Жыццё ў iнтэрнаце: карцiнкi «з натуры»
Барыс ПРАКОПЧЫК
ПАРАДАК У ДОМЕ Перш чым разгледзець на сесii пытанне аб стане iнтэрнатаў абласнога цэнтра, дэпутаты Гродзенскага гарадскога Савета азнаёмiлiся з сiтуацыяй на гэты конт у сваiх выбарчых акругах. Яны пабывалi ў iнтэрнатах прадпрыемстваў, арганiзацый i навучальных устаноў, а дэпутат Аляксандр Ласмiнскi падмацаваў убачанае «фотадоказамi», якiя былi паказаны падчас сесii. Многiя здымкi яўна не палепшылi настрой некаторым кiруючым работнiкам, у чыiм распараджэннi знаходзяцца гэтыя iнтэрнаты.Тыповая «карцiнка з натуры»: прагнiлыя аконныя блокi, зношаныя iнжынерныя трубаправоды i сантэхнiчнае абсталяванне, сляды зацёкаў на столях i сценах ды яшчэ такая «дробязь», як адсутнасць ахоўных плафонаў на асвятляльных прыборах... Да таго ж, нiяк не вырашаць пытанне з цывiлiзаваным вывазам смецця: кантэйнеры ўстаноўлены ўшчыльную да дзiцячай гульнявой пляцоўкi i на газонах. Вось так «клапоцяцца» аб сваiх iнтэрнатах, дакладней, аб людзях, якiя там жывуць, у будаўнiча-мантажным трэсце № 30. Iнфармацыю аб санiтарна-гiгiенiчным стане iнтэрната прафтэхвучылiшча № 119 будаўнiкоў Гродзенскi занальны цэнтр гiгiены i эпiдэмiялогii накiраваў у пракуратуру. Скажыце, як выхаваць у маладых людзях, заўтрашнiх спецыялiстах будаўнiчай справы, iмкненне да якаснага выканання сваiх прафесiйных абавязкаў, калi яны па месцы жыхарства штодзённа сутыкаюцца з абыякавымi адносiнамi да самага элементарнага? Працякае дах, праржавелi водаправодна-каналiзацыйныя трубы, адсырэла столь. Ужо нормай сталi сцены з падцёкамi, дэфектамi тынкоўкi, пафарбоўкi, пабелкi. Ва ўсiх памяшканнях прагнiлi сталярныя вырабы, а на фасадзе iнтэрната перыядычна адвальваецца плiтка, што стварае пагрозу жыццю людзей. Неабсталяваны пакоi для чысткi i прасавання адзення, пакой для сушкi бялiзны i адзення не забяспечаны эфектыўнай прыточна-выцяжной вентыляцыяй, а ўмывальнiкi i санвузлы не раз’яднаны па «палавой прыкмеце», прычым санвузел на адным з паверхаў знаходзiцца... у памяшканнi смеццеправода. I гэта — у ХХI стагоддзi... Зусiм некамфортна пражываць i ў шэрагу iншых iнтэрнатаў абласнога цэнтра, а там, дзе ў жудасным стане знаходзiцца электраправодка i няма надзейных сiстэм пажаратушэння — нават небяспечна. Паводле iнфармацыi начальнiка гарадскога аддзела ўпраўлення па надзвычайных сiтуацыях Пятра Малышчыка, штогод у iнтэрнатах адбываецца каля дзесяцi пажараў, як правiла, з цяжкiмi наступствамi. Вось i сёлета адзiн чалавек загiнуў, а двое атрымалi сур’ёзныя апёкi. — Людзi п’янствуюць днямi i нiхто не звяртае на гэта ўвагi, каменданцкая служба ў iнтэрнатах скарачаецца, — з трывогай канстатаваў Пётр Малышчык. I пры гэтым шэраг прадпрыемстваў i арганiзацый горада, нягледзячы на штрафы i папярэджаннi, сур’ёзна так i не занялiся навядзеннем процiпажарнага парадку ў сваiх iнтэрнатах. Зрэшты, не ўсё так змрочна. У гэтым дэпутаты гарсавета пераканалiся, пабываўшы перад пачаткам сесii ў iнтэрнаце Гродзенскага мясакамбiната. Тут i добраўпарадкаваныя пакоi, калiдоры, кухнi, i трэнажорная зала, i камп’ютарны клас з выхадам у Iнтэрнэт, i лiтаральна «казачны» гульнявы пакой для дзяцей, i цудоўны спартыўны гарадок ля будынка... — Норма — гэта не подзвiг, а менавiта норма, — зазначыў дырэктар прадпрыемства Анатоль Грышук. Ды толькi далёка не для ўсiх. Магчыма, асэнсаванню гэтых нормаў i, адпаведна, сваiх абавязкаў дапаможа рашэнне сесii гарадскога Савета дэпутатаў. Кiраўнiкоў арганiзацый i прадпрыемстваў абавязалi правесцi абследаванне iнтэрнатаў, вывучыць патрэбы жыльцоў у бытавых памяшканнях, дзiцячых пакоях, залах для спартыўных заняткаў. У тэрмiн да 1 верасня гэтага года неабходна распрацаваць мерапрыемствы па паляпшэнню сацыяльна-бытавых, жыллёвых умоў, навядзенню парадку на замацаваных за iнтэрнатамi тэрыторыях, абсталяванню там дзiцячых пляцовак, устаноўцы малых архiтэктурных формаў. Раённым адмiнiстрацыям даручана арганiзаваць абарону i зацвярджэнне адпаведных планаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Перш чым разгледзець на сесii пытанне аб стане iнтэрнатаў абласнога цэнтра, дэпутаты Гродзенскага гарадскога Савета азнаёмiлiся з сiтуацыяй на гэты ко
|
|