Праўдалюбец Бацькаўшчыны
Анатоль МЯСНIКОЎ
Споўнiлася 75 гадоў з дня нараджэння Алеся АДАМОВIЧА
З iм заўсёды прыемна i карысна было сустрэцца i пагаварыць. Сiвагаловаму акадэмiку i зусiм яшчэ «зялёнаму» студэнту-першакурснiку, калегу-лiтаратару i «звычайнаму» селянiну-працаўнiку... Бо кожны з iх заўсёды знаходзiў з Алесем Мiхайлавiчам агульную мову: зразумелую, простую, чалавечую. Сустрэча-спатканне — доўжылася яна гадзiну-другую цi была так сабе, мiмаходзь, на працягу нейкай там хвiлiны-другой, заўсёды пакiдала ў глыбiнi душы i сэрца не толькi светлыя i прыемныя ўспамiны, але i ўзбагачала, прыадкрывала тую цi iншую таямнiцу ў такiм вiрлiвым, неспакойным, неабачлiвым нашым жыццi. Як асоба, ён найперш быў чалавечным, добразычлiвым, энцыклапедычных ведаў. А яшчэ рабiў усё, што толькi было магчыма ў ягоных высiлках i фiзiчных магчымасцях, для таго, каб такiмi ж — па-людску лагоднымi i памяркоўнымi, спагадлiвымi i як мага больш дасведчанымi i «прасветленымi», былi i ўсе мы: тыя, хто не толькi меў вялiкае шчасце судакранацца з iм самiм, ягоным талентам, але i многiя iншыя, незнаёмыя яму землякi-беларусы, адной Айчынай з якiмi Алесь Мiхайлавiч даражыў i ганарыўся. I як шкада, што i тады, трыццаць, дваццаць i дзесяць гадоў назад, i сёння, на пачатку ХХI стагоддзя, многiя не разумелi, ды проста не хацелi разумець: хто ён, Алесь Адамовiч, быў для Беларусi i тады, i зараз! На самую высокую вяршыню чалавечага быцця ён пачаў самастойнае ўзыходжанне ўжо ў 15-гадовым узросце, калi ў грозным 1942-м прыйшоў у партызанскi атрад. Дзiцячая памяць i ўражаннi не проста пакiнулi след у жыццi, але i паспрыялi яму, каб пазней, у сталым ужо ўзросце, ён напiсаў раманы «Сыновья уходят в бой» i «Партизаны», «Хатынскую аповесць» i аповесць «Каратели: Радость ножа, или Жизнеописание гипербореев», — творы, што не пакiнулi абсалютна нiкога раўнадушным ва ўсiм цывiлiзаваным свеце! I гэта зусiм не перабольшанне. Ад iх, як i ад мастацкай кiнастужкi —крыку душы «Iдзi i глядзi», як i ад дакументальнай кнiгi-споведзi «Я з вогненнай вёскi...», створаных пры самым непасрэдным удзеле Алеся Адамовiча, пры прачытаннi i праглядзе пралiты сапраўдныя рэкi слёз: ад суперажывання, болi за нашу, самую вялiкую ў мiнулым, ХХ стагоддзi, трагедыю. Трагедыю ўсяго чалавецтва, якую ён, Алесь Мiхайлавiч, бачыў не толькi на свае вочы, але i здолеў па-свойму, непаўторна, прапусцiць праз сэрца, асэнсаваць сваiм Боскiм дарам. Рос жа i сталеў, ад прыступкi да прыступкi крочыў да новага асэнсавання i паглыблення свайго светаўспрымання i кругагляду ён разам са сваiм беларускiм народам. Алесь Мiхайлавiч нiколi гучна не заяўляў аб гэтым, аднак жа i не выракаўся сваiх каранёў, сваёй Бацькаўшчыны. У прамым i пераносным сэнсе слова. Даражыў малой радзiмай — Капыльшчынай, i не менш — бабруйскай Глушай, дзе, дарэчы, i знайшоў свой апошнi зямны прытулак... Калi ж вучыўся ў Белдзяржунiверсiтэце, а потым — у аспiрантуры, калi працаваў у акадэмiчным Iнстытуце лiтаратуры iмя Янкi Купалы, нават калi выкладаў у Маскоўскiм дзяржаўным унiверсiтэце iмя Ламаносава i быў кiраўнiком навукова-даследчага Iнстытута кiнамастацтва ў Маскве, ён заўсёды iмкнуўся на крок-другi зазiрнуць наперад, паспрабаваць прадбачыць: а што там, за так званым гарызонтам, няхай сабе часта i прывiдным, нерэальным... Ды вельмi часта тое «ўяўнае» збывалася i здзяйснялася, станавiлася неўзабаве рэальнасцю — суровай, жорсткай, выпрабавальнай для соцень тысяч i мiльёнаў людзей. Так здарылася, у прыватнасцi, з чорнай быллю Чарнобыля, праўду аб якiм Алесь Адамовiч усё ж паспеў сказаць, наступствы яго — прадказаць... У вынiку чаго, на маю асабiстую думку, i пайшоў дачасна сам з жыцця. Лiтаратуразнаўчыя працы крытыка Адамовiча, мастацкiя творы пiсьменнiка Адамовiча, публiцыстыка i кiнастужкi трыбуна i праўдалюбца Адамовiча занялi сваё належнае, самае што нi ёсць ганаровае месца ў айчыннай гiсторыi Беларусi. Яшчэ больш важкае i адметнае месца зойме ягоная спадчына ў будучай Беларусi, калi ўся яна, спадчына, будзе зноў i зноў перачытаная i перагледжаная, асэнсаваная i ацэненая. I толькi тады мы зразумеем: Хто быў ён на зямлi беларускай — Алесь Мiхайлавiч Адамовiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Споўнiлася 75 гадоў з дня нараджэння Алеся АДАМОВIЧА
|
|