I медпункт, i бiблiятэка, i клубБУДНI СЕЛЬСАВЕЦКIЯ Былы сельскi клуб стаў домам сацыяльных паслугВёска Свеклiчы невялiкая — жыве тут 127 чалавек. Ад Антопаля, былога райцэнтра, цэнтра пасялковага Савета, дзе ёсць усе асноўныя сацыяльныя аб’екты, усяго кiламетры чатыры. Палова насельнiцтва вёскi — пенсiянеры, iм няпроста бывае дабрацца па тую ж медыцынскую дапамогу нават у Антопаль. А тут вясковы клуб некалькi гадоў амаль што без справы стаяў. Вось i вырашыла мясцовая ўлада перапрафiляваць яго ў Дом сацыяльных паслуг. Работнiк у новую ўстанову таксама знайшоўся. Пераехала ў Свеклiчы жыць маладая сям’я з Украiны. Наталля Качула аказалася культработнiкам па адукацыi. Яе стараннямi i з дапамогай мясцовых жанчын пакоi амаль закiнутага раней клуба ператварылiся ва ўтульнае i прывабнае памяшканне. Тут i сурвэткi самаробныя, вышытыя ручнiкi, вазачкi з кветкамi — асаблiвымi, якiя ўмеюць рабiць, мабыць, толькi ў Свеклiчах. У гэтым прасторным пакоi, ўпрыгожаным вясковымi майстрыцамi, раз у месяц вядзе прыём доктар з Антопальскай участковай бальнiцы. Жыхары ведаюць, што кожную трэцюю сераду сюды прыязджае ўрач, а таксама работнiк аптэкi, каб хворыя адразу маглi набыць назначаны прэпарат. Прыязджаюць таксама па чарзе работнiкi Дома быту, пажарнай службы, участковы мiлiцыянер. Да гэтай трэцяй серады звычайна прымяркоўвае свае мерапрыемствы i сельскi Савет — напрыклад, выезд iнфармацыйных груп. Бо ў такiя днi, як правiла, у былым клубе збiраецца многа людзей. Тут жа праходзяць i сельскiя сходы. Патрэбу ў сходах як форме грамадскай рады дыктуе вясковае жыццё. Пра гэта мы гутарым са старастай вёскi Мiкалаем Леванюком. — Перад пасадкай бульбы, перад сенакосам абавязкова трэба параiцца, — гаворыць Мiкалай Рыгоравiч. — Вось i збiраемся, каб вызначыцца, каму якая дапамога патрэбна. Да Леванюка ўсе iдуць за парадай. Ён не проста стараста, ён трыццаць гадоў адпрацаваў брыгадзiрам Свеклiцкай брыгады былога калгаса. I быў у гэтай вёсцы найпершым аўтарытэтам i дарадцам. Цяпер таксама па прывычцы вяскоўцы называюць яго брыгадзiрам: «пайду да брыгадзiра» або «трэба ў брыгадзiра спытаць». Iдуць да Леванюка з усiмi сваiмi праблемамi i патрэбамi. I ён па сваёй старой брыгадзiрскай прывычцы абыдзе ўсе падворкi, пацiкавiцца жыццём-быццём аднавяскоўцаў. А вынiкам такiх паходаў часта бываюць канкрэтныя справы старасты i дэпутата пасялковага Савета Мiкалая Леванюка. Так, восенню вясковы стараста абышоў усiх, склаў спiсы маючых патрэбу ў палiве i перадаў iх у адпаведную раённую службу. Па заяўцы дровы прывезлi тым свеклiнцам, якiя мелi ў iх патрэбу. Агiтацыйную работу з людзьмi былы брыгадзiр таксама ўмее праводзiць належным чынам. Свеклiчы сталi першай вёскай на тэрыторыi пассавета, дзе жыхары выказалi жаданне цэнтралiзавана вывозiць смецце. Проста Леванюк абышоў людзей, пагаварыў, пераканаў у тым, што выкiдаць бытавыя адходы недзе за агародамi, мякка кажучы, нецывiлiзавана. Вяскоўцы аднадушна згадзiлiся плацiць службе ЖКГ па 500 рублёў у месяц з кожнага двара. I цяпер няма былых праблем са стыхiйнымi звалкамi. Раз у два тыднi ў вёску заходзiць трактар i збiрае загадзя падрыхтаваныя мяшкi са смеццем. У належным парадку падтрымлiваюцца — таксама руплiвасцю i стараннасцю старасты — вясковыя могiлкi (так лiчыць старшыня пасялковага Савета Iван Багдановiч). Кожны год стараста арганiзоўвае суботнiкi па добраўпарадкаванню могiлак. У Свеклiчах жыве адзiн ветэран вайны — Васiль Iосiфавiч Бацоха, чатыры адзiнокiя жанчыны, каля дзесятка людзей, якiя жывуць адны, але маюць у гарадах дзяцей. Адзiнокiм з боку мясцовай улады — асаблiвая ўвага, а вяскоўцы з гарадскiмi дзецьмi не пакутуюць ад недахопу дапамогi. Да ўсiх прыязджаюць, усiм дапамагаюць па гаспадарцы. Самi Леванюкi маюць i карову, i каня, i ўсю астатнюю дробную жыўнасць. Але Мiкалаю Рыгоравiчу з Валянцiнай Iванаўнай нарыхтаваць кармы, пасадзiць-выкапаць соткi зараз ужо не па сiлах. Дзецi дапамагаюць справiцца з усiмi адказнымi вясковымi кампанiямi: сяўбой, касьбой, уборкай ураджаю. Валянцiна Леванюк расказвае, што летам насельнiцтва Свеклiчаў амаль падвойваецца, прыязджаюць дзецi, унукi. Ёсць i свае юныя жыхары ў вёсцы. Iх кожны дзень забiрае школьны аўтобус i адвозiць у Антопаль на заняткi, аўтобусам дзяцей прывозяць i дадому. I ўсё ж, на думку сталай жанчыны, раней было жыць весялей. У былыя часы дзе працавалi, там i спявалi. Цяпер песню ў вёсцы пачуць — вялiкая рэдкасць. Добра, што яшчэ клуб захаваўся, ёсць куды зайсцi i малым, i старым. Да гэтай пары ўспамiнаюць у Свеклiчах, як летась праводзiлi свята вёскi. Вось тады сапраўды было многа i песень, i жартаў. Успамiнаў пра свята i Фёдар Мiкалаевiч Несцярук, былы кiнамеханiк, якога мы сустрэлi каля клуба. Расказаў, як дэманстравалi майстэрства амаль усе жыхары вёскi, паказвалi, хто што ўмее. Аказалася, многiя жанчыны прыгожа ткуць, вышываюць, вяжуць. Усе любавалiся ручнiкамi, сурвэткамi, пакрываламi Клаўдзii Кулiк, Марыi Ярашэвiч, Веры Несцярук. А Сяргей Качула, муж загадчыцы Дома сацыяльных паслуг, паказаў цэлы альбом аматарскiх здымкаў, на якiх адлюстраваны iмгненнi многiх мерапрыемстваў, што праходзяць у былым сельскiм клубе. Так што жыве клуб, хоць i набыў ён новы, яшчэ больш значны статус. Тут, дарэчы, захавалася бiблiятэка, якой карыстаюцца ўсе жадаючыя. «Гэта наш i медпункт, i Дом быту, i клуб па iнтарэсах, — падводзiць рысу стараста вёскi, — адным словам, цэнтр усяго грамадскага жыцця». Старшыня Антопальскага пас-савета Iван Багдановiч гаворыць, што такiмi старастамi, як Леванюк, ён ганарыцца. Каб у кожнай вёсцы быў такi лiдар, там была б сапраўдная ўлада. Кiраўнiк пасялковага Савета расказаў цiкавы выпадак. У адной з невялiкiх вёсак грамада вырашыла, так бы мовiць, скасаваць iнстытут старасты: маўляў, мы ўсе сталыя, самастойныя людзi, непатрэбны нам нейкi там павадыр... Вырашылi — зрабiлi цi, правiльней сказаць, не зрабiлi: не сталi выбiраць. Прайшло крыху больш за год, i самi вяскоўцы сталi iнiцыятарамi правядзення сходу, на якiм... старасту выбралi зноў. Святлана ЯСКЕВIЧ, Драгiчынскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Былы сельскi клуб стаў домам сацыяльных паслуг |
|