21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Генадзь Сiнягоўскi, генеральны дырэктар Мiнскага завода колавых цягачоў:

25.08.2009 21:32 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

«Волат» тэхнiка, якой няма аналагаў у свеце»

Гiсторыя гэтага прадпрыемства распачалася ў сярэдзiне 1950-х гадоў. Тады, каб забяспечыць узброеныя сiлы аўтатэхнiкай вялiкай грузапад’ёмнасцi i разам з тым — высокай манеўранасцi i надзейнасцi, было прынята рашэнне аб стварэннi на Мiнскiм аўтазаводзе спецыялiзаванага канструктарскага бюро. А 29 сакавiка 1959 года тут з’явiлася самастойнае падраздзяленне — вытворчасць спецыяльных колавых цягачоў... На працягу некалькiх дзесяцiгоддзяў аўтазавод асвойваў усё новыя вiды мнагавоснай тэхнiкi. I не без падстаў лiчыўся адным са стратэгiчных аб’ектаў ВПК колiшняга СССР. Больш таго, у 1991 годзе на базе iснуючых магутнасцяў МАЗа з’явiлася новае прадпрыемства — Мiнскi завод колавых цягачоў. Аднак яго лёс аказаўся няпростым. Атрымалася так, што ў тым жа 1991-м знiк Савецкi Саюз. А з iм — i практычна ўсе ранейшыя заказы...

Сёння на МЗКЦ не хаваюць: гэты перыяд быў складаным. Але адначасова дадаюць, што прадпрыемства здолела не проста выжыць, а захаваць свой навукова-тэхнiчны i вытворчы патэнцыял, значна пашырыць асартымент, заваяваць новыя рынкi i, у рэшце рэшт, павялiчыць аб’ёмы прадукцыi. Зрэшты, аб усiм гэтым — наша гутарка з генеральным дырэктарам Мiнскага завода колавых цягачоў Генадзем Аляксандравiчам СIНЯГОЎСКIМ.

Даведка «Звязды»

Мiнскi завод колавых цягачоў — прадпрыемства, якое спецыялiзуецца на вытворчасцi дарожных i пазадарожных аўтамабiляў вялiкай грузапад’ёмнасцi i прычапной тэхнiкi да iх, а таксама спецыяльных колавых шасi пад мантаж самага разнастайнага абсталявання для прадпрыемстваў i транспартных арганiзацый будаўнiчага, нафтагазавага, машынабудаўнiчага i лесанарыхтоўчага комплексаў. Пры гэтым завод гатовы вырабiць тэхнiку па iндывiдуальных заказах, забяспечвае яе гарантыйнае i паслягарантыйнае абслугоўванне, а таксама пастаўку запчастак на працягу ўсяго тэрмiну эксплуатацыi.

Прадстаўляем суразмоўцу

Генадзь Аляксандравiч СIНЯГОЎСКI. Нарадзiўся 4 студзеня 1948 года ў Старадарожскiм раёне. Закончыў Мiнскi аўтамеханiчны тэхнiкум, Беларускi полiтэхнiчны iнстытут. З 1967 года — на Мiнскiм аўтазаводзе, працаваў рабочым, тэхнолагам, канструктарам, намеснiкам галоўнага канструктара, галоўным канструктарам па аўтобусах, намеснiкам генеральнага дырэктара — дырэктарам аўтобуснай вытворчасцi. З канца 2002 года — генеральны дырэктар Вытворчага рэспублiканскага унiтарнага прадпрыемства «Мiнскi завод колавых цягачоў».

— Генадзь Аляксандравiч, давайце ўзгадаем 1990-я гады. Не сакрэт, быў нават момант, калi перспектывы далейшага iснавання прадпрыемства ўвогуле ставiлiся пад сумненне. I тым не менш завод вытрымаў усе выпрабаваннi. За кошт чаго ўдалося пераадолець цяжкасцi?

— Сказаць, што пачатак 1990-х гадоў прынёс вялiкiя праблемы, — не сказаць нiчога. Тады практычна за адзiн дзень завод страцiў амаль 100 працэнтаў сваiх заказаў. I гэта быў на самай справе адчувальны ўдар. Разам з тым у прадпрыемства засталося цi не галоўнае — высокi навукова-тэхнiчны i вытворчы патэнцыял. Менавiта дзякуючы яму i ўдалося знайсцi выйсце з па-сапраўднаму няпростай сiтуацыi.

Так, у першую чаргу работнiкi МЗКЦ паспрабавалi прыстасаваць тэхнiку, што выкарыстоўвалася раней выключна ў ваенных мэтах, пад патрэбу народнай гаспадаркi. Завод стаў вырабляць тэхнiку двайнога прызначэння. I паралельна, з улiкам даволi высокай цаны такiх аўтамабiляў, працаваць над стварэннем новай гамы машын, якiя б цалкам задавальнялi патрабаваннi «грамадзянскага» спажыўца. Другi напрамак работы ў гэты час — вытворчасць запчастак непасрэдна для ваеннай тэхнiкi, якая знаходзiцца на ўзбраеннi армiй Рэспублiкi Беларусь, Расiйскай Федэрацыi, Украiны, iншых краiн блiзкага i далёкага замежжа. Нарэшце, яшчэ адзiн напрамак — стварэнне ў сярэдзiне 1990-х сумеснага прадпрыемства па вытворчасцi тэхнiкi ў Кiтаi.

Усё гэта разам дапамагло прадпрыемству выжыць. Хоць сцвярджаць, што тады ўсе праблемы былi вырашаны да канца, не выпадае. Значныя абавязкi па крэдытах, якiя ў перыяд высокай iнфляцыi даводзiлася браць пад вельмi высокiя працэнты, прывялi да таго, што ў канцы 1990-х гадоў МЗКЦ па сутнасцi аказаўся без абаротных сродкаў. Прычым становiшча ўдалося выправiць толькi дзякуючы ўмяшанню кiраўнiка дзяржавы, урада, а таксама садзейнiчанню Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камiтэта — было прынята рашэнне аб аказаннi заводу ў 2004—2005 гадах дзяржаўнай падтрымкi. У вынiку ў прадпрыемства адкрылася другое дыханне. Так, у мiнулым годзе замест запланаваных 22 працэнтаў завод здолеў забяспечыць прырост аб’ёмаў вытворчасцi на 26,1 працэнта. Мы атрымалi хоць i невялiкую, але станоўчую рэнтабельнасць на ўзроўнi 3,5 працэнта, што ў тым лiку дазволiла пагасiць частку запазычанасцi, як мы жартуем, яшчэ мiнулага стагоддзя. Аднак, напэўна, самае важнае, што заводу ўдалося стварыць добры задзел на будучыню. I вызначыць больш амбiцыйныя планы — у прыватнасцi, мы не без падстаў разлiчваем павялiчыць паказчыкi вытворчасцi ўжо ў 2006 годзе.

— Адразу ж напрошваецца пытанне — у якiх напрамках будзе працаваць прадпрыемства надалей?

— Сёння мы нi ў якiм разе не павiнны забываць пра патрэбы народнай гаспадаркi i працягваць работу ў гэтым напрамку. I разам з тым мы перакананы, што адначасова трэба працаваць на патрэбы ўзброеных сiл. Тым больш што апошнiм часам тут з’яўляецца ўсё большая колькасць заказаў.

Стратэгiя МЗКЦ зараз — па магчымасцi не ўступаць у прамую канкурэнцыю з расiйскiмi, еўрапейскiмi i амерыканскiмi заводамi, якiя займаюцца масавай вытворчасцю аўтамабiльнай тэхнiкi. Так, мы выйгравалi тэндары на пастаўку цяжкiх транспарцёраў у тых жа «Татры», МАНа, «Мерседэса» i амерыканскага «Ошкаша». Само па сабе гэта — факт красамоўны. I ўсё ж асноўная стаўка робiцца на iншае — на пошук менавiта сваёй нiшы на рынку. Асаблiва калi ўлiчыць, што наша прадпрыемства па-сапраўднаму унiкальнае, мы робiм такую тэхнiку, якую можа рабiць мала хто ў свеце. I ў тым лiку, з улiкам пажаданняў заказчыка, робiм эксклюзiўную тэхнiку ўсяго ў 1—2 экзэмплярах. Магчыма, таму невыпадкова, што 80 працэнтаў прадукцыi МЗКЦ iдзе на экспарт.

Сапраўды, мы вырабляем дарожна-будаўнiчую тэхнiку, пастаўляем камплектацыю ў рамках мiжзаводскай кааперацыi для прадпрыемстваў Беларусi. Мы працуем з краiнамi Паўднёва-Усходняй Азii, Афрыкi, Блiзкага Усходу. I ўсё ж асноўныя партнёры МЗКЦ — Расiйская Федэрацыя i краiны СНД. Прычым вядома, што сёння тая ж Расiя найперш багатая нафтай, газам i лесам. А ў сваю чаргу гэтыя рэсурсы знаходзяцца ў цяжкадаступных месцах. I, каб дабрацца да iх, патрабуецца эксклюзiўная тэхнiка, якая, як правiла, вырабляецца ў невялiкай колькасцi, мае высокую праходнасць i прыстасавана да тэхналагiчнага цыклу здабычы.

Такiм чынам, адным з перспектыўных напрамкаў сёння з’яўляюцца цягачы i спецыяльныя шасi для абслугоўвання нафтаздабываючага комплексу i ў тым лiку — з мантажом на iх буравых установак. Ужо распрацавана цэлая гама такiх машын i, як чакаецца, у гэтым годзе iх вытворчасць стане практычна серыйнай. Другi адметны напрамак — дарожна-будаўнiчы. Да слова, адметна, што ў дадзеным выпадку ўсе нашы машыны маюць дарожны габарыт, iнакш кажучы, зараз яны не патрабуюць спецыяльных дазволаў для выхаду на дарогi агульнага прызначэння i дадатковай аплаты — а гэта надзвычай важна для кожнага спажыўца. I яшчэ. Апошнiм часам Расiйская Федэрацыя вельмi актыўна займаецца iндустрыяльнай нарыхтоўкай i перапрацоўкай лесу. I пры гэтым — у вялiкiх аб’ёмах. Таму намi была асвоена вытворчасць новага тыпу сартыментавозаў, якiя па сутнасцi могуць «забраць» цэлы вагон лесу i вывезцi яго на любую адлегласць. Так, падобную тэхнiку вырабляюць МАЗ i УралАЗ. Аднак на гэтых прадпрыемствах такая тэхнiка рэальна мае меншую грузапад’ёмнасць.

— I ўсё ж, прадукцыя МЗКЦ — што яна ўяўляе сабой зараз?

— У цэлым мадэльны рад прадпрыемства налiчвае звыш 100 мадэляў i мадыфiкацый. Прычым усё гэта — уласныя распрацоўкi. Завод мае моцнае канструктарскае бюро, свой навукова-даследчы цэнтр, якi прайшоў сертыфiкацыю i мiжнародную акрэдытацыю, таму лiтаральна кожны год у нас з’яўляюцца дзесяткi навiнак. Дарэчы, толькi на працягу 2000-х гадоў мы абнавiлi свой мадэльны рад на 80 працэнтаў. I сёння можам прапанаваць тэхнiку, якая задаволiць нават самага патрабавальнага заказчыка.

— Мiж тым, падчас нядаўняй традыцыйнай сустрэчы кiраўнiцтва прадпрыемства з дылерамi была агучана наступная iнфармацыя: МЗКЦ практычна ўжо мае сфармiраваны партфель заказаў на 2006 год. I прычым — у большых, чым летась, памерах. Наколькi рэальна прадпрыемству асвоiць усе цяперашнiя заяўкi? I што для гэтага трэба?

— Задача асвоiць усе сёлетнiя заказы — цалкам рэальная. Хоць для гэтага i давядзецца вырашыць некалькi пытанняў. Да прыкладу, праблему дэфiцыту рабочых. Ужо сёння завод гатовы прыняць 300—400 чалавек i мы запрашаем на прадпрыемства ўсiх, хто хоча ў нас працаваць.

Аднак павелiчэнне колькасцi персаналу — мэта ўсё ж не галоўная. Для таго, каб паспяхова выконваць заяўкi спажыўцоў, каб нармальна жыць i працаваць у будучым, заводу неабходна тэхнiчнае пераўзбраенне. У мiнулым годзе iнвестыцыi з розных крынiц у асноўныя сродкi прадпрыемства склалi каля 3 млрд рублёў. Гэта, да прыкладу, амаль у пяць разоў больш, чым у папярэднiя гады. Але разам з тым гэта лiчба пакуль не дастатковая. Так, мы пачалi актыўную закупку новага абсталявання. Аднак справу трэба працягнуць. I плюс да таго, трэба ўсур’ёз падысцi да вырашэння праблемы набыцця новых тэхналогiй, бо сёння «ўзрост» некаторых тэхналогiй фактычна складае 40—50 гадоў i, зразумела, яны ўжо не адпавядаюць патрабаванням часу. Вядома, новае абсталяванне i новыя тэхналогii — перш-наперш грошы. Таму тут мы плануем выкарыстоўваць унутраныя рэзервы. I ў той жа час — разлiчваем на дзяржаўную падтрымку. Бо перакананы, што ў вынiку прадпрыемства атрымае новы iмiдж, павялiчыць аб’ёмы вытворчасцi i рэалiзацыi, а значыць, павялiчыць падатковыя адлiчэннi. А гэта — прамая выгада для ўсяго больш чым 4-тысячнага калектыву завода. I адначасова — карысць для нашай дзяржавы ў цэлым.

Алена ДАЎЖАНОК, Андрэй КОВЕЛЬ.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика