21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Да пабачэння, Крупiца!

25.08.2009 21:35 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Марыну АСТРОЎКА, старшыню Крупiцкага сельскага Савета дэпутатаў Мiнскага раёна, засталi за телэфоннай размовай: наблiжалася Масленiца, i Марына Мiкалаеўна ўгаворвала знаёмага камандзiра вайсковай часцi «арганiзаваць» для жыхароў сельсавета «салдацкую кашу». А камандзiр па незразумелых прычынах адмаўляўся...

-Дзякуй Богу, што хоць з блiнамi праблем не будзе — наша гаспадарка ААТ «Рапс» паабяцала забяспечыць. Як думаеце, 200 штук хопiць?

Мы з фотакарэспандэнтам выказалi сумненне: на свежым паветры ды на марозiку блiны разляцяцца як... гарачыя пiражкi.

Масленiцу ў Крупiцы не адзначалi даўным-даўно, гадоў дзесяць. Ужо i забылiся людзi, як гэта робiцца. Сёлета Марына Мiкалаеўна разам з кiраўнiцтвам ААТ «Рапс» i Крупiцкiм цэнтрам культуры вырашылi рызыкнуць i напаўзабытую традыцыю аднавiць — хоць i клопатна, i сабе даражэй, i дагадзiць адразу ўсiм цяжка, але ж трэба людзей ускалыхнуць. Ды i дзе, як не ў Крупiцы, на радзiме славутых «Крупiцкiх музыкаў», культурным традыцыям быць? Нават сёння, калi ў сельсаветах культура «зварочваецца», тут працуюць аж чатыры культурныя ўстановы плюс дзiцячая школа мастацтваў. I гэта — на маленькi сельсавет з колькасцю жыхароў менш як 3000 чалавек.

Паколькi «ў госцi» да Марыны Мiкалаеўны мы напрасiлiся ў прыёмны дзень (самы неспакойны для старшынi), размову даводзiлася перыядычна перапыняць: госцi гасцямi, а прыём грамадзян нiхто не адмяняў.

Пытаннi, з якiмi звяртаюцца людзi да старшынi, нi класiфiкацыi, нi тым больш пералiку не паддаюцца. Яны датычацца ўсiх момантаў i ўсiх бакоў вясковага жыцця. «Самыя важныя», «галоўныя» праблемы Марына Астроўка таксама адмовiлася назваць — для яе галоўныя i першачарговыя ўсе, раз людзi не могуць вырашыць iх самастойна i звяртаюцца па дапамогу ў сельскi Савет. У аднаго захварэла карова, у другога старое дрэва пагражае звалiцца на агароджу, трэцяму патрэбна праца... Дарэчы, Марына Мiкалаеўна лiчыць, што з працоўнымi месцамi на тэрыторыi сельсавета праблем няма — дзве дастаткова моцныя гаспадаркi «Рапс» i «Анопаль» не адмаўляюць жадаючым. Аднак i многiх вяскоўцаў ужо не задавальняе заработная плата ў 300—400 тысяч рублёў, i ў пошуках больш высокiх заробкаў людзi iмкнуцца ў сталiцу. Хоць... усё ў свеце адносна. Не так даўно Астроўка размаўляла з вадзiцелем, якi перабраўся ў гэтыя мясцiны з Браслаўшчыны. Там у зiмовыя месяцы атрымалiваў па 30 тысяч, а тут, у «Рапсе», за два першыя тыднi ўзяў «на рукi» 250 тысяч. Натуральна, чалавек застаўся задаволеным. I ў горад яго не цягне...

Шмат пытанняў узнiкае ў апошнi час i з зямельнымi ўчасткамi, асаблiва з пустуючымi — гаспадары атрымалi iх «пад будаўнiцтва» яшчэ ў пачатку 90-х, ды так i не прыступiлi да асваення. Сёння, у сувязi з прыняццем шэрага ўказаў, якiя датычацца навядзення парадку на зямлi, справа, нарэшце, зрушылася з месца. На працягу мiнулага года 46 нядбайным уладальнiкам надзелаў былi вынесены папярэджаннi. Большасць з папярэджаных заварушылiся i пачалi рыць катлаваны, ставiць агароджы... Участкi ж, гаспадары якiх засталiся «глухiмi» да заклiкаў сельвыканкама (такiх — 6), прыйшлося пераразмеркаваць. Гэта — па закону. Такое дарагое задавальненне як зямля не павiнна знаходзiцца ў стане пастаяннага «прастою» з-за нядбайнасцi гаспадара. Не хочаш, не можаш апрацоўваць яе — аддай iншаму.

— Збiраюся ўзяць пазыку ў банку, але яе даюць толькi пад залог прыватнай уласнасцi. Таму хачу прыватызаваць выдзелены мне зямельны ўчастак, — тлумачыць мэту свайго вiзiту чарговы наведвальнiк.

— Але ваш участак пуставаў з 1997-га года, — пярэчыць Марына Мiкалаеўна. — Усе вашы суседзi будуюцца, а вы толькi сетку паставiлi. Пачняце будаўнiцтва — мы дазволiм прыватызацыю.

— Але я пачаў будавацца, нават фундамент паклаў! — не здаецца ўпарты грамадзянiн. — Толькi яго снегам прыкрыла, так што нябачна пакуль...

Калi за iм зачыняюцца дзверы, Марына Астроўка тлумачыць:

— Так званы «фундамент», пра якi ён гаворыць, гэта толькi пара жалезабетонных плiт, што валяюцца на ўчастку... Крыўдна, што пры наяўнасцi ў сельвыканкаме чаргi на паляпшэнне жыллёвых умоў некаторыя грамадзяне нават пасля папярэджання аб неабходнасцi асваення зямлi iмкнуцца абысцi закон.

Жыллёвая чарга ў Крупiцкiм сельвыканкаме параўнальна невялiкая — 60 чалавек. Пры тым што 30 з iх ужо маюць участкi пад будаўнiцтва, а некаторыя нават завяршылi яго. Астатнiя 30 чакаюць сваёй чаргi. Хоць у самой Крупiцы ўчасткаў не даюць — на сённяшнi дзень iх папросту няма. Магчымыя «варыянты» з’яўлення ўчастка — адмова спадкаемцы ад спадчыны ў выглядзе, скажам, 60 сотак зямлi (не ўсе ж радуюцца такому велiзарнаму багаццю) або атрыманне ўчастка ў iншым населеным пункце сельсавета. Хоць не кожны можа пагадзiцца на пераезд з цэнтральнай сядзiбы. Крупiца прыгажэе лiтаральна на вачах. Толькi на рамонт дзiцячага садка ў мiнулым годзе пайшло 160 мiльёнаў рублёў. Яшчэ 36 мiльёнаў — на добраўпарадкаванне: новыя агароджы, рамонт дахаў, падсыпку дарог, асвятленне. Нiякiх скаргаў не паступае ад насельнiцтва i на медыцынскае абслугоўванне. У амбулаторыi наладжаны прыём «вузкiмi» спецыялiстамi-медыкамi, якiя прыязджаюць па пэўных днях. Раённая бальнiца знаходзiцца ў iншым сельсавеце — у Сенiцы, але колькасць рэйсаў туды з Крупiцы «падбiраецца» пад 16.

— I з высокай тэмпературай цi iншым вострым захворваннем у бальнiцу нiхто не едзе, на прыпынках не мерзне, як, напэўна, думаюць пра нас сталiчныя жыхары, — усмiхаецца Марына Мiкалаеўна. — Для такiх выпадкаў iснуе выклiк урача на дом.

— А што яшчэ трэба, каб людзi ад вас не ад’язджалi?

— Ды сёння яны i так не вельмi iмкнуцца ад’язджаць... А неабходна элементарнае: праца, нармальная зарплата i жыллё. У мiнулым годзе ААТ «Рапс» з дапамогай райвыканкама рэканструяваў былы гандлёвы цэнтр. Цяпер гэта прыгожы сучасны дом на 13 кватэр для спецыялiстаў i работнiкаў гэтага прадпрыемства i з памяшканнямi пад офiсы. Збiраемся арганiзаваць і жыллёва-будаўнiчы кааператыў, шукаем з землеўпарадчыкам месца пад забудову...

Землеўпарадчык, да слова, з’явiўся тут зусiм нядаўна. Астроўка лiтаральна «выбiла» яго для сельсавета (дакладней, ён працуе на два сельсаветы адначасова). А раней ёй, па адукацыi выкладчыку беларускай мовы i лiтаратуры, на пасяджэннях выканкама даводзiлася ой як нясоладка — большасць пытанняў у вёсцы так цi iнакш датычылася зямлi, а Марына Мiкалаеўна не мела ў гэтай справе нiякага вопыту. Прызнаецца, што напачатку, пасля абрання старшынёй, прыходзiла на работу, зачынялася ў кабiнеце i... плакала. Думала, што нiколi не асiлiць усiх «прамудрасцяў» уладнай пасады. «З ранiцы да вечара я толькi i чула: вада, зямля, трубы, — i не ведала, што з усiм гэтым рабiць». Але з цягам часу прыйшоў вопыт, з вопытам — упэўненасць, цвёрдасць i рашучасць. Нават невырашальныя на першы погляд праблемы перасталi падавацца тупiковымi. Узяць хоць бы той самы водаправод — адно з самых балючых у сельсавеце пытанняў. Сiстэма водазабеспячэння ўс-тарэла, рамонт i замена дэталяў i труб каштуюць дорага. Прарываў шмат, асаблiва зiмой, калi тэмпературны слупок апускаецца нiжэй «нуля». Марына Мiкалаеўна нават асобны сшытак завяла для «гарачых» званкоў, звязаных з прарывамi труб. Пасля «сiгналу» iмкнулася зараз жа звязацца з раённымi жыллёва-камунальнымi службамi, патрабавала, каб аварыю лiквiдавалi ў найблiжэйшы тэрмiн. «Было, прыязджаеш на месца, а там зямля замерзла i зацвярдзела, i каб разрыць яе, неабходна магутная тэхнiка... Пакуль яе прышлюць, праходзiць тыдзень. У самых крайнiх выпадках (гэты было аднойчы) арганiзоўвалi нават падвоз вады. Але ў пераважнай большасцi прарывы лiквiдавалiся дастаткова хутка».

Эмоцыi ж старшыня сельскага Савета Марына Астроўка навучылася хаваць i трымаць пры сабе, асаблiва ў прыёмныя днi. Некаторыя з наведвальнiкаў на яе крыўдзяцца за празмерную прынцыповасць. Ну а яна стараецца знайсцi да iх падыход...

Ідучы да аўтобуснага прыпынку, зазiрнулi дзеля цiкавасцi ў мясцовы магазiн. Аказалася, асартымент тут не адрознiваецца ад звычайнага сталiчнага (за выключэннем супермаркетаў, канешне). Калега спынiў погляд на новай мадэлi тэлевiзара «Вiцязь» з вялiкiм плоскiм экранам. Я затрымалася ля ўтульнага кухоннага гарнiтура... I абое мы не змаглi прайсцi мiма прадуктовага аддзела, заўважыўшы на прылаўку неверагодна «смачнага» выгляду пiрагi. «Пакаштуеце — прыедзеце за iмi зноў, — паабяцалi дзяўчаты-прадаўцы. — У Мiнску такой смакаты няма».

I гэта была чыстая праўда.

Наталля КАРПЕНКА.

Мiнскi раён.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Марыну АСТРОЎКА, старшыню Крупiцкага сельскага Савета дэпутатаў Мiнскага раёна, засталi за телэфоннай размовай
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика