Маiх дзяцей гадавала бабуля — зараз я гадую ўнукаў
Герой сацыялiстычнай працы, дэпутат БССР, СССР — яна бачыла жыўцом многiх савецкiх генсекаў, дзеячаў культуры, знакамiтасцяў (Брэжнева, Гарбачова i Раiсу Максiмаўну, Клiмука, Максiма Танка). Бывала ў Францыi (Парыжы), у Манголii, Балгарыi, Венгрыi, Польшчы, Румынii. А яшчэ яна — мацi 4 дзяцей i бабуля 9 унукаў (iмi яна ганарыцца не менш, чым зоркай Героя).
Родам Лiдзiя Дзмiтрыеўна Брызга з вёскi Дамачава Брэсцкай вобласцi, год нараджэння 1943. Бацьку свайго яна ледзь памятае — ён загiнуў у 45-м, 30 сакавiка, якраз у дзень нараджэння сваёй Лiдачкi. Яе i малодшую сястрычку гадавала мама. Пасля вайны жанчыне адной расцiць малых было надзвычай цяжка, таму Лiдзiна дзяцiнства не было нi вясёлым, нi бесклапотным. Увесь час дзяўчынкi былi занятыя працай, як маглi, дапамагалi маме. «Перад школай карову падаю, парсюкоў пакармлю, — узгадвала Лiдзiя Дзмiтрыеўна. — Iдучы са школы, дровы на спiне прынясу. Гаспадара ж у хаце не было». Тым не менш, Лiда скончыла 8 класаў мясцовай школы. Значна пазней — калi ўжо вучiлiся ў 9-м класе яе старэйшыя дзецi — Лiдзiя Дзмiтрыеўна села разам з iмi за парту i атрымала закончаную сярэднюю адукацыю. — Вучылася я вельмi добра, — дзялiлася яна ўспамiнамi, — асаблiва любiла матэматыку. Прынамсi, сёння дзецi так не цягнуцца да ведаў. А я i за сябе i за iншых хатняе заданне рабiла — так мне гэта падабалася. Працаваць Лiда пайшла ў 16 гадоў. Замуж — у 18. — Не ставала гаспадара ў хаце, а трэба ж было i дровы нарыхтоўваць, i сена касiць для кароў... Мама мне: «Лiда, дачушка, трэба iсцi замуж...». Я i пайшла. I нiколi потым не пашкадавала. Цяжкавата майму мужыку прыйшлося. Ён жа браў проста Лiду, працавiтую, прыгожую дзяўчыну. А яна «вырасла» ў дэпутата, Героя сацыялiстычнай працы. Я ж ездзiла часта (пры Гарбачове амаль кожны месяц былi пленумы), па 3—4 днi мяне дома не было. Плюс сесii дэпутатаў. Не паспею прыехаць, як мяне ў кожны раён на сустрэчу з працаўнiкамi клiчуць. Муж злаваўся: «Ёй жа з-за гэтага працаваць няма калi!» Таму ўсе сустрэчы назначалiся толькi праз яго i з яго згоды. Працавала Лiдзiя Дзмiтрыеўна многа i цяжка, першая ў вобласцi перайшла на пашыраную зону (адразу абслугоўвала 50 кароў, потым — 100). Завiхалiся ўдваiх з мужам — ён даглядчык, яна даярка. Першыя 25 гадоў адпрацавалi на радзiме, потым пераехалi ў вёску Астрамечава Брэсцкай вобласцi. — Зараз нават не магу ўявiць, як так можна было працаваць, — прызналася суразмоўца. — Як я толькi прыйшла на ферму ў 16 гадоў, першыя гады 3—4 у нас была ручная дойка. Толькi потым з’явiлiся рухавiкi. Кармы разносiлi ўручную (так нацягаешся за дзень вёдраў з буракамi, ледзь iдзеш). Даiлi 4 разы на суткi. Апошнюю карову доiш у 24.00, а ўжо ў 4.00 — першая дойка. Зараз справа даяркi — толькi падаiць, а мы ж у свой час яшчэ i кармiлi кароў, i цялят даглядалi — усюды ручная праца. Нягледзячы на гэта, свая праца ёй вельмi падабалася. Нездарма ж Лiдзiя Брызга многiя гады займала першыя месцы ў раёне i ў вобласцi. «Галоўнае: не проста хадзiць на працу, а хадзiць працаваць!» — адзначае яна. — Раней не было такой добрай кармавой базы, як зараз. У мяне дачка ветурач, яна часта расказвае: «Мама, каб ты ведала, як добра цяпер кормяць жывёлу! Такiя б кармы ды ў тваю маладосць, ты б яшчэ большыя надоi збiрала...» 16 сакавіка 1981 года Лiдзiя Дзмiтрыеўна атрымала званне Героя сацыялiстычнай працы. «Адчуваеш вялiкую адказнасць: ты ж Герой, член Цэнтральнага камiтэта кампартыi, дэпутат. На цябе людзi раўняюцца, прыклад бяруць. Значыць, заўсёды трэба быць узорам для iншых. А колькi лiстоў да мяне з усяго Саюза прыходзiла! Я ўсмешлiвая была, — прызналася яна. — На фотаздымках таксама з усмешкай. Неяк з Казахстана прыйшоў лiст: «Няўжо вам сапраўды так хораша, што вы заўсёды пасмiхаецеся?» У Лiдзii Дзмiтрыеўны чацвёра дзяцей (2 хлопчыкi, 2 дзяўчынкi), усе тым цi iншым чынам звязаны з селькай гаспадаркай. — Мы, дарослыя, многа працавалi, таму выхаваннем — як яго сёння разумеюць — не займалiся. Дзяцей расцiла мая мама, iх бабуля. Аднак без сваiх дзяцей я нiчога не рабiла. Займаемся па гаспадарцы i песнi развучваем, танцаваць вучымся... Я ж была членам райкама, абкама, на сесii дэпутатаў усiх узроўняў выязджала. Калi ранкам мне трэба паспець на аўтобус, устаём дружна ўсе: i дарослыя, i дзецi. Адзiн доiць, другi дапамагае кармiць, сцялiць, падмятаць. Дзецi былi прывучаны да працы... Неяк была ў Вярхоўным Савеце — мы прымалi Канстытуцыю. Мне сярэднi сын потым i кажа: «Мама, цябе першую i трэба пакараць за парушэнне Канстытуцыi. Чалавек мае права на працу i адпачынак. А ты толькi працуеш, адпачыць табе няма калi». Пакуль мы ў калгасе, дзецi дома бульбу праполяць, траву пакосяць. Так i раслi. Старэйшы Вiктар — аграном, жыве ў Вiцебскай вобласцi, малы — Аркадзь — у нас у гаспадарцы электрыкам працуе. «Як мне прыемна, — любiць ён гаварыць, — што нiхто пра цябе, мама, нiводнага дрэннага слоўца не скажа, я так табой ганаруся. Старэйшы тэлефануе i кажа: «Мама, мне нiчога не трэба, толькi хацеў пачуць твой голас. У цябе ўсё добра? Дзякуй Богу!» Пасля дасягнення пенсiйнага ўзросту Лiдзiя Дзмiтрыеўна яшчэ адпрацавала 11 гадоў (яе агульны працоўны стаж — 44 гады). Толькi два гады, як пайшла на адпачынак, i то толькi таму, што ногi моцна баляць, ды дачка Iра, з якой жыве Лiдзiя Дзмiтрыеўна, нарадзiла ёй унучыка. Яго бабуля няньчыць з месячнага ўзросту. «Некалi маiх дзетак выгадавала мая мама, цяпер я гадую дзяцей сваiм дзецям» — заўсмiхалася бабуля. Што непакоiць сёння Героя сацпрацы Лiдзiю Брызгу, дык гэта сучасная моладзь: маўляў, працаваць не любяць. «Ёсць, безумоўна, i добрыя хлопцы ды дзяўчаты, многiя паступаюць у сярэднiя i вышэйшыя навучальныя ўстановы (мае ўнукi таксама вучацца ў iнстытутах). Шкада, што астатнiх нiхто не прымушае цяпер нi працаваць, нi вучыцца». Кiм стануць маленькiя ўнукi, Лiдзiя Дзмiтрыеўна, не ведае. Галоўнае — каб дастойнымi людзьмi выраслi. Сабе ж жадае крышачку больш здароўя. Усё астатняе ў яе ёсць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Герой сацыялiстычнай працы, дэпутат БССР, СССР — яна бачыла жыўцом многiх савецкiх генсекаў, дзеячаў культуры, знакамiтасцяў (Брэжнева, Гарбачова i Ра
|
|