Нялёгкiя рублi, або Хто i чым гандлюе ў вёсках?
Вольга ШУТАВА
МЯСЦОВЫ ЧАС Прыватныя магазiны — масавая з’ява ў горадзе i рэдкасць у вёсках i пасёлках. I усё ж прадпрымальнiкi крок за крокам, хоць i з цяжкасцямi, але асвойваюць сельскiя прасторы i аказваюць шэраг паслуг вяскоўцам. У Аршанскiм раёне, напрыклад, усяго 150 гандлёвых пунктаў, з iх 30 належаць прадпрымальнiкам. Як расказала начальнiк аддзела экономiкi Аршанскага райвыканкама Зоя Музыкантава, менавiта за апошнiя тры гады ў раёне значна прыбавiлася прыватных гандлёвых пунктаў. У асноўным гэта ларкi i павiльёны. Стацыянарных магазiнаў толькi сем. Прадпрымальнiкi наладжваюць гандаль у буйных пасёлках: Арэхаўск, Высокае, Бабiнiчы, Смальяны. Прыжылiся i тры прыватныя кафэ на шашы Масква—Брэст.У райвыканкаме i сельскiх Саветах настойлiва прапаноўваюць прадпрымальнiкам адкрываць невялiкiя сельскiя рынкi ў буйных населеных пунктах. Знайшлiся дзелавыя людзi, якiя адкрылi пляцоўкi пад рынак у Арэхаўску i Вусцi. Але да гэтай пары нiяк не знойдуць прадпрымальнiка, якi б наладзiў справу на сельскiм рынку ў пасёлку Бабiнiчы. Ва ўладных структурах раёна вельмi жадаюць, каб прадпрымальнiкi зацiкавiлiся гандлем у тых вёсках, дзе няма стацыянарнага гандлёвага пункта райспажыўсаюза i дзе вяскоўцаў абслугоўваюць аўталаўкi. Ды пакуль не iмкнуцца туды гандляры, вядома ж, па адной прычыне — няма прыбытку. Яны прыязджаюць у такiя вёскi ў тым выпадку, калi ведаюць, што жыхары атрымалi заробак цi пенсii. Начальнiк аддзела эканомiкi расказала нядаўнi выпадак, калi затрымалi прадпрымальнiка ў далёкай вёсцы. Ён вёў гандаль з машыны, не маючы на тое лiцэнзii. За парушэнне правiлаў гандлю яго аштрафавалi. Але ж намагалiся пасля ўгаварыць, каб ён на аснове закона аформiў права гандлю ў гэтай вёсцы i прыязджаў сюды два разы на тыдзень, прывозiў неабходныя тавары. Прадпрымальнiк не згадзiўся, бо пакуль не бачыць ад такой дзейнасцi прыбытку. Якiя ж умовы трэба, каб прыватны гандаль прыжыўся нават у глухой вёсцы? I якiя тавары i паслугi прадпрымальнiк павiнен прапанаваць вяскоўцу, каб паспяхова працаваць? На гэтыя пытаннi я паспрабавала адшукаць адказ у гутарцы з гаспадарамi прыватных гандлёвых пунктаў. Адзiн з жыццядзейных прыватных пунктаў — у пасёлку Высокае. Гаспадары — муж i жонка Яроменкi, Вольга Мiхайлаўна i Сяргей Яфiмавiч. Гандлёвы пункт Яроменкаў яшчэ не назавеш магазiнам. Гэта хутчэй ларок цi павiльён. Тут прадаюць разнастайныя прысмакi, каву, чай, крупы i муку — словам, шырокi выбар харчовых тавараў. Пачаць сваю справу Яроменкi рызыкнулi ў сярэднiм узросце, калi зразумелi, што на дзяржаўнай рабоце не рэалiзавалi сябе. Абодва з вышэйшай адукацыяй, а ў Вольгi Мiхайлаўны i спецыялiзацыя якраз у гэтай галiне: таваразнаўца, бухгалтар. Таму, можна сказаць, у сям’i добра ведалi тое, за што бралiся. У пасёлку Высокае Яроменкi маюць свой дом. Тут i пачыналi сваю дзейнасць з гандлёвай палаткi. Трэба было вывучыць попыт сяльчан: што яны купляюць i цi будзе прыбытак. У першыя месяцы работы давялося назiраць, як жыхары пасёлка накiроўвалiся з авоськамi i сумкамi на аўтобусны прыпынак. На аўтобусе яны дабiралiся да гарадскога рынку Оршы, дзе прадукты крыху таннейшыя, чым у мясцовым райспажывецкiм магазiне. Ды i выбар жа на рынку не параўнаць з райспажывецкiм — куды больш разнастайны. Iдучы да аўтобуса, жыхары пасёлка ўсё часцей прыпынялiся ля палаткi прадпрымальнiкаў, звяралi цэны на прадукты з рынкавымi. Упэўнiваючыся, што ў Яроменкаў тавар не даражэйшы, куплялi яго. Праз нейкi час мэтанакiравана пайшлi да палаткi за пакупкамi. I тады перайшлi муж i жонка гандляваць у стацыянарны ларок. Трэба сказаць, што рублi прыбытку Яроменкам даюцца нялёгкай працай. Расклад рабочага часу з васьмi гадзiн ранiцы да дзевяцi вечара. Пакупнiк ведае: калi iншыя магазiны не працуюць, то ў познi час яго чакаюць толькi Яроменкi. Калi якое масавае свята ў пасёлку рыхтуюць улады (цi то дзень зiмы, цi з нагоды свята пасёлка), Вольга i Сяргей арганiзоўваюць гандаль на вулiцы ў палатках i за столiкамi. Пры гэтым не наракаюць, што даводзiцца працаваць у выхадныя, а наадварот радуюцца, што ёсць магчымасць гандляваць у час масавага гуляння жыхароў. — Упэўнiлiся за першы год работы ў сельскiм гандлi: калi не будзем шукаць новыя варыянты абслугоўвання, то развiцця справы не будзе, — гавораць Яроменкi. — Вяскоўцы зарабляюць мала, пакупная здольнасць iх невялiкая. Таму i прыбытак у нас ад продажу прадуктаў нязначны. Пастаянна вымушаны прапаноўваць жыхарам новыя вiды паслуг. Пра адну з паслуг расказала клiентка Яроменкаў. Жанчына збiралася адзначыць свой юбiлей. Гасцей чакала не менш за паўсотню. Найлепшы выхад са становiшча быў бы — запрасiць iх у рэстаран. Але ж у Высокiм няма нi рэстарана, нi кафэ. Пра арганiзацыю свята сталi хвалявацца за некалькi месяцаў: як i дзе прадукты закупiць, прывезцi, захаваць. Зайшла да Яроменкаў са сваей праблемай. Сяргей Яфiмавiч узяўся дапамагчы. Разам з клiенткай склаў меню, вызначылi колькасць неабходных прадуктаў для вечарыны. Усё, што трэба, прадпрымальнiк даставiў да святочнага стала: што ў гатовым выглядзе, што — паўфабрыкатам. Пад занавес свята другiм рэйсам прывёз фрукты, пiрожныя i марожанае. Клiентка засталася вельмi задаволена абслугоўваннем. Падкрэслiла некалькi момантаў: прадукты свежыя, прыгожа ўпакаваныя, была грашовая скiдка на вялiкi заказ, дастаўка на дом бясплатная. Жыхары Высокага ацанiлi гэткi вiд паслуг i звяртаюцца да Яроменкаў, каб забяспечыць прадуктамi вяселле, юбiлейную вечарыну цi пахаванне блiзкага чалавека. Але каб быць на вышынi ў сферы паслуг, трэба мець сучаснае абсталяванне, лiчыць Вольга Яроменка. Яна набыла ўсё неабходнае для таго, каб захоўваць прадукты згодна з тэхналогiяй. Нараканняў з боку кантралёраў на захаванне прадуктаў у iх гандлёвым пункце няма. А каб наогул выключыць пратэрмiноўку, прадукты закупляюць у шырокiм асартыменце, але невялiкiмi партыямi. За два апошнiя гады прадпрымальнiкi ўстанавiлi кантакты больш чым з 30 новымi пастаўшчыкамi тавару. У першую чаргу з айчыннымi вытворцамi i тымi, прадукцыi якiх аддае перавагу пакупнiк. Дарэчы, кантралёры адзначаюць, што ў Вольгi i Сяргея 85 працэнтаў тавару айчыннага вытворцы. Есць i тавары замежнай вытворчасцi. Такiм чынам, пакупнiку прапануецца выбар: што ўпадабаў, тое i купляй. Не даюць спакойна засядзецца Яроменкам i канкурэнты. Калi заседзiшся, то лiчы, што прыбытак страцiў. Райспажывецкiя магазiны як канкурэнтаў на дыстанцыi абысцi лягчэй. Яны ў пошуках навiнак паварочваюцца марудней, у iх не заўсёды ёсць сродкi, каб пашырыць асартымент. Але ж не толькi з райспажыўсаюзам канкурэнцыя. Побач з павiльёнам Яроменкаў абсталявалi свае павiльёны яшчэ два прадпрымальнiкi — на адной тэрыторыi, лiтаральна ў адным радзе. Каго выбера пакупнiк, той i пабудуе з цягам часу вялiкi магазiн у пасёлку Высокае, дзе будзе ўсё для дома i сям’i.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прыватныя магазiны — масавая з’ява ў горадзе i рэдкасць у вёсках i пасёлках. I усё ж прадпрымальнiкi крок за крокам, хоць i з цяжкасцямi, але асвойваю
|
|