Фiларманiчныя пляцоўкi, камп’ютары, мабiльныя ўстановы i прафесiйныя кадры — блiзкае будучае сферы
Iлона IВАНОВА
Культурная эвалюцыя Новая культура аграгарадкоўЛетась у Магiлёўскай вобласцi 38 вялiкiх вёсак сталi аграгарадкамi, сёлета павiнен з’явiцца яшчэ 41 аграгарадок. Пабудаваць жыллё, стварыць адпаведную iнфраструктуру — праца вельмi затратная i важная, але не менш важна ўдыхнуць у гэтыя гарадкi жыццё, зрабiць так, каб яны сталі сапраўднымi цэнтрамi культуры, выхавання людзей, асяродкам, што спрыяе далучэнню вясковых жыхароў да лепшых духоўных здабыткаў. Як дабiцца, каб установы культуры новага тыпу — клубы-бiблiятэкi, цэнтры культуры i вольнага часу — сталi прыцягальнымi для людзей? Адказ шукалi ўдзельнiкi выязной калегii Магiлёўскага абласнога ўпраўлення культуры, якая прайшла ў Быхаўскiм раёне. Адзiн з важных пунктаў праграмы — стварэнне ў аграгарадках фiларманiчных пляцовак. Цяпер на Магiлёўшчыне ўжо дзейнiчае каля чатырох дзесяткаў. Гэта зала не менш чым на сто месцаў, з iнструментам, гукаўзмацняльным абсталяваннем i святлом на сцэне, каб у аграгарадку маглi выступаць не толькi народныя самадзейныя калектывы, але i прафесiяналы эстрады i тэатра. Што такое бiблiёбус i аўтаклуб Iншае важнае пытанне ў праграме адраджэння вёскi — стварэнне мабiльнай сеткi. Для сувязi народа ў тым лiку i з культурай. Ведаеце, што такое бiблiёбус, аўтаклуб i кiнаперасоўшчык? Бiблiёбус — гэта не проста кнiгi на колах, а яшчэ i камп’ютар, абсталяванне для любых паслуг у частцы друкаванай прадукцыi: капiраванне, ламiнiраванне i гэтак далей. Аўтаклуб абсталяваны такой апаратурай, каб у любым полi можна было падключыць мiкрафоны i даць канцэрт. Кiнаперасоўшчык — гэта, вядома, рухомая кiнавiдэапраекцыйная сiстэма, якая пакажа вяскоўцам новае кiно. Мабiльныя ўстановы культуры ствараюцца для аддаленых вёсак, дзе няма клуба, бiблiятэкi i канцэртнай пляцоўкi. Графiк руху бiблiёбуса, аўтаклуба i кiнаперасоўшчыка ствараецца на месяц i друкуецца ў раённай газеце, каб людзi ведалi, што да iх прыедуць госцi ды яшчэ прывязуць з сабой медыка, сацыяльнага работнiка i прадстаўнiка ўлады, каб вяскоўцу не толькi атрымаць задавальненне, але i вырашыць надзённыя пытаннi. Летась у Магiлёўскай вобласцi для стварэння мабiльнай сеткi набылi 13 аўтамабiляў, цяпер чакаюць яшчэ дзесятак. I спадзяюцца, што да канца гэтага года будуць мабiльна працаваць для сельскай культуры дзесяткi тры бiблiёбусаў, аўтаклубаў i кiнаперасоўшчыкаў. Культурная «цалiна» для моладзi — I, натуральна, мы закранулi на калегii праблему кадраў, — расказаў начальнiк абласнога ўпраўлення культуры Анатоль Сiнкавец. — З гэтым былi звязаны i заўвагi кiраўнiка краiны. Таму цяпер у кастрычнiку-лiстападзе ў Магiлёўскай вобласцi пройдзе атэстацыя супрацоўнiкаў устаноў культуры. Калi чалавек не мае спецыяльнай адукацыi i не адпавядае сваёй пасадзе, яго не атэстуюць. Разам з тым у навучальных установах Магiлёўшчыны пройдзе акцыя, якая заклiкана папоўнiць шэрагi работнiкаў культуры маладымi прафесiяналамi. ССНУ i факультэты ВНУ, звязаныя з музыкай i культурай, на 90 працэнтаў адправяць сваiх выпускнiкоў на сельскую культурную «цалiну». Яны будуць працаваць у новых установах культуры i фiлiялах школ мастацтваў, якiя адкрываюцца ў аграгарадках. Яшчэ вельмi патрэбны гукарэжысёры, не хапае музейных супрацоўнiкаў... Кiраўнiцтва ўпраўлення культуры хоча, каб студэнты iх профiлю, якiя сёння вучацца ў Магiлёве, засталiся працаваць у вобласцi. I каб у iх былi належныя ўмовы працы, прыстойнае жыллё i добры заробак. Папярэдняе размеркаванне адбудзецца ў кастрычнiку. Плануецца, што выпускнiкi на сваю апошнюю студэнцкую практыку паедуць на новае месца — пазнаёмiцца з умовамi, выказаць мясцоваму кiраўнiцтву свае прапановы i пажаданнi, каб у апошняга быў час разгледзець iх i задаволiць: каб потым маладыя спецыялiсты не з’ехалi шукаць працы i шчасця ў iншыя мясцiны. З вёскi — прама ў Iнтэрнэт Удзельнiкi калегii наведалi вёску Чырвоная Беларусь, дзе ёсць узорны i вельмi ўтульны сельскi Дом культуры. У Новым Быхаве мясцовы майстар лозапляцення Станiслаў Афонькiн паказаў свой майстар-клас для дзяцей. У цэнтры культуры вёскi Грудзiнаўка, якая сёлета павiнна стаць аграгарадком, гасцям паказалi незвычайны абрад Дажынкi. Наведалi ўдзельнiкi калегii i бiблiятэкi: Анатоль Сiнкавец зазначыў, што цяпер сельскiя бiблiятэкi больш не пераўтвараюцца ў архiвы старой лiтаратуры, а сапраўды папаўняюцца новымi кнiгамi, якiя цiкавыя чытачам. Да таго ж у бiблiятэках iдзе працэс камп’ютарызацыi. У кожным аграгарадку павiнен быць камп’ютар i выхад у Iнтэрнэт. Тэхнiка для гэтага ў вобласцi набываецца: кошт iдзе на дзесяткi абсталяваных машын, i 70—80 працэнтаў з iх, паводле iнфармацыi абласнога ўпраўлення культуры, падключаны ўжо да Iнтэрнэта — там, дзе ёсць сувязь. Ёсць грошы i ўвага Намеснiк мiнiстра культуры Уладзiмiр Грыдзюшка, які прысутнічаў на калегіі, даў добрую ацэнку працы сферы культуры Магiлёўскай вобласцi ў адраджэннi сяла. Сёлета ў рэгiёне змены да лепшага адбылiся асаблiва ў матэрыяльнай базе: маюцца на ўвазе добраўпарадкаванне, рамонты, набыццё апаратуры, камп’ютары i новая лiтаратура, сцэнiчныя строi для артыстаў. — Паводле рашэння Магiлёўскага аблвыканкама, сёлета сферы культуры дадаткова выдаткавалi больш за 5 мiльярдаў рублёў на ўпарадкаванне аграгарадкоў, — падкрэслiў Анатоль Сiнкавец. — Сёння ўвага культуры надаецца як нiколi. Праграма адраджэння сяла — гэта моцны штуршок да развiцця ўсёй культуры. I тут мы, работнiкi культуры, павiнны не падвесцi нi сябе, нi наша мiнiстэрства, нi кiраўнiка дзяржавы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Летась у Магiлёўскай вобласцi 38 вялiкiх вёсак сталi аграгарадкамi, сёлета павiнен з’явiцца яшчэ 41 аграгарадок. Пабудаваць жыллё, стварыць адпаведную
|
|