся назiраннямi дырэктар каледжа Валерый Васiльевiч Захараў. — Дзецi ахвотна iдуць на гэтую спецыялiзацыю». Для iншагароднiх навучэнцаў пры каледжы ёсць iнтэрнат на 140 месцаў. Год таму там правялi сур’ёзны рамонт. Акрамя жылых i падсобных памяшканняў, у iнтэрнаце ёсць кабiнеты музыкi, дэкаратыўна-прыкладнога i выяўленчага мастацтва, зала спартыўных трэнажораў i зала адпачынку.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Родная мова вабiць нашу моладзь» |
|