Дэпутаты пагадзiлiся са змяненнямі ў выбарчым заканадаўстве
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
Парламенцкi дзённiк Учора на першым пленарным пасяджэннi пятай сесii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi дэпутаты адразу ў двух чытаннях прынялi законапраект «Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублiкi Беларусь па пытаннях правядзення выбараў i рэферэндумаў».Законапраект уносiць змяненнi ў законы «Аб Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь», «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспублiцы Беларусь» i ў Выбарчы кодэкс. Як адзначыла старшыня Цэнтральнай камiсii па выбарах i правядзенню рэспублiканскiх рэферэндумаў Лiдзiя Ярмошына, выбарчае заканаўства цяпер не патрабуе канцэптуальных змяненняў у частцы агульных патрабаванняў да правядзення i арганiзацыi выбараў i рэферэндумаў i дазваляе забяспечыць поўную рэалiзацыю выбарчых правоў грамадзян. Тым не менш «iснуе неабходнасць карэкцiроўкi асобных палажэнняў Выбарчага кодэкса ў адносна невялiкiм памеры». Найбольш iстотнае новаўвядзенне — змяненне парадку вызначэння вынiкаў галасавання пры правядзеннi выбараў дэпутатаў у мясцовыя Саветы. У цяперашнiм заканадаўстве выкарыстоўваецца мажарытарная выбарчая сiстэма абсалютнай большасцi ў першым туры i адноснай большасцi ў другiм туры, у разгледжаным дэпутатамi законапраекце — мажарытарная сiстэма адноснай большасцi ўжо ў першым туры. Такiм чынам, выбраным будзе лiчыцца кандыдат, якi атрымаў большую колькасць галасоў, а неабходнасць правядзення другога тура адпадзе. Разам з тым захоўваецца дзеючая норма, што пры правядзеннi галасавання па адной асобе кандыдат будзе лiчыцца выбраным, калi атрымае больш за палову галасоў выбаршчыкаў, што прынялi ўдзел у галасаваннi. На думку Л. Ярмошынай, такiя змяненнi «iстотна спросцяць працэдуру выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў i дазволяць сфармiраваць у адзiн тур выбараў працаздольны орган мясцовага самакiравання, пацягнуць скарачэнне бюджэтных сродкаў, што выдзяляюцца на выбарчую кампанiю». Прадстаўляючы законапраект, Л. Ярмошына заўважыла, што мiнулыя выбарчыя кампанii выявiлi недастатковасць прававога рэгулявання асобных пытанняў, якiя датычацца перадвыбарнай агiтацыi (арганiзацыя сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамi i выраб агiтацыйных матэрыялаў). Так, для стварэння найбольш аптымальных умоў правядзення сустрэч з выбаршчыкамi ўстанаўлiваюцца скарочаныя тэрмiны падачы заяў — не пазней чым за пяць дзён да правядзення такога масавага мерапрыемства, а сама заява будзе разглядацца выканкамам на працягу трох дзён. Пры гэтым не патрабуе атрымання спецыяльнага дазволу правядзенне сустрэчы з выбаршчыкамi, калi яна праходзiць у памяшканнi. Таксама замацоўваецца практыка вызначэння памяшканняў для сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамi. Што датычыцца агiтацыйных матэрыялаў, то яны павiнны будуць вырабляцца толькi на тэрыторыi Беларусi, што «дазволiць усталяваць належны кантроль за расходаваннем грашовых сродкаў, якiя выдзяляюцца з бюджэту». Практыка правядзення выбараў, лiчыць Л. Ярмошына, таксама патрабуе змянення тэрмiну, падчас якога не дапускаецца апублiкаванне вынiкаў апытанняў грамадскай думкi, што звязаны з выбарамi цi рэферэндумам i прагнозам iх вынiкаў. Такi тэрмiн будзе паменшаны з 10 да 5 дзён да выбараў i рэферэндуму, бо менавiта за пяць дзён пачынаецца датэрмiновае галасаванне. Падчас выбарчых кампанiй арганiзатары выбараў сутыкалiся i з такой праблемай, калi асобы, якiя вылучаюцца кандыдатамi ў дэпутаты, парушаюць выбарчае заканадаўства, аднак прыцягнуць iх да адказнасцi немагчыма. У сувязi з гэтым у законапраекце пашыраны пералiк суб’ектаў, якiя прыцягваюцца да адказнасцi за парушэнне патрабаванняў выбарчага заканадаўства. Выбарчыя камiсii змогуць выносiць асобам, якiя вылучаюцца кандыдатамi ў дэпутаты i парушаюць заканадаўства, папярэджаннi, а пры паўторным парушэннi — адмаўляць у рэгiстрацыi кандыдатам у дэпутаты. Таксама прапiсваецца адказнасць за выкарыстанне асобамi, якiя вылучаюцца кандыдатамi, матэрыяльнай дапамогi замежных дзяржаў, арганiзацый, грамадзян. За гэта таксама будуць адмаўляць у рэгiстрацыi. Таксама ўчора дэпутаты разгледзелi два законапраекты, што датычацца адукацыi, — «Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублiкi Беларусь па пытаннях прыёму ва ўстановы адукацыi» i «Аб унясеннi змяненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб адукацыi». Апошнi быў прыняты адразу ў двух чытаннях. Як адзначыў старшыня камiсii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу па адукацыi, культуры, навуцы i навукова-тэхнiчнаму прагрэсу Уладзiмiр Здановiч, пасля яго ўступлення ў сiлу на заканадаўчым узроўнi будуць цалкам урэгуляваныя пытаннi пераводу студэнтаў з адной ВНУ ў iншую, з адной спецыяльнасцi цi формы адукацыi на iншую, а таксама парадку адлiчэння з ВНУ i аднаўлення ў ёй. Усiмi гэтымi пытаннямi будзе займацца Мiнiстэрства адукацыi. Прапiсваецца ў законапраекце i адзiны парадак пераводу з платнай формы навучання на бюджэтную, а таксама памеры скiдак пры аплаце за навучанне. Пры гэтым У. Здановiч агучыў просьбу да Мiнiстэрства адукацыi, каб тое дало праз сродкi масавай iнфармацыi дакладнае тлумачэнне прымянення пунктаў, што датычацца скiдак на аплату за навучанне: «...у адных установах адукацыi скiдкi i перавод прадастаўляюцца за дасягненне высокiх паказчыкаў у навучаннi, у iншых патрабуюць выканання ўсiх умоў — i выдатнага навучання, i навукова-даследчай дзейнасцi, i актыўнай грамадскай працы, а такога трайнога сiмбiёзу вельмi складана дасягнуць, гэта крайне рэдкая з’ява». *** 2 кастрычнiка адбылося i першае пасяджэнне пятай сесii Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Беларусi. Падчас пасяджэння сенатары заслухалi Генеральнага пракурора Беларусi Пятра Мiклашэвiча з iнфармацыяй аб стане законнасцi ў нашай краiне, а таксама Старшыню Вышэйшага Гаспадарчага Суда Вiктара Камянкова з iнфармацыяй аб стане гаспадарчага правасуддзя.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора на першым пленарным пасяджэннi пятай сесii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi дэпутаты адразу ў двух чытаннях прынялi законапраек
|
|